Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі
            (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.)

  Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі
             (Гродна, 23-24 кастрычніка 2008 г.)

                 

 

УДК 329.1 (1921-1939 гг.)

 С.М.Грэсь

 Аграрнае пытанне у праграмах беларускіх і польскіх палітычных партый (1921 1939 гг.)

 В статье рассмотрены основные подходы белорусских и польских политических партий по решению важнейшего для населения региона аграрного вопроса.

  Падпісанне Рыжскіх пагадненняў 18 сакавіка 1921 г. паміж прадстаўнікамі Польшчы, РСФСР, УССР азначала, што савецка-польская  вайна спынена. Паводле дамовы, частка заходнебеларускіх зямель апынулася ў складзе новай дзяржавы. Унутраная гаспадарка адрознівалася вузкасцю, беспрацоўем гарадскога насельніцтва, малазямеллем і беднасцю вясковага сялянства.

У такіх умовах у Заходняй Беларусі фарміруецца цэлы шэраг палітычных партый і арганізацый, якія выказваюць у сваіх праграмах адносіны да аграрных рэформ, якія пачаў праводзіць польскі ўрад.

Вострыя дыскусіі вакол аграрнага пытання адбываліся ў вышэйшым заканадаўчым органе Польшчы – сейме. Так, на выбарах у І сейм у лістападзе 1922 г. па спісу блока нацыянальных меншасцей № 16 ад Беларусі было абрана 14 прадстаўнікоў (11 паслоў) і 3 сенатары – Вячаслаў Багдановіч, Аляксей Назарэўскі, Аляксандр Уласаў. Беларускія дэпутаты у сейме стварылі парламенцкую групу «Беларускі пасольскі клуб» (БПК) [6, с. 224].

23 студзеня 1923 г. Б.Тарашкевіч зачытаў у сейме патрабаванні БПК: «...неадкладнае спыненне штучнай каланізацыі, ліквідацыя ваеннага асадніцтва; увядзенне ў жыццё зямельнай рэформы, якая б забяспечвала інтарэсы мясцовага беззямельнага і малазямельнага насельніцтва» [11, с. 12]. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці БПК былі працы ў сеймавых камісіях, выступленні з сеймавай трыбуны з патрабаваннямі да польскай улады аб спыненні яе незаконных дзеянняў на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

У 1925 годзе ўнутры БПК абвастрыліся рознагалоссі паміж левымі і правымі часткамі клуба. Правая частка імкнулася шляхам парламенцкай барацьбы дабіцца аўтаноміі Заходняй Беларусі ў рамках Польшчы. Левая лічыла, што з усталяваннем у Польшчы рабоча-сялянскай улады пытанне аб аўтаноміі адпадзе. У выніку арганізацыйнага расколу ў сейме і сенаце былі створаны радыкальная Беларуская сялянска-работніцкая Грамада (БСРГ) і Беларускі сялянскі саюз (БСС) [5, с. 10].

Партыі маёмасных класаў і згодніцкія партыі ў рэшце рэшт дамовіліся паміж сабой і ў інтарэсах зямельных і фінансавых магнатаў выступілі за правядзенне аграрных рэформ зверху з выкупам памешчыцкай зямлі за грошы. Перш за ўсё да гэтай групы партый належала ПСЛ-Пяст, на чале якой стаяў В.Вітас. Гэтая партыя імкнулася стрымаць сялянскі рух, не дапусціць аграрных пераўтварэнняў рэвалюцыйным шляхам. У праграме ПСЛ-Пяст па аграрным пытанні было запісана:  «...Партыя актыўна выступае за рэформу, за паскарэнне тэмпаў парцэляцыі як аднаго са спосабаў рэформы, за выдзяленне доўгатэрміновых крэдытаў, за памяншэнне колькасці дробных гаспадарак за кошт надзялення іх зямлёй. Аднак не трэба спяшацца і адбіраць зямлю ў таго, у каго яна знаходзіцца ў прыватнай уласнасці...» [13, с. 1 – 37].

Больш радыкальнай была праграма польскай партыі ПСЛ-Вызваленне. Аснову гэтай партыі складалі заможныя сяляне, сераднякі і частка інтэлігенцыі. Яе лідэрам быў Таўгут, які ўваходзіў ва ўрад У.Грабскага ў 1924 г. Партыя выступала за развіццё рэнтабельных гаспадарак. Яе праграма, прынятая ў 1923 годзе, была больш радыкальнай, чым праграма папярэдняй партыі. Так, у адным з артыкулаў, у якім характарызавалася аграрная палітыка партыі, была выказана думка аб неабходнасці правядзення рэформы без выплаты кампенсацыі памешчыкам. Ім дазвалялася мець максімум зямлі: у прамысловых раёнах – 30 га, на вёсцы – 60 га. Лясы, вада, карысныя выкапні павінны былі належаць дзяржаве. У палітычным плане, для прыцягнення на свой бок беларускага і ўкраінскага насельніцтва, партыя выступала з папулісцкім лозунгам аб прадстаўленні аўтаноміі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне. У 1924 г. з ПСЛ-Вызвалення выдзелілася левае крыло. Яно ўтварыла самастойную Незалежную сялянскую партыю, якая апынулася пад ідэйным уплывам камуністычнай партыі [13, с. 1-37].

Лагер партый, якія падтрымлівалі федэрацыйную пабудову польскай дзяржавы, складалі сацыялісты, якія выступалі за самавызначэнне ўкраінскага, беларускага і літоўскага народаў. Імкнучыся захаваць свой уплыў у грамадстве, ППС выказвалася за раздзяржаўленне вялікіх гаспадарак з выдзяленнем дзяржаўных і гмінных зямель, за аўтаномію беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх зямель у складзе Польшчы, выступала за надзяленне малазямельных і беззямельных сялян зямлёй, а таксама стварэнне кааператываў праз камасацыю, меліярацыю і крэдыты. Аднак, нягледзячы на такую праграму, ППС стрымлівала памкненні вяскоўцаў ад самавольных дзеянняў і заклікала чакаць прыняцця законаў сеймам. Тым самым яна імкнулася стрымаць жаданне сялян хутчэй набыць зямлю [14].

Першапачаткова ўсе партыі «сялянскага лагера» выступалі ў падтрымку федэралізму як ідэальнага дзяржаўнага ладу, які дазволіў бы вырашыць праблемы нацыянальных меншасцей на далучаных тэрыторыях. 9 лютага 1919 года Саюз польскіх паслоў-сацыялістаў выступіў з маніфестам, у якім выказваўся за ўтварэнне «цеснага саюза з незалежнымі Літвой і Беларуссю» [15, с. 133]. Прадстаўнікамі ППС выказваліся прапановы і аб стварэнні на тэрыторыі Літвы і Беларусі  сваёй арміі, палітычных структур. З вуснаў лідэраў ППС гучала і прапанова аб вывадзе з тэрыторыі Літвы і Беларусі польскіх і савецкіх войскаў і аб неабходнасці прадставіць дадзеным тэрыторыям права на самавызначэнне пад міжнародным кантролем.

Найбольш уплывовай беларускай палітычнай арганізацыяй у Заходняй Беларусі была Беларуская сялянска-работніцкая грамада, арганізаваная беларускімі дэпутатамі Б.Тарашкевічам, П.Мятлой, С.Рак-Міхайлоўскім і П.Валошыным ў польскім сейме ў 1925 г. Праграма БСРГ (прынята 12 мая 1926 г.) змяшчала асноўныя дэмакратычныя і сацыялістычныя патрабаванні: самавызначэнне Заходняй Беларусі і аб'яднанне ўсіх беларускіх зямель у рэспубліку сялян і рабочых, устанаўленне дэмакратычных свабод, 8-гадзіннага рабочага дня, нацыянальнай роўнасці і навучання на роднай мове, свабоды сумлення, вызвалення палітычных зняволеных. У аграрным пытанні БСРГ выступала за канфіскацыю памешчыцкіх і царкоўных зямель, пераход іх ва ўласнасць дзяржавы і падзел без выкупу паміж малазямельнымі сялянамі і парабкамі. Да аграрных рэформ польскага ўрада БСРГ адносілася даволі варожа, патрабуючы скасавання законаў аб асадніцтве. Галоўным сродкам вызвалення Заходняй Беларусі з-пад прыгнёту Польшчы грамада лічыла адкрытую барацьбу народных мас з эксплуататарамі на аснове саюза рабочага класа і працоўнага сялянства [8].

Наступнай па ўплывовасці легальнай партыяй лічыцца Беларуская хрысціянская дэмакратыя, перайменаваная ў 1936 г. у Беларускае нацыянальнае аб'яднанне, якое дзейнічала на тэрыторыі Заходняй Беларусі да сярэдзіны 20-х г. пад назвай Хрысціянская дэмакратычная злучнасць (ХДЗ). Заснаванне ХДЗ садзейнічала актывізацыі грамадска-палітычнай дзейнасці каталіцкага насельніцтва і духавенства непасрэдна на заходнебеларускіх землях. 13 красавіка 1931 года адбыўся з’езд БХД, у якім прынялі ўдзел 100 дэлегатаў. З’езд выпрацаваў наступную праграму па аграрным пытанні:

«1) стварэнне ўмоў для развіцця беларускай прамысловасці, кааперацыі;

2) правядзенне справядлівай зямельнай рэформы: спыненне распаўсюджання польскага асадніцтва і каланізацыі;

3) зніжэнне падаткаў» [13, с. 1 – 37].

Усе праграмы (а іх было 5) паслядоўна адстойвалі асновы дэмакратычнага ладу, у тым ліку прыватную ўласнасць. Палажэнні праграм былі наступныя:

1.      самастойнасць беларускага народа на ўсіх землях;

2.      перадача зямлі ва ўласнасць і без выкупу беззямельным і малазямельным сялянам, арганізацыя кааператываў, кас узаемадапамогі;

3.      абмежаванне буйной зямельнай уласнасці праз падаткаабкладанне;

4.      падзел дзяржаўнай зямлі з мэтай стварэння малой уласнасці.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічалі дзве партыі, якія выйшлі з-пад крыла БСГ: Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (у 1920 г., па дадзеных кіраўнікоў партыі, налічвала каля 20 тыс. членаў) і Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў (у 1919 г. налічвала каля 2 тыс. членаў) [1, с. 420]. Першая з іх прадстаўляла інтарэсы беларускага сялянства, выступала за адмену прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, у тым ліку на зямлю, выкарыстанне наёмнай працы, за развіццё ўсіх відаў кааперацыі, нацыяналізацыю буйной прамысловасці і г.д. У 1924 годзе партыя самараспусцілася. БПС-Ф займала цэнтрысцкія пазіцыі, у час польскай акупацыі ўступіла ў блок з партыяй беларускіх эсэраў. Выступала за скасаванне буйнога землеўладання і паступовую нацыяналізацыю прамысловасці, рабіла стаўку на сярэднія слаі вёскі і горада. У Заходняй Беларусі асобныя яе групы дзейнічалі да сярэдзіны 20-х г. [1, с. 421].

Найбольш уплывовай нелегальнай партыяй была Камуністычная партыя Польшчы (КПП) і яе састаўныя часткі – Камуністычная партыя Заходняй Беларусі і Камуністычная партыя Заходняй Украіны. Аб уплыве КПЗБ сведчаць выступленні, якія адбыліся пад яе кіраўніцтвам. Камуністычная партыя арганізавала выступленні супраць зборшчыкаў падаткаў у вёсцы Мыслава Слонімскага павета. Так, найбольш значным выступленнем сялян было Асташынскае. З сярэдзіны жніўня 1937 г. адбылася сялянская забастоўка па ўсёй Польшчы [6, с. 155]. У студзені 1925 г. III з’езд КПП прыняў аграрную праграму, якая стала асноўнай пры выбары стратэгіі барацьбы. Яе асноўнымі патрабаваннямі былі:

1) канфіскацыя ўсёй памешчыцкай і царкоўнай зямлі без кампенсацыі і бясплатнае надзяленне ёю беззямельных і малазямельных сялян;

2) утварэнне рэвалюцыйных сялянскіх камітэтаў для бясплатнага надзялення сялянства зямлёй.

Гэта праграма была асноўнай у партыйнай тактыцы ў вёсцы на ўвесь астатні перыяд. Камуністычная партыя Заходняй Беларусі з моманту свайго заснавання вялікую ўвагу надавала сялянскаму пытанню. У студзені 1926 г. адбылася III канферэнцыя КПЗБ. Яна прыняла «Тэзісы аб задачах партыі ў вёсцы». Гэтым быў пакладзены пачатак выпрацоўкі аграрнай праграмы партыі на марксісцка-ленінскіх прынцыпах [10, с. 138]. У рэзалюцыі канферэнцыі гаварылася: «Асноўнымі лозунгамі партыі для мабілізацыі сялянскіх мас пад свае сцягі павінны быць: зямля без выкупу, нацыянальнае вызваленне, рабоча-сялянскі ўрад, створаны рэвалюцыйным шляхам, і рабоча-сялянскі саюз» [10, с. 139].

Канферэнцыя вызначыла так званыя частковыя патрабаванні, або лозунгі паўсядзённай барацьбы супраць асадніцтва і парцэляцыі, супраць падаткаў і шарваркаў, за вызваленне ад падаткаў найбяднейшага і сярэдняга сялянства і пераклад падаткаў на маёмасныя класы, за прадстаўленне сялянам доўгатэрміновых крэдытаў, будаўнічых матэрыялаў і г.д.

Значную ролю ў нацыянальна-дэмакратычным руху паўночна-ўсходніх зямель Польшчы адыгрывала Таварыства беларускай школы, якое было створана ў 1921 г. як легальная культурна-асветніцкая арганізацыя, аб’ядноўвала ў канцы 20-х – пачатку 30-х гадоў амаль 30 тысяч актывістаў. Статут ТБШ быў зацверджаны ў ліпені 1921 г. [12, с. 489]. У ім абвяшчалася мэта Таварыства – «пашыраць і дапамагаць асвеце ў беларускім нацыянальным, людскім і хрысціянскім духу..., развіццё беларускіх школ і беларускай асветы наогул» [12, с. 489], што падразумявала барацьбу за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне, у тым ліку справядлівае вырашэнне аграрнага пытання.

Адной з самых масавых і актыўных маладзёжных арганізацый міжваеннага часу ў Польшчы і Заходняй Беларусі быў Саюз сялянскай моладзі (ССМ). Як сведчаць архіўныя крыніцы, найбольшую актыўнасць ён праяўляў на тэрыторыі Віленскага і Палескага ваяводстваў. Колькасны склад арганізацыі прасачыць вельмі цяжка па прычыне непастаянства арганізацыйных структур. Так, па Палескаму ваяводству ў 1932 г. у ім налічвалася 6000 членаў, па Віленскаму і Навагрудскаму ваяводствах масавай работай былі ахоплены 25000 членаў [6, 48]. Як сведчыць польская гістарыяграфія, агульная колькасць  членаў ССМ на ўсёй тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай у 1938 г. дасягнула 170 000 членаў [6, с. 61].

Нягледзячы на тое, што Саюз дэклараваў сваю апалітычнасць, яго дзейнасць развівалася ў русле ўрадавай палітыкі. Менавіта праз ССМ польскія ўлады «растлумачвалі» маладым вяскоўцам палітыку санацыі і паланізацыі. Вельмі часта ініцыятарамі стварэння гурткоў ССМ выступалі прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі. Аб тым, што ССМ быў апорай улад у заходнебеларускай вёсцы, сведчыць дзейнасць гуртка, створанага польскім настаўнікам у 1929 г. у вёсцы Пасінічы Слонімскага павета. АК КСМЗБ пісаў, што члены гэтага гуртка актыўна супрацоўнічалі з паліцыяй. Яна нават дапамагала ім зброяй [9, с. 38].

На тэрыторыі Польшчы дзейнічаў таксама шэраг незалежных партый, якія сваёй палітычнай платформай нагадвалі КПП: Незалежная Сацыялістычная партыя працы, яўрэйская левая партыя «Паалей-Цыён» (актывісты). Гэтыя партыі, нягледзячы на іх падабенства з КПП, часта ўступалі з ёй ў дыскусіі і крытыкавалі яе.

Такім чынам, трэба адзначыць, што на тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічала даволі значная колькасць палітычных партый рознага накірунку. Так, першай спробай палітычнай легальнай барацьбы было стварэнне Беларускага пасольскага клуба, а ў 1926 – 1927 гг. магутнай нацыянальна-вызваленчай арганізацыі – Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У 1928 – 1930 гг. прадпрымалася спроба стварыць па прыкладу Грамады новай арганізацыі – «Змагання». Але да 1930 г. левае крыло вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі было разгромлена. Легальную дзейнасць працягвалі толькі цэнтрысцкія і кансерватыўныя беларускія палітычныя партыі і культурна-асветніцкія арганізацыі. На працягу 1921 – 1937 гг. у ліку вядучых культурна-асветніцкіх арганізацый было Таварыства беларускай школы.

Праўрадавыя партыі не хацелі заўважаць тых праблем, з якімі сутыкаліся органы ўлады пры правядзенні рэформ, цэнтрысцкія партыі не падвяргалі рэзкай крытыцы рэфармацыйныя мерапрыемствы з-за боязні выклікаць на сябе «агонь» урада і, як следства, забарону легальнай дзейнасці; левыя партыі былі так заняты барацьбой за прыхільнікаў, што часам не заўважалі таго, што робіцца навокал. Акрамя таго, партыі, якія знаходзіліся на паўлегальным або нелегальным становішчы, не маглі быць дапушчаны да абмеркавання рэформ на старонках перыядычнага друку.

Падводзячы вынік аналізу аграрнага пытання ў праграмах польскіх і беларускіх палітычных партый і арганізацый, якія дзейнічалі на землях Заходняй Беларусі, трэба адзначыць, што ўсе яны лічылі неабходным крытыкаваць у сваіх палітычных праграмах аграрныя пераўтварэнні ў Польшчы. Праводзячы аналіз партыйных праграм, можна выдзеліць тры асноўныя накірункі іх рэалізацыі:

1. Праекты, зарыентаваныя на ўрадавую аграрную праграму, якія ў той ці іншай ступені падтрымлівалі яе (БХД, БСС, Цэнтрасаюз, ПСЛ-Пяст і іншыя дробныя партыі).

2. Праекты, якія стаялі ў апазіцыі да ўрада, у прынцыпе схільныя да рэформ у сельскай гаспадарцы, але з пэўнымі агаворкамі (ППС, ПСЛ «Вызваленне», БСДП, «Клуб працы» і інш.).

3. Праекты партый, якія не згаджаліся з польскім панаваннем, а таксама не прымалі рэформ у сельскай гаспадарцы, праводзімых польскім урадам (КПП, КПЗБ, БСРГ і інш.).

Першая група лічыла гістарычна нармальным уваходжанне Заходняй Беларусі ў склад Рэчы Паспалітай, растлумачваючы гэта аб’ектыўным гістарычным працэсам. Менавіта ў гэтым партыі бачылі выхад з эканамічнага і палітычнага крызісу.

Другая група партый таксама стаяла на эвалюцыйных пазіцыях развіцця дзяржаўнасці на Беларусі пад ўплывам Польшчы, аднак яны не адвяргалі і пэўных рэвалюцыйных змяненняў, праўда, з некаторымі агаворкамі. Гэтыя дзве групы партый былі даволі папулярнымі на землях Заходняй Беларусі. На выбарах у I сейм Рэчы Паспалітай яны разам сабралі  263 997 галасоў [5, с. 5]. Менавіта гэты факт сведчыць, што палітыка, праводзімая гэтымі партыямі, лаяльна ўспрымалася насельніцтвам.

Трэцяя група партый сацыялістычнай арыентацыі пачала працаваць яшчэ з 1918 г. (КПП), аднак сілу і моц набывала паступова. У 1923 г. адбыўся ІІ з’езд КПП, на якім была прынята праграма аб барацьбе за перадачу зямлі ў рукі сялян. Таму ў праграмах КПП і КПЗБ сялянства бачыла выхад з тупіка.

Польскія палітычныя партыі не былі зацікаўлены ў справядлівым вырашэнні пытанняў, звязаных з надзяленнем заходнебеларускага сялянства зямлёй, разглядаючы гэтую тэрыторыю як уласнапольскую. 

Беларускія нацыянальныя партыі не маглі аказаць вялікага ўплыву на польскі ўрад, бо амаль не былі прадстаўлены ў заканадаўчых органах улады. Аднак можна адзначыць вялікі ўплыў БСРГ на развіццё палітычнай самасвядомасці беларускага селяніна. Грамада ператварылася ў самую масавую палітычную арганізацыю не толькі Заходняй Беларусі, а нават і Польшчы.

 

По материалам: Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) /ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

 

Яндекс.Метрика