Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі
            (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.)

  Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі
             (Гродна, 23-24 кастрычніка 2008 г.)

                 

 

Півавар М.В.

 Гісторыка-культурныя грамадскія аб’яднанні Віцебшчыны

 канца ХХ ст.

 

Важнай складаючай грамадскага жыцця Беларусі з’яўляецца грамадскі краязнаўчы рух. Ён перажыў розныя стадыі – ад усплеска актыўнасці на пачатку стагоддзя і сапраўднага росквіту ў БССР ў 1920-я гады, да заняпаду і крызісу ў 1930-я – 1940-я гады. Новы ўздым у развіцці гістарычнага краязнаўства назіраецца ў 90-х гадах ХХ стагоддзя і звязаны з атрыманнем суверэнітэту нашай краінай. Трэба адзначыць, што калі папярэднія перыяды вывучаліся навукоўцамі, то перыяд канца ХХ ст. і асабліва сучаснага стану краязнаўства застаецца па-за ўвагай даследчыкаў.

У адраджэнні грамадскага краязнаўства ў канцы ХХ ст. у БССР і яго развіцці ў першыя гады незалежнасці Беларусі адыгралі грамадскія таварыствы і гісторыка-культурныя аб’яднанні, якія ўзніклі ў гэты перыяд. Яны сталі першымі нефармальнымі, недзяржаўнымі легальнымі грамадскімі арганізацыямі, якія выражалі думку пэўных слаёў насельніцтва СССР. Ініцыятывы гэтых таварыстваў адносна адраджэння гісторыка-культурнай спадчыны краіны, экалагічнага стану і стану беларускай мовы адказвалі патрабаванням часу, сталі адной з прычынаў пазітыўных зменаў сітуацыі. Аднак дзейнасць гэтых таварыстваў мала вядома. Невялікі тэрмін існавання, малалікасць удзельнікаў, палітызаванасць часткі дзеячаў, адсутнасць дакументальных крыніц, а таксама праблемы ідэалагічнага характару сталі прычынамі таго, што дзейнасць гэтага сектара грамадскага жыцця Беларусі ў канцы ХХ ст. аказалася мала асветленай ў навуковым друку краіны. Выклікае цікавасць высветліць ролю гісторыка-культурных аб’яднанняў у грамадскім і культурным жыцці Беларусі ў апошнія дзесяцігоддзі ХХ ст.

Новыя грамадска-палітычныя працэсы ў СССР, якія распачаліся з пачаткам палітыкі «перабудовы», прывялі да ўзнікнення «нефармальных рухаў», якія спачатку вызначаліся як клубы і гурткі па вывучэнню гісторыка-культурнай спадчыны. Адной з прычын іх фарміравання і развіцця была часта фармалізаваная дзейнасць у межах існуючага БДТАГіК, якая не задавальняла грамадзян з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Другой прычынай развіцця нефармальнага руху ў Беларусі стаў інтэнсіўны рост нацыянальнай самасвядомасці, перш за ўсё студэнцтва і творчай інтэлігенцыі [1. – С. 92]. Узніклі першыя аб’яднанні, члены якіх ставілі мэтай вывучэнне нацыянальнай этнаграфіі, культуры, гісторыі, рэлігіі. Краязнаўства становіцца прадметам цікавасці шырокіх колаў грамадства: ад навуковай інтэлігенцыі, да простых грамадзян, ствараўшых нефармальныя аб’яднанні, якія ставілі сваёй мэтай адраджэнне нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

Развіццё грамадскіх арганізацый, якія ставілі сваімі мэтамі лакальныя даследаванні, ішло ў двух накірунках: фармальным (арганізацыі ці падтрымцы дзяржаўнымі структурамі ўжо існуючых грамадскіх арганізацый: БДТАПГіК, Беларускага фонду культуры і краязнаўчай камісіі пры ім) і нефармальным (узнікненні грамадскіх ініцыятыў, якія ў новых умовах жадалі па-новаму вырашаць праблемы захавання гісторыка-культурнай спадчыны: грамадскія аб’яднанні «Майстроўня», «Талака» (Мінск), «Стары горад» (Брэст), «Талака» (Гомель), «Паходня», «Гродзенская краязнаўчая асацыяцыя» (Гродна), «Узгор’е» (Віцебск), «Машэка» (Магілёў) і іншыя.

Актыўнае станаўленне арганізаванага краязнаўчага руху ў канцы 1980-х гадоў у БССР стала натуральнай рэакцыяй грамадства краіны на змены ў палітычным і духоўным жыцці краіны. Яно разглядалася інтэлігенцыяй як сродак навуковага даследавання краю і форма навукова-папулярызатарскай дзейнасці з мэтай актыўна ўплываць на культурнае развіццё сваёй мясцовасці. Вучоныя, даследчыкі, выкладчыкі-гісторыкі праз краязнаўства імкнуліся падыйсці да вырашэння набалелых праблем – фарміравання гістарычнай і нацыянальнай свядомасці, барацьбы супраць вандалізму ў адносінах да помнікаў мінулага, манкурцтва, нігілізму. Прадстаўнікі інтэлігенцыі перыяду «перабудовы» прапаноўвалі адрадзіць традыцыі краязнаўства 1920-х гадоў «на аснове ленінскіх традыцый у краязнаўстве і гістарычнай навуцы» [2. – С.16–22]. Уяўляе цікавасць разглядзець грамадскія таварыствы, утвораныя на Віцебшчыне ў сяр. 1980-гг. Дзейнасць клуба «Узгор’е» ў Віцеблку знайшло адлюстраванне ў навуковым друку [3]. Спынімся на дзейнасці таварыстваў у рэгіянальных цэнтрах Віцебскай вобласці – Оршы, Полацку.

Клуб аматараў гісторыі і даўніны «Повязь» утварыўся летам 1986 г. у г. Орша. Асноўнымі мэтамі з’яўляліся: добраўпарадкаванне помнікаў даўніны, прапаганда гісторыка-культурнай спадчыны. Таварыства мела свой статут, выбарны савет. Так, у суботу-нядзелю ладзіліся талокі, на якіх праводзілася добраўпарадкаванне помнікаў, ачыстка ад смецця і друзу, падрыхтоўка да рэстаўрацыі. Напрыклад, у канцы мая – пачатку чэрвеня ладзіліся талокі ў вв. Смаляны і Браздзетчына. Члены клуба бралі ўдзел у археалагічных раскопках, якія ладзіліся супрацоўнікамі Інстытута гісторыі АН БССР у Оршы. Пры клубе існавалі курсы вывучэння беларускай мовы, гісторыі і культуры. Яны праходзілі кожны аўторак у бібліятэцы на вул. Міра. На пасяджэнні прыходзіла каля дзесяці асоб. Кіраўніком клуба з’яўляўся Сярожкін Алесь Міхайлавіч. У склад актыву ўваходзілі Копцік Ю.А., Шынкевіч А.М.[4].

Грамадская арганізацыя «Маладзік» было створана як гісторыка-культурнае аб’яднанне ў дапамогу рэстаўрацыі і археалагічным раскопкам у г. Полацку ў 1987 г. Арганізатарамі з’яўляліся Арлоў Ул., Сокалаў (будучы Сокалаў-Воюш) С. Сярод найбольш актыўных удзельнікаў можна таксама адзначыць Залілава І., Малашэню Л.В., Глушко С.М. Значную ролю адыгрывалі прадстаўнікі г. Новаполацк, лідэрам фракцыі з’яўляўся Храмцоў В. Гэта група была больш арганізаваная, больш людная, і мела экалагічны накірунак.

Праца грамадскага аб’яднання была размеркавана па некалькіх секцыях: гісторыка-культурнай працы, удзелу ў рэстаўрацыйных работах, археалагічны, пошукавы (збор легенд, паданняў, звестак пра камяні, крыніцы). Удзельнікі таварыства ладзілі сустрэчы з цікавымі людзьмі (Гілевічам Н., Марачкіным, Пазняком З., Навумчык С.), вандравалі па Беларусі (Баруны, Гальшаны, Друя, Камаі, Крэва, Наваградак, Паставы, Опса). Члены таварыства выступілі супраць забудовы ў цэнтральнай частцы горада шматпавярховых будынкаў, якія б непапраўна змянілі б выгляд горада [5].

Аматары даўніны ўдзельнічалі ў археалагічных раскопках ў старажытнай частцы горада. У рэстаўрацыйных работах, ці археалагічных раскопках бралі ўдзел як правіла 10–15 чалавек. На пасяджэнні, якія праводзіліся ў будынку карціннай галерэі (на той час Багаяўленскі сабор) прыходзіла 5–6 асоб.

Удзельнікі таварыства бралі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці горада і Беларусі: праводзілі святкаванні юбілейных дат (юбілея Полацкай акадэміі, юбілея Хруцкага І. ў в. Захарнічы, на перапахаванні праха Луцкевіча І ў Вільні, выступілі з ініцыятывай аднаўлення помніка 1812 г.).

У канцы 1980-х гг. пачынаецца палітызацыя дзейнасці таварыства. Большая частка членаў клуба (у асноўным прадстаўнікі Новаполацка) сталі членамі БНФ «Адраджэнне». Некаторая частка асоб, не жадаючых удзельнічаць у палітычнай барацьбе утварылі гістарычны клуб «Вытокі» [6]. Праз гарвыканкам атрымалі памяшканне (падвал будынка гаркама камсамола). Правялі рамонт, актыўна вандравалі па Беларусі. Аднак прыкладна праз год палітызацыя закранула і гэтае аб’яднанне. Скарыстаўшыся тым фактам, што сярод членаў «Вытокаў» было шмат прыхільнікаў БНФ клуб пакінулі без памяшкання. Дзейнасць яго перапынілася.

Аналіз дзейнасці грамадскіх гісторыка-культурных аб’яднанняў Віцебшчыны кан. ХХІ ст. дазваляе зрабіць некаторыя вывады. Мэты дзейнасці рэгіянальных арганізацый супадалі з рэспубліканскімі: адраджэнне і ахова гісторыка-культурнай спадчыны краіны, якія выражаліся ў дапамозе працы археолагам, добраўпарадкаванні помнікаў гісторыі і культуры і памятных месцаў, адраджэнне і развіццё ўжытку беларускай мовы, увага да  экалагічных праблем, развіццё гістарычнай свядомасці і нацыянальнай самасвядомасці праз турысція вандроўку і асветніцкую дзейнасць. Прычынай прыпынення існавання аб’яднанняў стала палітызацыя іх дзейнасці і эканамічны крызіс, які паставіў перад большасцю членаў таварыстваў зусім іншыя задачы.

Не гледзячы на невялікі час існавання арганізацый, рэгіянальныя гісторыка-культурныя аб’яднанні адыгралі значную ролю ў грамадскім і культурным жыцці Віцебшчыны. Дзякуючы дзейнасці клубаў былі выраватаваны некаторыя помнікі гісторыі і культуры, падрыхтаваны да рэстаўрацыі.  Праведзена дапамога археолагам, якія праводзілі раскопкі ў г. Полацку, Оршы, Віцебску. Дзякуючы дзейнасці таварыстваў адбыўся пералом у гарамадскай думцы адносна помнікаў гісторыі і культуры, на хвалі зменаў у палітычным кіраўніцтве краіны змяніліся адносіны да нацыянальнай спадчыны і ў дзяржаўных установах. Клубы сталі школай грамадскай працы для шэрагу іх удзельнікаў. З іх выйшлі найбольш выбітныя дзеячы недзяржаўных арганізацый і ініцыятыў Віцебчшыны нашага часу. Дзейнасць таварыстваў і вынікі іх працы мелі важнае значэнне ў маштабах краіны і адыгралі вялікую ролю ў ахове помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, фарміраванні грамадскай супольнасці нашай краіны.

 По материалам: Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) /ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

 

Яндекс.Метрика