Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі
            (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.)

  Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі
             (Гродна, 23-24 кастрычніка 2008 г.)

                 

 

УДК 329.63:378 (476)

І. А.Саракавік

 Грамадскі рух студэнцтва Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд

 У артыкуле разглядаюцца асноўныя беларускія студэнцкія арганізацыі ў Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд.

 У адпаведнасці з Рыжскім мірным дагаворам ад 18 сакавіка 1921 г. Заходняя Беларусь адыйшла да Польшчы. Яна павінна была забяспечыць свабоднае развіццё беларускай культуры, мовы, прадаставіць права арганізацыі беларускіх школ [1, с. 17]. Пра гэта гаварылася і ў Канстытуцыі Польшчы ад 21 сакавіка 1921 г.

Аднак на справе Польшча не толькі не прадаставіла нават культурнай аўтаноміі анексіраваным беларускім землям, але ажыццяўляла палітыку, накіраваную на поўнае іх далучэнне да сябе. Увяла тут свой адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. Утварыла 4 ваяводствы. За гэтай тэрыторыяй, плошча якой складала 113 тыс. кв. км (24% усёй тэрыторыі Польшчы), замацавалася неафіцыйная назва «Заходняя Беларусь». У 1931 г. тут пражывала 4,6 млн. чалавек – 13 % насельніцтва Польшчы [2, с. 421](каля 70% - беларусы, па 10% - палякі і яўрэі, па 5% - украінцы і літоўцы, 2% - рускія[3, c. 17]).

Дыскрымінацыйная палітыка польскага ўрада да насельніцтва Заходняй Беларусі праяўлялася і ў тым, што мясцовае насельніцтва не магло стаць кіраўнікамі мясцовага самакіравання. Беларусы не мелі магчымасці займаць адміністрацыйныя пасады ў органах улады і кіравання. Улада свядома насаджала каталіцкае веравызнанне, не прадастаўляючы праваслаўным магчымасці быць на дзяржаўнай службе. Многія беларусы пераходзілі ў каталіцтва, каб не страціць працу, і адразу ж лічыліся палякам.

Найбольш дыскрымінацыя закранула асвету, навуку і культуру. Да 1921 г. у Заходняй Беларусі мелася прыкладна 400 беларускіх школ, 2 настаўніцкія гімназіі і 5 гімназій. 31 ліпеня 1924 г. у сейме быў прыняты закон, у адпаведнасці з якім асноўным тыпам школы навучання стала двухмоўная. Школы нацыянальных меншасцей зачыняліся. Такая палітыка прывяла да таго, што ў 1934 г. беларускіх школ засталося толькі 16 [3, с. 423]. У 1938/39 навучальным годзе іх зусім не стала [4, с. 221]. Затое ў Заходняй Беларусі працавала 4421 агульная польская школа. Дзейнічала толькі адна беларуская гімназія ў Вільні [5, с. 467]. І не было ні адной беларускай вышэйшай навучальнай установы.

Такім чынам, польскія ўлады рабілі ўсё для таго, каб вытравіць у беларусаў нацыянальную самасвядомасць, ажыццявіць іх дэнацыяналізацыю і тым самым далучыць да пальшчызны, замацаваць беларускія землі за Польшчай. Адсюль – забарона ўсяго беларускага.

Аднак і ў такіх неспрыяльных умовах беларускае насельніцтва ў Заходняй Беларусі імкнулася развіваць сваю асвету, навуку і культуру. Не атрымліваючы матэрыяльнай падтрымкі ад дзяржавы, у якой жыло і працавала, яно на свае ахвяраванні стварала розныя ўстановы, аб»яднанні, перыядычны друк беларускай накіраванасці. Такое становішча спрыяла і развіццю беларускага грамадскага руху, у тым ліку і студэнцкага.

У навуковай літаратуры праблема грамадскага руху студэнцтва Заходняй Беларусі слаба распрацавана. А між тым яна мае пэўнае навуковае і практычнае значэнне. З аднаго боку, дазваляе паказаць адну са старонак рознастайнага жыцця беларускага народа, а з другога боку, вучыць як у складаных умовах жыццядзейнасці можна і трэба заставацца самім сабою, праяўляць гонар і годнасць, працягваць лепшыя традыцыі сваіх дзедаў і бацькоў.

Значную частку студэнцкай моладзі Заходняй Беларусі складалі былыя ўдзельнікі нацыянальнага руху, стваральнікі і прыхільнікі БНР. З-за змены палітычнага рэжыму яны вымушаны былі эмігрыраваць. Другую частку студэнцтва складалі маладыя людзі з Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі, якія сталі вучыцца ва ўніверсітэтах Варшавы, Коўна, Прагі, Вільні [6, 1935.№1 (15).С.2]. У іх яны, як правіла, утваралі свае гурткі і арганізацыі. Найбольш буйныя з іх былі створаны ў Празе, Вільні, Варшаве. У 1926 г. Аб»яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый (АБСА) у Празе было прынята ў міжнародную студэнцкую арганізацыю – СІЕ. Яго прадстаўнікі прымалі ўдзел у міжнародных студэнцкіх форумах у Рыме і Парыжы [7, с. 12 – 13].

Яшчэ ў 1915 г., калі быў адноўлены Варшаўскі ўніверсітэт, сярод яго студэнтаў з»явіліся першыя беларускія гурткі. Яны былі больш таварысцкімі, чым злучаныя адзінствам поглядаў. У 1930 г. студэнцкая моладзь утварыла «Саюз беларускіх студэнтаў у Варшаве», які наладзіў кантакты з [8, 1938. №1. С. 11 – 12].

Беларускі студэнцкі саюз (БСС) у Вільні быў утвораны ў 1920 г. пры ўніверсітэце імя Стэфана Баторыя. Ён перыядычна арганізоўваў вечарыны беларускай культуры, падрыхтоўку і заслухоўванне навуковых рэфератаў на розныя тэмы, ладзіў дыскусіі, праводзіў суботнікі, экскурсіі па наваколіцах Вільні, а таксама на Навагрудчыну. Па колькасці сваіх сяброў БСС быў малалікім. У 1937 г. у ім мелася 65 чалавек. А за ўвесь час яго існавання членамі саюза было каля 300 асоб. Кіраўніцтва яго, напрыклад у 1928 г., складалася з І. Гагалінскага – старшыня, Ст. Станкевіча – сакратар, М. Амельяновіча – скарбнік, А. Бартуля і Я. Ермаковіча – сябры [6, с. 23].

Другой студэнцкай арганізацыяй пры Віленскім універсітэце было Таварыства прыяцелей беларусаведаў. Мэта – навуковая праца ў розных галінах беларусазнаўства. Кіраўнікамі яго ў 1937 г. былі А. Шукелойць – старшыня, а таксама В. Жукоўская, М. Смаршчок, Ст. Нарушэвіч.

Студэнцкія арганізацыі імкнуліся наладзіць асветна-культурную дзейнасць у розных паветах Заходняй Беларусі. З гэтай нагоды БСС накіраваў рэктару Віленскага ўніверсітэта 30 просьбаў на дазвол чытаць навукова-папулярныя лекцыі ў 10 паветах. Хоць рэктар і падтрымаў просьбу Беларускага студэнцкага саюза, але канчатковы дазвол уладаў не быў атрыманы [8, 1937. №4. С. 80 – 82].

Беларускі студэнцкі саюз у сваёй дзейнасці не замыкаўся ў секту, а падтрымліваў стасункі з іншымі студэнцкімі фарміраваннямі, найперш з украінскімі. На гэта паўплывалі і пазітыўныя сувязі ўкраінскіх і беларускіх студэнтаў у Празе. Справа ў тым, што там у 1922 г. быў утвораны Цэнтральны саюз украінскага студэнцтва – ЦэСУС. Там жа дзейнічала АБСА. Яно сумесна з ЦэСУС стварыла супольны Дапамагаўчы камітэт. Паміж двумя арганізацыямі назіраліся сталыя абмены часопісамі, частыя супольныя ўкраінска-беларускія сходкі [7, с. 11 – 12]. 21 студзеня 1927 г. у Празе беларускія і ўкраінскія студэнты на агульным сходзе прынялі, а затым распаўсюдзілі ў друку пратэст супраць тэрору ў Польшчы [9, с. 75 – 76].

Гэтыя кантакты ў Чэхаславакіі станоўча паўплывалі і на беларуска-украінскія студэнцкія кантакты ў Заходняй Беларусі. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць артыкул старшыні Аб»яднання ўкраінскіх студэнцкіх арганізацый у Празе В. Арэлецкага ў часопісе беларускага студэнцтва ў Вільні «Студэнцкая думка» [6, с. 11 – 13].

Студэнцкія суполкі ў Вільні перыядычна ладзілі вечарыны, на якія запрашалі сваіх гасцей. Адна з такіх таварысцкіх вечарын адбылася 10 лютага 1929 г. у памяшканні Літоўскага студэнцкага саюза. У ёй прынялі ўдзел літоўскія, беларускія і ўкраінскія студэнты. На вечарыне выступілі прадстаўнікі студэнцкіх саюзаў: літоўскага – Блажыс, беларускага – А. Бартуль, украінскага – Сагайка. Слухачы азнаёміліся з выступленнем украінскага студэнта Вацыка «Адраджэнскі ўкраінскі рух». Затым адбылася дэкламацыя вершаў і выкананне песняў на роднай мове. А пасля – гульні, карагоды, танцы [6, 1929.№1 (11). С. 34 – 35].

У 1930/31 навучальным годзе ўжо Беларускі студэнцкі саюз, у якім тады было каля 90 сяброў, наладзіў пры Віленскім універсітэце супольны беларуска-літоўска-украінскі студэнцкі бал [6, 1935. №1 (15). С. 24].

Удзельнікі беларускага студэнцкага руху прымалі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні ў Вільні грамадска значымых акцый - дней беларускай культуры, юбілеяў па выпадку ўтварэння Таварыства беларускай школы, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, Беларускага музея імя І. Луцкевіча, а таксама з нагоды нараджэння ці смерці вядомых асоб. Так, 13 снежня 1936 г. у Вільні быў урачыста адзначаны дзень беларускай культуры ў зале літоўскай гімназіі імя Вітаўта. У святкаванні прынялі ўдзел вядомыя грамадскія і культурныя беларускія дзеячы ў Заходняй Беларусі: С. Паўловіч, А. Станкевіч, М. Машара, М. Танк, Р. Шырма, А. Клімовіч, П. Сергіевіч, Я. Пазьняк, Я. Шутовіч, М. Канцэлярчык [8, 1937. №2-3. С. 38].

У 1937 г. у Вільні быў праведзены вечар, прысвечаны творчасці Н. Арсенневай, заслуханы рэфераты П. Засіма аб становішчы беларускага сялянства ў ХІХ ст. і В. Пакуцэвіча аб Казіміры Шафнаглі [8, 1937. №2-3. С. 61]. 3 сакавіка гэтага ж года ў Віленскай беларускай гімназіі адбыўся канцэрт з удзелам скрыпачоў і віаланчэлістаў, жаночых хораў гімназіі і пад кіраўніцтвам Р. Шырмы. Там жа праз адзінаццаць дзён быў праведзены вечар паэзіі А.С. Пушкіна [8, 1937. №4. С. 88].

10 снежня 1938 г. заходнебеларуская грамадкасць адзначыла 15 – годдзе творчай працы  Р. Шырмы на беларускай музычнай ніве. Дзеля гэтага ў вялікім універсітэцкім зале імя Снядэцкіх сабралася больш за паўтысячы чалавек. Быў арганізаваны Беларускім студэнцкім саюзам вялікі ўрачысты канцэрт з удзелам выдатнага беларускага опернага тэнара Міхася Забэйды-Суміцкага, які да гэтага часу быў з гастролямі ў Таліне і Рызе, і беларускага студэнцкага хора пад кіраўніцтвам Р. Шырмы [8, 1938. №4-5. С. 98].

Такім чынам, выкладзены матэрыял дазваляе заключыць, што ў 1921 – 1939 гг. назіраўся пэўны грамадскі рух студэнцтва Заходняй Беларусі. Як бачна, ён у сваёй большасці не прадугледжваў палітычных і ідэалагічных мэт, а быў накіраваны на падтрыманне і развіццё беларушчыны ў неспрыяльных умовах польскай санацыі для беларускай нацыянальнай культуры,  знаёмства з культурай суседніх брацкіх народаў.

По материалам: Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) /ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!