Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі
            (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.)

  Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі
             (Гродна, 23-24 кастрычніка 2008 г.)

                 

 

Нікалаева І.У. 

Калабарацыйныя жаночыя арганізацыі на акупаванай тэрыторыі Беларусі (1942-1944 гг.)

 

Вышэйшае кіраўніцтва нацысцкай Германіі, якое зыходзіла з магчымасцей маланкавай вайны супраць СССР, рабіла стаўку на выкарыстанне сілавых метадаў у рэалізацыі акупацыйнай палітыкі на захопленай тэрыторыі Беларусі і першапачаткова не прадугледжвала  супрацоўніцтва з мясцовым насельніцтвам у палітычнай сферы. Толькі правал «бліцкрыгу», няўдачы вермахта на савецка-германскім фронце і развіццё шырокага антыфашысцкага руху ў тыле акупантаў прымусілі нямецкія ўлыды шукаць падтрымкі сярод жыхароў захопленых тэрыторый. У новых палітычных абставінах нацысты не маглі не ўлічваць той факт, што ў выніку праведзенай эвакуацыі ў савецкі тыл, мабілізацыі мужчын прызыўнога ўзросту ў Чырвоную Армію, а таксама ўключэння значнай часткі мужчынскага кантынгенту ў партызанскую барацьбу пераважную большасць дарослага насельніцтва акупаваных тэрыторый складалі жанчыны. Ва ўмовах неспрыяльнага для нацыстаў развіцця падзей у захопленых рэгіёнах германскія ўлады сумесна з лідэрамі нацыянальных калабарантаў прынялі спробы стварэння жаночых арганізацый, якія б цесна супрацоўнічалі з органамі мясцовага кіравання. Трэба заўважыць, што для дзейнасці беларускіх калабарантаў найбольш спрыяльныя ўмовы склаліся ў генеральнай акрузе Беларусь. Гэта было звязана з асабістай пазіцыяй генеральнага камісара В. Кубэ, які спрабаваў праводзіць акупацыйную палітыку на аснове супрацоўніцтва з беларускім насельніцтвам. На тэрыторыі рэйхскамісарыята «Украіна» і вобласці тылу групы армій «Цэнтр нямецкія ўлады не праявілі вялікай зацікаўленасці ў апоры на беларускі нацыяналізм, што да таго ж больш адпавядала поглядам кіраўніцтва Германіі [1, с. 64, 69].

Каб прыцягнуць жаночае насельніцтва да арганізаванага супрацоўніцтва з акупантамі, на тэрыторыі ГАБ у маі 1942 г. пры калабарацыйнай арганізацыі «Беларуская народная самапомач» быў створаны Усебеларускі жаночы камітэт (УЖК), які ўзначаліла Г. Войтанчышка [2]. Згодна прынятаму 22 мая 1942 г. статуту, Камітэт ставіў за мэту «арганізаваць свае аддзелы ў кожным месцы,  каб ніводная жанчына-беларуска не засталася па-за арганізацыяй» [3, арк. 52]. Пры гэтым на пярэдні план у статуце вылучалася беларуская нацыянальная ідэя, якая павінна была стаць важнейшым арганізуючым пачаткам УЖК. Асноўнай мэтай УЖК абвяшчалася ўзняцце нацыянальнай самасвядомасці жанчын Беларусі і пашырэнне дасягненняў беларускай культуры сярод насельніцтва. У той жа час Камітэт дэклараваў у якасці сваіх задач апеку жанчын і дзяцей, дапамогу будучым маці і ўсім пацярпелым ад вайны. Паводле статута, членам арганізацыі магла стаць кожная беларуска, якая дасягнула 16 год. Прапагандысцкая работа, якая разгарнулася сярод мясцовага жаночага насельніцтва з мэтай уключэння яго прадстаўніц у рады УЖК, дазволіла ўцягнуць у арганізацыю некаторую частку беларускіх жанчын. Да пачатку лета 1942 г. адзінкі УЖК былі заснаваны ў Мінску і Маладзечне. Аднак дзейнасць іх была намінальнай, паколькі абмяжоўвалася толькі падтрымкай пэўных прапагандысцкіх кампаній акупацыйнай улады. Так, на працягу лета – восені 1942 г. створаныя жаночыя суполкі прынялі актыўны ўдзел у арганізацыі Дня Маці і свята Дажынак [4]. У іх рабоце таксама мелі месца разлічаныя на прапагандысцкі эфект адзінкавыя дабрачынныя акцыі, прызваныя аказаць дапамогу пацярпелым ад вайны дзецям і адзінокім жанчынам [5, 6].

Імкнучыся стварыць на акупаванай тэрыторыі Беларусі калабарацыйныя жаночыя арганізацыі, акупацыйныя ўлады спадзяваліся вырашыць адразу некалькі галоўных задач. Па-першае,  яны разлічвалі прыцягнуць на свой бок беларускіх жанчын, якія заставаліся ў баку ад вызваленчай барацьбы, і,  абапіраючыся на гэту частку насельніцтва, узмацніць свае пазіцыі. Па-другое, нацысты спадзяваліся такім чынам адвесці ўвагу патрыятычна настроеных жанчын, асабліва маладога ўзросту, ад антыгерманскай барацьбы і накіраваць іх актыўнасць на вырашэнне задач культурнага і нацыянальнага развіцця. Па-трэцяе, некаторыя мерапрыемствы саміх сябровак УЖК па падтрымцы жанчын і дзяцей ва ўмовах вайны павінны былі спрыяць фарміраванню лаяльнасці беларускага насельніцтва да новай улады.

Паказальна тое, што з самага пачатку УЖК не планавалася як самастойная арганізацыя. Паводле статута, БНС (якая сама была падначалена германскім акупацыйным уладам) мела права кантраляваць дзейнасць Камітэта, а яе пастановы і заўвагі з’яўляліся вырашальнымі [3, арк. 53]. Нарэшце, з’езд БНС, які адбыўся ў лістападзе 1942 г., пастанавіў зрабіць УЖК секцыяй Самапомачы [7]. Гэта з’яўляецца яшчэ адным доказам таго, што пастаноўка і змест «жаночых пытанняў» не выходзілі за межы агульнапалітычных мерапрыемстваў германскіх улад на тэрыторыі Беларусі і вызначаліся зыходзячы з задач пэўнага моманту акупацыйнага рэжыму. Разам з тым, нягледзячы на ўсе намаганні акупацыйных улад і разгорнутую агітацыйную работу, дзейнасць УЖК па пашырэнні сеткі жаночых арганізацый не мела поспеху. Кіраўнік жаночай секцыі БНС у г. Маладзечна ў гэтай сувязі адзначала: «Большасць жанчын прытрымліваецца таго погляду, што ў сучасны момант найлепш не належаць да арганізацыі, які б характар гэта арганізацыя ні мела» [6]. Аднак асноўная маса жанчын  не проста абыякава ставілася да ствараемых жаночых аб’яднанняў, а ўспрымала нават варожа любыя дзеянні калабарантаў, разумеючы іх як карысныя для акупантаў. Дзейнасць УЖК дакументальна прасочваецца да канца 1942  г., аднак яму так і не ўдалося стаць сапраўдным прадстаўніком інтарэсаў беларускіх жанчын

У сярэдзіне 1943 г. цывільная адміністрацыя зрабіла спробу ахапіць сваім уплывам пэўную частку жаночага насельніцтва праз стварэннне «Аб’яднання беларускіх сясцёр» [8]. Галоўнай яго задачай павінна было стаць аказанне дапамогі пацярпелым ад вайны, разам з тым беларускія калабаранты ашукалі магчымасць рэалізацыі ў некаторай ступені нацыянальнай ідэі. Вядзенне справаводства і сходаў сясцёр адбывалася на беларускай мове, як і выданне штомесячнага часопіса «Беларуская сястра». Урачыстыя сходы «беларускага сястрынства» суправаджаліся выкананнем гімна «Пагоня» [8, арк. 8, 31-32]. Разам з тым Аб’яднанне не дасягнула асаблівых поспехаў у сваёй дзейнасці: медыка-санітарныя мерапрыемствы акупацыйных улад насілі выбіральны і абмежаваны характар, і таму не маглі спыніць шырокае распаўсюджванне інфекцыйных і іншых захворванняў на акупаванай тэрыторыі.

У адпаведнасці з арганізацыйным рэгламентам у структуры Саюза Беларускай моладзі, створанага ў 1943 г. на тэрыторыі ГАБ, прадугледжвалася функцыянаванне асобнага жаночага аддзела на чале з Н. Абрамавай. Задачы, што ўскладаліся акупацыйнымі ўладамі на дзявочую арганізацыю СБМ, былі падпарадкаваны ідэі ахопу як мага большай колькасці маладых беларускіх жанчын германскім уплывам з мэтай далейшага іх выкарыстання ў інтарэсах трэцяга рэйха. Скарыстанне сродкаў ідэалагічнага ўздзеяння, матэрыяльнага заахвочвання, ваенна-паліцэйскіх сіл дазволіла германскім уладам уцягнуць у рады СБМ  пэўную колькасць жаночай моладзі. У дзявочай арганізацыі саюза ў ГАБ у канцы 1943 – пачатку 1944 гг. налічвалася 4 362 дзяўчат, з іх 2 674  – ва ўзросце ад 15 да 20 год [9, с. 158]. У той час як пераважная большасць беларускіх дзяўчат станавілася актыўнымі ўдзельніцамі антыфашысцкага супраціўлення, з ліпеня 1943 г. да сярэдзіны 1944 г. іх колькасць толькі ў баявым складзе беларускіх партызан павялічылася ў 5 разоў [10, арк. 135]

Пасля выгнання гітлераўскіх акупантаў з Беларусі актывісты Беларускай Цэнтральнай Рады дэкларавалі ў якасці адной з галоўных задач сваёй дзейнасці ў эміграцыі «работу з жанчынамі ў супрацоўніцтве з кіраўніцтвам жанчын рэйха» і абвясцілі пра заснаванне «Аб’яднання Беларускіх Жанчын» (АБЖ) на чале Н. Абрамавай [11, арк. 264]. Паводле прынятага 5 верасня 1944 г. статута АБЖ вызначала сваю дзейнасць не толькі як дабрачынную акцыю ў дачынненні да жанчын-беларусак (маральная і матэрыяльная падтрымка), але і як «акцыю па ўмацаванні нацыянальных сіл беларускага народа» [12, арк. 19, 21]. Аднак адсутнасць шырокай падтрымкі ў беларускім жаночым асяроддзі не дазволіла Аб’яднанню ажыццявіць свае планы. Пасля паражэння гітлераўскай Германіі АБЖ, як і іншыя нацыяналістычныя арганізацыі, пацярпела крах.

Такім чынам, інспіраванае фашыстамі стварэнне жаночых калабарацыйных арганізацый на акупаванай тэрыторыі Беларусі не адыграла істотнай ролі ва ўмацаванні пазіцый акупацыйных улад. У сваю чаргу, калабарацыйныя сілы, якія спадзяваліся рэалізаваць ідэю нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі пры садзейнічанні германскіх улад, не знайшлі падтрымкі сярод асноўнай масы беларускага жаночага насельніцтва. Практыка масавага знішчэння мірных грамадзян, якая ажыццяўлялася карнымі органамі на часова захопленых беларускіх землях, пазбаўляла сэнсу любыя прапагандысцкія акцыі акупантаў і іх памагатых. На гэтым фоне большасць жанчын не толькі свядома ўхілялася ад членства ў беларускіх калабарацыйных арганізацыях, што ўспрымалася імі як супрацоўніцтва з захопнікамі, але станавілася актыўнымі ўдзельніцамі антыфашысцкага супраціўлення.

 

По материалам: Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) /ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

 

Яндекс.Метрика