История региона » Корвін-Мілеўскія

Уладары зямлі Iўеўскай: Корвін-Мілеўскія Працяг Мы знаёмілі вас, у мінулых нумарах з прадмовай да кнігі Іпаліта Корвіна-Мілеўскага “70 год успамінаў”. А зараз пачынаем друкаваць вытрымкі з кнігі яго мемуараў. Старажытная гісторыя. Паходжанне аўтара. Нарадзіўся я 26 ліпеня 1848 года ў Друскеніках. Бацька Аскар Корвін-Мілеўскі (герб Слепаўрон), маці Вераніка Ланеўская-Волк (герб “Дзве трубы”). Мінулае абодвух ліній бацькоў цесна звязана з эканамічным і сацыяльным пераваротам, які закрануў польскую шляхту на Літве і Беларусі (таксама на Падоллі і Украіне) у другой палове ХІХ стагоддзяў. Гэты агромісты край у той час на дзве трэці належаў польскай шляхце: Радзівілам, Пацам, Сапегам, Хадкевічам, Пацэям. Астатняе — стараствам, дзяржаве, касцёлам, кляштарам. Усё гэта праз стагоддзі вельмі раздрабніла землі. А пасля Першага падзелу Польшчы ў 1772 годзе, пайшла яшчэ і канфіксацыя іх. Такім чынам, за няпоўныя 100 гадоў больш за дзесяць мільёнаў гектараў зямлі змянілі сваіх уладароў. У асноўным, на карысць адной з трох лініі сярэдняй польскай шляхты. Дзякуючы гэтаму, многія рады падняліся, змаглі даць сваім нашчадкам патрэбнае выхаванне, адукацыю, магчымасць жыць у роскашы. Адначасова знікла беларуская і літоўская мовы. Усё гэта садзейнічала агоніі і паступоваму выкараненню польскай дзяржаўнасці. Глыбока шляхецкія сем’і (іх было ад 100 да 200) у асноўным выконвалі якуюсьці працу ў Сенаце. Яны мелі высока развітыя гаспадаркі, жылі на шырокую нагу. Аднак, не ўсе дастаткова выкарысталі магчымасці той эканамічнай эвалюцыі. З іх толькі палкоўнік войскаў Радзівілаўскіх Міхаіл Тышкевіч, Ігнацій Плятэр на Літве, сенатар Пуслоўскі, граф Умястоўскі і мой прадзед Ланеўскі-Волк змаглі ўтрымацца, каб потым узняцца наверх. Умела выкарысталі момант прадстаўнікі сярэдняй шляхты. Мільёны гектараў земляў “каралевічаў” (магнацкай шляхты) перайшлі ў іх рукі. Яны куплялі іх амаль за бясцэнак, дзякуючы адсутнасці капіталу ў іншых… У такім бурлівым асяродзі нарадзіўся і вырастаў я. не звяртаючыся ажно да Адама і Евы, крыху, хачу расказаць пра сваю генеалогію, выкарыстаўшы дзеля гэтага хатні архіў. Мой прадзед па матчынай лініі Ланеўскі-Волк нарадзіўся ў 1768 годзе ў вельмі заможнай сям’і на Віцебшчыне. Маючы ад першага шлюбу дваіх дванаццацігадовых сыноў, перапісаў ім свае беларускія маёнткі, а сам з новай сям’ёй пераехаў у Навагрудскі павет, дзе ўзначальваў стараства. Памёр амаль перад другім уздзелам Рэчы Паспалітай, пакінуўшы пасля сябе дачку баранэсу Остэн-Саксэн і шаснаццацігадовага сына Самуэля — майго дзеда. Яго маці пасля дзевяцімесячнага смутку ўдавы выйшла замуж за сына гувернёра. Абураны гэтым замужаствам, чапурны паніч (мой прадзед) падаў скаргу ў суд аб, быццам бы, атручванні бацькі, а калі скарга не была прынята на разгляд — уцёк з дому. Праз кароткі час яго сваяк маршалак Шукевіч — буйны магнат Лідскага павету, будучы ў Крулеўцу, зайшоў у цырк і пазнаў родзіча ў наезніку, які на арэне весела вымахваў ботамі па баках каня свайго шляхетнага. Моцна “прамыў яму мазгі”, выслухаў аб недахопах і цяжкім існаванні і запісаў наёмным у войска караля Фрыдрыха Вялікага. Калі польскі Сейм прапанаваў усім польскім афіцэрам, якія знаходзіліся на службе за мяжой, вярнуцца ў сваё войска, пан Самуэль так і зрабіў. Заехаўшы неяк да свайго дабрадзея Шукевіча, закахаўся ў выключна прыгожую і такую ж выключна неразумную яго дачку (маю прабабку) і жаніўся на ёй. Купіў маёнтак Якунь — абломак былога трабскага стараства з чатырмя тысячамі дзесяцін зямлі. Гаспадарку пакінуў на жонку, кідаючыся між Якуняй і Вільняй, дзе служыў асістэнтам пры гетмане Касакоўскім. У час паўстання Тадэуша Касцюшкі, служыў у начной ахове гетмана. Калі войска было распушчана, вярнуўся ў вёску, нараджаў дзяцей і каваў грошы. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, Екацярына І падарыла сенатару Мардвінаву Дудскае стараства, большая частка якога належала Лугамавіцкаму маёнтку. Хутка Мардвінаў прадаў яго заможнаму магнату Корсаку, сын якога ажаніўся з унучкай пана Самуэля, маёй цёткай. Праз некаторы час малады Корсак зразумеў, што не дасць рады з аддаленым і лясным маёнткам. І прадаў яго пану Волку. Самуэль адразу ж пачаў высякаць і будаваць новыя фальваркі і вёскі. У Лугамавічах збудаваў шыкоўны драўляны палац. У 1810 годзе прадзед купіў Радзівілаўскі маёнтак у Лаздунах. У 1811 годзе аддаў свайго сына ў расійскае войска. Калі пачалася айчынная вайна 1812 года, сын ваяваў супраць Напалеона, а бацька самім жа Напалеонам быў назначаны прэфектам Ашмянскага павета і камандаваў тылам французаў.. Вярнуўшыся з вайны, Ігнацій — сын Ланеўскага-Волк, жаніўся. Аднак неўзабаве аўдавеў, памёр сам. І трое яго дачок пераехалі да дзеда. Сярод іх і мая маці — Вераніка. Дзяўчаты не былі свецкімі асобамі, але сталі імі, атрымаўшы ад дзеда ў пасаг па 25 000 рублёў, вялікія па тых часах грошы. Дзеду было ўжо восемдзесят гадоў, калі ён са “свінні” (так называлі ў яго маладыя гады неверагодна хутка разбагацеўшую дробную шляхту), стаў сапрўдным “гіпапатамам”. Адзін з сыноў Платона Зубава (апошняга фаварыта Екацярыны ІІ) прадаў два гандлёвыя гарады над Нёманам і некалькі дзесяткаў фальваркаў у Жмудзі з пладароднымі землямі (Екацярыненскіяя дары). Калі граф Казімір Умястоўскі пачаў таргавацца, каб купіць Геранёны, пан Самуэль, дазнаўшыся пра тое, сказаў майму бацьку (зяцю па ўнучцы): “Ляці да Вільна і купляй Геранёны. Я ужо стары — купі для сябе і Вэрці. Калі няма грошай, я дам. Абы Умястоўскаму не дасталіся”. Бацька Оскар Корвін-мілеўскі за ноч даехаў да Вільні і аперадзіў Умястоўскага, купіўшы Геранёны. У Самуэля не было нашчадка. Сваё прозвішча ён даў сыну малодшай дачкі Уладзіслава, зрабіўшы яго адзіным наследнікам. Аднак той, бравы гусар, загінуў у Навагрудку на дуэлі за даму сэрца. Згодна расійскаму закону, ён падзяліў свае ўладанкі на тры ўнучкі па сыну. Старэйшай, пані Дмухоўскай — выдзяліў Якунь з вялікай грашовай даплатай, малодшай — пані Корсакавай — Лаздуны, маёй маці Вераніцы — Лугамавічы. Каля 400 000 рублёў пайшлі на карысць унучак па дочках. Памёр Самуэль Ланеўскі-Волк у 1851 годзе, калі яму споўнілася 84 гады. Пераклад І. Пракопчыка.(Працяг будзе)

Понравилось? Пускай узнают все :) !


Яндекс.Метрика
Опубликовано 1 октября 2016

Комментариев: 0






Добавить комментарий

Имя: