Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі
            (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.)

  Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі
             (Гродна, 23-24 кастрычніка 2008 г.)

                 

 

 М. К.Альховік

 Дыферэнцыяцыя ў шэрагах членаў КП(б)Б у сувязі

 з правядзеннем палітыкі беларусізацыі 1920-х гг.

В статье рассмотрены основные направления политики КП(б)Б по расширению в партии национального компанента в рамках проведения политики беларусизации 1920-х гг.

 Як вядома, у цэлым у час уваходжання Беларусі ў склад СССР адбывалася палітыка, накіраваная на русіфікацыю Беларусі, выкараненне беларускай нацыянальнай ідэі ды на рэпрэсаванне ці на фізічнае вынішчэнне яе носьбітаў [2, с.136]. Аднак з усяго гэтага перыяду выдзяляецца фенаменальная эпоха сутнасна новае палітыкі – палітыкі беларусізацыі, якая праводзілася ў Савецкай Беларусі ў 1920-я – пачатку 1930-х гг. пад кантролем і пры падтрымцы маскоўскіх уладаў [8, с.102].

Нацыянальную палітыку партыі бальшавікоў з моманту прыходу РСДРП(б) да ўлады і да пачатку 1930-х гг. нязменна суправаджала шырокая дыскусія вакол дадзенага пытання, нягледзячы на тое, што партыя ўяўляла сабой маналітную, цэнтралізаваную арганізацыю, дзе кіраванне ажыццяўлялася зверху ўніз. На Беларусі абмеркаванне «нацпытання» прывяло да фармавання розных груповак, розных платформаў у асяроддзі КП(б)Б. Такая дыскусія была магчымая з дзвюх прычынаў. Па-першае, станаўленне таталітарнай сістэмы яшчэ толькі адбывалася, а па-другое, кіраўніцтва УКП(б) з 1921 г. да пачатку 1930-х гг. фактычна праводзіла ва ўмовах шматнацыянальнай дзяржавы палітыку мультыкультуралізму.

Яшчэ пры станаўленні расійскай сацыял-дэмакратыі бальшавікамі было прадэкларавана права народаў на самавызначэнне ажно да аддзялення. Аднак у марксісцкай дактрыне нацыянальнае пытанне падпарадкавана класавай барацьбе, высоўванне нацыянальных праблемаў на першы план ва ўмовах станаўлення пралетарскай дыктатуры аб’яўлялася контррэвалюцыйным [2, 128]. Да таго ж напачатку шмат бальшавікоў лічыла, што на Беларусі жыве народ, які не розніцца ад насельніцтва любой вялікарускай правінцыі [5, с. 96].

Насуперак ім існавала групоўка беларускіх камуністаў, якія мелі зусім іншыя погляды на Беларусь і беларусаў. Яна атрымала ў гістарычнай літаратуры назву «беларускіх нацыянал-камуністаў». Вылучыць дадзеную групу даволі складана. Нацыянал-камуністы мелі розныя ступені прыхільнасці да нацыянальнай ідэалогіі. Але да групы не маюць дачынення асобы, якія, займаючы адміністрацыйныя пасады, шмат зрабілі ў справе беларусізацыі, кіруючыся не ўласнымі поглядамі, а афіцыйнымі ўстаноўкамі. Аднак у дачыненні да палітыкі беларусізацыі трэба апераваць не паняццямі «касмапалітызм», «інтэрнацыяналізм» і нацыянальная арыентацыя, а поглядамі і дзейнасцю на ніве беларусізацыі. Таму, на нашую думку, вылучаюцца наступныя групы:

а) камуністы-вялікадзяржаўнікі, якія ўпарта супраціўляліся правядзенню палітыкі беларусізацыі. Гэтыя людзі непрымірыма ставіліся да беларускага нацыянальнага будаўніцтва, спрабавалі давесці ягоную контррэвалюцыйнасць. У 1921 – 1929 гг. гэты кірунак лічыўся больш небяспечны, чым «беларускі нацыяналізм», з 1929 г. небяспека для кіраўніцтва КП(б)Б і РКП(б) ад камуністаў-вялікадзяржаўнікаў паступова знікае, а з сярэдзіны 1930-х гг. вялікадзяржаўная ідэалогія будзе пакладзена ў аснову нацыянальнай палітыкі. Да вялікадзяржаўнікаў можна аднесці, напрыклад, С.Вальфсона, Выдру, Быхоўскага, Кублера;

б) камуністы-апаратчыкі, якія мянялі свае погляды на нацыянальную палітыку ў адпаведнасці са змяненнем поглядаў у вышэйшых кругах УКП(б). Яны з’яўляліся простымі тэхнічнымі выканаўцамі рашэнняў дзяржаўных і партыйных органаў. Гэтыя асобы імкнуліся падпарадкаваць задачы нацыянальнага будаўніцтва ўстаноўкам марксізму-ленінізму. Увесь час яны падкрэслівалі неабходнасць змагання з ухіламі ў «беларускі нацыяналізм», былі варожа настроеныя супраць апошняга. Гэтак, Кнорын у свой час заяўляў, што беларусы не з’яўляюцца нацыяй, што іх асаблівасці мусяць быць зжытыя, а камуністы не маюць права ўдзельнічаць у нацыянальным руху і зважаць на нацыянальную адметнасць беларускага народа. З 1927 г., калі ён вяртаецца на Беларусь і яго абіраюць за сакратара ЦК КП(б)Б, ён пачынае выступаць з новымі меркаваннямі, што «пралетарская дзяржава» не павінная супрацьдзейнічаць нацыянальнай палітыцы, а, наадварот, мусіць садзейнічаць, што нацыянальная палітыка ідзе ў рэчышчы пад’ёму культурнага ўзроўню масаў і садзейнічае далучэнню іх да актыўнага палітычнага жыцця. Кнорын выступаў і супраць нацыянальнай асіміляцыі. Аднак ужо ў наступным годзе ў кнізе «За культурную рэвалюцыю» Кнорын выступае і супраць нацыянал-дэмакратызму, з якім трэба весці рашучую барацьбу, і супраць перабольшання значэння нацыянальнай гісторыі і гістарычных дзеячоў [4, с. 174 – 178, 186, 210];

в) нацыянал-камуністы (знакамітыя дзяржаўныя, партыйныя і грамадскія дзеячы А.Чарвякоў, М.Галадзед, З.Жылуновіч, У.Ігнатоўскі, А.Баліцкі, Д.Чарнушэвіч, А.Хацкевіч, А.Бурбіс, П.Ільючонак, С.Булат, Я. Каранеўскі, А.Сташэўскі і многія іншыя) імкнуліся пагадзіць ідэі нацыянальнага адраджэння і будаўніцтва з марксісцкай ідэалогіяй і ўмовамі «сацыялістычнага будаўніцтва» ў БССР і СССР. Больш за тое, яны імкнуліся атрымаць пэўную аўтаномію ад Масквы для дзейнасці ў нацыянальным пытанні, што вельмі негатыўна было сустрэта Масквой [10, с.323; 8, с.91]. Разам з тым нацыянал-камуністы адмяжоўваліся ад «нацыяналістычнага ўхілу», выкарыстоўвалі выкрывальніцкую тэрміналогію на адрас некамуністычных арганізацыяў і ідэяў. Нацыянал-камуністы спрабавалі засведчыць контррэвалюцыйнасць русіфікатарскіх элементаў, сцвярджаючы, што апошнія не прызнаюць нацыянальную палітыку Кампартыі [1, с. 117].

Пасля Х з’езда РКП(б) быў абвешчаны курс на лібералізацыю нацыянальнай палітыкі. Каб прыстасаваць прынятыя на з’ездзе рашэнні да мясцовых умоваў, беларускімі камуністамі былі выпрацаваныя і зацверджаныя трынаццаць тэзаў пад агульнай назвай «Беларускае нацыянальнае пытанне і Камуністычная партыя». Адзіная функцыя, якую партыя ўсклала на беларускую мову, была абслуговая. У адказ нацыянал-камуністы напісалі «Заяву 32-х», у якой ад уладаў патрабавалася стварыць усе ўмовы для развіцця беларускай нацыі: аб’яднаць беларускія землі, вярнуць беларускіх работнікаў, правесці беларусізацыю дзяржаўных установаў, абвясціць роўнасць рускай і беларускай моваў. На пасяджэнні ЦК КП(б)Б даклад падпаў пад рэзкую крытыку апаратчыкаў, хоць ягоныя прынцыпы пазней будуць ажыццяўляцца ў якасці складовых частак дзяржаўнай палітыкі.

На VІІ з’ездзе КП(б)Б 20 – 26 сакавіка 1923 г. камуністы-вялікадзяржаўнікі даводзілі, што беларуская мова ўводзіцца штучна і гвалтоўна, нацыянал-камуністы выступалі за паўнавартасную беларусізацыю, а камуністы-апаратчыкі перасцерагалі два супрацьлеглыя лагеры, што трэба знайсці «сярэднюю лінію», што ў савецкіх умовах можа існаваць толькі класавы, а не нацыянальны рух. Рэзалюцыя мела кампрамісны характар, напрыклад, пры выданні беларускай літаратуры галоўная ўвага звярталася на марксісцкую. На пэўны час вялікадзяржаўнікі спынілі крытыку.

Баючыся абуджэння нацыянальных пачуццяў у камуністаў «на ўскраінах», партыйны цэнтр увесь час нагадвае ім, што ў нацыянальнай працы яны заўсёды мусяць кіравацца ягонымі ўстаноўкамі. Так, 9 – 12 чэрвеня 1923 г. ЦК РКП(б) правёў чацвёртую нараду з адказнымі працаўнікамі нацыянальных рэспублік і абласцей у Маскве, якая распрацавала і зацвердзіла «Практычныя мерапрыемствы па правядзенні ў жыццё рэзалюцыяў ХІІ з'езда партыі па нацыянальным пытанні». У 1923 – 1924 гг. беларусізацыя канчаткова становіцца дзяржаўнаю і партыйнаю палітыкай у БССР. Камуністы цяпер мусілі ўдзельнічаць у палітыцы беларусізацыі.

У другой палове 1920-х гг. барацьба партыі з інтэлігенцыяй за сваю кіраўнічую ролю ў нацыянальным будаўніцтве было ў некаторым сэнсе і змаганнем камуністаў-апаратчыкаў (якія дамінавалі ў асяроддзі апарата кіравання) з нацыянал-камуністамі (якія мелі значную долю ў інтэлігенцкай праслойцы). Першыя праводзяць на з’ездах рэзалюцыі аб неабходнасці барацьбы з «нацыянал-дэмакратызмам». З 1929 г. да «нацдэмаў» пачалі далучаць перш за ўсё нацыянал-камуністаў [6, с.51; 7, с.12-14]. Наяўнасць апошніх з 1918  г. у шэрагах Кампартыі абвяшчаецца загадзя прадуманым ходам. К сярэдзіне 1930-х гг. нацыянал-камунізм быў ліквідаваны, а вялікадзяржаўнікі зліліся з апаратчыкамі, якія пачалі праводзіць новыя ўстаноўкі кіраўніцтва – русіфікацыйныя (стандарызацыйныя) і антыбеларускія.

 

По материалам: Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) /ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

 

Яндекс.Метрика