Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі
            (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.)

  Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі
             (Гродна, 23-24 кастрычніка 2008 г.)

                 

 

Горны А. С.

Саюз Беларускай Моладзі: гісторыя стварэння

і асноўныя напрамкі дзейнасці

 Значнае месца ў нямецкай акупацыйнай палітыцы на тэрыторыі Беларусі адводзілася яе моладзеваму накірунку. Кіраўнікі нацыстаў як ніхто іншыя разумелі, што той, хто завалодае сімпатыямі моладзі, у шмат чым забяспечыць сабе перамогу ў вайне. Асабліва гэтыя тэнденцыі пачалі праяўляцца ў канцы 1942 – 1943 гг., калі на ўсходнім фронце для немцаў узнікла даволі неспрыяльнае становішча, а ў тыле пачалася эскалацыя партызанскага руху. Менавіта ў гэты час нямецкія акупацыйныя ўлады на Беларусі вярнуліся да палітыкі падтрымкі беларускай калабарацыі і стварэння антысавецкай грамадскай базы, у тым ліку і са складу моладзі.

3 чэрвеня 1942 г. рэйхсміністр па справах акупаваных усходніх абласцей Альфрэд Розенберг выдаў дэкрэт аб стварэнні спецыяльнага моладзевага аддзелу пры сваім міністэрсве. Аднак у кампетэнцыю аддзела ўваходзілі толькі прыбалтыйскія краіны, наконт Беларусі ў дэкрэце нічога не казалася [1, 620]. Гэта тлумачыцца пераважна тым, што ў ведамстве Розенберга яшчэ да пачатку вайны беларусы трактаваліся як аморфны сялянскі народ з слабой нацыянальнай свядомасцю і тонкай праслойкай інтэлігенцыі, дзе абуджэнне нацыянальнага жыцця будзе цяжкім і марудным мерапрыемствам [2, т.3, 551].

Каталізатарам стварэння СБМ на акупаванай тэрыторыі быў Зігфрыд Нікель,  кіраўнік  аддзела моладзевай працы на Усходзе пры Дзяржаўным кіраўніцтве моладзі. Ён лічыў вельмі важнай задачай выхаванне нацыянальна актыўнай, прыязнай да Германіі беларускай моладзі, якая б пад час вайны спрыяла пашырэнню антысавецкіх настрояў, а ў далейшым была б трывалым элементам беларуска-нямецкага супрацоўніцтва. Таксама ставілася задача вярбоўкі праз моладзевую арганізацыю юнакоў і юначак на працу ў Германію [3, 33].  З дапамогай Вільгельма Кубэ, які станоўча ставіўся да любых праяў беларускага калабарацыянізму, а таксама, напэўна, з маўклівай згоды Розенберга, Нікель прызначыў свайго падначаленага банфюрэра Вільгельма Шульца кіраўніком аддзела моладзі пры Генеральным камісарыяце ў Мінску дзеля арганізацыйнай падрыхтоўкі будучага саюза моладзі [3, 30]. З беларускага боку Нікелю і Шульцу актыўна дапамагалі сябры Беларускага прадстаўніцтва ў Берліне Ф. Акінчыц і Г. Барановіч.

Увесну 1943 года пачалася падрыхтоўка да заснавання беларускай моладзевай арганізацыі. Падбор кадраў для стварэння будучага СБМ пачаўся першапачаткова ў Берлiне пры ведамстве Розенберга. Пры ўдзеле Фабiяна Акiнчыца была распачата падрыхтоўка акруговых кiраўнiкоў арганізацыі, напісаны праект статуту і праграмныя тэзы У большасцi сваёй кадры былi набраны з былых афiцэраў Чырвонай Армii, беларусаў па нацыянальнасцi, якiя трапiлi ў палон у першыя днi вайны i адразу выказалi жаданне пачаць на акупіраваных тэрыторыях працу па стварэнні беларускай адмiнiстрацыi [4]. Таксама былі адчынены два першыя навучальныя цэнтры СБМ у Альбярціне (для хлопцаў) і ў Драздах (для дзяўчат). Тут на дваццацідзенных курсах праходзілі падрыхтоўку мясцовыя дзеячы гэтай арганізацыі [1, 620].

Нарэшце, 22 чэрвеня 1943 года Вільгельм Кубэ падпісаў загад аб стварэнні Саюза беларускай моладзі і абвесціў яго падчас урачыстасцей у Мінскім гарадскім тэатры. У загадзе падкрэслівалася, што СБМ засноўвацца «для адзінага выхавання і арганізацыя беларускай моладзі» [5, 191].

Праз месяц пасля ўтварэння арганізацыі, 23 ліпеня 1943 года, быў абнародаваны яе статут. Так, галоўнай мэтай СБМ павінны былі быць «узгадванне маладых, ідэйных, мужных і паслядоўных будаўнікоў Новай Беларусі і падрыхтоўка іх да іхных будучых заданняў у народзе». Галоўнымі накірункамі выхаваўчай працы СБМ вызначаліся вызваленне беларускай моладзі ад варожых і шкодных уплываў, яе духоўнае адраджэнне і выхаванне «пад моцным правадырствам нацыянал-сацыялістычнае Нямеччыны». Структура СБМ была зроблена на ўзор Гітлерюгенда і грунтавалася на прынцыпе фюрэрства. Галоўным органам СБМ быў Кіраўнічы штаб, які складаўся з наступных аддзелаў: арганізацыі, прапаганды, прэсы, школьніцтва і культуры, сацыяльнай працы і аховы здароўя, фізічнага ўзгадвання, адміністрацыі. Яго шэфам быў прызначаны Міхась Ганько, непасрэдна падначалены генеральнаму камісару. Працаю сярод дзяўчат кіравала Надзея Абрамава. Кіраўнічаму штабу СБМ падпарадкоўваліся акруговыя кіраўнікі, а ім, у сваю чаргу, - павятовыя, яны кіравалі атрадамі і гурткамі ў валасцях, вёсках, школах і г.д. Да СБМ магла належаць беларуская моладзь ад 10 да 20 гадоў [6, 166-171]. Уступаючы ў СБМ прадастаўляў заяву, аўтабіяграфію, запаўняў анкету і прымаў прысягу [7]. Прадугледжвалася таксама, што падавальнік заявы мусіў прайсці адна-шасцімесячны кандыдацкі стаж і толькі пасля праверкі ягонага жадання і азнаямлення з мэтамі і заданнямі арганізацыі мог стаць паўнапраўным сябрам СБМ [3, 93-94]. Па неабходнасці дазвалялася запатрабаваць пасведчанне аб паходжанні. Яўрэі ў саюз не прымаліся. Асноўнымі крыніцамі фінансавання арганізацыі паводле статуту былі сяброўскія ўнёскі (25 пфенінгаў),  прыбыткі ад арганізаваных мерапрыемстваў, падарункі і ахвяраванні, субсідыі нямецкіх уладаў [6, 166-171].

Арганізацыйныя адзінкі СБМ у кожнай акрузе падраздзялялася на «дружыны», «грамады» і «зьвязы». Дзяўчыны, суадносна, стваралі «дружыны», «гурткі», «кругі». «Дружына» складалася з 12-20 чалавек і атрымлівала ўнутры «грамады» ці «гуртка» свой парадкавы нумар. Ад 3 да 5 «дружын» звычайна аб’ядноўваліся ў «грамаду» («гурток»), якія ўжо не мелі нумароў, а называліся імем славутых беларусаў ці важнай датай з беларускай гісторыі. На ўзроўні павета ўсе гэтыя «грамады» («гурткі») аб’ядноўваліся ў найбольш арганізаваную адзінку СБМ – «зьвяз» ці «круг». Калі павет быў даволі вялікі, дазвалялася падзяліць павятовую арганізацыю на секцыі [8, 172].

Як ужо паказвалася вышэй, асноўную ролю ў дзейнасці СБМ адыгрывала выхаванне і ўзгадванне радавых сябраў гэтай арганізацыі. Як правіла, яно было комплексным і складалася як з духоўных, так і фізічных практыкаванняў. Кастусь Рамановіч, адзін з сябраў СБМ, прагадваў, што яны пашырана вывучалі гісторыю Беларусі, беларускую літаратуру і мову, арганізоўвалі розныя гурткі: малявання, спеваў, беларускіх нацыянальных танцаў, наладжвалі розныя вечарыны пад кіраўніцтвам выкладчыкаў. Усе жадаючыя падчас летніх канікулаў маглі застацца ў летніх лагерах СБМ, расклад дня ў якіх быў падобны на расклад дня ў вайсковых частках [9, 11]. Асаблівую ўвагу надавалі таксама і спартыўным мерапрыемствам.

У ліпені 1943 г. СБМ атрымаў свой друкаваны орган – штомесячнік «Жыве Беларусь», у якім друкаваліся афіцыйныя дакументы Кіраўнічага штаба, прапагандысцкія матэрыялы, нарысы з беларускай гісторыі і літаратуры. Выходзіла і вучэбна-інструкцыйная літаратура – «Вучэбны лісток» і «Дзёньнікі загадаў». Працягвалася падрыхтоўка інструктарскіх кадраў, якія павінны былі займацца арганізацыяй школьных гурткоў СБМ ад пачатку 1943/44 навучальнага году. Важную навучальна-прапагандысцкую ролю адыгрывалі экскурсіі членаў СБМ у Германію – тут яны знаёміліся з метадамі арганізацыйнай працы Гітлерюгенду, выступалі з канцэртамі беларускіх песень [1, 620].

Берлінскае кіраўніцтва разглядала СБМ не толькі як выключна лаяльную арганізацыю для пашырэння сваіх інтарэсаў. Як сцвярджае Кастусь Акула ў сваіх успамінах: «...немцы бачылі ў СБМ рэзервуар, з якога стараліся чэрпаць нявольнікаў для працы ў Нямеччыне» [10, 16]. Яшчэ вясной 1943 г. службоўцы аддзела моладзі міністэрства ўсходніх тэрыторый звярнуліся да дырэкцыі авіяцыйнай фірмы «Юнкерс» з прапановай заключыць дагавор  аб накіраванні на вучобу і працу на заводах фірмы тысячы беларускіх юнакоў. Была дасягнута прынцыповая згода на ажыццяўленне гэтага мерапрыемства ў недалёкай будучыні, прычым «Юнкерс» выказаў гатоўнасць прыняць на вучобу і працу «для пачатку» тры тысячы юнакоў [3, 34-35]. Першапачаткова немцы прывозілі ў Германію групы толькі беларускіх юнакоў ва ўзросце ад 14 да 20 гадоў. Пасля пачалі з’яўляцца і невялікія групы (20-50 асобаў) беларускіх дзяўчат. У лістападзе 1943 г. уся гэтая моладзь была аб’яднана ў Працоўную групу СБМ у Германіі. Яе агульны лік даходзіў да пяці тысяч асобаў. Кіраўніком групы стаў Генрых Барановіч, з нямецкага боку - банфюрэр Мэнцэль [11].

Пасля стварэння ў 1944 г. Беларускай краёвай абароны было прынята рашэнне выкарыстоўваць саюз і ў яшчэ адным накірунку – як рэзерв для баявых фарміраванняў. У выніку гэтага былі створаны Добраахвотніцкі юнацкі корпус СБМ пад шэфствам БКА і Добраахвотніцкая жаночая служба падтрымкі БКА. Шматлікія юнакі, галоўным чынам меўшыя сярэднюю адукацыю, паступілі ў афіцэрскую школу БКА, якая была адчынена ў Мінску [5, 202]. Першай ваеннай акцыяй, якую меўся выканаць уласна СБМ, была спроба набору роты добраахвотнікаў на курс падрыхтоўкі афіцэраў у аўстрыйскім мястэчку Мальта. Праведзеная мабілізацыя паказала нежаданне асноўнай масы СБМаўцаў ўдзельнічаць у гэтай акцыі – большая частка мабілізаваных нават не з’яўлялася сябрамі гэтай арганізацыі. Курсы праіснавалі некалькі месяцаў і былі расфарміраваны ўлетку 1944 г. падчас нямецкага адступлення [12, 208].

На апошнім этапе вайны немцы пачалі ўсе часцей праводзіць вярбовачныя кампаніі ў свае ўзброеныя сілы, каб хоць неяк папоўніць востры недахоп асабовага складу. 25 сакавіка 1944 г. прадстаўнікі міністэрства па справам акупаваных усходніх тэрыторый, Галоўнага ўпраўлення СС, Вярхоўнага камандвання ваенна-паветраных сіл (Люфтвафэ) і Гітлерюгенда падпісалі пагадненне, паводле якога моладзь з акупаваных усходніх абласцей магла на добраахвотнай аснове ўступаць у дапаможную службу Люфтвафэ. У Генеральным камісарыяце «Беларусь» і ваеннай зоне акупацыі пасля моцнай прапагандысцкай акцыі вярбоўка пачалася праводзіцца 27 мая 1944 г.  Былі арганізаваны чатыры прыёмныя лагеры: два ў Мінску і па адным у Барысаве і Бабруйску. Усяго паводле справаздачы вярхоўнага камандвання войск цэнтральнага ўчастку фронту ад 27 жніўня 1944 г., у цывільнай і ваеннай зонах Беларусі на дапаможную службу ў Люфтвафе паступіла каля 4000 чалавек. СБМ і яе структурам у гэтай вярбовачнай кампаніі надавалася значная роля, аднак трэба заўважыць, што некаторыя з юнакоў залічваліся ў шэрагі сябраў гэтай арганізацыі толькі ў прыёмных лагерах. Беларуская моладзь, як і моладзь з іншых акупаваных усходнееўрапейскіх краін, пераважна абслугоўвала зенітную артылерыю, частка яе працавала ў галіне сігналізацыі і іншых сферах проціпаветранай аховы [13, 697-701].

У чэрвіне – ліпені 1944 г., пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі Чырвонай Арміяй, большасць калабаранцкіх арганізацый аказалася на тэрыторыі Трэцяга рэйха. 5 ліпеня Кіруючы штаб СБМ пераехаў у чэшскі горад Трапау. Фактычна, гэты орган ужо быў нікому не патрэбны, яго галоўны фундатар – аддзел моладзі пры генеральным камесарыяце – да таго часу быў ужо расфарміраваны, а аддзел Нікеля ў асноўным супрацоўнічаў з Працоўнай групай СБМ, якая яшчэ мела нейкую карысць для немцаў. У такім становішчы Міхась Ганько прыняў рашэнне перайсці непасрэдна «пад крыло» Беларускай цэнтральнай рады. Загадам ад 8 жніўня 1944 г. было аб’яўлена, што «СБМ добраахвотна пераходзіць пад маральную апеку і ў сферу кампетенцыі БЦР». Праз месяц Ганько і Абрамава былі кааптаваны ў склад цэнтральнага кіраўніцтва рады [5, 208]. Працоўная група СБМ праіснавала дзесьці да канца 1944 г., каля 200 юнакоў з гэтай групы ў лютым 1945 г. былі ўключаны ў 30 дывізію Вафэн-СС (1-я беларуская), якая рыхтавалася да абароны Берліна [11].

Асобную ўвагу ў распрацоўцы дадзенай тэмы хацелася б звярнуць на праблему колькасці моладзі, згуртаванай у СБМ. У асяродку беларускай паваеннай эміграцыі і былых сябраў саюзу дамінавалі лічбы ў дзесяткі тысяч чалавек, разглядалася нават лічба ў 100 тыс. хлопцаў і дзяўчат [9, 11]. Аднак гэтыя паказчыкі яўна завышаны, іх аўтары хутчэй за ўсё ставілі сабе за мэту паказаць СБМ як нейкую ўплывовую і масавую арганізацыю. Захаваліся афіцыйныя сведчанні Міхася Ганько, паводле якіх на 1 чэрвеня 1944 г. агульная колькасць членаў СБМ дасягнула 12 635 чалавек. Яны больш набліжаны да рэальнасці, але, трэба заўважыць, што гэтыя звесткі мелі ацэначны характар: у Кіраўнічым штабе адсутнічалі дадзеныя з некаторых акруг і таму выкарыстоўваліся ранейшыя лічбы [3, 97].

Такім чынам, СБМ было даволі значным прадуктам нямецкай акупацыйнай адміністрацыі на тэрыторыі Беларусі. Даўшы дазвол на стварэнне СБМ, немцы атрымалі ў свае рукі не толькі моцную прапагандысцкую зброю, з дапамогай якой яны імкнуліся паўплываць на ўвесь беларускі народ і асабліва на яго актыўную частку – моладзь, але і значны рэзервуар, з якога акупанты планавалі як мага больш чэрпаць людскі рэсурс для сваёй эканомікі і ўзброеных сіл.  Аднак поўны разгром у вайне перашкодзіў нацыстам здейсніць свае планы.

 По материалам: Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) /ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

 

Яндекс.Метрика