Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі
            (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.)

  Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі
             (Гродна, 23-24 кастрычніка 2008 г.)

                 

 

УДК 329.63 (476)

 А.П.Дзмітрук

Грамадска-палітычны рух пілсудчыкаў на тэрыторыі

Заходняй Беларусі 19211939 гг.: гістарыяграфія праблемы

 В статье рассмотрены основные направления научного изучения становления и деятельности в Западной Беларуси Беспартийного блока сотрудничества с правительством.

 Пад назвай грамадска-палітычны рух пілсудчыкаў разумею палітычныя арганізацыі: Беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам маршала Ю.Пілсудскага, Лагер Нацыянальнага Аб’яднання з шэрагам грамадскіх арганізацый звязаных з імі арганізацыйна ці ідэалагічна. Польскія гісторыкі разглядаюць санацыю як палітычны лагер (рух), які групаваўся вакол Ю.Пілсудскага і які ў 1926 1939 гг. фарміраваў урады [1; 2]. Паўстае пытанне, што ўкладваецца ў гэтае паняцце ў беларускай навуцы.

Упершыню ў айчыннай гістарыяграфіі палітычнае аб’яднанне пілсудчыкаў – Беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам Ю.Пілсудскага (ці скарочана ББ) стаў аб’ектам даследвання ў 30 я гг. 20 ст. У рамках Камісіі па вывучэнню Заходняй Беларусі пры Беларускай Акадэміі навук была пастаўлена задача комплекснага даследавання польскіх палітычных партый, як вынік з’явіліся зборнік «Политические партии в Польше, Западной Беларуси и Западной Украине» і асобная манаграфія С.Скульскага «Беспартыйный блок супрацоўніцтва з урадам (санацыя)» [3; 4].

Аўтар атаясамліваў паняцці ББ і санацыя. Акрэсліваў іх як «аб’яднанне і палітычнае ўзначаленне асноўнай групай польскага фашызма – пілсудчыкамі шэрага палітычных груп польскай буржуазіі на аснове контррэвалюцыйнай і антысавецкай фашысцкай платформы дзеяння» [4, с. 9]. Галоўная ўвага ў даследаванні С.Скульскага адведзена доказу імперыялістычнага, буржуазнага, фашысцкага характара ББ. Праз адлюстраванне асаблівасцей сацыялістычных поглядаў Ю.Пілсудскага, вытокаў «пілсудчыны» падыходзіць да абвінавачвання сацыялістычных партый, асабліва ППС, у змове  з буржуазіяй, у фашызме. Нягледзячы на тое, што аўтар асноўны ўпор робіць на класавым падыходзе і не свабодны ад ідэалагічных штампаў, але даволі дакладна акрэсліў арганізацыйную структуру ББ, яго склад, некаторыя спецыфічныя рысы, аднак з-за абмежаванай крыніцазнаўчай базы – праграмы і рашэнні КПП, перыядычныя выданні – праца носіць агульны характар, амаль не закранае асаблівасці палітыкі на тэрыторыі Заходняй Беларусі [3; 4]. Гэта адзіная ў беларускай гістарыяграфіі праца, якая імкнецца паглядзець на санацыю як палітычны рух.

Тэматыка палітычнай барацьбы паміж санацыйнай уладай і рэвалюцыйным і нацыянальным рухам знайшла выраз у шэрагу артыкулаў, дзе аналізаваліся вынікі і ход выбараў, якія праводзіліся 1930 1935 гг., акрамя гэтага закраналіся пытанні агульных накірункаў палітыкі санацыйных урадаў [5 7]. Але амаль усе даследаванні носяць публіцыстычны характар, у іх пераважаюць ацэнкі над фактамі. Дамінаванне класавага падыхода, марксіска-ленінскай фразеалогіі і метадалогіі, абмежаванасць крыніцазнаўчай базы абумовілі некаторы схематызм і агітацыйна-прапагандысцкі характар большасці прац.

На жаль, час з сярэдзины 50-х па 80- я гг. не прынёс кардынальных змен адносна вывучэння санацыі. Асноўныя падыходы, ды і ацэнкі былі закладзены рэзалюцыямі КПП, КПЗБ, Камінтэрна і да 90- х гг. яны істотна не змяніліся – санацыя вызначаласяся як крайне рэакцыйны, антыдэмакратычны, фашысцкі рэжым [8]. «Санацыя – па сутнасці фашысцкая дыктатура, класавая роля якой заключалася ў абароне інтарэсаў манапалістычнага капітала і зямельных магнатаў, у падаўленні шляхам тэрора рэвалюцыйнага руху рабочых і сялян, прыгнечаных народаў, фактычным перакрэсліванні ролі сейма і парламенцкай дэмакратыі» [9, с.11 12].

Канцэптуальная аснова гэтага погляда была распрацавана ў 50-я гг. і знайшла свой выраз у 3-х томавай «Гісторыі Польшчы», а ў канцы 70 80 -я гг. проста ўдакладнялася савецкімі гісторыкамі. У агульных рысах іх пазіцыі можна вылучыць наступным чынам: 1) у адрозненні ад Італіі і Германіі польскі ўрадавы фашызм не здолеў разбіць апазіцыйныя партыі і стварыць масавую, манапольную фашысцкую партыю, 2) прычынамі гэтай з’явы сталі а) адносная слабасць фінансавага капітала, б) уплыў урадавай групы на масы быў занадта слабы, каб магчыма было стварыць манапольную партыю; в) Польшча была шматнацыянальнай дзяржавай і ліквідацыя партый нацыянальных меншасцей ва ўмовах непапулярнасці ўрадавай групы была рызыкоўнай справай, бо амаль усе партыі мелі вопыт падпольнай барацьбы [10].

Савецкую гістарыяграфію гэтага перыяда, якая ў цэлым абапіралася на вышэйназваную канцэпцыю, можна ўмоўна падзяліць на рускую і беларускую. Але калі рускія гісторыкі сканцэнтраваліся на вывучэнні санацыі як агульнапольскай з’явы, яе вытокаў, сацыяльнага склада, эвалюцыі, канстытуцыйных працах ББ і яго палітычных канцэпцый, то беларускія гісторыкі разглядаюць накірункі палітыцы санацыйных урадаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, каб паказаць, у якіх умовах дзейнічала КПЗБ, адлюстраваць цяжкае становішча рабочых і сялян у гэты час, іх барацьбу з рэжымам за дэмакратызацыю грамадства. Такім чынам, санацыя і санацыйны рэжым выступаюць не ў якасці аб’екта даследаванняў, а хутчэй як фон на, якім разгортваецца дзейнасць КПЗБ.

У канцы 70 80-я гг. польскія гісторыкі – Ю.Бардах, Ф.Рышка Я.Жарноўкі пачалі акрэсліваць санацыйныя ўлады як антыдэмакратычныя, як нешта трэцяе сярэдняе паміж фашызмам і банапартызмам, што выклікала новую шырокую дыскусію аб сутнасці рэжыма ўлады паміж польскімі, рускімі і беларускімі гісторыкамі.

Рускія даследчыкі А.Я.Манусевіч,  Э.Багінскі  захоўваючы акрэсленне «фашысцкі рэжым» у дачыненні да санацыі, прызнавалі за ім некаторыя асаблівасці. Адзначалі складаны палітычны і сацыяльны састаў сіл, якія ўдзельнічалі ў майскіх падзеях, асаблівыя рысы палітычнага рэжыма, якія ускладнялі распазнаванне яго класавай сутнасці і характара, але разглядае іх як тактычныя. «…стварэнне рэжыма санацыі аказалася перад неабходнасцю дапушчэння некаторай легальнай апазіцыі. Слабасць польскага імперыялізма вымушала … дыктатуру манеўраваць, захоўваць Сейм, цярпець крытыку… Але ўсё дапускалася толькі ў межах, якія забяспечвалі пэўныя карысці рэжыму дыктатуры і суправаджаліся ўзмацненнем тэррора ў адносінах да сялянства, прыгнечаных нацыянальнасцей» [11 14]. Адначасова адзначалі яго эвалюцыю ў бок узмацнення антыдэмакратызма.

З такімі поглядамі не пагадзіўся вядомы беларускі гісторык У.Ф.Ладысеў. У сваіх працах ён звярнуўся да канцэпцыі, выказанай у 3-х томавай «Гісторыі Польшчы» і адзначаў, што слабасць польскага фашызма прадвызначыла яго асаблівасці – існаванне парламенцкай сістэмы, а таксама легальнай апазіцыі трэба разглядаць не як «тактычны прыём польскага фашызму», але як вымушаную саступку дэмакратычным сілам, якая выцякала «з самой прыроды польскага фашызма, абумоўленай вузкасцю яго сацыяльнай базы» [9].

Больш стрыманую пазіцыю заняў беларускі даследчык У.А.Палуян. Ён акрэсліваў майскі пераварот Ю.Пілсудскага як «ваенна-буржуазную дыктатуру» і адзначаў, што «не кожная буржуазная дыктатура з’яўляецца фашысцкай». У 90-я гг. характэрызаваў яе як устанаўленне «аўтарытарнага праўлення» [16 18]. Гэта ў асноўным супадае з вывадамі польскіх даследчыкаў. З тых жа пазіцый выкладаецца матэрыял у «Краткай гісторыі Польшчы», выдадзеная ў 90-я гг. [19].

Пры выданні Энцыклапедыі гісторыі Беларусі канчаткова ў нашай навуцы замацавалася наступнае азначэнне дадзенай з’явы: «дзяржаўны рэжым у Польшчы 1926 1939 гг.», які характарызаваўся наяўнасцю павадыра (Пілсудскі ва ўладзе да смерці) і падтрымкі ў выглядзе партый; абараняў інтарэсы польскага магнацтва, варожа ставіўся да СССР, узмацніў сацыяльны і нацыянальны прыгнёт у Заходняй Беларусі, актыўна праводзілася палітыка прымусовай «паланізацыі» і «асіміляцыі» [20].

Такім чынам, у беларускай гістарыяграфіі ў адносінах да польскіх ўрадаў 1926 1939 гг. замацавалася назва санацыя або санацыйны рэжым. Асноўная ўвага ў савецкай гістарыярафіі нададзена акрэсленню характара майскага пераварота, санацыйнай улады ў цэлым. Не даследаванымі засталіся пытанні функцыянавання санацыйнага рэжыма і ролі ў ім ББСУ і ОЗН на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

По материалам: Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) /ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

 

Яндекс.Метрика