Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі
            (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.)

  Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі
             (Гродна, 23-24 кастрычніка 2008 г.)

                 

 

УДК 329.17

 Д.Ч. Урублеўскі

 БУНД: праграмныя ўстаноўкі, тэорыя нацыянальна-культурнай аўтаноміі

 В статье рассмотрен процесс создания программы Бунда в период до Первой мировой войны.

 Першапачатковай праграмай дзейнасці БУНДа стала напісаная ў 1894 г. брашура А.Крэмера «Пра агітацыю» (выдадзена за мяжой у 1897 г.). У ёй абгрунтоўвалася неабходнасць пераходу сацыял-дэмакратаў ад гуртковай прапаганды марксізму да масавай агітацыі сярод рабочых на падставе эканамічных патрабаванняў: скарачэнне рабочага дня, павелічэнне зарплаты, паляпшэнне ўмоў працы i інш. Палітычная i сацыялістычная агітацыя адкладвалася на няпэўную перспектыву, бо лічылася, што рабочыя, не прайшоўшы школу эканамічнай барацьбы, не зразумеюць заклікаў да звяржэння царызму, да сацыялістычных ідэй. Гэта праграма ў 2-й палове 1890-х гадоў была пашырана ў беларуска-літоўскіх губернях i за ix межамі [1].

У перадваенны перыяд праграмныя ўстаноўкі бундаўцаў значна зблізіліся з праграмай меншавікоў. На нарадзе сацыял-дэмакратаў, якая праходзіла 29.02 (13.03) 1912 г., была прынята па ініцыятыве БУНДа рэзалюцыя, якая зняла патрабаванні канфіскацыі памешчыцкіх зямель, дэмакратычнай рэспублікі. Зацверджаная на ёй платформа прадугледжвала: барацьбу за адказнае міністэрства, свабоду кааліцый, скасаванне надзвычайнага становішча, шырокія грамадскія правы, а таксама шырокае мясцовае і гарадское самакіраванне, ліквідацыю мяжы аселасці і нацыянальнае раўнапраўе, пашырэнне рабочага заканадаўства і на рамеснікаў. Гэта вельмі добра ўпісвалася ў праграмныя патрабаванні меншавікоў, якія сцвярджалі, што бундаўская тэорыя культурна-нацыянальнай аўтаноміі не супярэчыць патрабаванням расійскіх сацыял-дэмакратаў. Асноўнай формай барацьбы сталі «петыцыйныя кампаніі», што не разумеліся рабочымі.

У час вайны БУНД фактычна выключыў з праграмных патрабаванняў антыўрадавыя палажэнні [1]. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ён стаў на пазіцыі падтрымкі Часовага ўрада і яго палітыкі, бо лічыў немагчымым пераход да сацыялізму на той час. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі частка дзеячоў БУНДа прызнала праграмныя палажэнні Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) (РКП(б)) і далучылася да бальшавікоў; астатнія прынялі рашэнне аб самароспуску партыі. У перыяд рэвалюцыйных падзей 1917 – 1918 гг. БУНД падзяліўся на тры кірункі [2]: левы – прыхільнікі ўдзелу ў працы Саветаў для барацьбы за скліканне Устаноўчага сходу, правы – прыхільнікі актыўнай барацьбы з бальшавікамі і непрызнання ўлады Саветаў, цэнтральны – прыхільнікі парламенцкай апазіцыі ў Саветах.

Да 1939 года БУНД дзейнічаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая была пад уладай Польшчы. Яго праграмныя патрабаванні пацярпелі значныя змены: партыя стала на пазіцыі легальнай парламенцкай дзейнасці, галоўным патрабаваннем стала жаданне мець нацыянальна-культурную аўтаномію для яўрэйскага насельніцтва, было падтрымана імкненне Заходняй Беларусі да самавызначэння, але без аддзялення ад Польшчы, у той жа час БУНД не ішоў на супрацоўніцтва з КПП, КПЗБ і КПУ (Камуністычнай партыяй Украіны), ствараў прафсаюзы па нацыянальнаму прызнаку, вагаўся пры супрацоўніцтве ў антыфашысцкіх камісіях і арганізацыі адзінага фронта барацьбы супраць фашызму і новай вайны.

Для дэталёвага разгляду праграмных патрабаванняў БУНДа аўтар працы выкарыстаў праграму БУНДа 1905 года, рэзалюцыю VI з’езда БУНДа, рэзалюцыю X канферэнцыі і выбарчую платформу ва Устаноўчы сход. Такім чынам праграмныя устаноўкі БУНДА можна звесці да агульнага.

Пры поўнай упэўненасці аб хуткай рашаючай бітве з буржуазіяй БУНД вырашыў абапірацца на шырокія слаі яўрэйскага пралетарыяту [3]. Таму дзеля гэтага была пастаўлена мэта пашырэння сваёй сферы ўплыву, павелічэння самадзейнасці, актыўнасці і свядомасці. Пры пашырэнні рэвалюцыйнага ўздыму было вырашана ўключыць у сферу інтарэсаў і перадавыя элементы буржуазна-дэмакратычнага слою яўрэйскага насельніцтва – радыкальную інтэлігенцыю, якая заклікана была прызнаць пункты гледжання рабочых. Асноўнымі метадамі барацьбы лічыліся агітацыя і забастоўкі. Але трэба заўважыць, што састаўной часткай агітацыі павінна была стаць агітацыя за набыццё зброі, уменне ёй валодаць, стварэнне добра ўзброеных атрадаў, якія маглі б стаць ініцыятарамі ўзброенага супраціўлення. Гэта была звычайная тактыка рэвалюцыйнай барацьбы. Арыгінальнасці бундаўцы тут не праявілі.

Супрацоўніцтва з неяўрэйскім пралетарыятам і сацыял-дэмакратычнымі партыямі прадугледжвалася [4], але былі пэўныя ўмовы: самастойнасць арганізацый, незалежнасць дзеянняў і інш. Трэба падкрэсліць, што накірунак на хуткую бітву з буржуазіяй быў у хуткім часе выняты з праграмных палажэнняў. Метады і формы барацьбы засталіся, але яны былі ісці ў рамках парламенцкай дэмакратыі. Бачна скіраванасць праграмы БУНДа на агульнаеўрапейскія сацыя-дэмакратычныя тэндэнцыі.

Барацьба супраць нацыянальнага гнёту, як ускоснага, так і прамога – адно з ключавых патрабаванняў БУНДа. Барацьба за адмену нацыянальнага прыгнёту мела на ўвазе не толькі яўрэйскае насельніцтва, але і астатнія народы Расійскай імперыі[5]. Патрабавалася: поўнае грамадзянскае і палітычнае раўнапраўе, забяспечанасць законам магчымасці ўжывання роднай мовы пры зносінах з судовымі органамі, дзяржаўнымі ўстановамі і органамі мясцовага самакіравання, нацыянальная аўтаномія, якая прадугледжвала стварэнне асобных тэрытарыяльных органаў на падставе ўсеагульнага, роўнага, прамога і тайнага галасавання грамадзян старэйшых за 20 год, якія прылічваюць сябе да яўрэйскай нацыі, і перадачы ім функцый па пытаннях культуры, адукацыі і веры пад кантролем цэнтральных органаў улады. Функцыі гэтых органаў і іх кампетэнцыю павінен быў вырашыць яўрэйскі Устаноўчы сход. Ён павінен быў сабрацца пасля Усерасійскага Устаноўчага сходу. Выказвалася жаданне дабіцца выкананняў сваіх патрабаванняў мірным, парламенцкім шляхам. Бачна падобнасць з нацыянальнымі патрабаваннямі сацыял-дэмакратаў, але тут вялікая ўвага надаецца яўрэйскай нацыі, яе становішчу і будучаму.

Расія павінна стаць дэмакратычнай і парламенцкай рэспублікай [6], без прэзідэнта. Кіравацца павінна парламентам, які складаецца з адной палаты і абіраецца на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага выбарчага права па прапарцыйнай сістэме. Пастановы гэтай палаты не падлягаюць ні зацвярджэнню, ні адмене, яна павінна мець права рашаць усе пытанні вайны і міру. Урад  цалкам адказны перад парламентам. Імкненне да буржуазна-дэмакратычнай рэспублікі, якая на той час магла стаць гарантам жасягнення і замацавання праграмных установак бундаўцаў.

Мясцовыя органы ўлады – гарадскія думы і земскія ўправы абіраюцца на дэмакратычнай аснове і цалкам аўтаномныя. Іх пастановы, якія датычацца мясцовых спраў, не падлягаюць ніякаму зацвярджэнню і не могуць быць аспрэчанымі. Патрабаванне шырокай мясцовай аўтаноміі выцякала з патрабавання нацыянальнай аўтаноміі і шырокіх дэмакратычных правоў.

У іх веданні знаходзіцца ўся земская і гарадская міліцыя. Суддзі абіраюцца народам на тых жа дэмакратычных асновах. Усе дзяржаўныя служачыя маюць аднолькавыя правы і абавязкі, што і іншыя грамадзяне, адказныя перад законам і падлягаюць суду прысяжных. Падзел улад – прызнак прававой і дэмакратычнай дзяржавы, таму гэта патрабаванне было актуальным для Расіі таго часу.

Расія павінна застацца адзінай і непадзельнай дзяржавай. Гэта можа гарантаваць ёй высокае эканамічнае развіццё і адзінства дзеянняў пры класавай барацьбе. Хаця, мажліва, замяніць класавую барацьбу на барацьбу са знешнімі і ўнутранымі ворагамі. Пры ўсёй непадзельнасці павінна існаваць нацыянальна-культурная аўтаномія для кожнай нацыянальнасці: поўнае раўнапраўе моў, аўтаномія мясцовасцей, якія адрозніваюцца сваімі эканамічнымі, нацыянальнымі і бытавымі асаблівасцямі, гарантыя праў нацыянальна-культурнай аўтаноміі.

Патрабаванні для яўрэйскага насельніцтва супадаюць з патрабаваннямі для ўсіх нацый. Хаця гэтыя патрабаванні выдзяляюцца і падкрэсліваюцца: поўнае раўнапраўе ва ўсіх сферах жыцця, раўнапраўе яўрэйскай мовы на судзе і ва ўсіх дзяржаўных і грамадскіх установах, яўрэйскія школы, нацыянальная аўтаномія ў пытаннях культуры, рэлігіі і асветы.

Звычайныя буржуазна-дэмакратычныя патрабаванні – неабмежаваная свабода сумлення, слова, друку, сходаў, саюзаў і стачак. Недатыкальнасць асобы і жылля. Знішчэнне саслоўяў, тытулаў, чыноў і ордэнаў, поўнае раўнапраўе ўсіх грамадзян незалежна ад полу, веравызнання, нацыянальнасці і грамадскага становішча. Аддзяленне царквы ад дзяржавы і школы ад царквы. Абавязковае, усеагульнае і бясплатнае навучанне для ўсіх дзяцей да 16 гадоў.

Канфіскацыя (без выкупу) усіх дзяржаўных, манастырскіх, удзельных і памешчыцкіх земляў. Толькі дробныя зямельныя надзелы застаюцца ва ўласнасці іх сапраўдных гаспадароў. Аб тым, якую зямлю трэба канфіскаваць і як ёю распарадзіцца, – будуць рашаць органы мясцовага самакіравання. У веданні цэнтральных органаў дзяржавы знаходзяцца землі, неабходныя для патрэб усёй дзяржавы: лясы, землі, якія маюць ў сабе мінеральныя багацці, землі, патрэбныя для ўнутраных перасяленняў. Сюды трэба аднесці і патрабаванне законаў аб ахове наёмных вясковых працоўных, парабкаў – такіх жа, якія існуюць для гарадскіх працоўных.

8-гадзінны працоўны дзень для горада і вёскі, для буйнай прамысловасці і для рамеснай вытворчасці. Трэба толькі, каб агульнае заканадаўства было прыстасавана да умоў дробнай прамысловасці, неабходна спецыяльная рамесная інспекцыя, павінны быць заснаваны прафесійныя школы для навучання рамёствам, паколькі захоўваецца інстытут прыватнага вучнёўства, неабходны адмысловая ахова і апека аб вучнях, абавязковы 42-гадзінны штотыднёвы адпачынак. Права на суботні адпачынак для яўрэяў. Знішчэнне звышурочных прац. Начная праца павінна быць толькі ў самых выключных, самых неабходных выпадках. Забарона працы для дзяцей маладзейшых за 16 гадоў. Абмежаванне працы для падлеткаў і жанчын. Адказнасць гаспадароў за няшчасныя выпадкі з працоўнымі, абавязковае дзяржаўнае страхаванне на выпадак хваробы, старасці, калецтва і беспрацоўя. Страхаванне мацярынства. Фабрычная інспекцыя, з шырокімі паўнамоцтвамі, з удзелам прадстаўнікоў працоўных. Увядзенне жыллёвага і санітарнага нагляду над фабрыкамі і майстэрнямі. Павінны быць крымінальная адказнасць гаспадароў за невыкананне пастаноў і законаў аб ахове працы, існаваць біржы працы.

Калі дзяржава павінна выйсці з надзвычай цяжкага становішча, то ўсе класы грамадства павінны прынесці вялікія ахвяры. Найболей заможныя класы павінны ўзяць на сябе самы вялікі цяжар: неабходны спецыяльны падатак на капіталы. Пастаянныя выдаткі дзяржавы павінны пакрывацца не толькі ўскоснымі падаткамі, спаганяемымі з прадметаў першай неабходнасці, але і шляхам прагрэсіўнага абкладання прыбыткаў і спадчын. Урад павінен весці кантроль над найважнейшымі галінамі прамысловасці і фінансаў і рэгуляваць гаспадарчае жыццё краіны. Асабліва ў момант, калі неабходна спыніць вайну і выратаваць краіну ад голаду і фінансавага банкруцтва.

З улікам Першай сусветнай вайны быў выпрацаваны і пункт пра патрабаванне міру. Дзяржава не павінна рызыкаваць сваёй бяспекай дзеля ўсеагульнага міру, але яна павінна была зрабіць крокі дзеля заключэння замірэння на ўсіх франтах і пачаць перамовы аб міры на наступных ўмовах: мір без анексій і кантрыбуцый, права нацый на самавызначэнне, абмежаванне ўзбраенняў, знішчэнне тайнай дыпламатыі і тайных дамоў, свабоды эканамічнага развіцця ўсіх краін, як ваюючых, так і нейтральных, міжнародных трэцейскіх судоў для разгляду міждзяржаўных канфліктаў, замена пастаяннай арміі дэмакратычна арганізаванай народнай міліцыяй. Хаця навошта армія, калі будуць выкананы вышэй пералічаныя патрабаванні?

Прагамныя ўстаноўкі БУНДа вельмі цікавыя і неадназначныя: спалучэнне сацыялістычных і буржуазна-дэмакратычных ідэй і імкненне «насадзіць» іх на існуючы законны дзяржаўны лад, бачна няўпэўненасць у эфектыўнасці мажлівай будучай улады. Складальнікі праграмы імкнуліся паказаць сябе барацьбітамі за сацыялістычныя ідэі, але не забывалі падкрэсліць і выдзеліць патрабаванні для яўрэйскага пралетарыяту і яўрэйскага насельніцтва ў цэлым. І гэта зразумела, бо стагоддзямі яўрэі прыціскаліся ў Расійскай імперыі, былі абмежаваны ў правах, таму, нарэшце, яны павінны былі атрымаць усе правы і свабоды.

 

 

По материалам: Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) /ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

 

Яндекс.Метрика