История региона » “Адвечная песня”.

“Адвечная песня”. Пад такім загалоўкам Янка Купала ў 1919 годзе напісаў свой драматычны твор. Па матывах твораў Янкі Купалы "Адвечная песня", "Раскіданае гняздо" сучасны драматург М. Трухан напісаў п'есу таксама пад назвай "Адвечная песня". А рэжысёр-пастаноўшчык Іўеўскага РДК I.Гуртавая пайшла яшчэ далей. Яна ў сваім спектаклі, прэм'ера якога адбылася 28 сакавіка, творча выкарыстала матывы і яшчэ аднаго драматычнага твора — "Сон на кургане". Спектакль меў нечаканы поспех. Доўга, стоячы, апладзіравалі гледачы,і дарылі кветкі. Выканаўцы роляў добра справіліся кожны са стварэннем свайго вобраза. А задача стаяла нялёгкая, бо тут спалучаюцца сімволіка і рэалізм. Адразу адзначу: такія сімвалы-вобразы, як Жыццё (Т. Сакалоўская), Бяда (I. Завадская), Доля (М. Жукоўская) сваім з'яўленнем на сцэне прымусілі гледача задумацца, паразважаць. Чаму Жыццё "Лоўка расставіла сеткі?" Чаму Доля заяўляе: "Я, песню прапеўшы, уцяку ці ў поле, ці ў лес, ці на раку?" Чаму Бяда папярэджвае: "I так ты зжывешся са мной, што стану тваёй я душой?" Мне здаецца, што артысткі сумелі перадаць трагізм гэтых пытанняў гледачам. Лявон. Марыля, Зоська, Сымон, Старац—гэта вобразы з драмы "Раскіданае гняздо". I. Міхалевіч (Лявон), наколькі гэта было магчыма ў скарочаным варыянце, сумеў перадаць унутраны свет селяніна, якому пан раскідаў хату, прымусіў сям'ю ісці жабраваць. I. Спургяш (Марыля) таксама, па-мойму, стварыла праўдзіва вобраз гаротнай сялянкі. асуджанай на жабрацтва. Нельга было не заўважыць, што В. Афонін (Сымон) сумеў перадаць ваяўнічы настрой свайго героя. А вось Г. Ілюха (Зоська) так праўдзіва перадала лёс сваёй гераіні, што я пусціў слязу. Напомню чытачам, што Зоська, ашуканая панічом, звар'яцела. Гэту п'есу калісь я ставіў з вучнямі. Сам выконваў ролю Лявона. Ох, каб у той час паказаць на сцэне такую Зоську! А. Тупік (Старац) — ветэран Іўеўскагадраматычнага калектыву. Калісьці, у 50-60 гг., мы з ім разам працавалі на сцэне. Помню яго тады і паглядзеў цяпер. Вырас у народнага артыста. Хто быў на спектаклі падтрымлівае мяне. І надзвычайным упрыгожваннем сцэны сталі Русалкі – І. Завадская, В. Жураўлева, М. Горбач. І пластыка рухаў, і грым, і касцюмы, і меладычныя спевы, дзявочая прывабнасць — усё было зроблена з належным майстэрствам, наўзроўні прафесіяналаў. Адказная роля адведзена ў п'есе паэту-выразніку дум народных, творцу і прароку. 3 гэтай роллю па меры магчымасці п'есы нядрэнна справіўся А. Сілівончык (Паэт). Сам (I. Міхалевіч), Беларусачка (Н. Лук'янава) — эпізадычныя вобразы, але і яны дапамаглі лепш зразумець ідэйную накіраванасць твора. Фінал спектакля — песня на словы Я. Купалы "Мая малітва" — у выкананні ўсёй групы артыстаў прагучала як гімн жыццю. Ніхто, мусіць, больш за мяне не ведае, як цяжка стварыць спектакль. За спектаклем стаіць цэлы калектыў творцаў. Ну і зразумела нельга не заўважыць здольнасці да творчай працы рэжысёра-пастаноўшчыка І.Гуртавой. Хоць і не хацелася б, але трэба на карысць справы зрабіць і некаторыя заўвагі. Да жанчын цяжка прыдрацца, а вось мужчынам трэба сказаць. Неабходна больш працаваць над выразнасцю вымаўлення, дыкцыяй. Больш пераканаўча ўваходзіць у вобраз,не скоўваць сябе. Сцэна не абсталявана гукатэхнічнымі сродкамі, то, каб чутно было больш у вялікай зале, грамчэй размаўляць. Дзякуй вам, маладыя аматары-артысты, чакаем ад вас новых творчых поспехаў. Міхась ГРЫБАЎ

Понравилось? Пускай узнают все :) !


Яндекс.Метрика
Опубликовано 26 сентября 2016

Комментариев: 0






Добавить комментарий

Имя: