Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі
            (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.)

  Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі
             (Гродна, 23-24 кастрычніка 2008 г.)

                 

 

УДК 329.1 (438) (1921 – 1939 гг.)

 В.П.Гарматны

 Аграрнае пытанне ў праграмах палітычных партый Другой

Рэчы Паспалітай (1921 1939 гг.)

 В статье рассмотрены основные подходы к решению аграрного вопроса политическими партиями Второй Речи Посполитой.

Пасля заключэння 18 сакавіка 1921 г. Рыжскай мірнай дамовы да Польшчы адыйшла амаль палова беларускіх зямель. Эканоміка Заходняй Беларусі ў перыяд знаходжання ў складзе Польскай дзяржавы (1921 1939 гг.) насіла пераважна аграрны характар. Больш 80 % насельніцтва было занята ў сферы сельскай гаспадаркі (у Польшчы – 63 %). Пасля першай сусветнай і савецка-польскай 1919 1920 гг. войн сельская гаспадарка Другой Рэчы Паспалітай і асабліва Заходняй Беларусі ўяўляла сабой разбураную, адсталую галіну эканомікі, таму ў гэты час аграрнае пытанне займае значнае месца ў праграмах палітычных партый. Прастаўнікі розных палітычных рухаў і плыняў прапаноўвалі свой варыянт вываду сельскай гаспадаркі краіны з пасляваеннага крызісу і змагаліся за перацягванне асноўнай часткі сялянства на свой бок.

Партыі, якія прадстаўлялі інтарэсы памешчыкаў і сельскай буржуазіі, выступалі за правядзенне аграрных рэформ зверху з выкупам памешчыцкай зямлі за грошы. Перш за ўсё з такіх партый трэба адзначыць «Пяст» на чале з Вінцэнтам Вітасам, які некалькі разоў станавіўся прэм`ер-міністрам Польшчы. У праграме «Пяст» было запісана, што партыя «…актыўна выступае за рэформу, за паскарэнне тэмпаў парцэляцыі як аднаго са спосабаў рэформы, за выдзяленне доўгатэрміновых крэдытаў, за памяншэнне колькасці дробных гаспадарак за кошт надзялення іх зямлёю. Аднак не трэба спяшацца і адбіраць зямлю ў тых, у каго яна знаходзіцца ў асабістай маёмасці… Не трэба спяшацца: зямлі дастаткова і яе хопіць усім па даволі нізкім кошце» [1, с. 7].

Больш радыкальнай стала праграма партыі «Вызваленне» на чале з Таўгутам, які уваходзіў у склад ураду В.Грабскага. Сацыяльную базу гэтай партыі складалі заможныя сяляне, сераднякі і частка інтэлігенцыі. Праграма партыі была прынята ў 1923 г. і прадугледжвала неабходнасць правядзення рэформы без кампенсацыі памешчыкам. Максімум зямлі ў прамысловых раёнах абмяжоўваўся 30 га, а на вёсцы – 60 га. Лясы, вада, карысныя выкапні заставаліся ва ўладанні дзяржавы.

У 1924 г. з гэтай партыі вылучылася левае крыло, на яго базе ўтварылася Незалежная сялянская партыя (НПХ), якая знаходзілася пад значным уплывам камуністаў. НПХ патрабавала глыбокіх сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў дэмакратычнага характару – зямлі без выкупу для малазямельных сялян і парабкаў, устанаўлення ўлады рабочых і сялян. Партыю падтрымалі не толькі польскія, але і частка жыхароў беларускіх вёсак [3, с. 228].

Польская партыя сацыялістычная (ППС) выказвалася за раздзяржаўленне вялікіх гаспадарак з выдзяленнем дзяржаўных і гмінных зямель, за надзяленне зямлёю малазямельных і беззямельных сялян, а таксама кааператываў праз камасацыю, меліярацыю і з дапамогаю крэдытаў [1, с. 7 8].

Зусім іншыя пазіцыі па аграрным пытанні займала Камуністычная партыя Польшчы (КПП) і яе складаючая частка – Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, створана ў кастрычніку 1923 г.). На сваёй мэце КПЗБ ставіла канфіскацыю памешчыцкіх зямель і падзел іх без выкупу паміж бяднейшымі сялянамі, выступала супраць падатковага гнёту і пазбаўлення сялян сервітутаў, за скасаванне асадніцтва. Канчатковаю мэтаю КПЗБ лічыла ўсталяванне рабоча-сялянскай улады, уз`яднанне Заходняй Беларусі з БССР [4, с. 148149].

Што датычыцца уласна беларускіх партый, то трэба перш за ўсё адзначыць Беларускую сялянска-работніцкую грамаду (БСРГ), якая дзейнічала на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 19251927 гг. У сваёй праграме ад 12 мая 1926 г. БСРГ ставіла на мэце канфіскацыю памешчыцкіх і царкоўных зямель, пераход іх ва ўласнасць дзяржавы і падзел без выкупу паміж малазямельнымі сялянамі і парабкамі; скасаванне асадніцтва, а таксама ўсталяванне рабоча-сялянскай улады, уз`яднанне Заходняй Беларусі з БССР [5, с. 416].

Дзейнасць Грамады ўзначальваў Цэнтральны камітэт, на чале якога стаяў Браніслаў Тарашкевіч, членамі ЦК былі С.Рак-Міхайлоўскі, П.Валошын, П.Мятла, М.Бурсевіч, Я.Бабровіч, В.Макоўскі і іншыя. 24 чэрвеня 1925 г. дэпутаты польскага Сейма Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Валошын і Мятла выйшлі з беларускай нацыянальнай фракцыі Сейма і стварылі пасольскі клуб БСРГ. Карыстаючыся пасольскай недатыкальнасцю, лідэры БСРГ разгарнулі работу па стварэнні масавай арганізацыі працоўных для барацьбы за свае правы. Значны ўплыў на дзейнасць Грамады аказвалі камуністы, якія выкарыстоўвалі яе для сваёй легальнай дзейнасці.

БСРГ мела свае друкаваныя органы «Беларуская справа», «Жыццё беларуса», «Народная справа», «Наша воля», «Народны звон», сатырычны часопіс «Маланка». Аб папулярнасці друку БСРГ сведчыць той факт, што многія сяляне-беднякі выпісвалі гэтыя газеты ў складчыну, наладжвалі калектыўныя чыткі. У выніку актыўнай дзейнасці БСРГ не толькі асобныя члены, але і цэлыя арганізацыі ППС і «Вызваленне» выйшлі з гэтых партый і ўступілі ў Грамаду [3, с. 232]. Дзеячамі БСРГ праведзена актыўная работа па стварэнні Беларускага кааператыўнага банка. У канцы 1926 г. банк базіраваўся ў Вільні, меў аддзелы ў Пінску і Глыбокім, налічваў каля 900 ўкладчыкаў і аказваў дапамогу маламаёмасным сялянам за невялікі працэнт.

БСРГ стала адной з самых масавых і ўплывовых сялянских партый Еўропы, гэта занепакоіла польскія ўлады, і ў студзені 1927 г. яе кіраўніцтва і звыш 400 актывістаў былі арыштаваны, а ў сакавіку БСРГ аб`явілі незаконнай арганізацыяй і сялян сілаю прымушалі здаваць членскія білеты. У лютым – маі 1928 г. у Вільні праходзіў «паказальны» працэс над 56 кіраўнікамі і актывістамі Грамады, у выніку якога Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Валошын і Мятла атрымалі па 12 гадоў, М. Бурсевіч – 8, іншыя ад 3 да 6 гадоў турмы [5, с. 416].

Галоўным палітычным апанентам БСРГ і КПЗБ у барацьбе за ўплыў на сялянства стала Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД). На яе чале стаялі ксяндзы Ф.Абрантовіч, А.Станкевіч, В.Гадлеўскі і іншыя, якія выступалі супраць аддзялення царквы і касцёла ад дзяржавы і выкарыстання рэлігіі ў палітычных мэтах, за абавязковасць вывучэння рэлігіі ў школе. У аснову праграмы БХД пакладзена сцвярджэнне, што беларускі народ з`яўляецца бяскласавым і цалкам працоўным. Патрабаванні перадачы зямлі без выкупу беззямельным і малазямельным сялянам ва ўласнасць, дэмакратычных свабод мелі водгук сярод насельніцтва пераважна каталіцкага веравызнання [3, c. 232].

Блізкія да БХД пазіцыі займаў створаны ў лістападзе 1925 г. В.Рагуляй і Ф.Ярэмічам Беларускі сялянскі саюз (БСС). Цэнтральным друкаваным органам БСС стала газета «Сялянская ніва». Праграма БСС прадугледжвала падзел памешчыцкіх зямель і перадачу іх ва ўласнасць малазямельных сялян па працоўнай норме; скасаванне асадніцтва. На 2-й канферэнцыі БСС (ліпень 1927 г.) па зямельным пытанні ў праграме запісана, што «ўсе землі: абшарніцкія, дзяржаўныя, касцёльныя, царкоўныя і іншыя павінны перайсці ў рукі беларускіх беззямельных і малазямельных сялян». БСС аказаўся пад агнём крытыкі як БСРГ і КПЗБ, так і польскіх уладаў, таму заставаўся нешматлікай грамадска-палітычнай арганізацыяй і на пачатку 1929 г. распаўся [2, с. 454].

1928 г. вызначыўся ўздымам нацыянальна-вызваленчага руху. На выбарах у Сейм у сакавіку 1928 г. у Заходняй Беларусі за кандыдатаў ад рабочых і сялян пададзена 328, 8 тысяч (26 %) галасоў. Абраныя па гэтых спісах паслы Я.Гаўрылік, І.Дварчанін, Ф.Валынец, І.Грэцкі, П.Крынчык стварылі ў Сейме радыкальную фракцыю – Беларускі сялянска-рабочы пасольскі клуб «Змаганне», у рабоце якого прымалі ўдзел былыя актывісты Грамады.

Клуб «Змаганне» пераўтварыўся ў рэвалюцыйна-дэмакратычную і нацыянальна-вызваленчую арганізацыю, але ўлады не дазволілі ёй стаць масавай. Як і Грамада, пасольскі клуб «Змаганне» патрабаваў канфіскацыі памешчыкіх зямель і падзел іх без выкупу сярод маламаёмасных сялян, перакладанне падаткаў на заможных людзей, стварэнне рабоча-сялянскай улады, уз`яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Клуб «Змаганне» праводзіў палітычную і арганізацыйную працу сярод сялян і сельскагаспадарчых рабочых, арганізоўваў выступленні сялян супраць зямельнай і падатковай палітыкі ўрада, разам з КПЗБ выступаў супраць судовага працэсу над актывістамі Грамады, рыхтаваў правядзенне Еўрапейскага сялянскага кангрэса, арганізоўваў дапамогу галадаючым.

Клуб «Змаганне» актыўна супрацоўнічаў з польскімі і ўкраінскімі рэвалюцыйна-дэмакратычнымі і лева-сацыялістычнымі арганізацыямі – ППС-лявіцай, Сельробам, аб`яднаннем сялянскай лявіцы «Самапомоц», але пад уплывам КПЗБ з 1929 г. клуб пачаў займаць больш жорсткую пазіцыю ў адносінах да дробнабуржуазных партый, празмерна завастрыў свае праграмныя патрабаванні, што прывяло да звужэння сацыяльнай базы і зніжэння ўплыву пасольскага клубу «Змаганне» на палітычную сітуацыю ў краіне [3, с. 234235].

Такім чынам, у 19211939 гг. на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай дзейнічаў шэраг палітычных партый рознага накірунку, якія прапаноўвалі свае праграмы вырашэння аграрнага пытання. Ва ўмовах існуючага ў Польшчы палітычнага становішча за аснову для правядзення ў краіне аграрных пераўтварэнняў прымаліся праграмы польскіх буржуазных партый.

По материалам: Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) /ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

 

Яндекс.Метрика