История региона » Мае ўражанні на пачатак Вялікай Айчыннай вайны на Іўеўшчыне

Няма на свеце больш агіднай, страшнай, жахлівай і ў пэўнай ступені спекуляціўнай з’явы, чым вайна. Напярэдні нападзення фашыстаў на нашу Радзіму, 14 чэрвеня 1941 года была заява ТАСС, дзе абвяргаліся як безпадстаўныя чуткі аб намеры Германіі ў хуткім часе напасці на Савецкі Саюз. З нагоды заявы ТАСС, дзесьці 15 чэрвеня 1941 года, у маю вёску Малыя Князікоўцы Іўеўскага раёна прыйшлі чырвонаармейцы з палітруком з Жыжэмскага гарнізона, якія ахоўвалі чыгуначны мост на рацэ Жыжма. Гэтага палітрука сяляне ўжо добра ведалі, так як год назад ён агітаваў за шчаслівае калгаснае жыццё і заўседы гаварыў мясцовым жыхарам пра падзеі за мяжой і ў нашай краіне. Сяляне сабраліся каля нашай хаты, хто сядзеў на прызбе, хто стаяў. У гэты час палітрук гаварыў аб тым, што ходзяць чуткі аб намеры Гітлера напасці на нашу краіну. Палітрук гэтага каварнага плана фашысцкай Германіі не выключаў, але цвёрда заявіў: “Калі пачнецца вайна, то камня на камне ад ворага не застанецца і мы пераможам!” Гэтыя словы і сёння гучаць у маёй памяці. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны я сустрэў у Ліпнішкаўскай мястачковай бальніцы, дзе знаходзіўся ўжо трэці дзень з тэмпературай каля 41 градуса. Пасля хваробы водра, не замацаваўшы свайго здароўя, пакупаўся ў рацэ Жыжма, пасля чаго захварэў двухбаковым запаленнем лёгкіх. Ужо ў першы дзень вайны бальніца амаль апусцела, хворых забралі да дому. Праўда, праз дзень вайны ў маёй палаце з’явіліся два чырвонаармейцы, відаць камандзіры, з ромбікамі на рубашках. Яны былі паранены ў баі з немцамі, адзін у галаву, другі ў прадплечча. Праз дзень ці два за параненымі прыехалі на машыне вайскоўцы і забралі іх. І сёння я бачу, як з-пад падушкі чырвонаармейцы забіраць свае наганы і адзін сказаў: “Няўжо мы сюды больш не вернемся?” Маланкавы ўдар па Чырвонай Арміі ашаламіў абаронцаў, многія з іх ужо не верылі ў перамогу Савецкага Саюза. Я застаўся адзін у бальніцы. Перад абедам за мной прышоў бацька, прынёс мне паесці, але есці не хацелася, у маёй тумбачцы ляжалі цукеркі-падушачкі, на якіх шмат было чорных мурашак. Доктар Капуста, які лячыў мяне, сказаў бацьку: “Твайму хлапчуку патрэбна яшчэ пару дзён знаходзіцца ў бальніцы, а інакш забярэш трупа”. Бацька паслухаў доктара. Але мая маці вельмі занепакоілася, калі бацька вярнуўся без мяне. Я баяўся, што мяне могуць забіць немцы, ці разбамбіць у бальніцы. У гэты час усюды ішла страляніна і нямецкія самалёты бамбілі не толькі гарады, але населеныя пункты і чыгункі. У тым ліку была разбіта бомбамі чыгунка Ліда – Гаўя, нямецкія самалёты кінулі бомбы на вёску Этуны. Уся вёска згарэла і шмат было ахвяр сярод мясцовых жыхароў, у тым ліку загінуў і брат бацькі Міхаіл. Таму сэрца маёй маці не магло супакоіцца. І дзесці ў гадзін 4 пасля абеда яна са сваёй малодшай сястрой, цёткай Маняй, якая мяне заўжды пеставала, прыйшлі за мной з дзярушкай, каб несці мяне дамоў, так як я яшчэ не мог хадзіць. Яны неслі мяне па чарзе на сваёй спіне. Мы выйшлі на шасейную дарогу Ліпнішкі – Ліда. Але, не даходячы да Ліпнішкоўскіх могілак, вымушаны былі павернуць на лева, ўбок вёскі Сціганне, а потым пайсці праз балота і раку Жыжму. Каля могілак і далей да шашы шмат было чырвонаармейцаў, тэхнікі, разбітых машын, а каля могілак салдаты штосці палілі, знішчалі. Калі мы дабіраліся да хаты, а гэта каля 7 вёрст, то ў паветры ўвесь час знаходзіліся фашысцкія самалёты, якія ішлі то на ўсход, то з усходу на захад, апускаліся нізка і стралялі па зямлі з кулімётаў. З дапамогай Бога! Мы ўдачна прыйшлі да хаты. Я выжыў. Паправіўся ад хваробы. Фашысты з’явіліся ў маёй вёсцы 28 чэрвеня 1941 года. Від іх быў бравы, нахабны, твары іх сіялі, яна былі ўпэўнены ў сваёй перамозе. І з першых дзён пачалі наводзіць свой парадак. Вядома, былі і такія сяляне, якія радаваліся новай уладзе, новым парадкам. Гэта ў большай ступені датычыцца вяскоўцаў-палякаў. Так, у маёй вёсцы да вайны было каля 100 хат. У 5 – 6 хатах жылі палякі-каталікі. І вось стары Бічэль сустрэў немцаў каля студні хлебам-соллю, падзякаваў ім, што яны вызвалілі яго і іншых ад бальшавіцкага ярма. Што датычыць сялян-беларусаў, то фашысты арыштавалі 10 мужчын з Вялікіх Князікоўцаў, 10 з Малых Князікоўцаў, узялі ў палон 5 чырвонаармейцаў, завялі за вёску на сенакос і растралялі 30 чэрвеня 1941 года. Гэта першы масавы растрэл мірнага насельніцтва на Гродзеншчыне. Вось прозвішчы расстраляных жыхароў з вёскі Малыя Князікоўцы: Барысевіч Міхаіл Міхаілавіч Булей Уладзімір Іванавіч Баўтручок Іван Фёдаравіч Гурскі Міхаіл Іванавіч Новік Іван Юр’евіч Малец Міхаіл Мікалаевіч Заруба Міхаіл Якаўлевіч Ефімец Канстанцін Іванавіч Нябежка Ігналь Матвеявіч Хачу заўважыць, што з Малых Князікоўцаў быў і 10-ы чалавек, які павінен быць растраляны з названымі аднавяскоўцамі. Але гэтага не адбылося, калі арыштаваныя выкапалі сабе магілу, то Булей Аляксей па дарозе, калі іх немцы вялі на растрэл, вельмі прасіў немцаў яго адпусціць, бо ў яго памерла жонка і засталося трое маленькіх дзетак, але немцы спачатку на гэта не звярнулі ўвагі. Затым у магіле Булей перад смерццю стаў на калені і стаў маліцца. Гэта для фашыстаў было нечаканасццю, бо камуніст і моліцца Богу, а ўсіх ахвяр яны лічылі камуністамі. Набожнага камуніста гітлераўцы адпусцілі з ямы, не расстралялі, таму ён расказаў некалькі невядомых эпізодаў жыхарам вёскі. Па-першае, былы член КПЗБ Новік І.Ю. прапанаваў сваім сябрам з лапатамі напасці на фашыстаў і забіць іх у той час, як вялі сялян на растрэл праз жыта. І такім чынам выратавацца. Але Малец М.М. і другія запярэчылі, таму што фашысты расстраляюць усіх жыхароў з Князікоўцаў. Па-другое, арыштаваныя ўжо выканалі свій долг, бо адзін з чырвонаармейцаў кінуў убок фашыстаў гранату, але яна не ўзарвалася. У яго яшчэ была адна граната, але чырвонаармеец ужо не змог яе скарыстаць. Што датычыць Булея, якога немцы адпусцілі з магілы, то ад перажытага ён хутка памёр. І яшчэ хачу заўважыць, што сярод гітлераўцаў адзін быў салдат, які добра размаўляў па-польску. Ён мясцовым жыхарам перадаў, што іх будуць растрэльваць. І калі фашысты растрэльвалі сялян і чырвонаармейцаў, то гэты немяц адмовіўся расстрэльваць і вельмі плакаў. Яго тут жа самі немцы арыштавалі і, на віду вяскоўцаў расстралялі. У першыя месяцы акупацыі, мы дзеці, часта выходзілі на шашу – Ліпнішкі – Ліда. Мы часта бачылі як па гэтай дарозе фашысты гналі на Ліду ваенапалонных. Вось у маіх вачах і сёння стаіць такая карціна: па шашы ідзе калона па чатыры чалавекі ў шарэнгах, а даўжыня гэтай калоны больш за вярсту. Ідуць абросшыя, худыя людзі з апушчанымі голавамі. І на такую вялізную калону на трох падводах едуць немцы: адна павода ўперадзе, другая пасярэдзіне і трэцяя ў канцы калоны. Мы сёння добра ведаем нашы ахвяры ў першыя месяцы вайны. Лета і восень 1941 года для Савецкага Саюза азначала катастрофу. Толькі ў палоне апынулася каля трох мільёнаў салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі. Вайна прынесла шмат гора і маім адвяскоўцам. За гады вайны загінула больш за 20 аднавяскоўцаў, 10 чалавек былі вывезены на катаржныя работы ў Германію. Не ўсе яны вярнуліся на Радзіму. Лепш каб чалавецтва больш ніколі не бачыла і не ведала войнаў. М.В. Васілючак

Понравилось? Пускай узнают все :) !


Яндекс.Метрика
Опубликовано 9 апреля 2018

Комментариев: 0






Добавить комментарий

Имя: