Фальклорная практыка – незабыўны час...


История региона » Фальклорная практыка – незабыўны час...

Мне з дзяцiнства падабалiся казкi, якiя бабуля заўсёды распавядала перад тым, як я клалася спаць. Яна вяла гаворку пра таямнічых iстот, якiя жывуць у лясах, азёрах, а таксама ў нашай хаце; пра незвычайныя здарэнні і прыгоды. Легенды, паданні, чарадзейныя казкі... Тады я яшчэ не разумела, што гэта ўсё быў фальклор, пра якi яна даведалася ад сваёй матулi, а тая ў сваю чаргу - ад сваёй. Калi я стала больш старэйшая, то забылася пра казкi i пра незвычайных нябачных iстот, якiя жывуць каля нас і ў навакольнай прасторы, але вучоба ва ўнiверсiтэце прымусiла мяне яшчэ раз успомнiць сваё дзяцiнства, бабулiны расповеды i тое, што каля нас ёсць шмат чаго незвычайнага, трэба толькi навучыцца яго заўважаць . Усё пачалося з лекцый ва ўнiверсiтэце па фалькларыстыцы і славянскай міфалогіі. Я атрымала мноства цiкавых ведаў, якiя былi заўсёды звязаны з нечым дзiвосным, прыгожым, з тым, што не паддаецца лагічнаму тлумачэнню. Абрадавая і пазаабрадавая паэзія, звычаі і абрады, прымаўкі і прыказкі, прыпеўкі, вышэйшая міфалогія, народная дэманалогія... У мяне з`явiлася цікаўнасць да народнай песні, свята, нават да прымхаў і забабонаў: як жа выглядаюць гэтыя фантастычныя нябачныя iстоты, на што яны здольныя, трэба iх асцерагацца цi не. Я прачытала некалькi артыкулаў пра вадзянiка, русалку, лесуна, хатніка. Усё падалося цікавым і захапляльным, хацелася патрапіць у сапраўдную народную стыхію, у беларускую глыбіньку... Па заканчэнні заняткаў ва ўнiверсiтэце мы, першакурснікі беларускай філалогіі, накіраваліся на фальклорую практыку ў Воранаўскi раён, у вёску Канвелiшкi. Пасля гэтай практыкі ў мяне ўсплываюць асабліва прыемныя ўспамiны! На працягу ўсёй экспедыцыі былi доўгiя вандроўкі па розных вёсках, збiранне фальклору i знаёмства з рознымi цiкавымi людзьмi, незвычайныя цi жартаўлiвыя выпадкi. Людзi, з якімі знаёміліся на працягу ўсёй практыкі, пакiнулi ў маёй памяцi цёплыя ўспамiны. Песнi, якiя яны спявалi, казкi, якiя яны распавядалi, жарты i яшчэ шмат чаго – усё гэта было неверагодна. Тады я зразумела, што фальклор – гэта не толькi казкi. Фальклор – гэта народ, тое, што ён адчувае, перажывае і пражывае на працягу ўсяго гістарычнага часу. Грамадскiя падзеі мясцовага маштабу, жыццёвыя здарэннi, радасць, гора, каханне – усё гэта можна і варта прасачыць у вуснай народнай творчасці. Тое, як жыве i жыў беларус, можна вызначыць па фальклоры, якi ён распавядае: якiя святы ён святкуе, якiя песнi спявае пры пахаваннi або на вяселлі, чаго ён баiцца i з кiм сябруе, што робiць пры неўраджаі – усё гэта спадчына, яго i ягоных бацькоў, а таксама наша – іхніх нашчадкаў. За час практыкі ў нас атрымалася сабраць абрадавыя і пазаабрадавыя песні, народны эпас, малыя жанры і, безумоўна, дзіцячы фальклор. Усё гэта мы навучыліся апрацоўваць, сістэматызаваць і аналізаваць. Напрыканцы нашай экспедыцыйнай працы кіраўнікі практыкі Руслан Канстанцінавіч Казлоўскі і Аліна Эдмундаўна Сабуць прысвяцілі нас ў сапраўдныя фалькларысты. На прысвячэнні было шмат жартаў i слёз (ад смеху). Аднагрупнікі зарэкамендавалі сябе ўнікальнымі артыстамі і ўвогуле дасціпнымі людзьмі. Я адчула сябе паўнапраўным фалькларыстам, палiчыла, што дзякуючы мне фальклорныя веды Беларусi пашырылiся, хоць мой уклад, зразумела, быў зусім невялiчкiм. Дзiўны свет фальклору i да гэтага часу застаецца для мяне загадкай, у iм жыве мноства фантастычных iстот, жахлiвых i прыгожых, у iм ёсць сваё тлумачэнне ўсяму, i наўрад цi яно горшае за навуковае, бо з дапамогаю фальклору вызначаецца душа народа. Усё гэта я зразумела на фальклорнай практыцы i на занятках ва ўнiверсiтэце. Але яркiя ўспамiны ў мяне засталiся толькi пасля нашай экспедыцыі: днi i ночы, праведзеныя там, былi вельмi цёплыя; людзi, сустрэтыя там, былi вельмi запамінальныя,; веды, набытыя там, нiколi не страцяцца. Фальклор – гэта не тое, што трэба ведаць. ІМ ТРЭБА ЖЫЦЬ! Анастасія Бардзіна
Понравилось? Пускай узнают все :) !


Яндекс.Метрика
Опубликовано 14 июня 2017

Комментариев: 0






Добавить комментарий

Имя: