История региона » Падполле дзейнічала

3 успамінаў В.М.Вашкевіч, былога кіраўніка падпольнай групы ў вёсцы Лугамавічы. Да пачатку вайны я скончыла восем класаў. Жылі мы ў Віцебску. Пасля налёту нямецкіх самалётаў горад быў разбураны. Жыхары разыходзіліся хто-куды. У лістападзе 1941 г. пайшла з Віцебска і мая сям'я на радзіму маці, у Іўеўскі раён на хутар Мяцішча. Ужо ў пачатку 1942 г. на хутары пачалі з'яўляцца партызаны невялікімі групамі і паасобку. Гэты былі вайскоўцы, якія выйшлі з акружэння, або яўрэі, збеглыя з гета. Усе яны нічога не ведалі аб становішчы на франтах, шукалі паратунку, партызанскія атрады. У снежні 1942 г. да нас на хутар упершыню прыйшлі партызаны з атрада імя Ф.Э.Дзяржынскага. Яны прынеслі савецкія газеты, прачыталі зводку Саўінфармбюро, пакінулі лістоўкі. Яны ж пазнаёмілі мяне з Аляксандрам Хітро (па мянушцы Шпак), які ўзначаліў нашу падпольную групу. У студзені 1943 г. на хутары сабраліся падпольшчыкі Аляксандр Хітро, Анатоль Побаль, Настасся Бараненкава, Аўсяны (імя не памятаю) і я. Тады кожнаму далі заданне. Галоўнай нашай задачай была разведка і агітацыя моладзі і насельніцтва на падпольную работу. У мэтах канспірацыі падпольшчыкі не ведалі ўсіх удзельнікаў падполля. Заданні атрымоўвалі ад кіраўнікоў ці ад партызан. Паступова наша група вырасла і налічвала больш за 100 чалавек.Мне даручылі разведку ў варожым гарнізоне, што стаяў у Любчы. У кіламетры ад яго знаходзіўся дзяржаўны маёнтак Войтава. У ім было многа жывёлы, яе не паспелі вывезці ў савецкі тыл. Партызаны вырашылі забраць жывёлу і коней. Гэта было смелае рашэнне, бо гарнізоны ў Любчанскім раёне былі ўмацаваныя. У студзені 1943 г. мяне паслалі ў Любчу даведацца аб колькасці немцаў і паліцэйскіх у гарнізоне, яго ахове, узброенасці, размяшчэнні агнявых кропак, дзотаў, агароджы. Прабыла я ў Любчы 4 дні, сабрала ўсе неабходныя звесткі і перадала партызанам. Правяла партызан, што былі вызначаны на гэтую аперацыю. Партызаны тады выгналі з маёнтка некалькі дзесяткаў коней, вывелі многа свіней. Зімой 1943 г. па даручэнні партызан я стварыла камсамольскую арганізацыю ў в. Лугамавічы. Я сагітавала да падпольнай работы жыхара гэтай вёскі Антона Дуная і дзвюх сясцёр-настаўніц, якія не паспелі э'вакуіравацца. Антон Дунай быў актыўным і смелым падпольшчыкам. Ён раскрыў сутнасць белалольскай падпольнай арганізацыі, дастаў многа зброі, каштоўныя звесткі аб ворагу. Белапалякі даведаліся аб падпольнай камсамольскай дзейнасці сясцёр і вырашылі іх знішчыць. Антон Дунай своечасова папярэдзіў аб небяспецы. Я з дапамогай яшчэ аднаго падпольшчыка вывела сясцёр. Некалькі тыдняў яны жылі ў нас на хутары. А потым пайшлі да партызанаў атрада імя А.Неўскага. Антона Дуная вылічылі белапалякі і застрэлілі, а яго сям’ю аддалі на расправу немцам: былі забіты бацькі і шасцігадовая сястра. Займаліся мы і друкаваннем лістовак, зводак Саўінфармбюро. Друкавалі іх у лесе на пішучай машынцы з лацінскім шрыфтам на беларускай мове. Распаўсюджвалі іх сярод насельніцтва, заносілі іх і нямецкія гарнізоны. Калі партызанам спатрэбіўся доктар, я звязалася з Іўеўскім гета, дзе знаходзіўся ўрач Меламед. Нам прыйшлося вывезці яго разам з сям'ёй. Каля месяца хавалі мы ў сябе на хутары гэтую яўрэйскую сям'ю, пакуль партызаны не забралі яе ў атрад. Удалося нам завязаць перагаворы з украінскім батальёнам у Іўеўскім гарнізоне. У выніку 52 украінцы са зброяй перайшлі ў партызаны.

Понравилось? Пускай узнают все :) !


Яндекс.Метрика
Опубликовано 15 октября 2016

Комментариев: 0






Добавить комментарий

Имя: