Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі
            (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.)

  Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі
             (Гродна, 23-24 кастрычніка 2008 г.)

                 

 

УДК 94 (476)

 А.Ф.Вырасткацяпанава)

 Грамадска-палітычная і культурная дзейнасць асаднікаў

на тэрыторыі Заходняй Беларусі

                 В статье дается обзор общестенно-политической и культурной деятельности осадников на территории Западной Беларуси в межвоенный период.

 Праблема ваеннага і цывільнага асадніцтва ў беларускай гістарыяграфіі атрымала павярхоўны і кантэкстуальны разгляд. Беларускія навукоўцы аналізавалі асадніцтва ў кантэксце аграрных рэформ, акцэнтуючы ўвагу на сацыяльна–эканамічным і ваенна–палітычным характары праблемы. Аспекты звязаныя з грамадска–палітычнай і культурнай дзейнасцю асаднікаў не былі даследаваны, што робіць іх актуальнымі для гісторыкаў сучаснага часу.

Грамадска–палітычная дзейнасць асаднікаў на «крэсах усходніх» была непасрэдна звязана, з функцыянаваннем арганізацыі «Саюз асаднікаў». Дадзеная арганізацыя была створана па ініцыятыве саміх асаднікаў у сакавіку 1922 года. Саюз па характару з’яўляўся структурным аб’яднаннем. Цэнтральнымі органамі кіравання на дзяржаўным узроўні лічыліся агульны з’езд (звычайны і надзвычайны), вярхоўная рада і галоўнае ўпраўленне. У ваяводствах кіраванне саюзам ускладвалася на ваяводскую раду. У паветах арганізоўваліся аддзелы на аснове аб’яднання таварыстваў [1, с.13]. Юрыдычнае афармленне саюза было закладзена статутам 1922 года. У гэтым дакуменце былі абазначаны і асноўныя напрамкі дзейнасці саюза: арганізацыйная – стварэнне аддзелаў і таварыстваў, інтэграцыйная – узаемасувязь паміж асаднікамі, фінансавая, юрыдычная, культурна–асветніцкая, аграрна–гандлевая, прамысловая, функцыя ваеннай падрыхтоўкі, аднак толькі ў выпадках неабходнасці.

У 1922 годзе былі створаны ваяводскія рады ў Палескім і Навагрудскім ваяводствах, паколькі менавіта там асела найбольшая колькасць асаднікаў. Па дадзеных афіцыйнай статыстыкі, на 1 ліпеня 1922 года членамі саюза з’яўляліся прыкладна 900 чалавек [2, с.15].

З цягам часу, калі на «крэсах усходніх» пачалі з’яўляцца цывільныя асаднікі. У Варшаве з 31 мая па 3 чэрвеня 1925 г. праходзіў IV з’езд асаднікаў, на якім было пастаўлена пытанне аб стварэнні агульнаасадніцкай арганізацыі, якая б аб’ядноўвала ў сваіх радах як ваенных, так і цывільных асаднікаў. Ініцыятарам уключэння цывільных асаднікаў у саюз з’яўляўся маршалак II Рэчы Паспалітай Юзаф Пілсудскі. У 1925 годзе быў прыняты новы статут саюза, аднак ён не унёс каардынальныя змены ў сферу спецыялізацыю арганізацыі.

Асноўнымі накірункамі работы арганізацыі былі гаспадарчыя справы асаднікаў. Такі падыход быў не выпадковы. Асаднікі пры перасяленні траплялі ў дастаткова складанае эканамічнае становішча, што было звязана з атрыманнем непладавітай зямлі, адсутнасцю фінансавых сродкаў для развіцця гаспадаркі. Цэнтральнае месца адводзілася пытанню рэнтабельнасці асадніцкіх гаспадарак. Саюз выдзяляў дзве формы работы ў накірунку вырашэння гэтай праблемы: надаўчыя акты на нерэнтабельныя гаспадаркі ануліраваліся, а асаднікі перасяляліся на іншыя надзелы, або перакваліфіцыраваліся па іншых спецыялізацыям. Не менш важным накірункам работы былі крэдыты, якія асаднікі выкарыстоўвалі для развіцця сваіх гаспадарак, а ў пазнейшым не маглі іх выплаціць. Саюз у крэдытнай сферы працаваў у трох накірунках: канверсія даўгоў па кароткатэрміновым крэдытам, раздзяленне ўзносаў на больш доўгі перыяд і змяншэнне па прыватным і інвестацыйным крэдытам. Такія метады вырашэння крэдытнай праблемы былі прызнаны найбольш рацыянальнымі на паседжанні Палескай ваяводскай рады 11 лістапада 1932 года. Такая эканамічная спецыялізацыя саюза прываблівала асаднікаў да ўступлення апошніх у яе рады. Асаднікі мелі магчымасць атрымаць пэўную матэрыяльную падтрымку ад дзяржавы, а дзяржава – кантраляваць асадніцкія справы.

Аднак з канца 30-х гадоў, а дакладна ад статута 17 жніўня 1929 года асноўным накірункам работы саюза была прызнана культурна–асветніцкая дзейнасць асаднікаў. Такая мадыфікацыя арганізацыі тлумачыцца тым фактам, што асаднікі занялі пазіцыю па правядзенню выключна польскай дзяржаўнасці і развіцця польскай культуры [3, с.9].

У выніку саюз ставіў перад сабой задачу арганізацыю асветніцкіх і гаспадарчых прадстаўніцтваў, грамадскіх дамоў, школ, інтарнатаў, дашкольных і прафесійных курсаў, выстаў, з’ездаў, стварэнне бібліятэк, музеяў, а таксама правядзення розных свят, якія б у сваёй аснове насілі культурна–асветніцкі характар. Была таксама пастаўлена задача і па спорту, якая заключалася ў правядзенні спаборніцтваў па розных відах, дзе ўдзельнікі павінны былі паказаць высокі ўзровень фізічнай падрыхтоўкі і тым самым пацвердзіць стан прызыўнікоў Польскай арміі ў выпадку абароны сваей дзяржавы. Ставілася задача па выданню газет і часопісаў, дзе б маглі публікавацца ўсе справаздачы па дзейнасці асаднікаў. Такі план працы знайшоў пацвярджэнне і ў статуце саюза ад 1936 года. Першы крок пры правядзенні культурна–асветніцкай дзейнасці быў накіраваны на стварэнне  грамадскіх дамоў, паколькі ў будынках такога тыпу магчыма было ажыццяўляць розныя формы работы, пачынаючы ад правядзення простых спатканняў да арганізацыі выстаў і з’ездаў. Для падтрымкі функцыянавання дамоў такога тыпу можна было прыцягваць асоб любога ўзросту. У Косаве на 1933 год меўся архітэктурны праект дома культуры пад назвай «Дом асадніка». Для рэалізацыі мэты быў створаны спецыяльны камітэт па будаўніцтву, асноўная задача якога заключалася ў зборы фінансавых сродкаў [4, с. 3]. Для ажыццяўлення культурна–асветніцкай працы ў арэнду браліся грамадскія дамы такіх арганізацый як «Саюз Стральцоў», «Арганізацыя мясцовай моладзі». Праца па функцыянаванню грамадскіх дамоў была наладжана прыкладна толькі ў 1939 годзе.

Другі напрамак быў накіраваны на стварэнне і арганізацыю бібліятэк. У рамках асветніцкай дзейнасці гэта быў адзін з асноўных накірункаў працы. На думку ініцыятараў культурна–асветніцкай палітыкі, менавіта кніга павінна была дапамагчы ў фарміраванні светапогляду асаднікаў, правільна расставіць акцэнты ў адносінах да дзяржавы і людскога жыцця. Абазначаліся і асноўныя формы работы ў гэтым накірунку: арганізацыя галосных сумесных чытанняў, а таксама правядзенне «круглых сталоў» па абмяркаванню біяграфій дзеячоў навукі і пісьменнікаў з іх творамі. Аднак такое глыбокае тэарытычнае абгрунтаванне бібліятэкарскай справы пры рэалізацыі адкрыла даволі вузкія маштабы. Да 1936 года было адккрыта толькі 42 стацыянарныя бібліятэкі [4, с. 8]. Папаўняць колькасць кніг асаднікі не мелі магчымасці, з прычыны таго, што ўласных друкарняў не было, а для закупкі патрэбны былі фінансавыя сродкі. Выхад быў знайдзены ў стварэнні рухомых бібліятэк. Так, на тэрыторыі Брэсцкага павета было сабрана каля 100 тамоў кніг, якія былі падзелены на чатыры бібліятэчныя аддзелы і павінны былі аб’ездзіць усе мясцовасці, ад якіх паступілі заявы [4, с. 1]. Усе бібліятэкі мелі магчымасць атрымоўваць такую перыёдыку, як: «Польскі салдат», «Палесская зямля», «Асаднічы бюлетэнь», «Польская газета», «Экспрэс палесскі», «Штодзённы кур’ер». Праўда, у справаздачах «Саюза асаднікаў» адзначаецца, што перыёдыка дастаўлялася з вялікім спазненнем, на 1-2 месяцы [7, с. 1].

Адной з найбольш масавых форм працы з’яўлялася правядзенне свят – як дзяржаўна–грамадскага, так і спартыўнага накірунку. З грамадскіх свят на першым месцы стаіць свята, прысвечанае памяці дня нараджэння і смерці Юзэфа Пілсудскага, свята канстытуцыі – 3 мая, свята, прысвечанае аднаўленню ІІ Рэчы Паспалітай, якое адзначалася 11 лістапада. Аднак неабходна адзначыць, што не ўсе паветы прымалі актыўны ўдзел у правядзенні мерапрыемстваў. Так, напрыклад, у Пінскім і Пружанскім паветах з 1938 па 1939 гады ўвогуле не было арганізавана ніводнага мерапрыемства з прычыны недахопа фінансавых сродкаў. У той жа час у Брэсце паспяхова было праведзена 4 – 6 чэрвеня 1938 года свята песні і спорту.

Адной з найбольш папулярных форм працы была арганізацыя  вандровак сярод навучэнцаў і студэнтаў з мэтай арганізацыі добрага адпачынку, распаўсюджання ідэалогіі польскай дзяржавы сярод крэсовай моладзі, пабуджэнне цікавасці да гісторыі, этнаграфіі, краязнаўства ў адносінах да «крэсаў усходніх», а таксама прапаганда культурна–асветніцкай дзейнасці, правядзенне выстаў, розных паказаў, арганізацыі вечарын, дзе абмяркоўваліся актуальныя праблемы. У праграме статута 1929 года акцэнт рабіўся і на развіццё спорту. У маі кожнага года праводзілася свята спорту ў форме спартакіяд. Як сведчаць арганізатары, такія мерапрыемствы павінны былі садзейнічаць устанаўленню сяброўскіх адносін паміж асаднікамі не толькі на ўзроўні павета, але і на ваяводскім. Найбольшая ўвага надавалася лёгкай атлетыцы, барацьбе, стральбе і шэрагу спартыўных гульняў. У кожным ваяводстве закладваліся трэніровачныя курсы, дзе спарцмены маглі адпрацоўваць сваё майстэрства на працягу года, каб потым дастойна прымаць удзел у спартакіядах.

Ва уставе саюза не акцэнтавалася ўвага на палітычнай дзейнасці асаднікаў. Аднак як грамадзянскія асобы яны прымалі актыўны ўдзел у палітычным жыцці дзяржавы, удзельнічалі у выбарах у сейм і сенат. Асноўная частка асаднікаў з’яўляліся прывержанцамі «Беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам» – 88 %. Нязначная колькасць асаднікаў з’яўляліся прывержанцамі партый Странніцтва–Людова і ППС у наступных суадносінах – 4 % и 1,5 % адпаведна. Неабходна адзначыць, што сярод асаднікаў былі прывержанцы партый КПЗБ і КПП, найбольшая колькасць іх была на тэрыторыі Палескага ваяводства [6, с. 4].

Нягледзячы, на усе спробы дзяржавы арганізаваць цераз саюз поўнамаштабную грамадскую работу, тым не менш у другой палове 30-х гадоў арганізацыя страчвае свае прыярытэты. На першае месца сталі высоўвацца такія арганізацыі, як «Саюз Рэзервістаў», арганізацыя «Стралец», Цэнтральны саюз мясцовай моладзі «Сеў», арганізацыя працуючай моладзі.

 

По материалам: Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) /ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

 

Яндекс.Метрика