История региона » Іўеўскія пуцявіны сястры В. Таўлая

Іўеўскія пуцявіны сястры В. Таўлая Юрацішкі, Трабы, Бакшты. Гэтыя паселішчы Іўеўскага раёна часта ўзгадваліся нядаўна ў Лідзе ў гарадскім Доме культуры і раённай бібліятэцы, у прыватных гутарках паклоннікаў беларускай літаратуры за кубачкам кавы. Тыя размовы былі звязаны з 90-годдзем з дня нараджэння Валянціна Таўлая і прыездам у старажытны горад яго сястры Ніны Паўлаўны. Коратка пра В. Таўлая, актыўнага ўздзельніка нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, вядомага паэта. За сваю рэвалюцыйную дзейнасць ён не раз падвяргаўся даваеннымі польскімі ўладамі турэмнаму зняволенню. А ў верасні 1939 года разам з Міхаілам Мінкевічам, у будучым міністрам асветы БССР, і іншымі таварышамі па барацьбе знаходзіліся ў камеры смяротнікаў Гродзенскай турмы. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі Валянцін Паўлавіч працаваў у Лідскай раённай газеце “Уперад”, а ў гады фашысцкай акупацыі змагаўся з ворагам, як падпольшчык і сувязны партызан… А цяпер пра іўеўскія пуцявіны сястры пісьменніка-змагара. У другой палове 50-х гадоў Ніна Паўлаўна, выпускніца Мінскага педінстытута, працавала настаўніцай матэматыкі Юрацішкаўскай сярэдняй школы. Затым прадоўжыла педагагічную працу ў Трабах. Там яна ўступіла ў члены Камуністычнай партыі, там сустрэла асабістае шчасце. У дзяўчыну-настаўніцу, якая была на кватэры ў сялянскай сям’і, закахаўся сваяк гаспадыні Уладзімір Радзюкевіч, што працаваў у Вільні. Так нарадзілася маладая сям’я, і Н. Таўлай перабралася ў літоўскую сталіцу. Ніна Паўлаўна цёпла ўспамінае маладыя гады, праведзеныя на іўеўскай зямлі, добразычлівых людзей гэтай слаўнай старонкі. А яшчэ пачынаючай настаўніцы запомнілася, як адной зімой на працягу двух тыдняў яна замяняла ў Бакштаўскай школе адсутную выкладчыцу матэматыкі. Звычайна дабіралася ў Бакшты паштовай машынай, якая раніцай выходзіла з тадышняга райцэнтра. Ды аднойчы паездка з сувязістамі сарвалася. Таму Ніна Паўлаўна некалькі гадзін тэкала ў партызанскую вёску пешшу… І, вядома, спазнілася на работу, нацёршы на нагах крывавыя мазалі. Аднак апошні ўрок паспела правесці. На яго між іншым прыйшоў дырэктар школы, які выкладаў беларускую мову. Пасядзеў на задняй парце, паслухаў, а скончыліся заняткі — пайшоў. А як жа ацаніў кіраўнік урок, непакоіла настаўніцу. Зайшла да яго ў кабінет і спытала. У адказ Ніна Паўлаўна пачула здзіўленне-захапленне: “Першы раз у жыцці пабыў на ўроку матэматыкі, які праведзены на беларускай мове. І атрымалася добра”. Апошні факт сведчыць, што малодшая сястра В. Таўлая па прыкладу Валянціна з юных гадоў шанавала і любіла матчыну мову. Дарэчы, і зараз Ніна Паўлаўна, пражыўшы большую частку жыцця ў Літве, свабодна валодае беларускай мовай. Што і казаць — вельмі пахвальна! Колькі гадоў назад Н. Радзюкевіч (Таўлай) перабралася жыць да дачкі ў Электрэнай. Муж яе не так даўно памёр і пахаваны ў Вільні. Побач з надмагільным помнікам Уладзіміру ўстаноўлена мемарыяльная пліта, якая ўшаноўвае загінуўшых у вайну бацька Ніны і яе брата Аляксандра. Мяркую, гэтыя нататкі зацікавяць краязнаўцаў і настаўнікаў Іўеўшчыны, а таксама стваральнікаў раённага краязнаўчага музея. А. ЖАЛКОЎСКІ.

Понравилось? Пускай узнают все :) !


Яндекс.Метрика
Опубликовано 1 октября 2016

Комментариев: 0






Добавить комментарий

Имя: