Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі
            (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.)

  Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі
             (Гродна, 23-24 кастрычніка 2008 г.)

                 

 

 Бездзель В.Я.

 Дзейнасць БНС у адносінах да дзяцей у перыяд германская акупацыі Беларусі (1941 – 1944)

Савецкая і сучасная айчынная гістарыяграфія звярталіся да разгляду розных праблем Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку да праблемы існавання дзяцей на акупаванай тэрыторыі. У савецкі час найбольшае асвятленне атрымала тэма гераізму піянераў. Аднак шматлікія пытанні, звязаныя з праблемай выжывання дзяцей пад час вайны і ўдзелу ў антыфашысцкай барацьбе, патрабуюць вывучэння. Мы спынімся на аналізе дзейнасці БНС (БСП) у дачыненні да дзяцей, яе асноўных накірунках.

Ва ўмовах масавага збяднення насельніцтва акупацыйныя ўлады вымушаны былі праводзіць некаторыя мерапрыемствы ў сацыяльнай сферы. Іх мэтай было папулярызаваць сваю палітыку, узняць папулярнасць сярод насельніцтва і аказаць яму матэрыяльную дапамогу. Для гэтага ў кастрычніку 1941 г. стварылі Беларускую народную самапомач (з 1943 г. Беларуская самапомач), дзейнасць якой была накіравана на дапамогу «пацярпелым беларусам ад ваенных дзеянняў, бальшавіцкага і польскага праследвання» [1, с. 512]. Фінансаванне гэтай арганізацыі павінна было адбывацца праз сяброўскія ўзносы і дабраахвотныя зборы з насельніцтва і ўстаноў. Планавалася, што з «утворанага збору раённыя аддзелы БНС будуць аказваць дапамогу дзіцячым садам, браць апеку над беднымі дзецьмі і дзецьмі-сіротамі дашкольнага ўзросту, арганізоўваць дапамогу бедным дзецям у школе (снеданне, вопратка, абутак і г.д.» [2, арк. 512].

У архіўных фондах БНС, органаў мясцовага кіравання захавалася шмат заяў ад грамадзянскага насельніцтва з просьбай выдзяліць сродкі для існавання ў сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам. Гэтыя дакументы паступалі ў асноўным ад сямей, дзе меліся дзеці непрацоўнага ўзросту, што знаходзіліся на ўтрыманні толькі аднаго з бацькоў (часцей за ўсё маці), маёмасць якіх пагарэла ў час ваенных дзеянняў, і дзе не было стабільнай крыніцы заробку. Памеры грашовай дапамогі былі рознымі і залежалі ад матэрыяльнага стану сям’і, колькасці дзяцей і займаемага сацыяльнага статусу. Грашовыя выплаты рабіліся адзін раз у памеры ад 35 да 500 руб. Зразумела, што яны былі не дастатковымі, асабліва калі параўнаць іх з коштам прадуктаў на чорным рынку. У чэрвені 1942 г. 1 кг хлеба каштаваў ад 45 да 120 руб., 1 дзесятак яек – 40 – 70 руб., 1 л малака – 12 – 20 руб. і г.д.  [3, с. 303].

Для дзяцей-школьнікаў ГАБ загадам Цэнтральнага ўпраўлення БНС ад 31 студзеня 1942 г., змешчаным у «Менскай газэце», уводзіліся ў школах штодзённыя бясплатныя сняданкі а 10-й гадзіне раніцы, якія павінны былі складацца са 100-грамовага кавалка хлеба, намазанага павідлам ці патакай «ці чым іншым, што будзе пад рукой» [2, арк. 2]. Зразумела, што падобнае рашэнне павінна было садзейнічаць як падтрымцы бяднейшых дзяцей, гарманізацыі навучальнага працэсу, так і папулярызацыі дзейнасці БНС. Аднак на шляху неблагой ідэі ўзніклі цяжкасці матэрыяльнага характару. Раённыя і акружныя аддзелы БНС задаваліся пытаннем, як арганізаваць гэтыя сняданкі і з якіх грошаў закупаць хлеб і патаку  [4, арк. 11], улічваючы, што дзяцей школьнага ўзросту, ахопленых школай, у ГАБ у 1941/1942 навучальным годзе налічвалася 245 тыс. чалавек. На правядзенне задуманай БНС дабрачыннай акцыі патрэбны былі немалыя грошы. Акупацыйныя ўлады не маглі і не хацелі фінансаваць такія мерапрыемствы, а сабраць неабходную суму праз дабраахвотныя сборы было немагчыма.

На тэрыторыі ГАБ па ініцыятыве аддзелаў апекі, а затым БНС (БСП) спрабавалі стварыць сетку сталовак бясплатнага харчавання для беднага насельніцтва і бежанцаў. Так, за снежань 1943 г. бедным вучням г. Мінска было выдана 1584 бясплатных абедаў з двух блюд [5, арк. 27 – 28], а ў студзені, лютым, сакавіку 1944 г. – 4218 [6, арк. 4]. Дадзеная статыстыка паказвае, што колькасць дзяцей маламаёмасных ці немаёмасных грамадзян не змяншалася. Хутчэй за ўсё, у страўнях харчаваліся пастаяныя групы вучняў, вызначаных адміністрацыяй школ як бедныя. Разам з тым, як адзначалася ў справаздачах БНС, «норма выдачы прадуктаў (у сталоўках. – Б.В.) супраць нармальнага харчавання з’яўляецца ніжэйшай». Планавалася, што «ў далейшым страўні БСП будуць лепш падыходзіць да абслугоўвання патрэб бяднейшага насельніцтва і бежанцаў» [5, арк. 4]. Праблемы недахопу прадуктаў былі звязаны з агульнай сітуацыяй на акупаванай тэрыторыі Беларусі. На першы план высоўваліся задачы забеспячэння германскай арміі, а ўжо потым насельніцтва, у першую чаргу тых, хто працаваў на патрэбы рэйху. Адзначаныя вышэй сацыяльна неабароненыя катэгорыі насельніцтва заставаліся непатрэбнымі Германіі.

Да сацыяльных мерапрыемстваў, якія праводзіліся БНС, можна аднесці і арганізацыю калядных ёлак для школьнікаў і дашкольнікаў служачых органаў кіравання і маламаёмасных грамадзян. Такія пазашкольныя мерапрыемствы, нягледзячы на іх дабрачынны характар, праводзіліся згодна з інструкцыямі, дасылаемымі з Інспектарыята беларускіх школ. Перад ёлкай арганізатар свята вітаў дзяцей крыкамі «Ура!» у гонар германскай арміі і Адольфа Гітлера. Першае такое мерапрыемства было праведзена ў канцы 1941 года. Прысутныя дзеці атрымалі падарункі, сродкі на якія збіралі камітэты самадапамогі. Так, напрыклад, у час святкавання Новага, 1943, года Койданаўскі камітэт БНС «выдаў грашовых і матэрыяльных сродкаў» 323 вучням школ на суму 3423 руб., 26 дзяцей атрымалі палатно, падушкі, хусткі, рукавічкі і г.д. [7, арк. 14]. Такім чынам, побач з сацыяльнымі функцыямі забяспечвалася яшчэ выхаванне дзяцей у духу падпарадкавання новай уладзе.

Акрамя арганізацыі і правядзення дабрачынных акцый сярод дзяцей збяднелага насельніцтва, БНС займалася пытаннямі пошуку, рэгістрацыі і ўладкавання беспрытульных. Пачатак гэтай працы быў пакладзены яшчэ загадам Намесніцтва Менскай акругі ад 26 жніўня 1941 г. аб узяцці на ўлік ўсіх беспрытульных дзяцей [8, арк. 143]. Пошукі маглі весціся ў двух накірунках. У першым выпадку, заявы ў Цэнтраль БНС прыносілі самі бацькі, а супрацоўнікі рассылалі запыты, дзе вызначаліся ўзрост, знешнія прыкметы, абставіны, пры якіх і дзе згубілася дзіця, па дзіцячых установах ГАБ, раённых аддзелах самадапамогі. Калі дзіця знаходзілася ў адной з такіх устаноў, то яго вярталі бацькам. Даволі часта БНС спрабавала расшукаць дзяцей праз друкаванне абвестак у акупацыйных газетах, такіх як «Беларуская газэта», «Голас вёскі» і г.д. [9, арк. 2, 4, 11, 44]. Такі шлях быў менш эфектыўны, паколькі перыядычны друк быў даступны малой частцы грамадства, і газеты распаўсюджваліся цэнтралізавана.

Неабходна адзначыць, што праца БНС у гэтай сферы была ўсё ж малаэфектыўнай па той прычыне, што, па-першае, усіх дзяцей ахапіць было немагчыма. Па-другое, ніхто не ведаў іх дакладнай колькасці. Згодна афіцыйных, але далёка няпоўных дадзеных, у дзіцячых установах ГАБ знаходзілася крыху больш за тры тысячы дзяцей. Інструкцыі, дасылаемыя Цэнтральным камітэтам у раёны, аб узяцці на ўлік безнадзорных, дзяцей, згубіўшых бацькоў, не давалі вынікаў. У справаздачах райаддзелаў адзначалася, што такіх дзяцей па раёнах проста не існуе. Тут выяўляюцца ўсе складанасці працэсу пошуку, паколькі многія дзеці былі прытулены жыхарамі вёсак і гарадоў без афармлення дакументаў на ўсынаўленне ці апеку. Так, у Мінскай акрузе на ліпень 1942 г. афіцыйна было зарэгістравана 8 дзяцей, з якіх 1 жыў у бабулі, 5 – у чужых людзей, 2 – у дзіцячым маёнтку «Горкі абчак» [10, арк. 29], па Глыбоцкай акрузе іх налічвалася 44 чалавекі [11, арк. 17]. Астатнія бадзяліся ў пошуках ежы па вуліцах, мелі схованкі, каб не трапіць паліцыі ці работнікам сацыяльных службаў. Гэта пацвярджаецца існаваннем так званых «дзіцячых баракаў», адзін з якіх быў выяўлены вясной 1943 г. у адным з разбураных саўгасаў Мінскай вобласці. Дзеці былі прадстаўлены самі сабе, знаходзіліся без кантроля з боку дарослых [12, с. 244].

Такім чынам, пералічаныя вышэй мерапрыемствы ў сацыяльнай сферы, якія правадзіла БНС, мелі на мэце папулярызаваць палітыку новай ўлады, а таксама садзейнічаць вырашэнню праблемы беспрытульніцтва і бадзяжніцтва, падтрыманню неабходнага жыццёвага ўзроўня насельніцтва. Нягледзячы на ўсе дабрачынныя начынанні БНС, яе магчымасці былі абмежаваны германскімі ўладамі, для якіх прыярытэтнымі задачамі былі забеспячэнне патрэб арміі і рэйху. Дзейнасць БНС у дачыненні да дзяцей адпавядала агульнаму накірунку палітыкі да ўсяго насельніцтва, вызначанай акупацыйнымі ўладамі адразу пасля акупацыі тэрыторыі Беларусі: палітыкі абмежавання патрэб мясцовых жыхароў і стварэнне невыносных умоў існавання.

По материалам: Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) /ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!