Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі
            (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.)

  Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі
             (Гродна, 23-24 кастрычніка 2008 г.)

                 

 

УДК 303.446.4 (476)

 А.Ф.Вырасткацяпанава)

 Асноўныя падыходы беларускай гістарыяграфіі да праблемы ваеннага і цывільнага асадніцтва на «крэсах усходніх»

В статье рассмотрены основные подходы белорусских иссследователей к вопросу изучения военного и гражданского осадничества на территории Западной Беларуси в межвоенный период

 У беларускай гістарычнай навуцы на сучасны час не існуе ніводнага комплекснага даследавання па праблеме асадніцтва. Аўтар пад паняццем комплекснае разумее ў першую чаргу вытокі палітыкі, заканадаўчую мадыфікацыю, характар рэалізацыі палітыкі, выпрацоўку сацыяльных крытэрыяў у адносінах да асаднікаў, выдзялення і аналіза асноўных накірункаў дзейнасці гэтай катэгорыі грамадства, абазначэнне спецыфікі стану асаднікаў па ваяводствах, паказ быту і экамічнага стану адасобленных асадніцкіх сямей. На погляд аўтара, толькі такое комплекснае навуковае даследаванне зможа аб’ектыўна паказаць  гістарычную праблему, выпрацаваць метадалагічныя, канцэптуальныя падыходы і сфармуляваць ацэначныя погляды. Аднак айчынная гістарыяграфія рабіла акцэнт на кантэкставы разгляд праблемы асадніцтва. У сувязі з гэтым асадніцтва падавалася з таго боку, які найбольш падыходзіў і тэматычна дапаўняў раскрыццё асноўнай тэмы даследчыкаў.

Гістарыяграфія  20 – 50 гадоў XX стагоддзя ў асноўным прадстаўлялася працамі гісторыкаў, якія з’яўляліся сучаснікамі  падзей. Праблема асадніцтва разглядалася  гісторыкамі дастаткова цікава: з сацыяльна-палітычнага напрамку у даследванні эканамічнага характару і з сацыяльна-эканамічнага ў манаграфіях агульнапалітычнага значэння. Сярод апошніх выдзяляецца даследаванне А.Беразоўскага, якое храналагічна адносіцца да 1928 года [1, с. 45]. Даследчык ставіў задачу паказаць агульнае становішча на «крэсах усходніх», разгляд эканомікі паўнацэнна толькі дапоўніў даследаванне. Праўда, трэба адзначыць, што прамысловасць характарызуецца з эканамічнай пазіцыі, а стан у сельскай гаспадарцы падаецца выключна з сацыяльна-эканамічнай, магчыма, з прычыны таго, што 82 % (паводле дадзеных аўтара) насельніцтва складалі сельскія жыхары. Асадніцтва падаецца як мера, якая садзейнічала пагаршэнню становішча сялян, па прычыне таго, што асаднікі атрымоўвалі парцэляванную зямлю і пры нарэзцы надзелаў часам закраналіся інтарэсы сялян, паколькі сялянскія гаспадаркі адрэзваліся  ад сваіх сенажацяў, сервітутаў, рэчак, дарог. Аднак далейшага эканамічнага даследавання асаднікаў на «крэсах» не наглядалася, акцэнт ставіўся на іх сацыяльна-палітычную ролю, – стварыць ваенную апору на «неспакойных крэсах». Паводле статыстычных дадзеных Беразоўскага, да 1926 года такая апора складалася з 13 тысяч асаднікаў [1, с. 9].

У 30-я гады XX стагоддзя атрымала самастойны навуковы напрамак у гістарычнай навуцы і  эканамічная гісторыя Заходняй Беларусі, што было ў многім выклікана палітыка-ідэалагічнай кан’юнктурай таго перыяду. Эканамічная гісторыя даследавалася Л.Гакам у манаграфіі «Аграрная палітыка польскай буржуазіі ў Заходняй Беларусі». Дадзенае даследаванне ахоплівае храналагічныя рамкі перыяду 1920 – 1932 гадоў і пабудавана на аснове апісання падзей эканамічнага развіцця заходнебеларускага рэгіёну з прыярытэтам у аграрным накірунку [2, с. 4]. У цэнтры ўвагі яго працы – сацыяльны склад насельніцтва заходнебеларускай вескі і адносіны паміж рознымі катэгорыямі. Праз сацыяльную сферу грамадства паказаны і палітычны стан II Рэчы Паспалітай. Становішча сялянства гісторык характарызуе такім выказваннем: «Зямля жыць не дае і жабраваць не пускае» [2, с.3]. Л.Гак падыходзіць да праблемы асадніцтва з сацыяльна-палітычнага боку, характарызуючы асадніцтва выключна як ваенна-палітычнае мерапрыемства [2, с.46]. Мэта гэтага працэсу зводзілася да ўзмацнення надзейнымі элементамі акупаваных тэрыторый, да падрыхтоўкі гэтых тэрыторый як плацдарму ў новай вайне супраць Савецкага Саюза, да якой «польскія імперыялісты шаленымі тэмпамі рыхтуюцца» [2, с.47]. Сістэму надзялення і рассялення асаднікаў гісторык падае як ваенную з’яву, а «Саюз ваенных асаднікаў» нават успрымаецца як цэнтральны орган ваеннага камандавання, якому падпарадкоўваліся асаднікі. У манаграфіі адзначаецца, што  асаднікі «мелі замаскаванную сувязь з паліцыяй, і ахранкай, і часткамі войск, якія расквартаваны ў мясцовасці» [2, с.48]. Неабходна падкрэсліць, на думку аўтара, што прыведзеная сувязь з ваеннымі органамі ўлады, паліцыяй, ахранкай у гістарыяграфіі 60 – 80-х гадоў XX ст. успрымалася як прамая дзейнасць у вызначаных органах з мэтай каланізатарскай палітыкі. Што тычыцца  характарыстыкі дзейнасці асаднікаў, то яна выключна падаецца з палітычнага боку. Даследчык атаясамляе асаднікаў з фашысцкімі агентамі, якія разганяюць мітынгі, вядуць бандыцкія напады на рабочыя дэманстрацыі, эксплуатуюць сялян шляхам размеркавання павіннасцей, падаткаў мясцовага значэння [2, с.49]. Шырока характарызуючы ваенна-палітычную дзейнасць асаднікаў, у даследаванні адсутнічаюць лічбавыя дадзеныя па колькасці асаднікаў, якія займаліся той ці іншай сферай палітычнай дзейнасці. У манаграфіі Л.Гака найбольш «поўна» аналізуецца прапагандысцкая дзейнасць асаднікаў, якая не ўступала «рыскім спецам па выпуску вутак» наступнага характару: «голад; беспрацоўе ў Польшчы – справа рук Масквы», або «мільёны сялян уцякаюць у Польшчу» [2, с.48]. З-за такой расшыранасці аналізу палітычнай дзейнасці гісторык фрагментарна характарызуе эканамічна-гаспадарчы напрамак. Колькасць занятых асоб у такой спецыялізацыі, паводле падлікаў даследчыка, «можна палічыць па пальцах» [2, с.52]. На працягу ўсяго даследавання гісторык параўноўвае асаднікаў з сялянамі, якія па маемаснаму  складу набліжаліся да беднякоў і сераднякоў, а падводзячы вынік аналізу дадзенага аспекта, адзначае, што ў сярэднім памеры гаспадаркі асаднікаў былі серадняцкія [2, с.51]. Характарызуецца і палітыка крэдытнай сістэмы асадніцтва, але тут жа трэба і адзначыць, што аналіз такой палітыкі звязаны з жаданнем гісторыка паказаць разгульны вобраз жыцця асаднікаў, на што і накіроўваліся грошы, а не эканамічную падтрымку функцыянавання гаспадарак.  Прыводзяцца дастаткова высокія лічбы па крэдытах, якія, на думку даследчыка, значна перавышаюцца. У першую чаргу, гэта абгрунтоўваецца дадзенымі архіва, а па другое, наўрад ці ўвогуле магчыма такая сумма на крэдытаванне, улічваючы стан эканомікі Рэчы Паспалітай і змену валюты ў 1924 годзе.

Падыходзячы да абагульнення хацелася б адзначыць, што, нягледзячы на «навуковыя перагібы» і супярэчнасці даследавання, манаграфія ўяўляе значную навуковую цікавасць у першую чаргу тым, што ўтрымлівае шмат дакументальнага матэрыялу, з перыядычных выданняў таго часу (статыстычнага і справаводскага характару). Трэба падкрэсліць і той факт, што праца Гака – гэта першае даследаванне, дзе асадніцтва ўвогуле атрымала больш-менш навуковы агляд. Цяпер задаецца цікавае пытанне, як ў даследаванні эканамічнага характару акцэнт рабіўся на сацыяльна-палітычны падыход і прыводзіліся такія аргументы, а ў агульнапалітычным на сацыяльна-эканамічны падыход. Адказ на гэтае пытанне заключаецца ў адзіным – выкарыстанне  патрэбнай факталогіі і такога ж тыпу падыходу, якое б дапаўняла асноўную тэму, улічваючы ідэалогію і палітычную кан’юнктуру таго часу.

Асобна выдзяляецца даследаванне па эканамічнай гісторыі І.Гальдштэйна. Ім была напісана манаграфія «Аграрные отношения в бывшей Польше, Западной Украине и Западной Беларуси». Нягледзячы, на тое, што перыяд напісання супадае з папярэднім даследаваннем, гэта розныя па структуры, метадах і мэтах навуковыя працы. Гальдштэйн і падыходзіць да праблемы з эканамічна-тэарэтычнага боку, магчыма, бачачы, што асадніцтва – гэта складаная шматбаковая палітыка, гісторык  ускосна закрануў праблему і толькі выключна ў рамках эканомікі.

У аснове даследавання развіцце эканомікі Заходняй Беларусі, пачынаючы з 1861 года, у форме параўнальнага аналіза з тэрыторыяй Польшчы і Заходняй Украіны. Сацыяльны аспект, дыферэнцыяцыя сялянства займаюць другі план і разглядаюцца як заканамерны працэс развіцця эканомікі памешчыцка-капіталістычнага тыпу [3, с.212]. У манаграфіі Гальдштэйна грунтоўным чынам даследуюцца перадумовы аграрных рэформ, у якіх адзначаецца, што «буржуазія не была зацікаўлена ў рэформах з прычыны сфармаваўшыхся капіталістычных адносін, але вузасць унутранага рынку застаўляла прымаць пэўныя меры» [3, с.178]. Цэнтральнае месца ў працы займае аналіз парцэляцыі, у меншай ступені камасацыя і ліквідацыя сервітутаў. Храналагічныя рамкі рэформ на працягу 1921 – 1939 гг. вызначаюцца асобна і параўноўваюцца з папярэднім. Заканадаўчы працэсс падаецца на адным узроўні з выканаўчым. У кнізе зроблены грунтоўныя вывады на аснове статыстыкі, з аналітычна-тэарэтычным падыходам. Як адзначалася вышэй, асадніцтва разглядалася фрагментарна, прычына гэтага, на думку аўтара, раскрывалася вышэй, аднак Гальдштэйнам быў зроблены шэраг важных высноў. Прычыну бясплатнага надзялення зямлёй ваенных аўтар звязваў з падзеямі ліпеня 1920 года, калі войскі Чырвонай Арміі падыходзілі да Варшавы [3, с.177]. Што тычыцца надзялення зямлёй асаднікаў, то, як заяўляў Пілсудскі і падкрэсліваў І.Гальдштэйн, «гэтая мера не ўнясе радыкальныя змены ў зямельныя адносіны» [3, с.177]. І як пазней паказаў выканаўчы працэс рэформы, такая пазіцыя была дамінуючай, палова асаднікаў папаўняла бядняцкі клас, вышэйшыя чыны папўнялі памешчыцкі, а «сярэдняе звяно» ваенных – кулакоў і сераднякоў, якія хацелі «пралезць у багатыя», часам шляхам палітычнай дзейнасці (дадзеная дыферэнцыяцыя праводзіцца на аснове ленінскіх пастулатаў) [3, с.176]. У манаграфіі прыводзяцца падлікі асаднікаў і колькасць зямлі, задзейсненай для гэтай рэформы, што складала 12 % парцэляванай зямлі. Гісторык прыводзіць шмат статыстычных дадзеных польскага Інстытута сацыяльнай гісторыі, Пулаўскага інстытута. Навуковая праца І.Гальдштэйна не страчвае сваю навуковую значнасць у рамках распрацоўкі эканамічнай гісторыі і ў сучасны момант, асабліва з крыніцазнаўчага погляду.

Даследчыкі, якія працавалі ў 50 – 80-я гады XX стагоддзя, не змянілі традыцыйнага кантэкставага падыходу да праблемы, зноў жа такі акцэнт ставіўся на палітычна-эканаміны і сацыяльна-эканамічны падыходы ў залежнасці ад асноўнай тэмы. Да эканамічнага даследвання адносіцца праца А.А.Сарокіна «Аграрный вопрос в Западной Белоруссии 1920 – 1939 гг.». Гісторык абазначыў эканамічны-палітычны падыход і зацвердзіў разгляд асадніцтва ў кантэксце аграрных рэформ: у кантэксце такіх рэформ, як парцэляцыя, камасацыя, ліквідацыя сервітутаў разглядаецца і характаразуецца працэс «насаджэння асадніцтва» [5,  с.71]. Даследаванне асадніцтва пачынаецца з вылучэння прычын, сутнасць якіх зводзіцца да пастулатаў афіцыёзнай гістарыяграфіі – паланізацыя і каланізацыя заваяваных тэрыторый з дапамогай устойлівага элемента, прычым адзначце сельскага асадніка [5, с.72]. Разглядаючы асадніцтва ў кантэксце аграрнай рэформы, А.А.Сарокін характарызуе апошнюю як план каланізацыі, распрацаваны ваенным міністэрствам [5, с.72]. Працэс прыняцця закона ад 17 снежня 1920 года, яго заканадаўчыя палажэнні, за выключэннем характарыстыкі зямельнага фонда, які быў прадназначаны для правядзння асадніцтва, гісторыкам не даследуюцца. Цэнтральнае месца займае выканаўчы працэс «насаджэння асадніцтва» і мэты, якія павінны быць дасягнуты ў ходзе рэформы. Сутнасць апошніх зводзілася да каланізацыі тэрыторыі, стварэння апоры буржуазнаму нацыяналізму, барацьбе антысавецкіх элементаў з камуністычнай заразай, умацаванню эканамічных пазіцый фінансавага капіталу. Вызначаныя мэты павінны быць дасягнуты ў ходзе палітычнай дзейнасці, бо менавіта апошняя атрымала шырокі аналіз у даследаванні. Яна, на думку аўтара, здзяйснялася праз паліцыю, агентуру дыфензівы і шпіянаж, армію і характарызавалася такім чынам: «безнаказанно убивали людей и делали все, что им заблагорассудится» [5, с.75]. Эканамічны бок асадніцтва характарызуецца лаканічна і выражаецца ў арэндных адносінах: «...землю осадники брали охотно, но работать на ней не хотели, на обработку отдавали крестьянам за половину труда крестьянина» [5, с.77]. Аўтар артыкула лічыць, што такі падыход да праблемы з’яўляецца неаб’ектыўным і нераспрацаваным ў крынічным плане, у многім яго можна ацаніць як прапагандысцкі, бо заснаваны на ідэалагічных пастулатах КПЗБ і БСРГ. Дзейнасць асаднікаў была значна шырэйшая, чым прыведзена ў даследаванні. Палітычная дзейнасць, безумоўна, была, але не ў такіх маштабах і формах. Што тычыцца эканамічнай сферы, то тут узнікае навуковы парадокс. Справа заключаецца ў тым, што, па падліках А.А.Сарокіна 41 % асаднікаў складалі салдаты, у асноўным яны былі выхадцамі з сялян, што пацвярджаецца гісторыкам. У такім выпадку ставіцца пад сумненне такія выказванні «…отказывались от земли или отдавали на обработку окружающим крестьянам, немного из них было таких, которые ходили за плугом» [5, с.78]. Акрамя гэтага, неабходна ўлічыць, што асаднікі-салдаты атрымоўвалі да 10 гектараў зямлі. Прадстаўнікі вышэйшых ваенных чыноў, якія складалі 59 % ваенных асаднікаў, здавалі зямлю ў арэнду, што абумоўлівалася іх ваеннай спецыялізацыяй да ваенных падзей 1914 – 1920 гадоў. Наўрад ці генералы Жылігоўскі, Сікорскі, Доўбар-Мусніцкі, Пілсудскі мелі «…способности и наклонности к земледелию и интересовались знаниями и опытом в сельском хозяйстве» [5, с.72]. Большасць зямлі атрымалі менавіта прадстаўнікі вышэйшых чыноў, бо памеры іх асадаў раўняліся 100 тысяч гектараў.  Робячы спробы, разглядзець асадніцтва як сацыяльную праслойку грамадства, А.А.Сарокін выражае негатыўныя адносіны да дадзенай катэгорыі. Называючы апошніх казацтвам, аракчэеўшчынай дваццатага стагоддзя, даследчык робіць спасылкі на цытаты з выступленняў камуністычных дзеячоў. Сарокін не бачыць узаемасувязі ваеннага асадніцтва з цывільным, толькі падкрэслівае канфліктнае становішча. У манаграфіі адзначаецца: «…как всегда бывает при дележе награбленного имущества между грабителями, появляется взаимная неприязнь» [5, с.82]. Падводзячы вынік у сваёй манаграфіі, гісторык адзначае: «военное осадничество обманывает возложенные на него надежды, осадничество не оправдало себя и даже действовало в противовес польской политике» [5, с.83]. У выніку атрымоўвалася  яшчэ адна супярэчнасць: ваеннае асадніцтва  не апраўдала сябе, але польскі ўрад працягваў палітыку правядзення асадніцтва, толькі ў вобліку цывільных асаднікаў. Апошнія характарызуецца А.А.Сарокіным так: «…задачи и цели оставались те же, менялись только некоторые пути достижения» [5, с.83]. Праблема раскрыта вельмі павярхоўна, у канцэптуальным падыходзе пераклікаецца з даследаваннем Л.Гака. Паколькі гэта адзінае даследаванне па аграрным рэформам, у тым ліку і па асадніцтву, то на працягу некалькіх дзесяткаў гадоў высновы, зробленыя А.А.Сарокіным, з’яўляліся пастулатамі па вывучэнню праблемы. Важны ўклад у распрацоўку праблемы быў унесены Б.Е.Кухаравым у яго манаграфіі «Сельское хозяйство Западной Белоруссии (19191939 гг.)». Кухараў даследуе эканамічнае развіццё заходнебеларускага рэгіёна па галінах спецыялізацыі – жывёлагадоўля і земляробства. У кантэксце аграрных рэформ, як і ў манаграфіі А.А.Сарокіна, даследуецца рэформа асадніцтва. Даследчык вызначае каланізатарскі характар рэформы, аднак не ў такой радыкальнай форме, як у А.А.Сарокіна Упершыню Кухараў вызначае, што за зямельные надзелы асаднікам неабходна была плаціць шляхам крэдытнай сістэмы [4, с.16]. Заканадаўчы працэс не даследаваўся. Цэнтрам увагі ў Кухарава з’яўляецца выканаўчы працэс, прыводзяцца падлікі колькасці зерня, жывёлы і іншых агратэхнічных культур, выдзеленных асаднікам польскім урадам, характарызуецца сістэма крэдытаў, прадстаўляемых асаднікам, што падаецца аўтарам, як аснова іх  гаспадаркі. Прыводзяцца падлікі па колькасці былых ваенных, якія атрымалі асады, аднак іх памер меншы, чым у даследаванні А.А.Сарокіна [4, с.31]. Задачы і мэты ўвядзення асадніцтва не выдзяляюцца, ў выніку не характарызуецца дзейнасць асаднікаў. Храналагічны разгляд ваеннага асадніцтва адсутнічае, толькі адзначаецца, што памеры ваеннага асадніцтва пасля 1926 года павялічыліся, што супрацьпастаўляецца выснове, зробленай папярэднімі даследчыкамі [4, с.32]. Упамінанне аб грамадзянскам асадніцтве поўнасцю адсутнічае. Цэнтральнае месца ў выніку займае эканамічны падыход асадніцтва. Б.Е.Кухараў бачыць у асадніцтве адзін з новых тыпаў гаспадарак з іх сістэмай землеўладання і землекарыстання. Гістарыяграфія 80 – 90 гадоў не ўнесла змяненняў у метадалагічныя падыходы да праблемы.

У выніку атрымоўваецца, што асноўны погляд на праблему асадніцтва быў закладзены на аснове кантэкставага падыходу. Узнікае пытанне, ці можа такі погляд з’яўляцца навукова значымым і аб’ектыўным, ці ўсе ж ён патрабуе пераасэнсавання і крытычнага аналізу. Каб даць адказ на такое пытанне, трэба комплексна вывучыць праблему ваеннага і цывільнага асадніцтва.

По материалам: Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) /ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

 

Яндекс.Метрика