Тут зямля такая


История региона » Тут зямля такая

Фальклорная практыка – незабыўны час для кожнага студэнта, калі з заплечнікамі трэба хадзіць па вёсках, збіраць скарбы беларускай вуснай народнай творчасці, звычаі, абрады, прымхі і забабоны. Розныя людзі становяцца інфарматарамі ў фалькларыстаў-збіральнікаў, кожны са сваёй гісторыяй, лёсам... Сёлета з 27 чэрвеня па 5 ліпеня студэнты спецыяльнасці «Беларуская філалогія» праходзілі фальклорную практыку ў Воранаўскім раёне (база: ДУА «Вучэбна-метадычны комплекс Канвелішскія яслі-сад-сярэдняя школа»). На працягу практыкі студэнты збіралі фальклорныя творы ў вёсках Канвелішкі, Малыя Канвелішкі, Вінцукі, Навіянка, Слёзкі, Утканы, Пашэлі, Ажукольні, Падгай, Лянцішкі, Лоўцы, Свілы, Бацяны, Чырканцы і інш. У дадзенай мясцовасці, у параўнанні з папярэдняй мінулагодняй экспедыцыяй у ваколіцах Радуні, у меншай ступені сустракаюцца абрадавыя (каляндарныя і сямейныя) песні замоўнага характару, але ў значна большай колькасці ўдзельнікам экспедыцыі ўдалося запісаць містычных легенд і паданняў, народных анекдотаў і жартаў. Шмат захавалася спосабаў народнага лекавання ад розных хвароб, багата пачулі прыкмет, павер'яў, а таксама прыказак і прымавак. Удзельнікі экспедыцыі мелі зносіны з сапраўднымі носьбітамі фальклору. Паэзіяй жыцця, чароўным летам-песняй можна назваць знаёмства з мясцовым вакальна-інструментальным ансамблем «Канвелішскія штукары» Удзельнікам экспедыцыі вельмі спадабаўся рэпертуар гэтага фальклорнага гурта і манера выканання песень (“Рэчанька”, “У лузе”, “Конік вараны”, “Тры дубы” і інш). Адчувалася, як выканаўцы ўкладваюць душу ў кожнае слова і ў кожную ноту, дораць гэтыя сакральныя пералівы мелодый, ігранне пачуццяў на ліры. У краязнаўча-пазнавальным накірунку студэнты і выкладчыкі наведалі cядзібна-паркавы комплекс (маёнтак графа Путкамера і Марылі Верашчакі) і мясціны Адама Міцкевіча ў вёсцы Больценікі, дом-крэпасць П. Нонхарта (ХVІІ ст.) у вёсцы Гайцюнішкі, касцёльны комплекс у вёсцы Тракелі, а таксама cядзібна-паркавы комплекс (маёнтак графа Путкамера і Марылі Верашчакі) – мясціны спатканняў, што ўвабралі тямнічую гісторыю кахання Адама Міцкевіча і Марылі Верашчакі ў вёсцы Больценікі. Там жа пабачылі камень з выявай крыжыка як сімвал безнадзейнай, самотнай ростані дзвюх летуценна-мройлівых душ. Загадчык кафедры беларускай літаратуры А.Э.Сабуць і дацэнт Р.К.Казлоўскі правялі на базе Канвелішскай школы сустрэчу з вучнямі навакольных вёсак, прысвечаную перспектывам далейшага працягу навучання ў ВНУ Беларусі, і ў прыватнасці, на філалагічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, распавялі пра асаблівасці вучобы, магчымасцях наступнага працаўладкавання. Дацэнт Р.К.Казлоўскі правёў семінар для настаўнікаў Воранаўскага раёна ў галіне інавацыйных тэхналогій «Актуальныя праблемы падрыхтоўкі вучняў да прадметных алімпіяд (па беларускай мове і літаратуры) абласнога і рэспубліканскага этапаў». Сабраныя матэрыялы практыкі (творы жанраў вуснай народнай творчасці, абрады, звычаі) плануецца ў перспектыве выкарыстаць на занятках па курсах «Фалькларыстыка», «Славянская міфалогія» і спецкурсах для студэнтаў спецыяльнасці «Беларуская філалогія» УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы», а таксама пры падрыхтоўцы дыпломных работ і магістарскіх дысертацый. Асаблівая падзяка за супрацоўніцтва і стварэнне плённых дабратворных умоў працы і адпачынку пад час праходжання фальклорнай практыкі загадчыку Воранаўскага раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Алене Янаўне Ганевіч і дырэктару ДУА «Вучэбна-метадычны комплекс Канвелішскія яслі-сад-сярэдняя школа» Наталлі Віктараўне Якжык. Ужо прыйшла восень, пачаўся навучальны год. А душа засталася там – на ўскрайку зямлі беларускай. Там, дзе нядаўна гаспадарыла спелае лета, якое вяло праз нязведаны дарэшты Воранаўскі край, праз новыя далі. Таму надоўга застануцца ад фальклорнай практыкі прыемныя ўспаміны, мелодыі народных песень і шматлікія фотаздымкі: ТУТ ЗЯМЛЯ ТАКАЯ, з залатымі каласамі і са спеўна-гаманкімі, гасціннымі людзьмі, адоранымі надзвычай вабнай душэўнай прыгажосцю... Кіраўнікі фальклорнай практыкі – дацэнты кафедры беларускай літаратуры ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдаты філалагічных навук Руслан Канстанцінавіч Казлоўскі і Аліна Эдмундаўна Сабуць
Понравилось? Пускай узнают все :) !


Яндекс.Метрика
Опубликовано 14 июня 2017

Комментариев: 0






Добавить комментарий

Имя: