Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі
            (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.)

  Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі
             (Гродна, 23-24 кастрычніка 2008 г.)

                 

 

УДК 329.1

 А.Л.Комар

 Арганізацыйныя асновы і ідэалагічныя платформы агульнарасійскіх палітычных партый у Беларусі напярэдадні першай рускай рэвалюцыі

 

В статье рассмотрены организационные основы и идеологические платформы общероссийских политических партий, действовавших в Беларуси в предверии первой русской революции.

 

Ужо ў пачатку рэвалюцыі высветлілася, што ў ёй вядуць барацьбу тры лагеры: манархічны, ліберальна–буржуазны, рэвалюцыйна–дэмакратычны [5, с. 202].

У кансерватыўна-манархічным лагеры асаблівую актыўнасць праяўлялі Расійская манархічная партыя, Саюз рускага народа, Усерасійскі саюз зямельных уласнікаў. Падобнага тыпу палітычныя арганізацыі пачалі ўзнікаць і на тэрыторыі Беларусі. Яны адлюстроўвалі інтарэсы буйных і сярэдніх землеўласнікаў, праваслаўнага і каталіцкага духавенства, чыноўнікаў [7, с. 22].

Усерасійская палітычная стачка, Маніфест 17 кастрычніка 1905 г. падштурхнулі гэтыя сілы да ўтварэння сваіх палітычных арганізацый. У Расійскай імперыі такая палітычная партыя была ўтворана 8 лістапада 1905 г. – Саюз рускага народа. Яшчэ раней, у красавіку 1905 г. ўзнікла Руская манархічная партыя. У лістападзе 1905 г. аформіўся і Усерасійскі саюз зямельных уласнікаў.

На тэрыторыі Беларусі ў гады першай расійскай рэвалюцыі самай буйной і ўплывовай арганізацыяй правых сіл стаў Саюз рускага народа. Аддзелы і пададдзелы гэтай партыі дзейнічалі ў многіх населеных пунктах Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў [8,  с. 226].

Разам з СРН на тэрыторыі беларускіх губерняў дзейнічалі і іншыя манархічныя партыі і арганізацыі. Так, у Пінску і Бабруйску ў гады першай рускай рэвалюцыі існавалі Саюзы рускіх людзей, пасля ўтварэння ў Маскве Усерасійскага саюза зямельных уласнікаў, на тэрыторыі Паўночна–Заходняга края практычна на правах яго філіяла пачаў функцыянаваць Беларускі саюз зямельных уласнікаў.

 Ідэалогія СРН увабрала ў сябе асобныя палажэнні розных дактрын. Асноўныя лозунгі былі атрыманы ў спадчыну ад тэорыі афіцыяльнай народнасці. У той жа час актыўна выкарыстоўвалася славянафільская тэрміналогія. Праграма СРН была даволі глыбока распрацаванай і з’яўлялася ўзорнай для ўсіх арганізацый падобнага тыпу.

 На першым месцы ў ёй стаяла патрабаванне захавання пануючага становішча праваслаўнай царквы. СРН лічыў самадзяржаўе неадменным. Прычым тэрмін «самадзяржаўе» разумеўся імі як неабмежаваная і незалежная манархічная ўлада, як залог магутнасці Расійскай імперыі. Таму СРН жадаў бачыць урад «толькі праваслаўным і карэнна рускім», заканадаўчую Дзяржаўную думу яны не прызнавалі. СРН прапанаваў узнавіць практыку склікання Земскіх Сабораў «з праваслаўных рускіх людзей». Ускраінай называлася Літва, Беларусь жа адносілася да карэнных рускіх земляў. СРН прытрымліваўся прынцыпа адзінай і непадзельнай Расіі [3, с. 70]. СРН не дапускаў магчымасці прадстаўлення нацыянальным рэгіёнам самавызначэння ў якой бы то ні было форме [9, с. 577].

У сферы аграрных адносін СРН дамагаўся пашырэння сялянскага землеўладання за кошт дзяржаўных зямель, у апошнім выпадку, за кошт куплі – продажу праз казну дабраахвотна прададзеных памешчыцкіх зямель.

Пераважная колькасць членаў арганізацыі былі сялянамі, значна менш рамеснікаў, наёмных рабочых, дробных гандляроў. У той жа час вярхушку састаўлялі прадстаўнікі інтэлігенцыі, дзяржаўныя служачыя, купцы, землеўласнікі, духавенства [9, с. 576].

На Беларусі ў ходзе рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. на палітычнай арэне паказаў сябе і ліберальна-буржуазны лагер. Аднак беларуская буржуазія ў гэтым лагеры не мела сваіх моцных пазіцый. Яна знаходзілася, з аднаго боку, пад моцным уціскам рускага капіталу, а з другога, – яўрэйскага і польскага. Таму вымушана была не заўсёды дакладна фармуляваць сваю палітычную праграму. Многія яе прадстаўнікі ўцягваліся ў дзейнасць агульнарасійскіх ліберальных партый – Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі (кадэты), Саюза 17 кастрычніка (акцябрысты) [7, с. 22]. Партыі ліберальна- буржуазнага лагера абапіраліся на мясцовых памешчыкаў, буржуазію, шляхту і інтэлігенцыю [7,  с. 23].

 «Саюз 17 кастрычніка» – палітычная партыя, названая ў гонар Маніфеста ад 17 кастрычніка 1905 г. Арганізацыйнае афармленне пачалося ў канцы кастрычніка 1905 г. і завяршылася на першым з’ездзе (8 – 12.02.1906 г. у Маскве). Сацыяльны састаў – чыноўнікі, памешчыкі, буйная гандлёва-прмысловая буржуазія [9,  с. 579].

У Беларусі арганізацыi «Саюза 17 кастрычніка» пачалі адчыняцца ў снежні – лютым 1906 г.. Яны ўтварыліся ў Вільні, Гродна, Мінску, Віцебску, Магілёве, Гомелі, Бабруйску, Лепелі і іншых гарадах [6, с. 95]. Можна вызначыць колькасць акцябрыстаў у Беларусі прыблізнай цыфрай у 5 тыс.чалавек. Невялікую колькасць беларускіх акцябрыстаў можна растлумачыць як канкурэнцыяй з боку чарнасоценцаў, так і тым, што ў Беларусі не было земстваў і вялікіх індустрыяльных цэнтраў. Таму сацыяльную базу «Саюза 17 кастрычніка» тут састаўлялі пераважна рускія чыноўнікі, праваслаўнае духавенства і стаарабрадцы. У некаторыя аддзелы запісваліся сяляне і нават рабочыя.

Бліжэйшыя задачы акцябрысты бачылі ў барацьбе «усімі культурнымі і мірнымі сродкамі як з элементамі, якія мараць аб вяртанні да старога рэжыму… так і з крайнімі элементамі, якія гвалтоўнай дзейнасцю перашкаджаюць правядзенню ў жыццё вялікай рэформы… заахвочваюць нас да анархіі», а таксама садзейнічалі ўсімі мерамі хуткаму правядзенню канстытуцыйнага манархічнага ладу на асновах Маніфеста 17 кастрычніка. У сувязі з гэтым яны патрабавалі забяспечыць грамадскія правы на свабоду слова, друку, сходаў і выступалі за ўвядзенне грамадскай роўнасці незалежна ад пола, нацыянальнасці і веравызнання. У той жа час «Саюз 17 кастрычніка» жадаў захавання моцнай манархічнай ўлады. Цар павінен быў застацца «вярхоўным правадыром свабоднага народа». Кансерватары выступалі за захаванне адзінства Расійскай імперыі, супраць ідэі аўтанамізацыі, але «з прызнаннем за асобнымі нацыянальнасцямі самага шырокага права на захаванне і абарону іх культурных патрабаванняў, дапусцімых ідэяй дзяржаўнасці і інтарэсамі іншых нацыянальнасцей» [3, с. 93].

Яны прапанавалі замацаваць надзельную зямлю ў прыватную маёмасць сялян, ураўняць іх у правах з іншымі катэгорыямі насельніцтва. У якасці выключэння ў праграме партыі прадугледжвалася прымусовае адчужэнне часткі прыватнаўласніцкіх зямель на ўмовах справядлівага ўзнагароджвання. Своеасабліва хацелі акцябрысты вырашыць аграрнае пытанне ў Беларусі. Яны прапанавалі выкарыстаць прускі шлях: прымусова выкупіць землі польскіх памешчыкаў [9, с. 580]. Беларусаў акцябрысты не лічылі асобным народам.

У 1906 г. пры актыўным удзеле акцябрыстаў у Беларусі ўтварылася краявая кансерватыўна-манархічная палітычная партыя – Рускі ўскраінны саюз. Канчаткова Рускі ўскраінны саюз аформіўся ў кастрычніку 1906 г. у выніку ўзгадненняў мясцовых акцябрыстаў з СРН. Аддзелы РУС былі ўтвораны  ў многіх гарадах Беларусі [9, с. 260] .

У канцы 1905 г. у Гродне ўзнік аддзел Партыі правага парадка, які аб’ядноўваў каля 60 – 70 чалавек. Яна прадстаўляла галоўным чынам рускіх чыноўнікаў. У пачатку наступнага года пачаў арганізоўвацца аналагічны аддзел у Мінску. Праграма Партыі правага парадка нічым не адрознівалася ад праграмы «Саюза 17 кастрычніка». У лютым 1906 г. яе гродзенская арганізацыя аб’ядналася з мясцовымі акцябрыстамі.

На рубяжы 1905 – 1906 гг. у Вільні ўзнікла спецыфічная краявая арганізацыя акцябрысцкага накірунку – таварыства «Селянін». У яго члены прымаліся асобы сялянскага паходжання, а таксама людзі іншых саслоўяў, якія з’яўляліся хрысціянамі і спачувалі «правядзенню ў жыццё асноўных пачаткаў Маніфеста 17 кастрычніка» [2, c. 123].

Кадэты – гэта  канстытуцыйна-дэмакратычная партыя, партыя «народнай свабоды». Арганізацыйна аформлена падчас рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. На другім з’ездзе ў студзені 1906 г. адбылося канчатковае канстытуіраванне партыі. На ім было прынята рашэнне дадаць да асноўнай назвы партыі «канстытуцыйна-дэмакратычная», словы партыя «народнай свабоды» [1, с. 5]. У партыю кадэтаў уваходзілі прадстаўнікі інтэлігенцыі, частка памешчыкаў, сярэдняя гарадская буржуазія. У рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. у мясцовыя партыйныя арганізацыі ўваходілі і прадстаўнікі сацыяльных нізоў: рабочыя, рамеснікі, служачыя, сяляне [1, с. 5]. На Беларусі ў 1905 – 1907 гг. арганізацыі кадэтаў утварыліся ў Магілёве, Вільні, Гродне, Беластоку, Мінску, Пінску, Віцебску. Дакладных звестак па іх колькаснаму складу няма. Вядома, што іх колькасць на Беларусі была вельмі малой [1, с. 5].

Найбольш аптымальным варыянтам грамадскага прагрэсу кадэты лічылі капіталізм. Яны выступалі супраць гвалтоўных сацыяльных пераваротаў, патрабавалі замены неабмежаванага самадзяржаўнага рэжыму канстытуцыйна-парламенцкай манархіяй англійскага тыпу. Праводзілі ідэю аб падзеле заканадаўчай, выканаўчай, судовай улад, патрабавалі стварэння адказнага перад парламентам урада, рэформы суда, мясцовага самакіравання, выступалі за ўвядзенне ў Расіі ўсеагульнага выбарчага права, ажыццяўленне дэмакратычных свабод – сумлення, слова, друку і інш. Лічылі, што Расія павінна быць унітарнай дзяржавай з правам культурнага, нацыянальнага самавызначэння для ўсіх народаў, якія засялялі імперыю. У аграрным пытанні кадэты патрабавалі надзяляць зямлёй беззямельных і малазямельных сялян за кошт дзяржавы, удзельных манастырскіх зямель, а таксама часткі памешчыцкіх зямель, якія былі адчужаны за выкуп [1, с. 5]. У адносінах да нацыянальнага пытання кадэты адстойвалі лозунг культурна-нацыянальнага самавызначэння [9, с. 267].

Кадэты віталі скліканне заканадаўчай Дзяржаўнай думы, патрабавалі склікання Устаноўчага сходу, які павінен быў прыняць канстытуцыю краіны.

У 1905 – 1907 гг. актывізаваў сваю дзейнасць і рэвалюцыйна – дэмакратычны лагер, у які ўваходзілі такія партыі, як РСДРП, Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш. У рэвалюцыйна-дэмакратычным лагеры пераважалі сацыялістычныя ідэалы. На пераход да сацыялізму арыентаваліся партыя эсэраў, меншавікі, бальшавікі, анархісты, члены Бунда і іншыя. Усе рэвалюцыйна-дэмакратычныя партыі альтэрнатывай капіталізму лічылі сацыялізм. Гэта было абумоўлена гістарычнымі традыцыямі, стагоддзямі выпрацаванай сістэмай каштоўнасцей: адсутнасцю дробнай уласнасці на зямлю, дэмакратычных прынцыпаў, мізэрнай колькасцю сярэдняга гарадскога насельніцтва і інш. Сацыялізм стаў той ідэяй, якая аб’ядноўвала ўсе палітычныя партыі і плыні рэвалюцыйнай дэмакратыі, што выступілі за звяржэнне самадзяржаўя.

Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэры) узнікла ў канцы 1901 – пачатку 1902 г. у выніку аб’яднання шэрагу народніцкіх груп і гурткоў. На Беларусі гурткі эсэраў дзейнічалі з 1901 г. Паводле звестак ІІ з’езда эсэраў Паўночна–Заходняй вобласці ў кастрычніку 1906 г. у беларускіх губернях налічвалася 8 863 членаў партыі. У Беларусі партыя эсэраў была пераважна партыяй сярэдніх пластоў грамадства – сялянства, інтэлігенцыі, дробных рамеснікаў, гандляроў і іншых, якія складалі 75 % яе членаў. Сеткай эсэраўскіх арганізацый была ахоплена значная частка тэрыторыі Беларусі.

Арганізацыя была адной з слабых старон партыі эсэраў. Эсэры, паводле прызнання іх лідэра У.М.Чарнова, грашылі «арганізацыйным нігілізмам». Аснову партыі састаўлялі яе мясцовыя арганізацыі: камітэты і групы, якія фарміраваліся, як правіла, па тэрытарыяльнаму прынцыпу. Арганізацыі часцей за ўсё фарміраваліся зверху ўніз: спачатку ўзнікала правячае «ядро», а затым вербаваліся масы [10, с. 177].

У адносінах да тэорыі эсэры былі плюралістамі. Яны лічылі, што партыя не можа кіравацца  адной якой-небудзь тэорыяй. Аб’ядноўвала эсэраў непрыняцце марксізма. Неабходнай умовай партыі лічылася вера ў яе канчатковую мэту – сацыялізм. Аснову эсэраўскай ідэалогіі састаўляла перанятая  імі ў народнікаў ідэя аб магчымасці асаблівага шляху Расіі да сацыялізма, не чакаючы, калі перадумовы для гэтага будуць створаны капіталізмам. Гэта ідэя базіравалася на сцвярджэнні аб асобым тыпе расійскага капіталізму [10, с. 178]. Галоўнай сілай эсэры лічылі сялянства. Лічылі, што сяляне па свайму становішчу блізкія да рабочых, што яны складаюць адіны працоўны народ. Лічылі, што селянін па сваёй прыродзе не толькі працаўнік, але і ўласнік [10, с. 179]. Галоўную місію інтэлігенцыі бачылі ў тым, каб несці ідэі сацыялізму да сялянства і пралетарыята [10, с. 180].

Праграма партыі падзялялася на праграму-мінімум і праграму-максімум. Партыя ставіла за мэту экспрапрыяцыю капіталістычнай уласнасці, рэарганізацыю вытворчасці і ўсяго грамадскага ладу на сацыялістычных прынцыпах пры поўнай перамозе рабочага класа (праграма-максімум). Праграма-мінімум змяшчала патрабаванні: дэмакратычная рэспубліка, усеагульнае выбарчае права, свабода слова, друку, сходаў, адукацыі за дзяржаўны кошт, скасаванне пастаяннай арміі. Эсэры выступалі за сацыялізацыю зямлі (выключэнне яе з тавараабароту і ператварэнне з прыватнай ўласнасці ва ўсенародны набытак), параўнальнае размеркаванне без выкупу, шырокае развіццё сельска-гаспадарчых кааперацый. У нацыянальным пытанні адстойвалі ідэю федэратыўных адносін паміж нацыяльнасцямі, прызнання за імі «безумоўнага права на самавызначэнне». Асноўным сродкам барацьбы лічылі індывідуальны тэрор. У 1906 г. з партыі вылучыліся групы, на аснове якіх утварыліся партыі эсэраў-максімалістаў і народных сацыялістаў (энэсаў) [9, с. 453]. 

Існавала яшчэ адна партыя ў рэвалюцыйна-дэмакратычным лагеры – РСДРП, якая складалася з дзвюх фракцый: меншавікоў і бальшавікоў. І разглядаць іх лепш за ўсё паралельна.

У выніку раскола, які адбыўся спачатку сярод дэлегатаў ІІ з’езда РСДРП (ліпень – жнівень 1903 г.), а затым у эмігранцкіх групах і сацыял-дэмакратычных арганізацыях, у самой Расіі ўтварыліся дзве фракцыі РСДРП – бальшавізм і меншавізм. Раскол на з’ездзе знайшоў свой працяг у фарміраванні дзвюх унутраных платформ, дзвюх фракцый – бальшавікоў і меншавікоў. Але разыходжанні не насілі праграмнага характару. Плыні то амаль зліваліся, то зноў разыходзіліся.

Узнікненне і станаўленне арганізацый Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП) на Беларусі адбылося ў рэчышчы агульнага працэсу фарміравання РСДРП. Гісторыкі прыходзяць да высновы, што РСДРП аж да 1917 г. з’яўлялася адзінай партыяй, у якой бальшавікі і меншавікі былі фракцыямі, плынямі. Іх узнікненне і барацьба былі адлюстраваннем уласцівых сацыл-дэмакратычнаму руху рэвалюцыйнай і рэфармісцкай тэндэнцый, народжаных самім працэсам эканамічнага і палітычнага развіцця Расіі [4, с. 141].

У 1903 – пачатку 1904 гг. узніклі і сфарміраваліся ў даволі вялікія, з разгалінаванай структурай Віленская, Віцебская, Дзвінская, Мінская арганізацыі РСДРП і іншыя. Унутрыпартыйная барацьба – агульная рыса ўсіх арганізацый РСДРП у краіне. Першая расійская рэвалюцыя  – наступны этап фарміравання РСДРП. Колькасны склад арганізацый РСДРП на Беларусі да канца 1905 г. вырас прыкладна ў 4 разы і дасягнуў 4,5 тыс. чал. [4, с. 142]. У канцы мая – пачатку ліпеня 1906 г. была створана абласная арганізацыя – Абласны саюз РСДРП Літвы і Беларусі [4, с. 143]. У арганізацыях РСДРП у Беларусі меншавісцкі ўплыў быў значна большы.

Як меншавікі, так і бальшавікі, бачылі ў марксізме адзіную навуковую тэорыю ў сферы сацыяльных пытанняў. Характэрнай рысай меншавікоў было тое, што ў адрозненні ад бальшавікоў яны дапускалі ў сваім асяроддзі поўную свабоду меркаванняў і магчымасць самага рознага тлумачэння асноўных пастулатаў марксісцкай тэорыі.

Меншавікі, як і бальшавікі, заўсёды заставаліся прыхільнікамі марксіцкага падыхода да гісторыі грамадства, ніколі не ставілі пад сумнеў неабходнасць і прагрэсіўнае значэнне класавай барацьбы і рэвалюцый. Меншавікі надавалі вялікае значэнне сацыяльна-палітычнай самастойнасці мас, у прыватнасці развіццю рэвалюцыйнага супраціўлення [3, с. 225].

У сваёй практычнай дзейнасці меншавікі, як і бальшавікі, кіраваліся праграмамі РСДРП, прынятай у 1903 г. Яна складалася з дзвюх частак: праграмы-мінімум і праграмы-максімум (сацыялістычная рэвалюцыя, дыктатура пралетарыята, беставарная планавая гаспадарка, знішчэнне класаў). Праграма-мінімум прадугледжвала гвалтоўнае ўстараненне самадзяржаўя, сазыў Устаноўчага сходу, стварэнне ў Расіі дэмакратычнай рэспублікі, прадстаўленні ўсім грамадзянам дэмакратычных свабод, аддзяленне царквы ад дзяржавы і школы ад царквы і іншае. Аграрны раздзел праграмы РСДРП уключаў патрабаванне вяртання сялянам так называемых адрэзкаў (зямель, адрэзаных у іх пасля рэформы 1861 г.)  [3, с. 226].

Ля вытокаў пераважнай большасці арганізацый РСДРП на Беларусі стаялі рускія, польскія і яўрэйскія інтэлігенты – выхадцы з гарадскіх разначынных слаёў (зрэдку дваранства), служачых, асоб свабодных прафесій. Гэта адлюстравалася і ў складзе арганізацый РСДРП. У тых, што ўзніклі ў губернскіх цэнтрах, на буйных чыгуначных вузлах, паступова сфарміраваліся праслойкі завадскіх,  чыгуначных рабочых – рускіх, беларусаў, яўрэяў. У арганізацыях невялікіх гарадоў і мястэчак пераважалі рамеснікі, у большасці яўрэі, у вясковых – сяляне – беларусы. Безумоўна, такі сацыяльны і нацыянальны склад арганізацый адбіваўся на іх палітычных пазіцыях, на фарміраванні плыняў. Такім чынам, агульныя для ўсёй РСДРП тэндэнцыі фракцыйнага размежавання ў арганізацыях Беларусі праявіліся з адставаннем па часе і пры значна большым росце меншавісцкай плыні.

 

По материалам: Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) /ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

 

Яндекс.Метрика