Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі
            (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.)

  Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі
             (Гродна, 23-24 кастрычніка 2008 г.)

                 

 

А.У. Паўшок

 Дзейнасць Канстытуцыйна-каталіцкай партыі на тэрыторыі Беларусі ў пачатку XX ст.

 В статье рассматривается деятельность Конституционно-католической партии на территории Беларуси в начале ХХ века.

 У канцы XIX – пачатку XX ст. адбываўся працэс інтэнсіўнага развіцця польскага грамадскага–палітычнага руху ў Беларусі і Літве. Яго вынікам стала ўзнікненне шэрагу польскіх палітычных партый. У сваіх праграмах яны імкнуліся ў той ці іншай ступені адлюстроўваць эканамічныя, палітычныя і культурныя памкненні розных слаёў польскага грамадства беларуска-літоўскіх зямель. У рэчышчы асноўных накірункаў польскага грамадска-палітычнага руху (кансерватыўнага, ліберальнага, радыкальнага) ідэалагічна аформіліся і заявілі аб сабе розныя плыні польскіх палітычных партый, якія дзейнічалі і ў Беларусі на рубяжы ХІХ–ХХ ст.: сацыялістычнае, краёвае (кансерватыўна-памешчыцкае і ліберальна-буржуазнае), рэлігійна-клерыкальнае, нацыянальна-дэмакратычнае [1, с. 18].

Партыяй клерыкальнага напрамку на Беларусі была Канстытуцыйна-каталіцкая партыя (ККП), створаная ў 1906 г. па ініцыятыве рымска-каталіцкага епіскапа Эдварда фон Роппа. Ідэалагічнай асновай партыі былі каталіцкія ідэі. Асноўнай мэтай партыі было аб’яднанне ўсіх католікаў–палякаў, беларусаў, літоўцаў «у адну магутную партыю» з мэтай барацьбы з царскім урадам «для развіцця і дабрабыту» краю.

Партыя дабівалася ад урада больш шырокіх грамадзянскіх правоў для католікаў. 3 другога боку, яе дзейнасць не спрыяла росту нацыянальнай самасвядомасці беларускай і літоўскай нацыі. Больш таго, яна была скіравана на тое, каб уплываць на іх цераз каталіцкаі Касцёл, які меў ярка выражаны польскі характар.

Цэнтральным органам партыі зяўляліся часопісы «Навіны Віленскія», «Сябар народа», «Таварыш працы» [2, с. 125]. Для больш поўнага ўяўлення аб Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі, яе ролі сярод іншых польскіх палітычных партый, звернемся да важнейшых палажэнняў яе праграмы.

У праграме ўтрымліваліся патрабаванні: аўтаномія Каралеўства Польскага; будучы лад Расіі ў форме канстытуцыйнай манархіі з парламентам; стварэнне польскіх палкоў у арміі; захаванне правоў уласнасці на зямлю; 8-гадзінны рабочы дзень, страхаванне рабочых, права на правядзенне стачак і стварэнне прафсаюзаў; вяртанне каталіцкаму Касцёлу ўсіх правоў і форм уласнасці забраных пасля паўстання 1863-64 гг.; незалежнасць Царквы ад дзяржавы; стварэнне нацыянальных школ; свабода выравызнання.

3 дапамогай каталіцкага духавенства і ўласнай газеты («Навіны віленьске») Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі вяла актыўную прапаганду сваёй праграмы. Так, у Гродзенскай губерні адзяленні партыі існавалі ў Гродне і Беластоку. Яны складаліся з прадстаўнікоў інтэлігенцыі і каталіцкага духавенства. У пачатку сакавіка 1906 г. адбыліся сходы прыхільнікаў партыі. На гэтыя сходы запрасілі рабочых і рамеснікаў горада. На сходах крытыкавалі яўрэйскія сацыялістычныя арагнізацыі, а таксама выказваліся за часовы саюз з гарадскімі выбаршчыкамі–рускімі. I сапраўды, польскія дэпутаты ўпэўнена перамаглі на выбарах у I Дзяржаўную Думу па курыі землеўласнікаў у Гродзенскім, Беластоцкім, Бельскім, Слонімскім, Косаўскім, Пружанскім, Сакольскім уездзах.

Гродзенскі губернатар у данясенні міністру ўнутраных спраў ад 13 сакавіка 1906 г. таксама адзначаў актыўнасць Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі. Ён выказаў занепакоенасць, што рускае насельніцтва губерні наогул не будзе прадстаўлена ў Думе, таму што «на гарадскіх з'ездах выбіралі яўрэяў, а на павятовых–каталікоў».

Губернскі камітэт Канстытуцыйна-каталіцкай партыі быў створаны ў Магілёве. Аднак тут шанцаў на поспех было вельмі мала, і камітэт пачаў перамовы з губернскім Саюзам дзеля дасягнення раўнапраўя для яўрэяў [3, с.45].

Дзейнасць Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі была прыкметнай і ў Віцебскай губерні. 22 лютага 1906 г. адбыўся сход прыхільнікаў гэтай партыі ў Дзвінску. На ім прысутнічалі 150 чалавек. Старшынстваваў ксёндз-дэкан Ян Сяклюцкі, які, у прыватнасці, адзначыў: «Ніводная партыя края не адпавядае нашым нацыянальным і рэлігійным патрабаванням, акрамя Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі». На пачатку сакавіка 1906 г. загадам віленскага генерал-губернатара Кршывіцкага сходы Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі ў межах генерал-губернатарства былі забаронены. У сувязі з гэтым на старонках «Кур'ера» з'явілася спецыяльная заява ЦК Канстытуцыйна–каталіцкай партыі, у якой адзначалася, што «дзейнасць Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі была заўсёды легальнай і супакойваючай, і, што тайная дзейнаць супярэчыць задачам і мэтам партыі». Далей ЦК абвяшчаў, што спыняе сваю дзейнасць да моманту, «калі ў дзяржаве, дзе толькі нараджаецца палітычнае жыццё, партыі легальнага накірунку будуць узнікаць не толькі на глебе дзяржаўнай палітыкі, але і ў адпаведнасці з пажаданнем мясцовага насельніцтва і яго патрабаваннямі». Пры гэтым кіраўніцтва даручала сябрам партыі і надалей падтрымліваць найбольш адпаведных свайму прызначэнню кандыдатаў у выбаршчыкі і дэпутаты Думы. Біскуп Эдвард фон Ропп ад свайго імя дадаў: «Партыя, якая была арганізавана па маёй ініцыятыве на аснове справядлівасці, любові і згуртаванасці пад знакам крыжа, заўсёды павінна жыць у сэрцах каталікоў. Прашу сяброў партыі цвёрда трымацца яе запаветаў, праводзіць іх у жыццё і, калі з'явіцца магчымасць легальнага згуртавання, зноў прыступіць да дзейнасці пад нашым сцягам» [4, с. 127].

Нягледзячы на забарону, сходы і паседжанні Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі працягваліся. Неўзабаве Кршывіцкі быў вымушаны звярнуцца да біскупа з пісьмом. Генерал–губернатар прапанаваў кіраўніку Віленскай каталіцкай дыяцэзіі выдаць уласны загад аб забароне партыйных сходаў. Але біскуп адмовіўся гэта рабіць [4, с. 145].

Такім чынам, у пачатку XX ст. Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі актыўна дзейнічала на Беларусі. Яна праводзіла шырокую агітацыйную работу сярод каталіцкага насельніцтва. Яе дзейнасць мела асабліва важнае значэнне, бо абудзіла польскую грамадскасць, спрыяла развіццю яе нацыянальнай самасвядомасці, прывяла да актыўнасці польскага насельніцтва дзеля паляпшэння палітычных, эканамічных і культурных правоў.

 

По материалам: Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) /ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

 

Яндекс.Метрика