Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі
            (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.)

  Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі
             (Гродна, 23-24 кастрычніка 2008 г.)

                 

 

 

УДК 329.15 (476)(1923-1938 гг.)

 В. П. Гарматны

КПЗБ і сялянскі рух Заходняй Беларусі (1923-1938 гг.)

 В статье расммотрены основные направления деятельности КПЗБ по решению аграрного вопроса в регионе в межвоенный период.

У канцы кастрычніка 1923 г. у Вільні на скліканай Цэнтральным Камітэтам Камуністычнай партыі Польшчы (ЦК КПП) канферэнцыі было прынята рашэнне аб стварэнні Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) як тэрытарыяльна аўтаномнай арганізацыі ў складзе КПП, акрамя таго, абраны ЦК КПЗБ: С.А.Мертэнс (Скульскі), С.Т.Міллер, С.А.Дубовік, Тамашэўскі («Стары») і А.Буксгорн. На момант стварэння ў партыйных арганізацыях КПЗБ налічвалася 528 чалавек [3, с. 309]. Асобнай праграмы і статута КПЗБ не мела, бо падзяляла праграмныя ўстаноўкі КПП.

КПЗБ паставіла на сваёй мэце барацьбу за стварэнне ўрада рабочых і сялян, за перадачу сялянам зямлі без выкупу, за самавызначэнне Заходняй Беларусі і яе ўз`яднанне з БССР, таму камуністы сталі актыўнымі арганізатарамі, удзельнікамі і кіраўнікамі барацьбы працоўных за свае нацыянальныя і сацыяльныя інтарэсы. Большасць насельніцтва Заходняй Беларусі ў гэты час складала менавіта сялянства, у сувязі з чым з асаблівай вастрынёю паўстала пытанне аб актыўнай і паслядоўнай працы КПЗБ у вёсцы і аб кіраўніцтве сялянскім рухам [5, с. 46].

На сваім І з`ездзе (28 чэрвеня – 25 ліпеня 1928 г.) КПЗБ паставіла галоўнымі задачамі:

«а) мабілізацыю… беднаты… на барацьбу супраць памешчыкаў і фашысцкай дыктатуры…;

б) арганізацыю мас і кіраўніцтва барацьбою… супраць фашыскай дыктатуры, памешчыкаў, капіталістаў, асаднікаў і кулакоў;

в) выкрыццё памешчыцка-капіталістычнага характару фашысцкай палітыкі ў вёсцы…;

д) умацаванне і паглыбленне свайго ўплыву сярод асноўных мас сялянства, у першую чаргу сярод бядняцкіх мас» [4, с. 156 – 157].

Сялянскі рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд можна падзяліць на тры наступныя этапы:

1.                 Перыяд арганізацыі і станаўлення сялянскага руху і вызначэння яго

асноўных мэт і задач, пачатак партызанскага руху (1921 – 1928 гг.);

2.                 Нацыянальна-вызваленчы рух у перыяд сусветнага эканамічнага

крызісу (1929 – 1933 гг.);

3.                 Сялянскі рух у гады нарастання пагрозы вайны і ліквідацыі КПП-

КПЗБ (1934 – верасень 1939 гг.) [2, с. 125].

Актыўную ролю ў арганізацыі і кіраўніцтве сялянскім рухам на працягу свайго існавання ажыццяўляла менавіта КПЗБ (1923 – 1938 гг.). Неабходна падкрэсліць, што асабліва шмат месца крытыцы і зрыву аграрнай палітыкі польскага ўрада адводзіла газета «Чырвоны сцяг» – цэнтральны орган КПЗБ.

Перш за ўсё трэба адзначыць, што па закліку Косаўскага райкама КПЗБ у Косава (Палескае ваяводства) 3 лютага 1927 г. на дэманстрацыю пратэсту супраць разгрому ўрадам БСРГ сабралася звыш 1500 сялян, якія пад чырвонымі сцягамі правялі мітынг. Атрады самаабароны прагналі паліцыю, якая ў адказ адкрыла агонь. Забіты сяляне М.Еўтух, І.Ракевіч, П.Гаўрус, М.Таптала, І.Кучук, С. Верабей, некалькі дзесяткаў паранена. Пахаванне забітых перарасло ў магутную маніфестацыю пратэсту супраць рэжыма Ю. Пілсудскага.

Асабліва ўпартай і працяглай была барацьба сялян вёскі Баранава Гродзенскага павета Беластоцкага ваяводства, якая ішла пад кіраўніцтвам камуністаў на працягу больш двух гадоў (1930 – 1932 гг.). Члены мясцовай ячэйкі КПЗБ і камсамольцы актыўна агітавалі сялян супраць правядзення ў вёсцы камасацыі (хутарызацыі), якая па іх словах была накіравана на ўзбагачэнне заможных сялян. Пад уплывам камуністаў сяляне вёскі Баранава вясною 1931 г. не дапусцілі землямера да правядзення патрабуемых работ. Улады паспрабавалі наняць рабочых у навакольных вёсках, але сялянскі камітэт распаўсюдзіў лістоўкі, у якіх заклікаў сялян не ісці на працу ў Баранава. Гродненскі акруговы камітэт КПЗБ заклікаў усіх сялян павета дапамагчы бунтуючым жыхарам Баранава. У выніку ў вёсцы фактычна была ўведзена асаднае становішча, сялянам забаранялася збірацца вечарамі.

4 снежня 1932 г. у Баранава адбыўся мітынг, на які сабраліся каля 500 сялян. Паліцыя не асмелілася разагнаць сходку. Член КПЗБ выступіў з прамовай, у якой заклікаў сялян да стойкасці, пасля гэтага сяляне пашыхаваліся ў калону і са спяваннем рэвалюцыйных песень пайшлі ў поле, дзе знішчылі межавыя знакі. На наступны дзень паліцэйскія правялі ў вёсцы «пацыфікацыю» (уціхамірванне) сялян, а таксама арышты членаў мясцовай камуністычнай ячэйкі. 6 снежня 1932 г. на кірмашы ў Індуры выступіў актывіст Янчанюк, які заклікаў сялян ісці да пастарунка і сілай вызваліць арыштаваных. У вёсцы ізноў прайшлі масавыя арышты актывістаў выступлення [5, с. 160 – 162].

У адказ на неправамерныя дзеянні паліцыі сяляне стваралі атрады самаабароны, а месцамі нават станавіліся на шлях партызанскай барацьбы. У сакавіку 1932 г. адбылося ўзброенае выступленне сялян вёскі Асташына Навагрудскага павета, якія спалілі маёнткі памешчыка, сядзібы мясцовага асадніка і гандляра за тое, што яны куплялі на аукцыёне канфіскаваныя ў сялян за нявыплату падаткаў пажыткі. Паліцыя арыштавала завадатараў выступлення, але сяляне пад кіраўніцтвам свайго камітэта адбілі іх, захапілі зброю і пачалі перастрэлку з паліцыяй. Улады жорстка расправіліся з паўстанцамі: паводле прысуда надзвычайнага суда 5 ліпеня 1932 г. сяляне І.Бахар, А.Гаўраш, А.Малец, В.Стасевіч павешаны, пяць чалавек атрымалі пажыццёвае зняволенне, 44 чалавекі атрымалі па 5-6 гадоў турмы [1, с. 429].

Самым вядомым выступленнем сялян Заходняй Беларусі стала «Навасёлкаўскае паўстанне сялян» 1933 г. 25 ліпеня 1933 г. у вёску Ляплёўка Кобрынскага павета прыехаў секвестратар з трыма паліцэйскімі і стаў забіраць за нядоімкі каштоўную маёмасць і жывёлу. Сяляне прагналі паліцэйскіх, але, пакідаючы вёску, тыя адкрылі агонь і смяротна паранілі камуніста Лявона Баганскага. Ноччу ў Ляплёўку прыбыў атрад паліцэйскіх і правёў пацыфікацыю («уціхамірванне сялян»). Брэсцкі акруговы камітэт КПЗБ прыняў рашэнне ў адказ на гэта правесці паход сялян на бліжэйшы маёнтак братоў Марачэўскіх. Вечарам 3 жніўня 1933 г. узброеная група сялян некалькіх вёсак Кобрынскага павета разграміла двары асаднікаў хутара Бельск і захапіла там толькі рэвальвер, наган, вінтоўку, шаблю, сядло – такім чынам, чуткі аб небывалым узбраенні асаднікаў аказаліся перабольшанымі. Больш за сто ўзброеных сялян рушылі на пастарунак у вёсцы Навасёлкі, дзе на некалькі гадзін завязалася перастрэлка з прадстаўнікамі праваахоўчых органаў. На досвітку падыйшоў атрад паліцыі з Брэста, з дапамогай якога ўлады падавілі паўстанне. Вайскова-палявы суд у Кобрыне прысудзіў 8 сялян да смяротнай кары, а Рэгіну Каплан («Валю», сакратара Брэсцкага акруговага камітэта КПЗБ) трохі пазней да 15 гадоў турэмнага заключэння. З-за масавага пратэсту грамадскасці мера пакарання зменена на пажыццёвае зняволенне [5, с. 201 – 203].

3 жніўня 1933 г. сяляне вёскі Вялікія Радванічы Кобрынскага павета Палескага ваяводства разграмілі некалькі сядзіб асаднікаў, забралі зброю, сапсавалі тэлеграфную сувязь і на працягу некалькіх гадзін трымалі ў асадзе пастарунак у Навасёлках. Кобрынскі павет абвешчаны на асадным становішчы, раніцай 4 жніўня паліцыя атрымала падмацаванне з Брэста і разагнала сялян. Завадатары выступлення аддадзены пад вайскова-палявы суд, але ў іх абарону выступілі працоўныя Заходняй Беларусі [2, с. 127].

Шырокую вядомасць атрымала барацьба нарачанскіх рыбакоў (пачалася вясной 1935 г.) супраць намеру ўлад пазбавіць сялян права свабоднага лову рыбы, а таксама за павелічэнне сваёй зарабатнай платы. Улады вымушаны былі ўступіць і не адважыліся пайсці на рэпрэсіі.

У першамайскіх дэманстрацыях 1937 г. у многіх заходнебеларускіх гарадах разам з рабочымі ўдзельнічалі беспрацоўныя, рамеснікі, сяляне. Дэманстрацыі праходзілі пад лозунгам адзінага фронту: у іх сумесна ўдзельнічалі члены КПЗБ, ППС-лявіцы, Бунда, Паалей-Цыёна, але ўдзельнікам выступлення не хапала арганізаванасці. У жніўні 1937 г. пачалася агульнапольская забастоўка сялян, якая ахапіла каля 10 мільёнаў чалавек, яе падтрымалі сяляне Бельскага, Гродзенскага і Слонімскага паветаў [1, с. 433]. Яны перасталі дастаўляць прадукты ў гарады, выходзіць на шарваркі, праводзілі мітынгі салідарнасці з бастуючымі.

Такім чынам, КПЗБ актыўна і паспяхова арганізоўвала барацьбу сялян супраць аграрнай палітыкі польскіх улад. Асаблівым уздымам сялянскага руху характарызаваўся перыяд сусветнага эканамічнага крызісу 1929 – 1933 гг., на працягу якіх прайшло каля 500 сялянскіх выступленняў і 1500 – 2000 масовак, у іх удзельнічалі 140 – 150 тысяч сялян (па 40 – 50 тысяч штогод). Многія з гэтых выступленняў ахоплівалі цэлыя гміны і нават паветы і характарызаваліся працягласцю і глыбінёю супрацьстаяння.

По материалам: Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) /ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

 

Яндекс.Метрика