История региона » Легенды і паданні Воранаўшчыны. Радунь.

РАДУНЬ Жыў у нас адзін дужа заможны гаспадар. Хто яго знае, адкуль багацця столькі меў. Ці то бацькі перадалі, 6о быў ён у іх адзіны сын, ці то сам неяк прыладзіўся гэтак разжыцца, але факт застаецца фактам — грошай многа меў. Мала гэтага, усялякіх будынкаў панастаўляў — на дзесяць сем'яў хапіла б, якія сваю гаспадарку на сярэднюю руку вялі. Але ўсё мала было Антосю — так, здаецца, звалі чалавека. Нельга сказаць, каб надта сквапны быў. Не. Папросіць хто мех-другі збожжа да будучага ўраджаю ці яшчэ што — дасць ды яшчэ і накажа аддаць тады, калі яго будзе дастаткова, каб потым зноў не пазычаць. Вяскоўцы зайздросцілі яму, бо рэдка ў каго так атрымлівалася. Некаторыя нават разважалі, што Антосю шанцуе нібыта з-за таго, што ён нічога не шкадуе: аддасць адзін залаты — прыбудзе два ці тры. Вось табе і маеш. Жыў побач з Антосем сусед, Фёдар. Так-сама багаты чалавек, але не такі, як Антось. Дык вось ён удумаў давесці свайго суседа да галечы. Што ж ты скажаш, калі чалавеку такія думкі ў галаву лезуць. Не сядзіцца яму, не спіцца, адно турбуе — зрабіць так, каб нехта пакутаваў, стагнаў ад болю. Антось быў ужо чалавек сталы, а жонку меў амаль удвая маладзейшую за сябе, прыгожую, працавітую. Ганэткай яе звалі. I надта ж яна любіла языком пачасаць. Як распачне балбатаць, то ад самае раніцы да вечара, здаецца, не сціхала б. У народзе праўду гавораць: брахаць — не цэпам махаць. Антось, калі заспяваў яе за гэткім «заняткам», пакрыкваў: — Ганэтка! Чаго стаіш? Хіба працы ў хаце не хапае? Давай дамоў! Паважала жонка свайго мужа, але ж і баялася, бо быў ён як крэмень, што сказаў — тое і зробіць. Вось Фёдар і вырашыў праз жанчыну сваю чорную задуму правесці. Меркаваў, разважаў і нарэшце пачаў дзейнічаць. — Зайшоў неяк да Антося нібыта па неадкладнай справе, а сам усё па баках зырыць. Гаспадар гэта заўважыў, але выгляду не падаў. — Здароў, здароў, суседзе, заходзь, сядай за стол, я зараз што-небудзь пастаўлю, пасядзім-пагамонім. А то па суседству жывём, а ў гасцях амаль і не бываем. — Ды я па справе прыйшоў, але калі запрашаеш, то адмаўляцца не буду, давай па чарцы вып'ем, а там і пагамонім... Антось жа людзей наскрозь бачыў, зараней мог сказаць, хто за чым прыйшоў. Наставіў ён на стол усялякіх прысмакаў, яшчэ стравы носіць і, канешне, Фёдару, які на дармаўшчынку любіў за сталом пасядзець, усё падлівае і падлівае, свой жа кубачак пустым трымае. Нарэшце госць здаволіўся, ужо ледзьве дыхае, тады Антось і кажа: — Вось што, чалавеча. Прыйшоў ты да мяне з чорнымі думкамі, але на гэты раз я табе дарую. Адно толькі зраблю, каб ты запомніў гэтую сустрэчу. Ён узяў п'янага за каршэнь, ададраў ад лаўкі, сцягнуў з яго штаны і нажом спаласаваў іх на дробныя кавалачкі. Фёдар пры гэтым ажно заходзіўся з рогату, бо не мог п'яны ўцяміць, што рабілася. Потым Антось вывеў суседа на вуліцу ды пусціў без штаноў дахаты. Той, ведама ж, дамоў адразу не падаўся, а песню зацягнуў, пачаў крычаць, і хвілін праз колькі палова вёскі наглядала за тым, як п'яны Федар у вялізнай лужыне пабліскваў сваім здорава-такі запэцканым азадкам на шчырым вясновым сонейку. — Глядзі ты, — дзівіўся стары дзед, — а Фёдар наш не слаба ўкормлены. Малады, а вунь як уеўся. — А што яму? Сам жа не працуе. Парабкаў панаймае ды дзярэ з іх тры шкуры. — Зараз затое папрацуе, бо ніхто яго з лужыны выцягваць не будзе. Доўга так пацяшаліся сяляне, потым паволі па хатах разышліся, а Фёдар усё «плаваў» у бруднай вадзе, сярод усялякіх трэсак, ануч ды гнілой бульбы, якую накідалі туды гарэзы-дзеці. Раніцай Фёдару распавялі пра ўчарашнія выбрыкі. У адказ ён ажно зубамі заскрыгатаў, прымаўляючы: «Ну, пачакай! Крывёю за гэта плявацца будзеш! Адпомшчу!» Праз пару дзён яны сустрэліся. — Здароў, суседзе, — кажа Антось. — Чаго гэта ты сёння такі злы? Можа, здарылася што, дык давай, дапамагу... Фёдар джгануў ад зласліўца, а ў вушах гучаў яго здзеклівы смех ды нейкія дзіўныя словы: «Перш чым благое зрабіць, чалавеча, трэба са сваім сумленнем параіцца, а калі яго няма, то з добрымі сялянамі парадзіцца». Неяк Антось па справах далёка паехаў. Гэты момант рашыў выкарыстаць Фёдар і пачаў падкочвацца да ягонай жонкі. Ганэтка не супраць была падгульнуць з маладзейшым, бо ёй здавалася, што занадта сурова з ёю абыходзіўся муж. — Давай, Ганэтка, вып'ем ды паспяваем з табой, — прапанаваў Фёдар, і маладзіца пагадзілася. Толькі прыцемкі на вуліцы ўзяліся, а яны ўжо сядзелі ў Фёдаравай хаціне, пілі гарэлку і песні гарлалі. Гаспадар, разгарачаны моцным пітвом ды жаночым целам, зашаптаў: — То можа застанешся на ноч у мяне? Твайго ж старога не будзе. Лазіць недзе, багацця шукае... — Так, шукае, — п'яна захіхікала Ганэтка. — Хай сабе шукае, мне яно не трэба. — Малайчына, малайчына, — лашчыў падатлівую маладзіцу Фёдар. — Ты ідзі, кладзіся ў ложак, а я зараз, толькі зірну, каб на вуліцы нікога чужога не было, і дзверы зачыню... Фёдар выйшаў на вуліцу, падышоў да брамы і хацеў было высунуць галаву на вуліцу, але нечыя здаравенныя рукі ўхапілі яго за шыю так, што ён не здолеў ні крутнуцца, ні дыхнуць. «Хоць бы не задушыў, нячысцік», — пранеслася ў галаве. Тым часам на галаву насунулі пыльны мяшок, відаць, з-пад даўняй мукі, завязалі і ўскінулі яго на калёсы. Воз тарахцеў па гарбацістай дарозе. Везлі доўга, можа, цэлую гадзіну, потым спыніліся. — Даставайце, хлопчыкі, майго суседа, пачастуем яго, каб, даруй Божа, не пакрыўдзіўся. Ен жа маю жонку вунь як частаваў! Фёдар пазнаў голас Антося, заскрыгатаў зубамі з адчаю, ды што зробіш? Тым часам яго выцягнулі з меха, і няўдалы палюбоўнік акрамя мужа Ганэткі ўбачыў дваіх здаравенных работнікаў, якіх Антось трымаў у сябе пастаянна, і яны былі ўжо яму за родных сыноў. — Ну што, папалохаем крыху камароў ды ваўкоў? Давайце пачнём, а то сумна, мабыць, суседу, чакаць надакучыла... Не паспеў Фёдар і рот разявіць, як з яго здзерлі вопратку, аркамя сподняй сарочкі, і паклалі на жывот. На ногі і на рукі яму селі работнікі, Антось жа заняўся іншай справай — падышоў да бліжэйшага лазовага куста і стаў рэзаць доўгія, гнуткія дубцы. — Шкада, што не прасолсныя ды не вымачаныя, — данеслася да Фёдара. Далей ён ужо нічога не чуў — крычаў так, што толькі прывязкі трымалі коней, каб тыя не збеглі. — Крычы, братка, крычы, можа, розуму набярэшся. Я ж цябе вучыў, што калі благое хочаш зрабіць чалавеку — трэба з сумленнем параіцца, а калі яго нестае — з добрымі людзьмі парадзіцца... Мяне ты рыкам сваім не напалохаеш. Крычы ўволю. На гэты раз я табе добра «надпішу» на азадку, каб тыдзень сесці не мог. Калі галавой думаць не хочаш — няхай азадак пакутуе, калі сумлення няма — мая адзнака нагадваць пра гэта табе будзе. Лупцуе Антось ды прымаўляе, а Фёдар не так слухае, як гарлае на ўсё наваколле. Крычаў ён на ўсе галасы: то тонка і працягла, то тоўста і адрывіста, то рохкаў, што той кабан, то заліваўся дзіцячым піскам, а потым перайшоў на хрыплы аднатонны стогн. Біў, біў яго Антось, а потым, калі ўжо Федар страціў надзею выбрацца жывым, сказаў: - Ну, хлопцы, хопіць, злазьце, стаміўся я. Не па маіх гадах такая адказная справа. Каб маладзейшы быў, дык болей даў бы, а так... Прабач, суседзе, не магу болей, сілы нестае. Пасмейваючыся, работнікі злезлі з Фёдара. — А што з ім рабіць, гаспадар? — А нічога, няхай паляжыць, ачуняе крыху, тым болей што ранак ужо займаецца. Мы яго так, у сподняй сарочцы, тут і пакінем. Дамоў хай па кустоўі дабіраецца, калі хоча, каб меней хто бачыў. — Гаспадар, дык у яго ж нейкая сарочка дзіцячая, усё наверсе, — зарагатаў адзін з работнікаў. — То дай яму сваю, дарослую, — коратка рагатнуў Антось і скочыў на воз. — Паехалі, няма чаго тут з гэтым дурнем заставацца. Многія ў тую раніцу бачылі дзіўнага чалавека — той лупіў напрасткі да вёскі ў адным споднім, бег неяк дзіўна, растапырваючы ногі... Пасля гэтага здарэння Фёдар доўга адлежваўся, а калі ачуняў, то задуму сваю дурную не кінуў, і не раз на добрым падпітку ў карчме плакаў, рваў на сабе кашулю і казаў сябрукам: — Колькі папросіце, столькі і заплачу, толькі дапамажыце з Антосем разабрацца. — Чаму ж не, дапаможам, — пагаджаліся тыя, асабліва не вагаючыся, бо Фёдар паіў іх за свае грошы. — Дапаможам, дай толькі час... Заспакоены селянін крычаў карчмару, каб той не шкадаваў гарэлкі для ягоных сяброў. — Нясі самае лепшае, бо такіх сяброў, як у мяне, ні ў кога няма! «Ведама ж, няма, — мармытаў карчмар, забіраючы чарговую залатоўку. — I гэтыя цябе адсюль без штаноў выведуць. Але то не мая справа, гуляйце, піце, толькі плаціце». Антось ведаў, што сусед зноў нешта задумвае супраць яго, таму і сам быў напагатове, і работнікаў сваіх папярэджваў: — Глядзіце, хлопчыкі, гэтаму злыдню зараз што хочаш у галаву ўлезе: і запаліць нас можа ці яшчэ якую трасцу выдумае. Пільна сачыце за ягоным падворкам і за ім самім. Жонку Антось таксама папярэдзіў: — Глядзі, Ганэтка, болей не дарую. Адлупцую лазой, як і суседа, будзеш ведаць, чаму лаза адразу не ламаецца. — Што ты, што ты, Антоська, няхай мяне Бог крые, калі я з ім хоць слова скажу, не тое што нейкую справу буду мець. Вось табе крыж! — Крыж пры сабе пакінь, але глядзі, я папярэдзіў, а твая справа прыслухоўвацца ці не... Антосевы работнікі, хоць і выконвалі гаспадароў загад, не верылі, што сусед пасля такой «навукі» рызыкне зноў палезці. I шкада, бо страцілі пільнасць — і ледзьве жыццём не паплаціліся. А атрымалася вось што. Пасля апошняга здарэння Фёдар увогуле не вылазіў на вуліцу. Да яго прыходзілі хаўруснікі, пасылалі каго-небудзь у карчму за гарэлкай і пілі, пілі да таго часу, пакуль усе не засыналі мёртвым сном. I вось аднаго разу Фёдар закамандаваў: — Ну, досыць піць! Дай вам волю — усю маю гаспадарку спусціце праз карчму. Настаў час адслужваць бясплатную ежу ды пітво. — Загадвай, зараз усё перавернем! — падхапіліся найбольш жвавыя. — Пойдзем зараз, хлопцы, і Антосеў падворак з зямлёю зраўняем! За ўсё яму адпомсцім: за знявагу маю, за кроў і слёзы пралітыя! Пачуўшы гэткі заклік, хаўруснікі ажно ўзвылі: — Ды мы яго па кавалачках разнясём! Мы з ягоных будынкаў вогнішча вялізнае раскладзём, каб здалёк відаць было, што чакае таго, хто супраць нас выступае! Пайшлі! — Чакайце, трэба ж нечым узброіцца! — Ды мы яго голымі рукамі! — заверашчалі найбольш адчайныя і тыя, хто любіў павыхваляцца. Асцярожныя і памяркоўныя прыхапілі калы і нават шаблі, нібы на сапраўдную вайну збіраліся, а не суседа караць. Антосеў работнік, які павінен быў у гэтую ноч вартаваць падворак і сачыць за тым, каб нічога ліхога не здарылася, соладка спаў. Таму Фёдаравы хаўруснікі бесперашкодна абступілі будынкі і чакалі толькі сігналу свайго завадатара. Але той нечага марудзіў — ці то з-за боязі чарговага правалу свайго плана, ці думаў пра тое, як адсядзецца ў баку. Між тым нехта з п'яніц неасцярожна варухнуўся на высокім дубовым паркане і гопнуўся долу. Ганэтка прачнулася якраз у той самы момант і пачула падазроны шум. - Антоська, нешта не тое робіцпа на падворку. Неспакойна мне... — Дык хлопец жа вартуе. Калі што — дасць знак, паспеем выскачыць ці абараніцца. — Ой, мужу, лепей паглядзі. Каб позна не было... Антось устаў і, пацягваючыся, пайшоў да сенцаў, але раптоўна кінуўся да акна — на паркане, нібы груганы, сядзелі цёмныя цені. — Ах ты, ваўкарэзіна! Бач да чаго дадумаўся! — загуў гаспадар. — Хлопцы, хлопцы! Дзе вы там! Праз хвіліну тыя стаялі побач. Антось не стаў дапякаць вартаўніка. — Зараджайце стрэльбы і станавіцеся ля дзвярэй ды вокнаў. Зараджайце не шротам, а соллю. Пораху многа насыпайце і солі! Страляць не спяшайцеся. Няхай пасаскокваюць усе на двор, мы тады і сабак спусцім, каб весялей было... Марудна цягнуўся час. Антось стаяў і спакойна пазіраў у акенца. — Відаць, нешта думае Фёдар, не хочацца зноў у азадак атрымліваць. Постаць на плоце махнула рукою, і пераспелымі грушамі залёпалі на зямлю з высачэзнага дубовага паркана, пастаўленага ўшчыльную, шула да шула, хаўруснікі Фёдара. Кінуліся да хаціны, і ў гэты момант прагучала: - Сабак спускайце і страляйце, хлопцы! Не спяшайцеся, добра цэльцеся. Час у нас ёсць. Назад яны не вылезуць, пакуль вароты не адчынім. Што тут пачалося! Божа мілы! Заляскалі стрэлы, і адразу ж закрычалі няпрошаныя госці. Калі хто не атрымліваў «свой зарад», таго дратавалі сабакі. Крыкі, енкі, стогны — усё злілося ў адзін суцэльны гул. Да раніцы працягвалася бітва. Перапалоханыя вяскоўцы гадалі, што там робіцца. Калі сонца ўзышло, адказы на ўсе пытанні далі шырока адчыненыя вароты, праз якія выпаўзалі, хістаючыся, выходзілі: а то і выляталі з дапамогай магутных удараў п'яніцы і стараліся куды-небудзь схавацца ад людскіх вачэй. Апошні выпаўз Фёдар... I на гэты раз ён быў амаль без штаноў, бо тое, што вісела на ім, нельга было імі назваць. Слёзы каціліся па ягоным твары, а ўслед яму неслася павучальнае: Колькі ж разоў табе, дурань, казаць, што з разумнымі людзьмі радзіцца трэба, а не з такімі, як сам... Даўно памёр Антось, але памяць засталася. Засталася ў назве, яна і пайшла ад таго памяркоўна-павучальнага слова — радзіцца. Таму і стала мястэчка Радунь. ДАЙНАВА Жыла адна сям'я — маці, бацька і дачка. Весела жылі, падтрымлівалі адзін аднаго, дапамагалі, багацця асаблівага не мелі. Займаліся звычайнай сялянскай справай — поле аралі, засявалі яго, збожжа жалі і хлеб малацілі. Так з года ў год. Дзяўчынка расла надзвычай прыгожай і праз некаторы час абяцала стаць гэткай прывабнай, якой, можа, і ва ўсім наваколлі не было. Бацькі з радасцю глядзелі на яе і гаварылі паміж сабою: — Вось так і вырасце наша дачушка, замуж выйдзе, унукаў нам народзіць, а мы іх няньчыць будзем. Дай Божа, каб усё добра было, каб неба ды лёс былі да яе літасцівы. Добра ім разам было, але нядоўга іхняе шчасце цягнулася. Пайшла неяк маці з жанчынамі ў лес па чарніцы, а назад яе ледзьве прысунулі: джгнула там змяя небараку. Вось яна выпакутавала! Даруй, Божа, каб яшчэ хто так стагнаў ды трызніў. Відаць, яд быў вельмі моцны. Якіх толькі чараўнікоў муж не клікаў, якія толькі яны замовы ні шапталі — нічога гэтыя старанні не прынеслі. Жанчына з кожным днём усё болей і болей апухала, ссінела ўся, дыхнуць без болю — і то не магла, а гаварыць — дык толькі шаптала, і разабраць яе можна было толькі нахіліўшыся да самага твару. Муж з дачкою амаль не спалі. I вось неяк ноччу, калі яны крыху забыліся ў сне, гаспадару падалося, што яго нехта кліча і торгае за рукаў. Ачнуўся ён, крутнуў галавой і ўбачыў скіраваны на яго позірк жонкі і пачуў яе шэпт: — Апошняе маё імгненне прыспела, мужу. Прашу цябе, заклінаю... Апошняя мая просьба, перадсмяротная... Глядзі, не даруе Бог, калі яе не выканаеш... — Ды што ты, родненькая, усё зраблю, як скажаш... Дачушку нашу беражы як зрэнку вока, каб благія людзі да сябе не прыманілі. Ты ў яе застаешся і за бацьку, і за маці... І жаніцца пасля маёй смерці не спяшайся, пачакай, па куль яна замуж выйдзе. Нядоўга засталося, яна ж такая прыгожая, такая добрая, — выдыхнула гаспадыня і заціхла, заціхла назаўседы. Пахаваў чалавек жонку і спачатку ўсё гэтак рабіў, як яна прасіла перад смерцю, але праз пару месяцаў стаў забывацца на абяцанне. А тут яшчэ суседка, жвавая ды бойкая маладзіца, праходу вяскоўцу не давала. Дзе ні напаткае — у госці запрашае: — Зайшоў бы, суседзе. Чаго гэта ты мяне баішся? Я адна і ты адзін. Можна было б і пра нешта сумеснае падумаць, не век жа табе векаваць... — А я і не адзін, у мяне ж дачка ёсць, — нібы за апошнюю саломінку хапаўся мужчына. — Я шчырай матуляй буду тваёй сірацінцы, любіць яе болей за родную... — Я падумаю, суседачка. — Падумай, голубе, падумай ды згаджайся, бо я і ў іншым баку мужа знайсці змагу, а вось табе гэта значна цяжэй зрабіць будзе. Бацька нічога не казаў дачцы пра заляцанні суседкі, але ёй ужо семнаццатая вясна ішла, і яна ўсё добра разумела. Замкнулася, слова з яе нельга было выцягнуць. Раней спявала, смяялася, а зараз тварам спахмурнела і на спробы бацькі неяк яе развесяліць адказвала такімі цяжкімі паглядамі, што таму рабілася не па сабе. I што ж вы думаеце? Суседка свайго дамаглася. Абкруціла мужыка і перабралася жыць у іхнюю хаціну: дагледжаную, чысцюткую, нібы тая шклянка. Як прыйшла, дык адразу ўзялася свой парадак наводзіць. Ад былых прыгожых слоў і следу не засталося. — Што гэта вы кожны дзень падлогу шаруеце? Хутка дзіркі папраціраеце, і мышы туды шмыгаць стануць. Дзе гэта бачылі, каб так ужо чысціню захоўвалі? Не вытрымлівала гаспадарова дачка і пачынала спрачацца, чаго раней за ёю ніколі не назіралася: — Маці мяне так навучыла, таму мы ніколі ў брудным не хадзілі і смецця ў хаце не трымалі. Скажа гэтак і знікне некуды да самага вечара, а калі прыйдзе, то есці не садзіцца за стол, кладзецца адразу спаць. Аднас ночы, палічыўшы, што дзяўчына спіць, пачала новая гаспадыня ўшчуваць мужа: — Што ж гэта ты ўсё маўчыш? Яна і агрызаецца, і лае мяне, а ты хоць бы словам заступіўся. Болей я трываць не збіраюся, выбірай — ці яна, ці я, але жыць у адной хаціне нам нельга. — Дык гэта ж мая родная дачка, — спрабаваў было пераканаць жанчыну гаспадар, — што людзі скажуць, калі я яе з хаты выкіну? — Як ведаеш. Тады я пайду, вось толькі раніцы дачакаюся. Дачка ўсё чула. Выскачыла яна з хаты і пайшла куды вочы глядзелі. Ішла так, ішла, стамілася, вырашыла адпачыць. Знайшла прыгожы куст, прылегла пад ім і ... соладка заснула, бо і здарожылася, і сперажывалася. А тым часам ехаў па дарозе вялікі абоз з таварамі ажно з-пад Наваградка. Пабылі людзі ля Балтыйскага мора, накупілі ўсяго і назад вярталіся. Радаваліся, што ўсё добра атрымалася, што хутка дома будуць. Смяяліся, песні спявалі, каб хутчэй час ляцеў. — Глядзіце, а хто гэта там спіць пад кустом? — выгукнуў малады голас. — А ты паглядзі. Раптам гэта жанчына, ды яшчэ і прыгожая, вось табе і жонка будзе, — пажартаваў нехта. Той пабег да куста і спыніўся, нібы на пень наткнуўся. — Ну што? — данеслася ад вазоў. — Хто там? — Дзяўчына... Прыгожая... Падышлі астатнія, і тут дзяўчына абудзілася, убачыла незнаёмых людзей і ... заплакала. Ледзьве супакоілі яе падарожныя: — Ну што ты ўбіваешся? Глядзі, якога мы табе мужа падараваць можам, — падпіхнулі да яе маладога і прыгожага хлопца. Так яна з імі і паехала ды стала жонкай таго хлопца. Дзеці ў іх пайшлі. А ў вольную часіну жанчына любіла спяваць. Як зацягне песню, дык суседзі казалі: «Зноў дайноўка заспявала. Во, як хораша цягне». Дайноўка — значыцца з балцкага племені, адтуль, адкуль яе прывезлі. Потым не толькі яе, але і дзяцей дайноўкамі клікаць сталі. Адтуль і вёска — Дайнава.
Понравилось? Пускай узнают все :) !


Яндекс.Метрика
Опубликовано 27 апреля 2017

Комментариев: 0






Добавить комментарий

Имя: