Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі
            (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.)

  Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі
             (Гродна, 23-24 кастрычніка 2008 г.)

                 

 

 УДК 329.71 (476) (1927 1930 гг.)

В.В.Даніловіч

Арганізацыя «Змаганне» у грамадска-палітычным жыцці

Заходняй Беларусі (1927 1930 гг.)

 В статье рассмотрена деятельность белорусской лево-радикальной национально-освободительной организации «Змаганне» в 1927 – 1930 гг.

Лева-радыкальная нацыянальна-вызваленчая арганізацыя «Змаганне» з’яўлялася паслядоўніцай Беларускай сялянска-работніцкай грамады і дзейнічала ў Заходняй Беларусі ў 1927 – 1930 гг. Арганізацыя была створана па ініцыятыве Камуністычнай партыі  Заходняй Беларусі на базе Беларускага пасольскага клуба «Змаганне за інтарэсы сялян і рабочых» у польскім сейме. Старшынёй клуба быў выбраны Я.Гаўрылік, яго намеснікам – І.Дварчанін [1, s. 50]. Арганізацыя лічыла галоўнай справай працу па-за сеймам і шырока разгарнула сваю дзейнасць у заходнебеларускіх ваяводствах.

«Змаганне» вяло ўзмоцненую працу па прыцягненню ў свае шэрагі моладзі і знаходзіла значную падтрымку ў яе асяроддзі. Сама арганізацыя ў большасці складалася з моладзі і цесна супрацоўнічала з Камуністычным саюзам моладзі Заходняй Беларусі і Беларускай сялянска-работніцкай групай студэнтаў, якой «Змаганне» нават аказвала матэрыяльную падтрымку. Арганізацыя шырока разгарнула дзейнасць сярод моладзі ў Ашмянскім, Беластоцкім, Браслаўскім, Ваўкавыскім, Віленска-Трокскім, Дзісненскім, Пінскім паветах, а таксама ў Віленскай, Клецкай, Навагрудскай і Радашковіцкай беларускіх гімназіях. Штомесяц на працу сярод моладзі яна выдаткоўвала 1 тыс. злотых [2, л. 8, 68, 71 – 72; 4, л. 1 – 23; 5, л. 13 – 17].

«Змаганне» атрымала актыўную падтрымку з боку лева-радыкальна настроенай беларускай моладзі яшчэ падчас правядзення парламенцкай выбарчай кампаніі 1928 г. Агітацыя за яго выбарчыя спісы вялася моладдзю не толькі на сходах, але і па дамах. Яна дасягнула самых глухіх куткоў Заходняй Беларусі. Пры падтрымцы рабочых і сялян нават зрываліся мітынгі сапернікаў па выбарах [8, л. 254; 11, л. 2].

Арганізацыя дапамагала друкаваць маладзёжныя газеты «Вольная думка» Беларускай сялянска-работніцкай групы студэнтаў (Вільня, верасень 1929 г.) і «На шлях» (Варшава, жнівень 1930 г.) [3, л. 105, 111; 6, л. 27]. «Змаганне» таксама з дапамогай камсамольскай і лева-радыкальна настроенай моладзі выдавала і распаўсюджвала агітацыйную літаратуру [14, с. 102; 20, с. 272].

Моладзь актыўна ўдзельнічала і ў самай паспяховай палітычнай кампаніі арганізацыі па абранню дэлегатаў на Еўрапейскі сялянскі кангрэс у Берліне ў 1930 г. У лютым 1930 г. былі ўсталяваны сталыя ўзаемакантакты з прадстаўніцтвам сялянскага інтэрнацыянала ў Польшчы, і Беларускі сялянска-работніцкі клуб «Змаганне» ўтварыў ініцыятыўную групу для стварэння маладзёжнай секцыі пры Беларускім аддзеле агульнапольскага кангрэсовага камітэта. Гэта група разгарнула агітацыю праз структуры клуба [4, л. 16, 24  32; 21, s. 87]. У лютым жа клуб выдаў адозву да сялян краю з нагоды склікання кангрэса, якая ўтрымлівала бланк запыту да арганізатараў нізавых кангрэсовых камітэтаў аб выбранні прадстаўнікоў на павятовыя з’езды і заклік да моладзі аб неабходнасці разам са старэйшымі і, дзе магчыма, самастойна ўтвараць нізавыя кангрэсовыя камітэты і выбіраць прадстаўнікоў на павятовы з’езд. Звесткі ж аб дэлегатах на кангрэс з дакладным адрасам кожнага раілася перадаваць у Цэнтральны сакратарыят БСРПК «Змаганне» ў Вільні на імя П.Крынчыка [9, л. 316 – 317].

Вялікую ролю адыграла беларуская лева-радыкальна настроеная моладзь у захаванні пад кантролем «Змагання» Таварыства беларускай школы. ТБШ існавала ў Заходняй Беларусі з 1921 г. і з’яўлялася культурна-асветнай арганізацыяй, галоўнымі мэтамі якой былі барацьба за беларускамоўную школу, абарона і развіццё нацыянальнай культуры [17, с. 104 – 106]. Нягледзячы на перашкоды польскіх ўлад, адбываліся хуткі рост і актывізацыя працы Таварыства, якое ператваралася ў масавую арганізацыю. У ТБШ ішлі сяляне, рабочыя, інтэлігенцыя. Але падаўляючую большасць яго членаў складалі сяляне, галоўным чынам сельская моладзь. У складзе таварыства пераважалі былыя члены БСРГ. Гэта было абумоўлена тым, што пасля разгрома і забароны Грамады польскімі ўладамі беларускі нацыянальна-вызваленчы рух пачаў групавацца вакол ТБШ як адзінай найбольш масавай легальнай беларускай структуры ў Заходняй Беларусі.

Каб зменшыць уплыў левых радыкалаў на беларускую моладзь, польскія ўлады вырашылі ўзяць пад свой кантроль беларускія гімназіі, у якіх была вялікая колькасць лева-радыкальна настроеных вучняў. Існаваўшыя там нелегальныя ячэйкі КСМЗБ праводзілі масоўкі і дэманстрацыі супраць рэпрэсій з боку польскіх улад і іх прыхільнікаў, у абарону дзеячаў левых рэвалюцыйна-дэмакратычных нацыянальна-вызваленчых сіл (у тым ліку Таварыства і «Змагання») [2, л. 100; 12, л. 321адв.; 18, с. 6]. Польскія ўлады пазбавілі ТБШ канцэсіі на ўтрыманне гімназіі ў Вільні і перадалі яе ў рукі бацькоўскіх камітэтаў, складзеных з прадстаўнікоў згодніцкага крыла Таварыства. На пасаду дырэктара гімназіі быў прызначаны Р.Астроўскі. Лева-радыкальна настроеных гімназістаў пачалі выключаць, а найбольш актыўных з іх падвяргаць арыштам і паліцэйскаму нагляду. Віленская беларуская гімназія была найбольш палітызаванай у лева-радыкальным напрамку, таму тут хутка ўзнікла апазіцыя курсу дырэктара, якую ўзначаліў змаганец І.Дварчанін. За гэта ён і некаторыя іншыя настаўнікі былі звольнены з гімназіі. Падобныя чысткі адбыліся і ў іншых беларускіх гімназіях [13, с. 4; 16, с. 143].

Такія захады польскіх улад сведчаць аб вялікай ступені радыкалізацыі беларускай моладзі ў левым напрамку.

У адказ на актыўную грамадска-палітычную дзейнасць беларускай лева-радыкальнай моладзі польскія ўлады разгарнулі супраць яе рэпрэсіі. У канцы 1929 – пачатку 1930 г. з Віленскай і Клецкай беларускіх гімназій за супрацоўніцтва са «Змаганнем» былі выключаны 49 вучняў, 30 з іх былі прыцягнуты да судовай адказнасці за антыўрадавую прапаганду. У сувязі з гэтым БСРПК «Змаганне» выдаў камунікат і ўлётку, скіраваныя супраць палітычных апанентаў, даслаў ліст падтрымкі да ўсіх бацькоў выключаных гімназістаў, а адзін з паслоў клуба Ф.Валынец выступіў у сейме з прамовай у падтрымку лева-радыкальна настроеных навучэнцаў. У выніку разгорнутай кампаніі былі сабраны рэзалюцыі пратэсту з вялікай колькасцю подпісаў [2, л. 69 – 70; 7, л. 101 – 102, 222, 235, 273; 10, л. 179]. Усе гэтыя падзеі былі асветлены ў друку арганізацыі [19, с. 2].

Аднак, нягледзячы на рэпрэсіі з боку польскіх улад, беларуская лева-радыкальная моладзь працягвала актыўна ўдзельнічаць у працы «Змагання» аж да ліквідацыі арганізацыі польскімі ўладамі восенню 1930 г. [15, с. 145  147].

Увогуле «Змаганне» праводзіла масавую палітычную працу па арганізацыі барацьбы моладзі Заходняй Беларусі за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Пры гэтым тыповымі метадамі палітычнай барацьбы былі: сталы дзейсны ўдзел у акцыях лева-радыкальных сіл; правядзенне ў большасці нелегальных мітынгаў і дэманстрацый, бо атрымаць на іх дазвол ад польскіх улад было практычна немагчыма; шырокае выданне і распаўсюджванне камунікатаў, адозваў і ўлётак з нагоды палітычных падзей; збор подпісаў пад рэзалюцыямі пратэсту супраць дзеянняў польскіх улад. Маладыя члены і прыхільнікі «Змагання» ўдзельнічалі ў сацыяльна-эканамічнай барацьбе сялян і рабочых краю праз правядзенне забастовак, акцый пратэсту і ўтварэнне прафсаюзаў.

         Такім чынам, арганізацыя «Змаганне» прымала актыўны ўдзел у заходнебеларускім вызваленчым руху і вяло значную грамадска-палітычную дзейнасць сярод моладзі. Большасць членаў арганізацыі складала моладзь як найбольш схільная да радыкальных змен частка грамадства, якая ва ўмовах сацыяльна-эканамічнай нестабільнасці і палітычнага ўціску актыўна ўключаецца ў грамадска-палітычнае жыццё як у рамках розных арганізацый, так і па-за імі.

 

По материалам: Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) /ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!