Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі
            (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.)

  Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі
             (Гродна, 23-24 кастрычніка 2008 г.)

                 

 

УДК 321 (1921 1939 гг.)

А.Г.Цымбал

 Праблема беларусізацыі Праваслаўнай Царквы ў дзейнасці беларускіх арганізацый у Заходняй Беларусі (1921 1939 гг.)

 В статье рассмотрена отношение белорусских организаций к белорусизации Православной Церкви в Западной Беларуси межвоенного периода.

 У ІІ Рэчы Паспалітай рух за беларускае нацыянальнае адраджэнне, які выспяваў на працягу ХІХ і пачатку ХХ ст. набывае даволі масавы характар. Яго мэтай з’яўлялася самасцвярджэнне беларусаў як самастойнай нацыі ў межах этнічнага рассялення, прызнанне факта яе існавання іншымі народамі і дзяржавамі, а разам з тым і права беларусаў на нацыянальную дзяржаўнасць. Для дасягнення пастаўленай мэты неабходна было вырашыць шэраг складаных праблем. Адной з найбольш істотных з’яўлялася пераадоленне адмоўнага ўплыву на фарміраванне і развіццё беларускай нацыі канфесіянальнага падзелу этнасу на праваслаўных і каталікоў. Падзел гэты шырока выкарыстоўваўся праваслаўным духавенствам у мэтах русіфікацыі, а каталіцкім – паланізацыі беларусаў [3, с. 124]. У Польскай дзяржаве апынулася шмат беларускіх нацыянальных дзеячаў, якія працягвалі барацьбу за адраджэнне і ўз’яднанне Беларусі. Разумеючы ўплыў Царквы на свядомасць людзей і яе ролю ў грамадскім жыцці, яны распачалі актыўную працу, накіраваную на беларусізацыю Праваслаўнай Царквы як магчымасць супрацьстаяць гвалтоўнай паланізацыі.

Неабходна адзначыць, што ў Праваслаўнай Царкве беларускі рух, напрыклад, у параўнанні з украінскім, быў развіты вельмі слаба. Беларусы былі прадстаўлены ў асноўным сялянствам з нізка развітай нацыянальнай самасвядомасцю. Носьбітам ідэй нацыянальнага адраджэння з’яўлялася нешматлікая інтэлігенцыя, крыніцы папаўнення якой з беларускага асяроддзя амаль адсутнічалі. Польскія ўлады рабілі ўсё магчымае для абмежавання і ліквідацыі беларускамоўнай адукацыі і недапушчэння пашырэння беларускага руху. Беларускія арганізацыі пераважна цікавіліся сацыяльна-эканамічнымі і палітычнымі пытаннямі, менш звяртаючы ўвагі на рэлігійныя праблемы. Частка інтэлігенцыі была звязана з Каталіцкім Касцёлам і выказвала значную грамадскую і рэлігійную актыўнасць. У міжваенны перыяд у Заходняй Беларусі, акрамя партый сацыялістычных поглядаў, адным з найбольш стабільных быў хрысціянска-дэмакратычны кірунак.

Адзінай партыяй, якая ўзнікла ў Заходняй Беларусі і вылучала патрабаванні надання Праваслаўнай Царкве беларускіх нацыянальных рысаў, было створанае з ініцыятывы В.Багдановіча ў 1927 г. Праваслаўнае беларускае дэмакратычнае аб’яднанне. Друкаваным органам яго было выданне «Праваслаўная Беларусь» [8, с. 223]. У першым нумары адзначалася, што яго ўзнікненне выклікана вострай патрэбай асвятлення царкоўнага жыцця з нацыянальнага пункту гледжання. Прадстаўленне палітычных, сацыяльных, нацыянальных і культурных праблем прадугледжвалася з хрысціянска-праваслаўных пазіцый. Адначасова падкрэслівалася наспеўшая патрэба функцыянавання праваслаўнай палітычнай партыі ў заходнебеларускім грамадстве, кшталту каталіцкай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Адзначалася, што падзел беларускага народу на дзве рэлігійныя плыні стаў прычынай узнікнення двух «культурна-гістарычных тыпаў беларусаў». Партыя ставіла перад сабой мэту нівеліравання гэтых адрозненняў і аб’яднанне ўсіх беларусаў у адзіную «нацыянальную беларускую сям’ю» [5].

Царкоўная праграма ПБДА ўтрымлівала наступныя патрабаванні: мінімальнае падпарадкаванне Праваслаўнай Царквы дзяржаўным уладам; мовай культу павінна была заставацца царкоўна-славянская; беларуская мова стаць мовай навучання рэлігіі і пропаведзей. Дзеля ўнармавання юрыдычнага становішча Царквы была створана камісія з членаў Беларускага нацыянальнага камітэта і Рускага народнага аб’яднання ў Вільні. Ёй быў выдадзены мемарыял, якім патрабавалася скліканне Сабора Царквы ў Польшчы на падставе рашэнняў Маскоўскага Сабора 1917 – 1918 гг., распрацоўка ўнутранага статута Царквы, прызнанне царкоўных уладанняў за ўласнасць Царквы, дазвол на дзейнасць царкоўных брацтваў, прыходскіх рад і епархіяльных з’ездаў. Духоўная адукацыя ў семінарыях павінна была быць падпарадкавана Праваслаўнай Царкве з прызнаннем беларускай мовы ў якасці мовы навучання [11,  с. 554].

У 1930 г., пасля абвяшчэння дэкрэта прэзідэнта аб скліканні Сабора, ПБДА далучылася да Беларускага хрысціянска-дэмакратычнага аб’яднання, а Багдановіч дзейнічаў у Беларускім нацыянальным камітэце. У 1933 г. у ім была створана Праваслаўная камісія, якая працягвала дамагацца беларусізацыі Царквы [8, с. 224]. БХД на з’ездзе ў 1931 г. таксама звярнулася да духоўных улад з патрабаваннем беларусізацыі Праваслаўнай Царквы ў Заходняй Беларусі  [4, арк. 30].

У 1930 г. назіралася ажыўленне руху па беларусізацыі Царквы, што было звязана з спробамі склікання Сабора ў Польскай дзяржаве. Беларускія арганізацыі спрабавалі паўплываць на яго рашэнні. 12 лютага 1930 г. да дзяржаўных і царкоўных улад з патрабаваннямі надання Праваслаўнай Царкве беларускага нацыянальнага характару звярнулася таварыства «Прасвета». У мемарыяле падкрэслівалася, што Праваслаўная Царква павінна стаць нацыянальна блізкай да свайго народу і прапаноўвалася: 1) правесці рэформу кансісторыі; 2) беларусізацыю духоўнай семінарыі і наданне ёй рыс духоўнай школы, якая ў сучасны момант з’яўляецца звычайнай сярэдняй школай; 3) увесці беларускую мову як абавязковую ва ўсіх адміністрацыйных зносінах; 4) прамаўляць пропаведзі на беларускай мове; 5) прызначаць на пасады вайсковых капеланаў святароў-беларусаў, якія б прамаўлялі пропаведзі па-беларуску; 6) выкладаць Закон Божы на беларускай мове; 7) утварыць прыхадскія рады, якія б дапамагалі настаяцелю ў кіраванні духоўным жыццём прыхода; 8) дамагацца склікання прадсаборных епархіяльных сходаў з свецкіх і духоўных прадстаўнікоў ад прыходаў, а так сама праваслаўных прадстаўнікоў ад культурных і асветніцкіх беларускіх арганізацый; 9) дамагацца склікання Праваслаўнага Сабора ў Польшчы з прадстаўнікоў як ад духавенства, так і ад прыхаджан, абраных дэмакратычным шляхам [1, арк. 6-6 адв.].

14 сакавіка 1930 г. быў створаны Беларускі праваслаўны камітэт, які першапачаткова меў назву Цэнтральны Беларускі праваслаўны камітэт па беларусізацыі Царквы. На ўстаноўчую канферэнцыю павінны былі прыехаць і праваслаўныя святары. Старшыня Камітэта Т.Вернікоўскі сустракаўся з архіепіскапам Феадосіем, які благаславіў канферэнцыю і тых, хто збіраўся на ёй прысутнічаць, уключаючы духавенства, але потым змяніў рашэнне. Такім чынам, прыехаўшая ў Вільню дэлегацыя святароў на канферэнцыю не патрапіла. Але святар А.Коўш, адзін з прыхільнікаў беларусізацыі Царквы, быў завочна абраны першым віцэ-старшынёй прэзідыума [2, арк. 10].

Камітэт у якасці сваёй мэты ставіў аб’яднанне праваслаўных беларусаў дзеля абароны Святой Праваслаўнай веры, умацавання праваслаўнай маралі, збліжэнне духавенства і Царквы з народам праз яе беларусізацыю і пашырэнне рэлігійна-нацыянальнай свядомасці. Патрабаванні камітэта ў цэлым былі ідэнтычныя выкладзеным у мемарыяле таварыства «Прасвета» [2, арк. 3-4].

БПК распаўсюджваў сваю дзейнасць на ўсе епархіі з беларускім насельніцтвам. На ўстаноўчай канферэнцыі камітэта быў прыняты зварот да Віленскага, Гродзенскага і Пінскага архіепіскапаў аб правядзенні духавенствам у жыццё загадаў Сінода аб прапаведаванні на беларускай мове. Богаслужэбнаю мовай павінна заставацца мова царкоўна-славянская [2, арк. 13-14].

Акрамя камітэта, патрабаванні беларусізацыі Царквы вылучалі шматлікія дробныя арганізацыі, якія не мелі шырокай грамадскай падтрымкі: Беларускі нацыянальны камітэт, Беларуская праваслаўная група студэнтаў Віленскага універсітэта, Беларуская праваслаўная працоўная арганізацыя, Саюз беларускай праваслаўнай моладзі ў Вільні, Аб’яднанне праваслаўных прыходскіх групаў беларусаў Віленскай Епархіі, Беларускі цэнтрасаюз [8, с. 225 – 226].

Неабходна адзначыць, што патрабаванні камітэта не знайшлі водгуку як у праваслаўнага духавенства, так і сярод вернікаў. Адзначаныя патрабаванні адлюстроўвалі хутчэй погляды маладых беларускіх палітычных эліт, чым шырокіх мас сельскага насельніцтва [6, арк. 6]. Уся дзейнасць Беларускага праваслаўнага камітэта абмяжоўвалася складаннем мемарыялаў да царкоўных і дзяржаўных улад.

У хуткім часе скончылася і супрацоўніцтва лідэраў руху. Р.Астроўскі пачаў выдаваць газету «Голас праваслаўнага беларуса», дзе крытыкавалася дзейнасць камітэта і святара А.Каўша. Кіраўнікі БПК Вернікоўскі і Більдзюкевіч у сваю чаргу скардзіліся на Р.Астроўскага архіепіскапу Феадосію. Сярод беларускіх дзеячаў гучалі ўзаемныя паклёпы, даносы і абвінавачванні ў сектанцтве, атэізме, камунізме і масонстве [9; 10].

17 студзеня 1933 г. Сінод епіскапаў па прапанове Віленскага архіепіскапа Феадосія пастанавіў спыніць выступленні беларусаў, якія толькі пашыралі «смуту и расстройства» ў царкоўным жыцці [7, с. 183].

Такім чынам, у працэссе фарміравання беларускай нацыі істотную ролю адыгрываў канфесіянальны фактар. Праваслаўная Царква, у планах беларускіх арганізацый, павінна была стаць мабілізуючым фактарам этнічнай кансалідацыі беларусаў. Дзеля гэтага яна павінна была набыць беларускія культурна-моўныя характарыстыкі. Аднак гэтыя патрабаваннія не мелі шырокай грамадскай падтрымкі з прычыны слабасці, абмежаванасці самога беларускага руху. Істотнай перашкодай з’яўляліся пастаянныя расколы ў самім руху па беларусізацыі Царквы.

По материалам: Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) /ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

 

Яндекс.Метрика