История региона » Першыя звесткі пра мястэчка Іўе

Першыя звесткі пра мястэчка Іўе адносяцца да XV ст. Спачатку яно належала ваяводу Пятру Станіслававічу Кішку, а ў 2-й палове XVI ст. перайшло да Яна Кішкі. 3 гэтага часу род Кішкаў валодаў мястэчкам на працягу амаль 100 гадоў, пакуль Кацярына з Друцкіх-Саколінскіх, жонка апошняга з роду Кішкаў - гетмана ВКЛ Януша Кішкі (1568— 1654), не запісала Іўе на Карла і Кацярыну Глябовічаў. Апошнія перадалі маёнтак сваім дочкам Марцыбеле Агінскай (1641—1681) і Хрысціне Сапезе, верагодна, у 1661 г., бо гэта год шлюбу Марцыбелі з Глябовічаў і Марцыяна Агінскага (1632—26.1.1690). Паколькі ў Марцыбелі дзяцей не было, з 1681 г. поўнымі гаспадарамі Іўя становяцца Сапегі. Такім чынам, воляй лёсу мястэчка Іўе уключаецца ў сферу складаных сувязей Агінскіх і Сапегаў. Пра Марцыяна Агінскага захавалася шмат звестак. Ён быў сынам трокскага кашталяна Аляксандра Агінскага (1585—1667) і княжны Кацярыны з Палубінскіх, адукацыю атрымаў у Кракаве і Лейдэне. У войску служыў з 1651 г., палкоўнік, харунжы трокскі (1654), чэснік ВКЛ (1658), стольнік літоўскі (1661). Знаходзячыся на апошняй пасадзе, ён стаў саўладальнікам Іўя, акрамя гэтага за сваёй жонкай атрымаў тытул «графа на Дуброўне» разам з паловай маёнткаў Дуброўна і Заслаўе. Праз чатыры гады ў 1665 г. Марцыян Агінскі — крайчы літоўскі, а ў 1670 г. — ваявода трокскі. Адначасова са смерцю жонкі ў 1681 г. ён страціў Іўе. У 1684 г. стаў канцлерам вялікім ВКЛ і ў 1685 г. ажаніўся з Канстанцыяй Велікапольскай. Дзяцей не меў і таму яго спадчына дасталася стрыечнаму брату Шыману Каралю Агінскаму (1620 - 1699). Марцыян удзельнічаў у войнах як супраць Швецыі і трансільванскага князя Ракачы, так і ў баях супраць маскоўскіх ваяводаў у 1660 г. Напярэдадні першай жаніцьбы быў паслом на сойм і дэпутатам Галоўнага літоўскага трыбунала, старшым братчыкам Магілёўскага і Віленскага Свята-Духаўскага праваслаўных брацтваў. У час валодання Іўем пабудаваў праваслаўную царкву ў Смілавічах (1668), прыняў каталіцтва (1669), удзельнічаў у бітве пад Хацінам на чале ўласнага палка (1673). Пасля смерці першай жонкі і другога шлюбу ўжо ў якасці вялікага канцлера ВКЛ удзельнічаў у падпісанні «Вечнага міру» з Расіяй (1686). Саўладальнікамі Іўя разам з Марцыбеляй і Марцыянам Агінскімі былі Хрысціна і Казімір Ян (1642—13.3.1720, Гродна) Сапегі. Атрымаўшы са сваёй жонкай маёнтак Іўе ва ўзросце 24 гадоў, Казімір Ян Сапега адначасова са сваім саўладальнікам (1670) стаў ваяводам, але не трокскім, як Марцыян Агінскі, а полацкім. i на гэтай пасадзе ён прабыў да 1681 г., калі яго прызначылі гетманам польным ВКЛ (у гэты ж год разам са сваёй жонкай ён стаў адзіным уладальнікам Іўя). Двойчы (у 1683—1703 і 1705—1708 гг.) быў прызначаны вялікім гетманам ВКЛ, а ў 1682-1703 і 1705-1720 гг. займаў пасады віленскага ваяводы. Трохгадовы перапынак у дзяржаўных пасадах быў выкліканы актыўным удзелам Казіміра Яна Сапегі ў барацьбе за незалежнасць ВКЛ ад Расіі (прадстаўнікі роду Сапегаў, пачынаючы з Льва Сапегі, канцлера ВКЛ, змагаліся за поўную незалежнасць беларуска-літоўскай дзяржавы). 3 пачаткам Паўночнай вайны (1700—1721) Казімір Ян кіраваў войскам сваёй групоўкі (федэрацыі часткі шляхты ВКЛ, якая выступала супраць саюза караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II Моцнага з расійскім царом Пятром 1 і таму была на баку шведскага караля Карла XII; прыхільнікі поўнай незалежнасці ВКЛ лічылі, што Пётр 1 фактычна ператварыў Рэч Паспалітую ў пратэктарат Расіі). 18 лістапада 1700 г. пад мястэчкам Алькенікі (цяпер Валькінінкай Алітускага павета, Літва) адбылася жорсткая бітва паміж войскамі Казіміра Яна Сапегі і кан-федэратаў (прыхільнікаў палітыкі Аўгуста II). Войска апошніх узначальваў Рыгор Антоні Агінскі (памёр 17.11.1709). Гэты староста жмудскі (1698) быў сынам стрыечнага брата Марцыяна Агінскага, Яна Агінскага (каля 1625—24,2.1694), гетмана польнага літоўскага, і такім чынам Казімір Ян Сапега зноў сутыкнуўся з прадстаўніком сваяцкага роду. Але на гэты раз дзяліць яму прыйшлося не маёнтак, а ўсё Вялікае княства Літоўскае. Так сталася, што поўную перамогу ў гэтай бітве атрымаў Р.А.Агінскі і ў 1703 г. сойм Рэчы Паспалітай пазбавіў Казіміра Яна Сапегу дзяржаўных пасад. У 1705 г - за падтрымку караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Ляшчынскага (з 1704) быў адноўлены на пасадах ваяводы віленскага і гетмана вялікага, але ў 1708 г. адмовіўся ад апошняй пасады. У 1709 г. быў рэабілітаваны Аўгустам II і нават узнагароджаны ордэнам Белага арла. Паводле літоўскай метрыкі 1690 г., Іўе ў гэты час трымаў староста купішскі і дыяменцкі Стафан Тызенгаўз (каля 1640 да 1721). Тады з Іўя плацілі падымнага 220 дымоў (для параўнання: у 1667 усяго 73 1/З дыма). А атрымаў С.Тызенгаўз Іўе ў 1686 г. у заклад ад віленскага ваяводы Казіміра Яна Сапегі за 15 тыс. талераў, якія Тызенгаўз пазычыў Сапегу. У 1687 г. Стафан атрымаў пасаду надстолія ВКЛ, затым кухмістра, а з 1700 г. стаў ваяводам навагрудскім. Пасля бітвы пры Алькеніках Стафан Тызенгаўз і яго жонка Барбара з Шэметаў пачалі лічыць Іўе сваім. У 1709 г., пасля амністыі, К.Я.Сапега здолеў вярнуць сабе Іўе. Але паколькі доўг у 15 тыс. так і не быў пагашаны, то ў выніку працяглага судовага працэсу Тызенгаўзы ў пачатку XVIII ст. адсудзілі сабе Іўе. Сын Стафана Міхал Тызенгаўз, шмельтынскі староста і вялікі пісар ВКЛ ажаніўся з Аляксандрай з Радзімінскіх-Фрацкевічаў. Сярод сваіх уладанняў ён называў Іўе і Мікалаева ў Ашмянскім павеце. Пазней Міхал прыкупіў сабе каля Іўя фальваркі Стэнкаўшчыну, вёскі Драбышы і Карпавічы. Міхал Тызенгаўз памёр у 1726 г. Ён канфліктаваў са сваім сынам Бенядзіктам (каля 1700-?) і ў парыве гневу запісаў сваю маёмасць брату Яну (каля 1670-1730), на той час ваяводу мсціслаўскаму (з 1714; да таго Ян Тызенгаўз, дзядзька Бенядзікта, быў старостам купішскім, а з 1699 - пісарам ВКЛ, пазней - рэферэндарыем). Ян Тызенгаўз перадаў Іўе па спадчыне сваім сынам Стафану, старосту пененскаму, і Бенлдзікту, які стаў старостам вількамірскім у 1732 г. Аднак праз некаторы час сыны Яна Тызенгаўза адмовіліся ад уладання Іўем на карысць сваіх стрыечных братоў, сыноў Міхала Тызенгаўза - Бенядзікта, Антонія і Каспара. Да гэтага часу Антоній ужо стаў ксяндзом-езуітам і, нягледзячы на гэта (у процілегласць свайму брату Каспару, лоўчаму інфлянцкаму, які ажаніўся на Малга-жаце Гротус), пачаў прэтэндаваць на Іўе разам з Бенядзіктам. У выніку маёмасны канфлікт выліўся ў сапраўдную вайну паміж роднымі братамі Бенядзіктам і Ан-тоніем. Дайшло да таго, што слуга Бенядзікта Ягнятоўскі забіў 22 лютага 1732 г. у Іўі намесніка Антонія-Лешчылоўскага. У канцы 1732 г. браты замірыліся. Іўе засталося за Бенядзіктам, але ўмовы замірэння невядомыя. Бенядзікт быў старостам шмельтынскім і ажаніўся на Ганне з Бяганскіх. У Бенядзікта і Ганны Тызенгаўзаў было 8 дачок і 3 сыны. Уладальнікам Іўя стаў старэйшы сын Бенядзікта і Ганны - знакаміты Антоній Тызенгаўз (1733— 31.3.1785), падскарбі надворны літоўскі, староста гродзенскі і шаўляйскі; іх малодшы сын стаў старостам дыяменцкім і быў жанаты на Барбары з Юдзіцкіх. Наступнымі ўладальнікамі Іўя сталі малодшы сын Міхала і Барбары Ігнацій (каля 1780-1.10.1822), шэф гвардыі ВКЛ, і яго жонка Марыя з Пшаздзецкіх. У іх было 2 сыны - Рудольф (каля 1772-17.3.1830), палкоўнік, і Канстанцін (3.6.1786—16.3.1853), палкоўнік і вядомы арнітолаг, які ажаніўся з Валерыяй з Ваньковічаў, і 2 дачкі - Аляк-сандра і Соф'я. Іўе было перададзена ў спадчыну Рудольфу і яго жонцы Жэнеўеве з Пуслоўскіх (1802-10.10.1827), якія мелі 3 дачкi: Эзефу (1821 - 1847), па мужу Кан-станціну Патоцкая; Германіцыю (1822 - 1891), якая разам са сваім мужам Севярынам Урускім (1817-1890) з 1830 г. валодала Жалудком (яны ж з'яўляліся і фундатарамі мясцовага касцёла Ушэсця); Эльфрыду, якая ў 1873 г. выйшла замуж за графа Аўгуста Замойскага і атрымала Іўе ў якасці пасагу. Ігнацій, Рудольф і Жэнеўева пахаваны ў склепе Жалудоцкага касцёла. Не выключана, што ў гэтым жа склепе пахаваны (разам з падскарбіем надворным літоўскім Антоніем Тызенгаўзам) Міхал з Аляксандрай, Бенядзікт з Ганнай і Міхал з Барбарай. Бо на адной з мармуровых дошак, якія знаходзяцца ў склепе, маецца наступны надпіс на польскай мове: «Тут спачываюць астанкі членаў роду Тызенгаўзаў з XVIII ст., перанесеныя з трунаў старога касцёла ў гэту святыню».

Понравилось? Пускай узнают все :) !


Яндекс.Метрика
Опубликовано 21 января 2018

Комментариев: 0






Добавить комментарий

Имя: