Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі
            (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.)

  Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі
             (Гродна, 23-24 кастрычніка 2008 г.)

                 

 

УДК 329 (476)

 І.І. Коўкель

 Узнікненне першых палітычных партый на тэрыторыі Беларусі,

 іх асноўныя ідэйныя накірункі

 В статье рассмотрены основные аспекты возникновения первых политических партий на территории Беларуси, их основные идейные направления.

 У другой палове XIX ст. змест палітычнай барацьбы быў звязаны з развіццём капіталізму і захаваннем шматлікіх рэшткаў феадалізму ў эканоміцы, палітычнай сістэме грамадства. Хуткі працэс перабудовы ўсёй гаспадаркі на капіталістычны лад, вызначаны эканамічнай рэформай 1861 г., прывёў да значных змен у сацыяльным складзе насельніцтва. Узмацніліся пазіцыі буржуазіі. З другога боку, у дзяржаўным ладзе і сацыяльна-эканамічнай структуры грамадства захавалася шмат феадальных перажыткаў: прывілеяванае становішча дваранства, памешчыцкае землеўладанне, царскае самадзяржаўе і самаўладства царскай адміністрацыі, нацыянальны прыгнёт і інш.

Грамадска-палітычнае жыццё Беларусі ў другой палове XIX ст. было прадстаўлена трыма грамадскімі лагерамі: дваранска-манархічным, ліберальна-буржуазным і рэвалюцыйна-дэмакратычным.

Сацыяльна-палітычную апору самадзяржаўя складаў дваранска-манархічны лагер, асновай якога з'яўляліся дваране, прыдворныя колы і праваслаўнае духавенства.

Іх палітычная пазіцыя была вызначана знакамітай трыадай: праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць. Праваслаўе прызнавалася асновай усяго рускага жыцця і пануючай у краіне верай. Самадзяржаўе разглядалася непарушнай сілай грамадства.

Прадстаўнікі гэтага лагера падкрэслівалі неабходнасць захавання непадзельнасці Расіі, адмаўлялі права народаў на самавызначэнне. Пасля паўстання 1863 1864 гг. паскорылася канцэптуальнае афармленне заходнерусізма, якому спрыяла разгорнутая русіфікацыя на Беларусі, што праводзілася пад лозунгам «распалячвання».

Пасля падаўлення паўстання 1863 1864 гг. з мэтай узмацнення пазіцый расійскага самадзяржаўя ў мясцовай адміністрацыі павялічваецца колькасць чыноўнікаў расійскага паходжання. Адначасова пашыраецца ўплыў праваслаўнай царквы як апоры царскай улады ў заходніх губернях. Толькі ў пачатку 60-х гадоў 30 тыс. католікаў у Літоўскай і 37 тыс. у Мінскай епархіях былі пераведзены ў праваслаўе.

Падобныя меры тлумачацца не толькі агульнай урадавай стратэгіяй, накіраванай на ўзмацненне русіфікатарскіх працэсаў, але і спецыфікай становішча дваранскага саслоўя ў заходніх губернях. Найперш адзначым шматлікасць дваранства. Згодна з дадзенымі Міністэрства юстыцыі, у 1858 г. у 9 заходніх губернях налічвалася больш за 192 тыс. дваран мужчынскага полу, г. зн. 2/3 ад агульнай колькасці ў краіне. Царызм,які не прызнаваў факт існавання беларускай нацыі, дзяліў прадстаўнікоў гэтага саслоўя на асоб «польскага» і «няпольскага паходжання». Ва ўрадавых дакументах другой паловы XIX ст. мясцовае дваранства выступала як непасрэдна дваранства і як шляхта. Да першай катэгорыі адносіліся памешчыкі, чыноўнікі і афіцэры, чые продкі валодалі населенымі сялянамі маёнткамі, да другой усе тыя, хто не валодаў зямельнай уласнасцю або меў ва ўласнасці зямлю, але не меў сялян.

Шляхта была неаднароднай па свайму маёмаснаму стану. Меншая яе частка пераўтваралася ў заможных гаспадароў, а асноўная маса разаралася. Гэтая частка дваранства вельмі востра рэагавала на нацыянальны прыгнёт урада і знаходзілася ў апазіцыі да самадзяржаўя.

Ліберальна-буржуазны лагер у грамадска-палітычным руху другой паловы ХІХ ст, адлюстроўваў інтарэсы дваран-прадпрымальнікаў і буржуазіі. Выражаючы незадаволенасць некаторымі феадальна-прыгонніцкімі перажыткамі ў розных галінах палітычнага і грамадскага жыцця краіны, лібералы, аднак, не выступалі супраць манархіі і памешчыцкага землеўладання, таму што былі ў цеснай узаемасувязі як з першымі, так і з другімі.

Палітычныя погляды прадстаўнікоў ліберальна-буржуазнага лагера выражаліся ў ідэі вызвалення асобы ад традыцыйных, грамадскіх і іншых абмежаванняў, надання грамадскіх правоў шырокім колам насельніцтва.

Ліберальная апазіцыя была прадстаўлена таксама часткай дваранства, якая была зацікаўлена ў капіталістычнай эвалюцыі краіны, і буржуазнай інтэлігенцыяй. Апошнія ўяўлялі сабой ліберальнае народніцтва, якое з 80-х гадоў адмовілася ад рэвалюцыйнай тактыкі і стала на рэфармісцкія пазіцыі. Кіруючыся тэорыяй «малых спраў», ліберальныя народнікі адхілялі палітычную барацьбу з самадзяржаўем і разлічвалі на частковае паляпшэнне становішча народа. Што тычыцца самой буржуазіі, то ў XIX ст. яна яшчэ не выступала ў якасці апазіцыйнай царызму сілай.

Можна лічыць, што да 1917 г. ліберальная апазіцыя на Беларусі не склалася. Гэта было звязана з адсутнасцю земстваў, якія сталі асновай ліберальнага руху непасрэдна ў Расіі, слабасцю нацыянальнай буржуазіі і асобнай палітыкай урада ў дачыненні да заходніх губерняў краіны. Таму цэнтрам апазіцыі на Беларусі стаў перыядычны друк.

Лібералы гуртаваліся вакол газеты «Минский листок», якая выдавалася з 1886 г. і была адзіным незалежным ад урада выданнем. Кіраўніцтва газеты дапускала памяркоўную апазіцыю да царызму. Ідэі ліберальных народнікаў знаходзілі сваё адлюстраванне таксама ў разнастайных статыстычных зборніках і сацыяльна-эканамічных даследаваннях такіх, як «Русская мысль», «Русское богатство», «Неделя» і інш.

Да ліберальна-буржуазнага лагера цесна прымыкалі каталіцкі касцёл і шматлікія сіянісцкія гурткі, якія дзейнічалі ў гарадах і мястэчках Беларусі.

Рэвалюцыйна-дэмакратычны лагер грамадска-палітычнага жыцця ў Беларусі пачаў складацца ў пачатку 60-х гадоў XIX ст., калі да кіраўніцтва вызваленчым рухам прыйшлі рэвалюцыянеры-дэмакраты, або «разначынцы». Выступаючы ад імя ўсяго беларускага народа, яны былі выразнікамі інтарэсаў працоўнага сялянства і разгарнулі шырокі народніцкі рух, накіраваны супраць самадзяржаўя. Пад уплывам рэвалюцыйна-дэмакратычнай ідэалогіі знаходзілася плынь «чырвоных», узняўшая паўстанне 18631864 гг., якое па сваіх мэтах і характару было буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыяй.

3 развіццём рабочага руху і распаўсюджваннем марксізму ў канцы XIX ст. арганізацыйнае афармленне рэвалюцыйна-дэмакратычнага лагера значна паскорылася. У ім з'явіліся розныя палітычныя плыні: сацыял-дэмакратычная, эсэраўска-народніцкая, беларускі нацыянальна-вызваленчы рух. Абапіраючыся на шырокую сацыяльную падтрымку, перш за ўсё пралетарыяту і сялянства, яны на рубяжы XIXXX стст. стануць на шлях актыўнай барацьбы з самадзяржаўем.

Ля вытокаў рэвалюцыйна-дэмакратычнага накірунку грамадска-палітычнага жыцця Беларусі ў другой палове XIX ст. знаходзілася рэвалюцыйнае народніцтва.

Цэнтральнае месца ў вучэнні народнікаў, роданачальнікамі якога былі А.I.Герцэн і М.Г.Чарнышэўскі, займала пытанне аб капіталізме і яго лёсах у Расіі. Яны не прызнавалі высновы К.Маркса аб прагрэсіўнасці капіталізму ў параўнанні з феадалізмам, непазбежкасці і заканамернасці змены адной грамадска-эканамічнай фармацыі другой, у дадзеным выпадку феадалізму капіталізмам. Народнікі лічылі капіталізм у Расіі не натуральнай і неабходнай з'явай, а выпадковасцю, не маючай моцных каранёў на расійскай глебе, ухіленнем краіны з прадпісанага ёй гістарычнага шляху развіцця. Таму яны лічылі непазбежным пераход Расіі ад феадалізму да сацыялізму шляхам сялянскай рэвалюцыі. Эканамічную аснову сацыялізму яны бачылі ў сялянскай абшчыне. Таму галоўнай рухаючай сілай рэвалюцыі яны лічылі не рабочы клас, а сялянства. Рабочыя для народнікаў былі тымі ж сялянамі, толькі часова адарванымі ад зямлі. Кіруючая роля ў грамадстве, на думку народнікаў, павінна была належыць інтэлігенцыі. Яна павінна была весці за сабой народныя масы.

У народніцтве ад самага пачатку прысутнічалі дзве тэндэнцыі: рэвалюцыйная і рэфармісцкая. Радыкальна настроеная інтэлігенцыя ўспрымала ідэі сялянскага сацыялізму як заклік да непасрэднай рэвалюцыйнай барацьбы, больш умераная яе частка як праграму даступовага руху наперад праз рэформы.

Адсюль выцякалі адрозненні ў пытаннях тактыкі, што дзяліла народніцтва на некалькі плыняў. Прытрымліваючыся агульных тэарэтычных поглядаў на сацыялістычную рэвалюцыю, прадстаўнікі гэтых плыняў разыходзіліся ў пытанні аб шляхах яе ажыццяўлення. Ш.А.Бакунін і яго паслядоўнікі зыходзілі з гатоўнасці народа да рэвалюцыі. Таму яны збіраліся не «вучыць» сялян, а падымаць іх на адначасовае паўстанне па ўсёй Расіі. У адрозненне ад Бакуніна П.П.Лаўроў лічыў, што рэвалюцыю неабходна рыхтаваць. Таму ён заклікаў інтэлігенцыю вывучаць рэвалюцыйную тэорыю, каб несці ў масы сялян ідэі сацыялізму. Трэцяя бланкісцская плынь, звязаная з імем П.М.Ткачова, не верыла ў магчымасць здзяйснення сацыялістычнай рэвалюцыі толькі народам. Прыхільнікі Ткачова арыентаваліся на змову і захоп улады сіламі рэвалюцыйнай арганізацыі, якая ажыццявіла б пасля рэвалюцыйныя пераўтварэнні ў краіне. У адпаведнасці з гэтымі падыходамі ў народніцтве склаліся тры праграмы ажыццяўлення сацыялістычнай рэвалюцыі: бунтарская (М.Бакунін), прапагандысцкая (П.Лаўроў) і змоўніцкая (П.Ткачоў).

Народніцкі рух на Беларусі быў ідэйна і арганізацыйна звязаны з агульнарасійскім. Сярод вядомых расійскіх народнікаў 70-х гадоў былі ўраджэнцы Беларусі М.Судзілоўскі, С.Кавалік, I.Грынявіцкі, Р.Ісаеў, К.Брэшка-Брашкоўская, А.Бонч-Асмалоўскі і інш. Ужо ў першай палове 70-х гадоў у некаторых гарадах Беларусі і Літвы дзейнічалі народніцкія гурткі. Іх кіраўнікамі былі ў асноўным студэнты вышэйшых навучальных устаноў выхадцы з Літвы і Беларусі, галоўным чынам «чайкоўцы».

Але, як народніцкі рух у цэлым, рэвалюцыйныя гурткі краю ў гэты час не мелі агульнага плана дзейнасці і праграмы.

Няўдачы «хаджэння ў народ» 18741875 гг. і масавыя арышты сярод яго ўдзельнікаў прывялі народнікаў да высновы аб неабходнасці перагляду праграмы і тактыкі работы ў масах. Яны пераканаліся, што сярод народа трэба весці не «лятучую», кароткачасовую прапаганду, а пастаянную, карпатлівую работу, апіраючуюся на паўсядзённыя сялянскія патрабаванні.

У 1876 г. у Пецярбургу ўзнікла тайнае таварыства «Зямля і воля». Яе стваральнікамі былі М.А. і В.А.Натансоны, А.Д.Міхайлаў, Г.В.Пляханаў, А.Д.Абалешаў і інш. Арганізатары «Зямля і воля», улічваючы няўдалы вопыт «хаджэння ў народ», не толькі зразумелі неабходнасць стварэння моцнай, дысцыплінаванай арганізацыі, але паспрабавалі змяніць сам характар прапаганды і агітацыі.

Але і гэта не дапамагло. У 1879 г. «Зямля і воля» раскалолася. На яе аснове ўзніклі дзве новыя арганізацыі «Народная воля» і «Чорны перадзел». Першая з іх сканцэнтравала ўсе свае намаганні на забойстве цара Аляксандра ІІ, у той час, як другая імкнулася да рэфармацыйных метадаў барацьбы.

Група «Вызваленне працы», як вядома, узнікла ў Жэневе, па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам былога лідэра «Чорнага перадзелу» Г.В.Пляханава. Усе свае намаганні група накіравала на распаўсюджанне марксізму ў Расіі і на барацьбу з народніцкай ідэалогіяй. 3 гэтай мэтай пераводзіліся на рускую мову і выдаваліся творы К.Маркса і Ф.Энгельса. Члены групы распрацавалі таксама важ-нейшыя пытанні рэвалюцыйнага руху, сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця Расіі. Вялікую ролю ў распрацоўцы тэарэтычных асноў расійскага сацыял-дэмакратычнага руху і падрыхтоўцы ідэйнага разгрому народніцтва адыгралі працы Г.В.Пляханава «Сацыялізм і палітычная барацьба» (1883 г.), «Нашы рознагалоссі» (1885 г.) і інш., у якіх ён паказаў беспадстаўнасць народніцкіх тэорый аб магчымасці самабытнага, некапіталістычнага развіцця Расіі, раскрыў ненавуковы, ідэалістычны характар поглядаў народнікаў на паходжанне і сутнасць рускага самадзяржаўя і нежыццяздольнасць народніцкай тактыкі.

Дзейнасць групы «Вызваленне працы» разгортвалася ў вельмі цяжкіх умовах. Многія рэвалюцыянеры абвінавачвалі яе ў раскольніцкіх дзеяннях і ўсімі сіламі імкнуліся аднавіць народніцкія арганізацыі. Спадзявацца на іх падтрымку група, вядома, не магла. На першых парах ёй прыходзілася разлічваць толькі на свае ўласныя сілы і сродкі. Але іх было вельмі мала. Тым не менш група паспяхова пачала выдавецкую дзейнасць і ўжо ў верасні 1883 г. змагла набыць уласную друкарню, у якой працавалі С.Грынфест і С.Ляўкоў (Рольнік), якія ўдзельнічалі раней у стварэнні мінскай друкарню «Чорнага перадзелу». 3 Грынфестам звязана адна з першых спроб групы наладзіць дастаўку сваіх выданняў у Расію і Беларусь. У канцы 1883 пачатку 1884 г. ён пабываў у Вільні, Мінску, Пецярбургу, Маскве і знайшоў там спачуваючых групе асоб. Але літаратура па гэтаму каналу не пайшла.

У другой палове 80-х гадоў дастаўкай і распаўсюджаннем марксісцкай літаратуры ў Расіі і Беларусі займаліся Р.Салавейчык, ураджэнец г. Гродна, Э.Абрамовіч, выпускнік Гродзенскай гімназіі, I.А.Гурвіч, былы студэнт Пецярбургскага універсітэта і былы чорнаперадзелец, яго жонка Алена, сястра Яўгенія і інш. Летам 1886 г. у гуртках Э.Абрамовіча і I.Гурвіча ў Мінску налічвалася ўжо каля 130 чалавек.

Пачатак распаўсюджання марксізму ў Беларусі і зараджэнне мясцовага сацыял-дэмакратычнага руху звязаны таксама з першай польскай рабочай партыяй «Пралетарыят». Яна ўзнікла ў верасні 1882 г., калі была апублікавана праграма, у якой давалася марксісцкая характарыстыка капіталістычнага ладу і фармулявалася мэта барацьбы пралетарыяту — пабудова сацыялізму. Аўтары праграмы (Л.Варыньскі і іншыя відныя польскія сацыялісты) у цэлым ужо стаялі на платформе марксізму, але яны не бачылі яшчэ неабходнасці буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі ў Расіі, не ставілі пытання аб саюзніках пралетарыяту, ігнаравалі нацыянальнае пытанне і ў якасці праграмных мэтаў партыі ўключалі анархісцкае патрабаванне поўнай самастойнасці палітычных груп, а ў якасці тактычных сродкаў палітычны і эканамічны тэрор. Праўда, гэтым сродкам надавалася толькі дапаможная роля, а галоўныя свае намаганні партыя накіроўвала на развіццё класавай свядомасці рабочых і масавага рабочага руху.

Арганізацыйнае афармленне партыі завяршылася ў студзені 1883 г. на з'ездзе рэвалюцыйных гурткоў і груп Варшавы, Пецярбурга, Вільні, Масквы і Кіева. Прыняўшы рашэнне аб тым, што польскія, беларускія і літоўскія групы павінны ўвайсці ў склад адной рэвалюцыйнай партыі, якая б дзейнічала на тэрыторыі Расіі, з'езд у прынцыпе вырашыў пытанне і аб адносінах да «Народнай волі», паколькі ў гэты час яна ўзначальвала рэвалюцыйны рух у Расіі.

3 дзейнасцю партыі «Пралетарыят» звязаны і пачатак злучэння навуковага сацыялізму з рабочым рухам у былой Расійскай імперыі. У 1882 1885 гг. на польскай мове былі выдадзены «Маніфест Камуністычнай партыі», «Капітал», «Грамадзянская вайна ў Францыі», «Развіццё сацыялізму ад утопіі да навукі», «Паходжанне сям'і, прыватнай уласнасці і дзяржавы» і інш. Кіраўнікі партыі напісалі самі шэраг работ, у якіх папулярна тлумачылася вучэнне К.Маркса і Ф.Энгельса. Партыя мела тры свае перыядычныя выданні: за гра-ніцай друкаваліся газета «Пшэдсвіт» і часопіс «Валька кляс», у Варшаве (з верасня 1883 г.) газета «Пралетарыят». Важную ролю ў збліжэнні партыі з рабочым класам адыгралі таксама лістоўкі і адозвы, якія выдаваліся як у Каралеўстве Польскім, так і за мяжой. Заруку поспеху будучага сацыяльнага перавароту ў Расіі «Пралетарыят» бачыў ва ўстанаўленні цеснага саюза паміж польскім і расійскім рэвалюцыйным рухам. Адсутнасць у Расіі марксісцкай рабочай партыі прадвызначыла збліжэнне яго з «Народнай воляй» партыяй яўна не рабочай і не марксісцкай. Заключаючы саюз з ёю, «Пралетарыят» адмовіўся ад ідэйнай барацьбы з народніцтвам. У гэтым таксама праявілася тэарэтычная няспеласць першай рабочай партыі Польшчы.

Беларускія гісторыкі доўга не заўважалі дачынення «Пралетарыяту» да распаўсюджання марксізму ў Беларусі. Праўда, аб гэтым пісаў у свой час С. Агурскі ў кнізе «Нарысы па гісторыі рэвалюцый-нага руху ў Беларусі (1863—1917)» — Мн., 1928 г. Але ён адзначаў дзейнасць «Пралетарыяту» толькі ў Вільні і Беластоку. Толькі ў 1963 г. з'явіліся першыя звесткі аб дзейнасці партыі у Пінску, Вілейцы, Мінску, Брэсце, Гродне і Віцебску. Заслуга ў гэтым належыць польскаму гісторыку Л.Баўмгартэну, які вельмі дасканала даследаваў дзейнасць партыі «Пралетарыят». Значны ўклад у рас-працоўку гэтай праблемы ўнеслі таксама беларускія гісторыкі У. I.Салашэнка і М.В.Біч, аўтары кніг «Распаўсюджанне марксізму і ўтварэнне сацыял-дэмакратычных арганізацый у Беларусі» (У.I.Салашэнка) і «Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883 1903 гг.» (М.В.Біч).

У шэрагах «Пралетарыяту» дзейнічала нямала ўраджэнцаў Беларусі, якія займаліся ў навучальных установах Пецярбурга, Варшавы, Масквы, Кіева. Некаторыя з іх ігралі важную ролю ў дзейнасці партыі. Адным са стваральнікаў і кіраўнікоў «Пралетарыяту» быў Т. Рахнеўскі, студэнт Пецярбургскага універсітэта, ураджэнец Мінскай губерні. Да заснавання «Пралетарыяту» ён уваходзіў у гурток польска-літоўска-беларускай моладзі ў Пецярбургу «Агніска» і разам з С.Куніцкім прадстаўляў яго на Віленскім з'ездзе, дзе спачатку выступаў за ўтварэнне асобнай польска-літоўска-беларускай рэвалюцыйнай партыі. Т. Рахнеўскі быў выбраны на з'ездзе членам ЦК партыі і меў адносіны да ўсіх важнейшых бакоў дзейнасці «Пралетарыяту». Тое ж самае можна сказаць аб Марыі Багушэвіч, Іосіфе і Юліі Разумейчыках, Міхаіле Манцэвічу кіраўніках партыі на агюшнім этапе яе дзейнасці. Усе яны таксама былі ўраджэнцамі Беларусі.

Адказныя партыйныя даручэнні выконвалі Марыя і Баляслаў Ануфровічы, ураджэнцы Калінкавіч. У дзейнасці партыі актыўна ўдзельнічаў таксама М.Янчэўскі, стваральнік першага народніцкага гуртка ў Гродне, затым нарадаволец, адзін з відных арганізатараў падпольных народніцкіх друкарняў. У пачатку 1883 г. ён сабраў друкарскі станок для «Пралетарыяту» і з дапамогай сваіх віленскіх таварышаў П.Кавальскага і Л.Рымкевіча забяспечыў яго шрыфтам. Апорай Л.Варыньскага ў Варшаўскім універсітэце з'яўляліся студэнты В.Руткевіч (выпускнік Гродзенскай гімназіі), Г.Яцкевіч, I.Вайніловіч (выпускнікі Віцебскай гімназіі) — члены гуртка М.Янчэўскага. Выхаванец Гродзенскага рэвалюцыйнага гуртка В. Руткевіч прымаў удзел у пераводзе «Капітала» К.Маркса на польскую мову.

Заканчваючы характарыстыку першага перыяду ў гісторыі мясцовай сацыял-дэмакратыі, можна канстатаваць, што сацыял-дэмакратычны рух у Беларусі і Літве зарадзіўся ў 18841885 гг. пад уплывам групы «Вызваленне працы» і польскай рабочай партыі «Пралетарыят». Прапагандысцкія гурткі марксісцкага напрамку з'явіліся ў тыя гады ў Мінску, Вільні, Віцебску, Пінску і іншых гарадах Беларусі. Разгром першага «Пралетарыяту» і яго мясцовых гур-ткоў (у Вільні, Віцебску, Пінску) затрымаў развіццё сацыял-дэмак-ратычнай прапаганды ў гэтых гарадах. У Віцебску яны адрадзіліся ў пачатку 90-х гадоў (гурткі А.мстэрдама, М.А.Сакаўкіна-Заслаўскага, П.Я.Дубінскай). На рубяжы 80—90-х гадоў гурткі самаразвіцця марксісцкага напрамку з'явіліся ў Гродне і Гомелі (А.Фрыдмана, П.Шумава, С.Галюна, М.Дзем'яновіча (Гродна), М.Гезенцвея, А.Поляка (Гомель).

Найбольшыя поспехі сацыял-дэмакратычнай прапаганды былі дасягнуты ў Вільні і Мінску (гурткі В.Сяліцкага, Я.Тышкі, Ф.Э.Дзяржынскага (Вільня), Э.Абрамовіча і I.Гурвіча (Мінск)). Аднак і ў гэтых гарадах колькасць ахопленых прапагандай рабочых не перавышала 200300 чалавек. Як і ў цэлым у Расіі перыяд з 1884 па 1894 г. у мясцовым сацыял-дэмакратычным руху быў перыядам «узнікнення і замацавання тэорыі і праграмы сацыял-дэмакратыі». Сацыял-дэмакратычныя гурткі яшчэ не былі цесна звязаны з рабочым рухам. Яны рабілі ў гэтым напрамку толькі першыя крокі.

Асноўнай сваёй задачай яны лічылі падрыхтоўку з ліку рабочых прапагандысцкіх кадраў. Цыкл вучобы ў гуртках прадаўжаўся не менш трох гадоў, прычым на працягу першых двух гадоў вывучаліся агульнаадукацыйныя прадметы, даючыя магчымасць засвоіць слухачам матэрыалістычнае прадстаўленне на гістарычнае развіццё прыроды і грамадства. I толькі на трэцім годзе навучання з найбольш здольнымі вывучалася тэорыя К.Маркса.

Заняткі у гуртках насілі акадэмічны характар і праводзіліся з захаваннем правіл канспірацыі. У рэальную барацьбу рабочых за паляпшэнне свайго становішча гурткі не ўмешваліся. Сярод прапагандыстаў таго часу існавала думка, што толькі такім шляхам можна праз некаторы час дамагчыся ўсведамлення рабочым класам сваёй гістарычнай місіі.

Але гэтыя ілюзіі хутка развеяліся. Паколькі ў Беларусі гурткі складаліся ў асноўным з рабочых дробнай і рамеснай вытворчасцей, прыказчыкаў гандлёвых устаноў, то асобныя рабочыя, прайшоўшыя поўны цыкл падрыхтоўкі ў марксісцкіх гуртках, не жадалі дзяліцца атрыманымі ведамі з таварышамі па працы. Наадварот, некаторыя з іх выкарыстоўвалі набытыя веды ў прадпрымальніцкіх мэтах і ператвараліся ў дробных эксплуататараў. Гэта падштурхнула кіраўнікоў сацыял-дэмакратычнага руху ў Вільні да пошуку новых форм дзейнасці. Пад уплывам польскага рабочага руху яны перайшлі ад вузкай гуртковай прапаганды марксізму да шырокай агітацыі сярод рабочых на глебе іх паўсядзённых інтарэсаў, звязаных з паляпшэннем эканамічнага становішча.

Але, каб замацавацца ў рабочым руху, сацыял-дэмакратам патрэбна было вырашыць шэраг задач, якія наспелі да сярэдзіны 90-х гадоў. Для гэтага патрэбна было ідэйна раззброіць ліберальных народнікаў, актывізаваўшых барацьбу супраць марксізму, выкрыць рэакцыйную сутнасць легальных марксістаў (П.Струве і інш.), якія апашлялі марксізм і імкнуліся выкарыстаць яго ў інтарэсах буржуазіі, змяніць тактыку ў рэвалюцыйнай прапагандзе сярод рабочых. У вырашэнні гэтых задач многае зрабіў У.І.Ленін.

У сваіх работах, напісаных у 90-я гады (Што такое «сябры народа» і як яны ваююць супраць сацыял-дэмакратаў» (1894 г.) і інш.), У.I.Ленін выкрыў поўную беспадстаўнасць тэорыі сялянскага сацыялізму, яе дробнабуржуазную сутнасць. Ён паказаў, што ў расійскай сельскай абшчыне, там, дзе народнікі бачылі аснову сацыялізму, у сапраўднасці знаходзілася самая шырокая і самая трывалая база для капіталізму. Прапанаваныя народнікамі юрыдычныя меры абароны абшчыны ад разлажэння ў сваёй аснове былі рэакцыйнымі і садзейнічалі хутчэйшаму развіццю капіталізму. У цэлым жа народніцкая ідэалогія выражала не толькі рэакцыйныя, але і рэвалюцыйныя настроі сялянства, якія параджаліся гнётам памешчыцкага землеўладання і іншымі перажыткамі феадалізму. У гэтым пункце рэвалюцыйныя марксісты на чале з У.I.Леніным рашуча разыходзіліся са сваімі часовымі саюзнікамі «легальнымі марксістамі», якія поўнасцю адмаўлялі народніцтва і лічылі яго рэакцыйным.

Ленінскія вывады аб дваістым характары дробнай буржуазіі і праграм яе ідэолагаў вызначылі прынцыпы адносін да іх рэвалюцыйнай сацыял-дэмакратыі. Яна павінна была:

     змагацца з усімі рэакцыйнымі ідэямі дробнай буржуазіі, якія выцякалі з імкнення апошняй захаваць сябе як клас дробных уласнікаў і для гэтага затрымаць, павярнуць назад грамадскае жыццё;

     падтрымліваць усе выходзячыя з таго лагера прагрэсіўныя, дэмакратычныя і рэвалюцыйныя патрабаванні, накіраваныя на ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і ўсіх звязаных з гэтым перажыткаў прыгонніцтва.

Гэтыя вывады прычыніліся да таго, што ўжо ў 1894 г. была сфармулявана фундаментальная ідэя стратэгіі і тактыкі марксісцкага напрамку ў рабочым руху ідэя саюза рабочага класа і бяднейшага сялянства ў рэвалюцыйнай барацьбе пры кіруючай ролі рабочага класа і яго партыі. Тэарэтычнае абгрунтаванне гэтая ідэя атрымала пазней у кнізе У.I.Леніна «Развіццё капіталізму ў Расіі» (1898 г.), якая была прамым прадаўжэннем «Капітала» К.Маркса. Гэтая ідэя адкрыла галоўную рухаючую сілу будучых сацыяльных рэвалюцый у Расіі і ва ўсіх іншых краінах свету з вялікай удзельнай вагой дробнабуржуазных слаёў насельніцтва.

Адначасова з тэарэтычнай распрацоўкай праблем рэвалюцыйнага руху рабочага класа мясцовыя сацыял-дэмакраты разгортвалі агітацыйную прапаганду сярод рабочых. У гэтым яны шырока абапіраліся на вопыт «Саюза польскіх рабочых» (СПР), які ўзнік у 1889 г. і два з лішнім гады паспяхова прымяняў масавую агітацыю на эканамічнай глебе. У 18911893 гг. польскія сацыял-дэмакраты перайшлі ўжо да масавай палітычнай агітацыі.

У 1893 г. у выніку аб'яднання «Саюза польскіх рабочых» і «Пралетарыяту II» утварылася Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага (СДКП), праграма якой, прынятая ў сакавіку 1894 г., абвяшчала канчатковай мэтай сваёй дзейнасці пабудову сацыялістычнага грамадства. Шляхам яе дасягнення лічыліся канфіскацыя ў капіталістаў усіх сродкаў вытворчасці і перадача іх у грамадскую ўласнасць ддя арганізацыі планавай вытворчасці ў інтарэсах грамадства. Ажыццяўленне гэтых пераўтварэнняў абумоўлівалася заваяваннем дыктатуры пралетарыяту. У праграме мінімум на першае месца ставілася барацьба за звяржэнне самадзяржаўя. Рэалізацыя ўсіх патрабаванняў праграмы звязвалася з рабочым класам, з яго арганізацыяй, з адзінствам дзеянняў польскіх і рускіх рабочых.

У 1893 1895 гг. сацыял-дэмакратам Каралеўства Польскага ўдалося звязацца з шырокімі рабочымі масамі і ўзначаліць шматтысячныя выступленні польскіх рабочых. Значны ўплыў на рабочы рух Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага мела ў Вільні і Мінску. У 1895 г. у Вільні стачачныя касы існавалі ўжо ў 15 рамёствах і аб'ядноўвалі ў кожным з іх ад 40 да 100 працэнтаў рабочых.

Пад уздзеяннем сацыял-дэмакратычнай агітацыі эканамічныя стачкі на дробных прадпрыемствах сталі звычайнай з'явай. У 1894 1896 гг. яны ўспыхвалі 45 разоў. Характэрнай з'явай гэтых стачак было шырокае прымяненне эканамічнага тэрору. Баявыя дружыны рабочых сілай здымалі з рабочых месц штрэйкбрэхераў і так ці інакш прымушалі прадпрымальнікаў прымаць умовы стачачнікаў. Рабочым рухам у Вільні ў гэты час кіравалі сацыял-дэмакраты Е.Гурвіч, П.Берман, Б.Фрумкін і прымкнуўшыя да іх у той час нарадавольцы Е.Гальперын, К.Аўсянікаў, I.Волін. Ім удалося аб'яднаць усе касы і саюзы ў адну арганізацыю, якая налічвала каля 1000 рабочых.

У Мінску ў 1894 г. існавалі два сацыял-дэмакратычныя гурткі сярод фабрычных рабочых. Адзін з іх дзейнічаў сярод чыгуначнікаў, другі на металаапрацоўчым заводзе Ліўшыца і Якабсона. Арганізатарам абодвух гурткоў быў Станіслаў Трусевіч. Сацыял-дэмакратам ён стаў у Мінску яшчэ ў 1888 г. У 1891 1892 гг. Трусевіч вёў прапаганду сярод настаўнікаў і сялян Навагрудскага і Лідскага ўездаў, пасля вучыўся ў Варшаве, дзе прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці «Саюза польскіх рабочых» і СДКП, за што ў 1894 г. быў высланы ў Мінск. У сакавіку 1895 г. пад уздзеяннем сацыял-дэмакратычнай групы С.Трусевіча тут прайшла 11-дзённая стачка 355 рабочых мінскіх майстэрняў Маскоўска-Брэсцкай чы-гункі. Створаная С.Трусевічам Мінская сацыял-дэмакратычная група падтрымлівала кантакты з Сацыял-дэмакратыяй Каралеўства Польскага, а пасля ўвайшла ў Рабочы саюз Літвы.

Сацыял-дэмакратычныя гурткі рабочых у гэты час існавалі таксама ў Віцебску, Гомелі, Гродне, Брэсце, Смаргоні і вялі масавую агітацыю сярод рабочых. Некаторыя з іх знаходзіліся пад уплывам Польскай партыі сацыялістычнай (ППС), арганізацыйна якая аформілася ў 1893 г.

ППС была створана на базе праграмных установак, распрацаваных на Парыжскім з'ездзе польскіх сацыялістаў у лістападзе 1892 г. «Праект праграмы», прыняты на з'ездзе, прадугледжваў абарону інтарэсаў рабочых і арганізацыю іх барацьбы за пабудову сацыялістычнага грамадства. У якасці галоўнай мэты дзейнасці партыі ў праграме абвяшчалася адраджэнне польскай дзяржаўнасці. Польская дзяржава, згодна з праектам праграмы, павінна была адрадзіцца ў межах, якія існавалі да падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Новая Рэч Паспалітая ўяўлялася ўдзельнікамі з'езду як добраахвотная федэрацыя раўнапраўных народаў, але ў праекце праграмы не ўказвалася, якія тэрыторыі і якія народы павінны былі складаць гэтую федэрацыю. Адраджэнне польскай дзяржаўнасці планавалася лідэрамі ППС і без сувязі з барацьбой рэвалюцыйных сіл Расіі, Германіі і Аўстра-Венгрыі, у склад якіх у той час уваходзілі польскія землі, без чаго практычна немагчыма было як сацыяльнае, так і нацыянальнае вызваленне польскага народу.

Створаны на гэтым з'ездзе Загранічны саюз польскіх сацыялістаў стаў ініцыятарам стварэння ППС у Польшчы і аказваў на яе да 1905 г. моцны ідэйна-палітычны ўплыў. У шэрагах ППС аб'ядналіся так званыя «народныя сацыялісты» на чале з Б.Ліманоўскім і група рэвалюцыйных рабочых з партыі «Пралетарыят II» на чале з Я.Стружынскім. Цэнтральным органам партыі стала нелегальная газета «Работнік».

Частка польскіх сацыялістаў, нязгодная з падобнай трактоўкай партыйных задач, заснавала асобную партыю — Сацыял-дэмакратыю Каралеўства Польскага, якая ў 1900 г. набыла новую назву — Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы (С-ДКП і Л).

Сваю дзейнасць на тэрыторыі Літвы і Беларусі ППС пачала непасрэдна пасля парыжскага з'езду. Адзін з складальнікаў праграмы партыі, Станіслаў Мендэльсон, нелегальна прыбыў у Вільню ў пачатку 1893 г., дзе сустрэўся з групай сацыялістаў, у якую ўваходзілі Ю.Пілсудскі, А.Сулькевіч (удзельнік парыжскага з'езду), С.Беляк, Л.Зайкоўскі і Д.Рымкевіч. Віленскія сацыялісты падтрымалі ідэі з'езду і абвясцілі сябе літоўскай секцыяй ППС (мелася на ўвазе Літва гістарычная, гэта значыць Літва і Беларусь). Фактычна сіламі гэтай групы пры ўдзеле прадстаўніка Загранічнага саюза польскіх сацыялістаў у чэрвені 1893 г. у Вільні была праведзена нарада, якая ўвайшла ў гісторыю як першы з'езд ППС.

Лік членаў ППС на Літве і Беларусі павялічваўся вельмі марудна. У Вільні ў 1894 1896 гг. па-ранейшаму дзейнічала невялікая група з 5 інтэлігентаў, якія не кантактавалі з рабочымі і распаўсюджвалі каля 25 30 экземпляраў «Работніка». У 1894 г. існавала невялікая група ППС у Беластоку, дзе арганізацыйную работу праводзіў былы кіраўнік гуртка ППС у Кіеўскім універсітэце Г.Сарцэвіч. Група таксама распаўсюджвала не больш 2030 экземпляраў «Работніка».

Паступова важным цэнтрам дзейнасці ППС у Беларусі станавіўся Гродна. У 1895 г. тут узнік сацыял-дэмакратычны гурток маладых інтэлігентаў, які знаходзіўся пад уплывам ППС. Заснаваў яго Пётр Шумаў. Нарадзіўся ён у Гродне ў 1872 г. Рускі па нацыянальнасці, П.Шумаў аказаўся «белай варонай» сярод рускай інтэлігенцыі Гродна, якая адмоўна адносілася да адраджэння польскай дзяржавы. Пад  час вучобы ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце Шумаў зблізіўся з удзельнікамі польскага нацыянальна-вызваленчага руху братамі Яркоўскімі і стаў прыхільнікам ідэі незалежнасці Польшчы. Пасля заснавання ППС ён уступіў у яе шэрагі і ў хуткім часе стаў відным партыйным функцыянерам. Ён фактычна кіраваў дзейнасцю ППС на Гродзеншчьше да канца 1906 г. пад псеўданімамі Перац, Пейсах, Баляслаў, Літоўскі, Пётр Іванавіч. За сваю дзейнасць пазней быў узнагароджаны адной з вышэйшых узнагарод польскай дзяржавы Крыжам Незалежнасці.

Праз Шумава дзякуючы яго знаёмству з А.Сулькевічам пачала паступаць у Гродна нелегальная літаратура ППС. У 1896 1897 гг. члены яго гуртка разгарнулі прапаганду сацыялістычных ідэй сярод рабочых. Але прапаганда першапачаткова вялася выключна сярод яўрэяў, якія ў той час складалі 58 % усіх рабочых горада.

Пераход сацыял-дэмакратаў да масавай агітацыі сярод рабочых прывёў да пашырэння і ўмацавання іх уласных шэрагаў, узнікнення першых рэгіянальных сацыял-дэмакратычных арганізацый. Першай ідэйна і арганізацыйна аформілася польска-літоўска-беларуская сацыял-дэмакратыя Літвы і Беларусі. У канцы красавіка пачатку мая 1896 г. у Вільні адбыўся з'езд прадстаўнікоў неяўрэйскіх сацыял-дэмакратычных груп і гурткоў Вільні, Мінска, Смаргоні, на якім была створана Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя (ЛСДП). З'езд прыняў праграму і зацвердзіў асноўныя прынцыпы тактыкі партыі.

Праграма ЛСДП была складзена па ўзору Эрфурцкай праграмы Германскай сацыял-дэмакратычнай партыі і праграмы ППС. У цэлым яна насіла марксісцкі характар. Змест праграмы мінімум па сутнасці вычэрпваўся патрабаваннем абвяшчэння Літоўскай дэмакратычнай рэспублікі, заснаванай на добраахвотнай федэрацыі з Польшчай, Беларусіяй і Украінай. Канчатковай мэтай дзейнасці партыі абвяшчалася пабудова сацыялістычнага грамадства. Шлях да яго ЛСДП бачыла ў дасягненні шырокіх палітычных свабод і ў сумеснай барацьбе пралетарыяту ўсіх краін.

У рэзалюцыях «Аб Польшчы, Літве і Русі» і «Аб рускай канстытуцыі» канстатавалася поўнае супадзенне палітычных інтарэсаў пралетарыяту Польшчы, Літвы і Русі (меліся на ўвазе Беларусь і Украіна) і заяўлялася аб тым, што толькі сумесная палітычная дзейнасць рабочых гэтых краін гарантуе ім задавальненне іх класавых патрабаванняў, у тым ліку патрабаванне незалежнай федэратыўнай рэспублікі. Рускі пралетарыят з гэтага ўзаемадзеяння выключаўся, бо ўзнікненне незалежнай федэрацыі Польшчы, Літвы, Бе-ларусі і Украіны абумоўлівалася фактычна не звяржэннем царскага самадзяржаўя, а адрывам іх ад Расіі.

Сепаратысцкія рэзалюцыі разам з адпаведным праграмным патрабаваннем былі прыняты намаганнямі групы Багдонаса, Матулайціса і Грыніуса пры актыўнай падтрымцы А.Дамашэвіча. Супраць іх выступілі С.Трусевіч, Ф.Дзяржынскі, А.Бірынчык. Але яны засталіся ў меншасці.

Не змірыўшыся з паражэннем на з'ездзе, С.Трусевіч выйшаў адразу ж з ЛСДП і разам з бліжэйшымі сваімі памочнікамі В.Васілеўскім і В.Вайткевічам у маі 1896 г. стварыў «Рабочы саюз Літвы» (РСЛ) у складзе Віленскай, Мінскай і Смаргонскай арганізацый. Саюз устанавіў кантакты з групай «Вызваленне працы».

Праграма «Рабочага саюза Літвы», прынятая ў 1896 г., была строга сацыял-дэмакратычнай і інтэрнацыяналісцкай. У супрацьвагу нацыяналістычнаму і сепаратысцкаму курсу ЛСДП, РСЛ заяўляў, што «барацьба з рускім дэспатызмам можа быць паспяховай толькі пры ўмове цеснага аб'яднання ўсіх сацыял-дэмакратычных груп у Расіі» і на гэтай аснове прызнаваў для сябе неабходным уступленне ў будучую Расійскую сацыял-дэмакратычную партыю на правах аўтаномнай групы. Самай важнай і актуальнай сваёй задачай РСЛ прызнаваў «агітацыю сярод рабочых мас Літвы» на глебе іх паўсядзённых эканамічных інтарэсаў.

У 1896 г. «Рабочы саюз Літвы» кіраваў некалькімі стачкамі ў Смаргоні, у пачатку 1897 г. хваляваннямі рабочых у Віленскіх майстэрнях Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. Актыўна ўдзельнічаў саюз і ў летніх стачках 1897 г. Але арышты 1897 г. вырвалі з шэрагаў саюза найбольш актыўных яго дзеячаў  С.Трусевіча, В.Вайткевіча, М.Тамашэвіча. Гэта значна аслабіла сілы саюза, але не спыніла яго дзейнасці. У 1897 1899 гг. саюз выдаваў пракламацыі, адозвы, вёў вусную агітацыю і прапаганду сярод рабочых. Вынікам гэтай работы былі антыўрадавыя выступленні віленскіх рабочых 1, 8 і 22 сакавіка 1899 г.

У перыяд пераходу да масавай агітацыі нацыяналістычныя і сепаратысцкія тэндэнцыі праявіліся і ў яўрэйскім сацыял-дэмакратычным руху. У 1895 г. на першамайскім сходзе яўрэйскіх сацыял-дэмакратаў у Вільні Ю.Мартаў выказаў думку аб неабходнасці стварэння «спецыяльна яўрэйскай сацыял-дэмакратычнай арганізацыі, якая з'яўлялася б кіраўніком і выхавацелем яўрэйскага пралетарыяту ў барацьбе за эканамічнае, грамадскае і палітычнае вызваленне». Ідэя стварэння спецыяльна яўрэйскай рабочай арганізацыі ва ўмовах тэрытарыяльнай рассеянасці яўрэйскіх рабочых азначала адрыў іх ад агульнай масы рабочых дадзенага прадпрыемства, горада, раёна. Гэта вяло б да разбурэння ўсякіх перадумоў аб'яднання рабочых для барацьбы супраць інтэрнацыянальнага капітала і яго абаронцы царскага ўраду. Гэтай ідэяй, заснаванай на недаверы да неяўрэйскага і перш за ўсё рускага пралетарыяту, і кіраваўся I з'езд прадстаўнікоў яўрэйскіх сацыял-дэмакратычных арганізацый шэрагу гарадоў Беларусі, Літвы і Польшчы, які праходзіў у Вільні 25 27 верасня 1897 г. З'езд прыняў рашэнне аб стварэнні Бунда «Усеагульнага яўрэйскага рабочага саюза ў Літве. Польшчы і Расіі». Вызначаючы характар новага саюза, з'езд абвясціў, што ён будзе ўключаць у сябе ўвесь яўрэйскі пралетарыят, шырока адчыняючы дзверы кожнаму рабочаму, які жадае змагацца за лепшае жыццё. З'езд прызнаў неабходным уваходжанне Бунда ў агульнарасійскую сацыял-дэмакратычную партыю пры ўмове захавання за ім аўтаномнага становішча ў сферы абслугоўвання спецыяльных патрэб яўрэйскага пралетарыяту. Цэнтральным органам Бунда была зацверджана ўзнікшая незадоўга да гэтага газета «Арбайтэр Штыме». На з'ездзе быў выбраны таксама ЦК Бунда ў складзе А.Крэмера, А.Мутніка і В.Касоўскага (Левінсона).

Адразу ж пасля з'езда ў Беларусі разгарнулася агітацыя за далучэнне да Бунда рабочых арганізацый. Восенню 1897 г. да Бунда далучылася Брэсцкая арганізацыя, якая хутка была разгромлена паліцыяй. Гомельскія сацыял-дэмакраты, баючыся расколу рабочага руху, адмовіліся далучыцца да Бунда. У Гродне адбыўся раскол. Большая частка раней адзінай рабочай арганізацыі пайшла за бундаўцамі. Узначаліў іх Гродзенскі сацыял-дэмакратычны камітэт. Меншая частка выступіла супраць эканамізму і сепаратызму Бунда і стварыла асобную арганізацыю на чале з Рабочым камітэтам. Апошні, аднак, таксама нядоўга трымаўся на платформе інтэрнацыяналізму, бо ўступіў у Польскую сацыялістычную партыю, якая не жадала ўзаемадзейнічаць з расійскім пралетарыятам і яго партыяй.

Не згадзіліся з уступленнем у Бунд і многія члены Мінскай яўрэйскай рабочай арганізацыі. Праціўнікі Бунда ў Мінску хутка абвясцілі аб стварэнні Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі (РППВР). Кіраўнікамі яе з'яўляліся Л.Радзівонава-Клячко, Р.Гершуні, К.Брэшка-Брашкоўская, А.Бонч-Асмалоўскі. Яны падтрымлівалі сувязі з рэвалюцыйнымі арганізацыямі ў Пецярбургу, Маскве, Кіеве, Сімферопалі і за межамі Расіі.

Актывізацыя рабочага руху ў Расіі ў сувязі з масавай агітацыяй сацыял-дэмакратаў, стварэнне на гэтай аснове буйных агульнагарадскіх сацыял-дэмакратычных арганізацый («Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа» ў Пецярбургу, «Рабочага саюза» ў Маскве і інш. гарадах Расіі) ставілі на парадак дня пытанне аб стварэнні агульнарасійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі. Шырокае распаўсюджанне сацыял-дэмакратычных ідэй сярод рабочых у Беларусі прывяло да таго, што Мінск быў выбраны месцам для правядзення першага з'езда партыі. Гэтую прапанову выказалі кіраўнікі Бунда, у прыватнасці, яго ЦК, які ў 1897 г. пераехаў з Вільні ў Мінск.

ЦК Бунда забяспечыў і яго правядзенне. Ён праходдзіў 13 сакавіка 1898 г. у доме П.В.Румянцава, чыгуначнага служачага, мясцовага сацыял-дэмакрата. З'езд абвясціў аб стварэнні Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП) на аснове аб'яднання ўсіх існуючых у гэты час сацыял-дэмакратычных арганізацый у Расіі «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа», групы «Рабочай газеты» і «Усеагульнага яўрэйскага рабочага саюза ў Літве, Польшчы і Расіі» (Бунда).

Але фактычна партыя яшчэ не была створана. Сацыял-дэмакратычныя арганізацыі не мелі яшчэ статута, праграмы, не было ў іх арганізацыйнага і ідэйнага адзінства. Тым не менш рашэнні з'езда і «Маніфест РСДРП», апублікаваныя пасля з'езда, за кароткі час сталі вядомыя на ўсёй тэрыторыі Расіі, а гэта садзейнічала кансалідацыі мясцовых сацыял-дэмакратычных груп. Многія з іх сталі пераўтварацца ў партыйныя камітэты.

Развіццё рабочага руху і ўплыў на яго сацыял-дэмакратаў выклікалі сур'ёзную занепакоенасць царызму. У яго палітыцы пачалі праяўляцца нават некаторыя хістанні. Гэта знайшло адлюстраванне у так званай «зубатаўшчыне». Сутнасць гэтай палітыкі, ініцыятарам якой быў начальнік Маскоўскага ахоўнага аддзялення палкоўнік С.В.Зубатаў, заключалася ў тым, каб убіць клін паміж сацыял-дэмакратыяй і рабочым рухам. Зубатаў прапанаваў ураду ўзяць на сябе клопаты аб задавальненні элементарных эканамічных і культурных патрабаванняў рабочых з тым, каб ліквідаваць глебу для антыўрадавай агітацыі, ізаляваць і нізвесці да распаду сацыял-дэмакратычныя арганізацыі. Ён спадзяваўся прадухіліць такім чынам палітычную барацьбу пралетарыяту з самадзяржаўем.

Зубатаўцы арганізоўвалі нядзельныя нарады, на якіх чыталіся лекцыі і праводзіліся дыспуты на тэмы з жыцця рабочых. У маі 1901 г. яны падтрымалі забастоўку рабочых слясарных майстэрняў і з дапамогай жандармскага палкоўніка Васільева прымусілі гаспадароў увесці прадугледжаны законам 12-гадзінны рабочы дзень з 2-гадзінным перапынкам. Гэтая перамога падняла аўтарытэт зубатаўцаў сярод рамесных рабочых г.Мінска. У ліпені 1901 г. яны стварылі яўрэйскую незалежную рабочую партыю (ЯНРП). Яна прапагандавала неабходнасць паслушэнства ўладам і поўнае палітыка неўмяшанне рабочых, павышэнне «па меры магчымасці» эканамічнага і культурнага ўзроўню яўрэйскага пралетарыяту шляхам стварэння кас узаемадапамогі, асветніцкіх клубаў, шырокіх эканамічных арганізацый і г.д. Аддзяленні ЯНРП у хуткім часе з'явіліся і ў іншых гарадах Беларусі. Карыстаючыся падтрымкай дэпарта-мента паліцыі, ЯНРП арганізоўвала стачкі, легальныя агульнагарадскія і цэхавыя культурна-асветныя вечарыны рабочых, чытанні, лекцыі, на якія збіралася да 1,5 тыс. чалавек. На іх вялася палеміка з бундаўцамі. У выніку да канца 1901 г. з Мінскай арганізацыі Бунда перайшло ў ЯНРП 15 з 20 прафесіянальных саюзаў рамесных рабочых, і яна амаль распалася.

Кампанію па выкрыццю правакатарскай сутнасці зубатаўшчыны першым пачаў Бунд. Да яго далучыліся газета «Іскра» і некаторыя арганізацыі РСДРП, эсэраў і іншых рэвалюцыйных партый. Супраць зубатаўцаў выступілі і прадпрымальнікі. Ва ўрадавыя ўстановы пасыпаліся скаргі на незаконнасць іх дзейнасці, парушэнне правоў уласнасці і г.д. Урад вымушаны быў адмовіцца ад паслуг Зубатава. Пазбаўленая падтрымкі паліцыі, дыскрэдытаваная агітатарамі-рэвалюцыянерамі, ЯНРП таксама страціла ўплыў сярод рабочых і летам 1903 г. самараспусцілася. Праўда, «паліцэйскі сацыялізм» у 1904 г. адрадзіўся ў Пецярбургу ў форме «гапонаўшчыны», набыў шырокі ўплыў сярод рабочых сталіцы і стаў адной з прычын трагічных падзей Крывавай нядзелі 9 студзеня 1905 г.

Для барацьбы з рэвалюцыйным рухам у заходніх губернях, у прыватнасці, з Бундам, царскі ўрад па ініцыятыве Зубатава пробаваў выкарыстаць і сіянісцкія арганізацыі, якія пачалі ўзнікаць на тэрыторыі Беларусі ў канцы XIX пачатку XX ст. Ідэйныя карані сіянізму бяруць пачатак з біблейскіх догм аб «богавыбранасці яўрэйскага народа», а сутнасць яго зводзіцца да сцвярджэння існавання «сусветнай яўрэйскай нацыянальнай дзяржавы», якая павінна пазбавіць яўрэяў ад «вечнага» антысемітызму. Вялікую ролю ў стварэнні і прапагандзе ідэалогіі сіянізму адыграў аўстрыйскі журналіст Тэадор Герцль. Выдадзеная ім у 1886 г. кніга «Яўрэйская дзяржава» стала палітычным маніфестам сіянізму. Ім жа ў 1897 г. у Базелі быў арганізаваны першы кангрэс сіяністаў, які паклаў пачатак Сусветнай сіянісцкай арганізацыі (ССА). Прынятая на гэтым кангрэсе праграма прадугледжвала стварэнне для яўрэйскага народа праваабарончага прыстанішча ў Палесціне, для чаго было прызнана неабходным садзейнічаць засяленню яго яўрэйскімі земляробамі і рамеснікамі, арганізоўваць мясцовыя і агульныя саюзы ўсяго яўрэйскага народа згодна з законамі розных краін, развіваць нацыянальную самасвядомасць яўрэяў і прадпрымаць усе меры для таго, каб атрымаць згоду дзяржаў для дасягнення мэтаў сіянізму.

У адпаведнасці з гэтай праграмай Герцль высунуў лозунг няўдзелу яўрэяў у рэвалюцыйным руху тых краін, дзе яны жывуць, паколькі гэты рух не можа прынесці ніякай карысці яўрэям, а толькі настроіць правячыя колы гэтых краін супраць іх.

Сусветная сіянісцкая арганізацыя з самога пачатку свайго існавання разгарнула шырокую агітацыйную дзейнасць, у тым ліку і на тэрыторыіі Беларусі. Вялася агітацыя за перасяленне яўрэяў у Палестыну, за збор сродкаў (шэкеляў) на выкуп яе ў Турцыі і гаспадарчае асваенне, культываваўся сярод яўрэйскіх мас нацыянальна-рэлігійны фанатызм і недавер да іншых народаў.

Колькасць сіянісціх арганізацый у Беларусі хутка расла. Ужо у 1898 г. у Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях іх налічвалася 54, у 1902 г. 92. Царскія ўлады не перашкаджалі іх дзейнасці. Наадварот, у 1902 г. яны дазволілі правесці ў Мінску Усерасійскі сіянісцкі з'езд.

Пашырэнне ўплыву сіянізму на паўпралетарскія слаі прывяло да з'яўлення ў сіянісцкім руху радыкальных плыняў, у тым ліку «паалей-цыён» рабочых сіяністаў, якія прызнавалі неабходнасць удзелу яўрэйскіх рабочых у вызваленчай барацьбе, што прывяло да забароны ў 1903 г. сіянісцкага руху ў Расіі. Але гэтыя меры не маглі ўжо спыніць сіянісцкі рух. Ен развіваўся падпольна.

А што ж адбывалася ў гэты час у шэрагах сацыял-дэмакратыі? У выніку арыштаў, меўшых месца ў сакавіку і ліпені 1898 г., РСДРП страціла свой ЦК і свой друкаваны орган «Рабочую газету». Пры адсутнасці праграмы і статута яна ізноў распалася на шэраг асобных самастойных арганізацый і камітэтаў. У канцы 90-х гадоў амаль усе яны вялі барацьбу толькі за паляпшэнне эканамічнага становішча і павышэнне культурнага ўзроўню рабочага класа. Такі напрамак у сацыял-дэмакратычным руху атрымаў назву «эканамізму». Падтрымліваў яго і Бунд, які ўваходзіў у склад РСДРП на правах аўтаномнай арганізацыі. Яму ўдалося ў гэтых абставінах значна ўмацаваць свае пазіцыі. Бундаўскія камітэты і групы былі створаны ва ўсіх уездных гарадах і мястэчках Беларусі. У 1901 г. IV з'езд Бунда, у супрацьвагу рашэнням I з'езду РСДРП, абвясціў сябе адзінай нацыянальнай партыяй яўрэйскага пралетарыяту ў Расіі і высунуў патрабаванне аб арганізацыйнай перабудове РСДРП на федэратыўных пачатках.

Барацьбу з эканамізмам і сепаратызмам Бунда у РСДРП узначалілі Г.В.Пляханаў і У.I.Ленін. 3 канца 1900 г. цэнтрам згуртавання расійскай рэвалюцыйнай сацыял-дэмакратыі стала газета «Іскра», якая выдавалася пад іх кіраўніцтвам. Яна імкнулася заваяваць вядучую ролю ў РСДРП, а разам з тым і вядучую ролю ў рабочым руху краіны. «Іскра» вяла барацьбу з усімі партыямі і арганізацыямі, якія, на яе погляд, не стаялі на пазіцыях рэвалюцыйнага марксізму, або адступалі ад іх.

Лідэры Бунда ставіліся да «Іскры» насцярожана, а часам і варожа, мяшалі яе распаўсюджанню ў Літве і Беларусі. I тым не менш рэдакцыя газеты мела тут некаторыя сувязі, падтрымлівала адносіны з 25 гарадамі і мястэчкамі Беларусі. Крытыка ў «Іскры» «эканамізму» і «паліцэйскага сацыялізму» садзейнічала пераходу бундаўскіх камітэтаў да палітычнай барацьбы. Выступала «Іскра» і супраць рашэнняў IV з'езда Бунда. Яны характарызаваліся як праяўленні нацыяналізму і сепаратызму.

На II з'ездзе РСДРП, які праходзіў у ліпені 1903 г., перамогу атрымалі іскраўцы. 3 антыіскраўскіх пазіцый на з'ездзе выступілі толькі некалькі «эканамістаў» і дэлегацыя Бунда. З'езд прыняў распрацаваную рэдакцыяй «Іскры» праграму партыі, у якой яе канчатковай мэтай абвяшчалася заваяванне дыктатуры пралетарыяту і пабудова сацыялізму, а бліжэйшай — звяржэнне самадзяржаўя і ўстанаўленне дэмакратычнай рэспублікі. За гэтую праграму галасавалі і бундаўцы, але ў сувязі з адхіленнем падаўляючай большасцю дэлегатаў патрабавання аб арганізацыйнай перабудове РСДРП на прынцыпах федэрацыі, дэлегацыя Бунда заявіла аб выхадзе з партыі і пакінула з'езд. Барацьба на з'ездзе завяршылася расколам іскраўцаў па арганізацыйнаму пытанню на бальшавікоў і меншавікоў. Бальшавікі на чале з У.І.Леніным выступалі за стварэнне строга заканспіраванай і цэнтралізаванай партыі з безумоўным падпарадкаваннем ніжэйстаячых арганізацый цэнтру. Меншавікі, да якіх у хуткім часе пасля з'езда далучыўся Г.В.Пляханаў, адверглі ленінскія арганізацыйныя прынцыпы, звязваючы з імі магчымасць устанаўлення ў партыі дыктатуры цэнтра і культа правадыра. Пасля з'езда паміж бальшавікамі і меншавікамі разгарнулася безкампрамісная барацьба за кіруючую ролю ў партыі. Ленін быў вымушаны выйсці з вышэйшых органаў РСДРП. Але да канца 1904 г. яму ўдалося стварыць бальшавіцкія арганізацыйныя цэнтры, у тым ліку газету «Наперад», якія павялі барацьбу за скліканне III з'езда РСДРП.

У сувязі з выхадам Бунда з РСДРП прыхільнікі «Іскры» з дапамогай ЦК разгарнулі актыўную дзейнасць па стварэнню на тэрыторыі Беларусі мясцовых арганізацый сваёй партыі. Нягледзячы на супраціўленне Бунда, у канцы 1903 і ў 1904 г. яны з'явіліся ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Барысаве, Бабруйску, Магілёве, Мозыры, Полацку, Оршы, Горках, Копылі і інш. населеных пунктах. Узначалілі іх Палескі і Паўночна-Заходні камітэты РСДРП, створаны ЦК партыі ў студзенісакавіку 1904 г. Ва ўнутрыпартыйнай барацьбе яны яшчэ даволі доўга займалі прымірэнчую пазіцыю і толькі ў пачатку 1905 г. выказаліся за скліканне III з'езда РСДРП, гэта значыць, падтрымалі бальшавікоў.

Станаўленне рэвалюцыйнай сацыял-дэмакратыі праходзіла таксама ў жорсткай барацьбе з народніцкай ідэалогіяй. Пасля разгрому «Народнай волі» народніцтва распалася на тры плыні. Адна яе частка стала ўсё больш і больш арыентавацца на гегемонію буржуазіі ў рускай рэвалюцыі і перайшла ў шэрагі ліберальнай буржуазнай інтэлігенцыі; другая, якая пазней склала ядро будучай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), засталася на пазіцыях радыкальнай дробнай буржуазіі і вагалася паміж буржуазіяй і пралетарыятам; і, наканец, трэцяя частка пачала схіляцца да марксізму, арыентуючыся на клас наёмных рабочых пралетарыят. Спачатку найбольш шматлікай і ўплывовай групай былі ліберальныя, або, як іх яшчэ называлі, легальныя народнікі. У іх шэрагах вырасла праграма, разлічаная на тое, каб «палепшыць» становішча сялянства пры захаванні асноў існуючага ладу. Ліберальныя народнікі ўжо не марылі аб сялянскай рэвалюцыі, а толькі прасілі царызм усё добра ўладзіць.

Агульнае ажыўленне грамадска-палітычнага жыцця на рубяжы XIX XX ст. выклікала актывізацыю нелегальных народніцкіх груп і гурткоў, узнікшых на абломках «Народнай волі», і перш за ўсё такіх з іх, як «Група старых нарадавольцаў», «Група маладых народавольцаў», «Загранічны саюз сацыялістаў-рэвалюцыянераў» і інш. Да гэтага часу адносяцца і спробы іх аб'яднання ў леванародніцкую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Найбольшую ролю ў стварэнні партыі і фарміраванні яе праграмы адыгралі «Рабочая партыя палітычнага вызвалення Расіі», «Паўднёвая партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў» і «Аграрна-сацыялістычная ліга».

«Рабочая партыя палітычнага вызвалення Расіі» ўзнікла ў Мінску ў 1899 г. і мела свае групы ў Пецярбургу, Екацярынаславе, Беластоку, Жытоміры, Дзвінску, Бердзічаве. На чале яе стаяў мінскі ўрач Г.А.Гершуні, прапаведнік тактыкі індывідуальнага тэрору. У 1900 г. яна была разгромлена паліцыяй, а яе ўцалеўшыя групы ўліліся затым у партыю эсэраў. Кіраўнік партыі Г.А.Гершуні стаў кіраўніком баявой арганізацыі ПС-Р, якая ажыццяўляла тэрарыстычныя акты.

У канцы 1900 г. за граніцай пачаліся перагаворы асноўных народніцкіх арганізацый, існаваўшых у гэты час у Расіі і на эміграцыі, у выніку якіх у студзені 1902 г. было абвешчана аб стварэнні партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Яе афіцыяльным органам была прызнана газета «Рэвалюцыйная Расія». Але партыя не спяшалася аформіць свае тэарэтычныя погляды і праграмныя патрабаванні. Першы з'езд, прыняўшы афіцыйную праграму, адбудзецца толькі ў снежні 1905 г. студзені 1906 г., а да гэтага часу яе замянялі артыкулы, якія публікавліся ў партыйных газетах.

Якіх жа поглядаў прытрымліваліся эсэры ў гэты час? Пад уплывам марксізму эсеры ўжо слепа не верылі ў «сацыялістычныя інстынкты» сялянства і не лічылі яго вядучай сілай сацыялістычнай рэвалюцыі. Яны прызнавалі вядучую ролю ў рэвалюцыйным руху рабочага класа. У дакументах эсэраўскіх груп 1900 1904 гг. не ішла гаворка і аб перадачы зямлі абшчынам і наогул абшчына на першы план не высоўвалася. Толькі некаторыя групы выступалі за дадатковую прырэзку зямлі да сялянскіх надзелаў. «Паўднёвая партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў» прызнавала неабходнасць нацыяналізацыі ўсёй зямлі і раздачы яе сялянам. Але гэта было толькі ўпачатку. Калі ж сялянскі рух актывізаваўся, эсэраўскія групы ізноў абвясцілі сялянства найбольш успрымальным да рэвалюцыйнай прапаганды і сталі супрацьпастаўляць Расію Захаду, прапануючы засяродзіць галоўную ўвагу на распаўсюджанне сярод сялян аграрна-сацыялістычнах ідэй. Рэвалюцыйныя выступленні сялянства парадзілі у іх новыя ілюзіі. У 1902 1904 гг. эсэраўскія арганізацыі ўзніклі ў Мінску, Віцебску, Гомелі і іншых гарадах Беларусі. У 1904 г. яны аб'ядналіся ў Паўночна-Заходнюю арганізацыю ПС-Р.

З груп Польскай сацыялістычнай партыі (ППС), якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, у чэрвені 1902 г. была створана Літоўская акруга, альбо ППС на Літве. Яна аб'яднала 5 з 17 існуючых у той час мясцовых рабочых камітэтаў ППС: у Сувалках, Беластоку, Гродне, Вільні і Коўна. ППС на Літве пачала выдаваць свой орган — газету «Валька» («Барацьба»). Яе першы нумар з'явіўся ў кастрычніку 1902 г. 3 гэтага часу дзейнасць ППС на тэрыторыі Беларусі значна актывізавалася. У 1902 1904 гг. Гродзенскі рабочы камітэт ППС заснаваў партыйныя арганізацыі ў Індуры, Ваўкавыску, Слоніме арганізаваў шэраг выступленняў гродзенскіх рабочых. 1 мая 1903 г. пад яго кіраўніцтвам у Гродне адбылося некалькі буйных сходак рабочых, на адной з якіх прысутнічала каля 2 тыс. чалавек.

Кіраўніцтва ППС адмоўна адносілася да Бунда, паколькі ён выступаў супраць барацьбы за незалежнасць Польшчы. Членам ППС забаранялася ўдзельнічаць у яго акцыях. Але ў Беларусі нельга было не лічыцца з Бундам. Вось чаму канферэнцыя Цэнтральнага Рабочага Камітэта ППС (чэрвень 1903 г., Вільня) у якасці выключэння дазволіла камітэтам ППС на Літве прымаць удзел у маніфестацыях Бунда. Каб супрацьстаяць Бунду, кіраўніцтва ППС у гэтыя гады актывізавала сваю работу сярод яўрэйскага насельніцтва. На VI з'ездзе ППС было вырашана стварыць у ППС асобную Яўрэйскую арганізацыю і яе кіруючы орган яўрэйскі камітэт. Першая канферэнцыя Яўрэйскай арганізацыі ППС адбылася ў Гродне ў красавіку 1903 г., другая у кастрычніку гэтага ж года. На ёй быў створаны Яўрэйскі камітэт. Пасля канферэнцыі на тэрыторыі Беларусі ў раёне дзейнасці ППС была створана сетка яўрэйскіх арганізацый ППС. Па даных на кастрычнік 1906 г. такія арганізацыі дзейнічалі ў Вільні, Гродне, Беластоку (да 150 чалавек у кожнай), Брэсце (да 200 чалавек), Пінску, Мінску. ППС на Літве выдавала на яўрэйскай мове газеты «Дэр Кампф» («Барацьба») і «Арбайтэр Штыме ін Літэ» («Рабочы голас у Літве»). Друкарня яўрэйскамоўных выданняў знаходзілася першапачаткова ў Любліне, а патым у Брэсце, Мінску і Вільні.

Разгортваючы актыўную дзейнасць на тэрыторыі Беларусі, ППС пільную ўвагу звяртала на беларускае пытанне. Яшчэ на III з'ездзе партыі (чэрвень 1895 г., Вільня) польскія сацыялісты прызналі неабходным для аслаблення царызму ўзмацніць працу па распальванню нацыянальнага сепаратызму народаў Расійскай імперыі, у тым ліку і беларусаў. Калі ў 1902 г. у Пецярбургу паўстала асветніцкая арганізацыя беларускага студэнцтва на чале з Вацлавам Іваноўскім, кіраўніцтва ППС праявіла зацікаўленасць да іх справы. Як сведчыць былы дзеяч ППС на Літве М.Вайнер, актыўны ўдзел у стварэнні гэтай арганізацыі прымаў адзін з лідэраў ППС А.Сулькевіч.

Маючы поўныя звесткі аб намеры беларускіх дзеячаў стварыць сваю ўласную сацыялістычную партыю, ППС на VI сваім з'ездзе (чэрвень 1902 г.) прыняла асобную рэзалюцыю па гэтаму пытанню. Было вырашана паслаць прадстаўнікоў ППС на арганізацыйны з'езд партыі, «каб выразіць ім сімпатыі і пажаданні, каб дажылі да незалежнасці і федэрацыйных адносін з намі». Адначасова ў рэзалюцыі сцвярджалася, што ППС пакідае за сабой права ўздзейнічаць на беларускі народ даступнымі сродкамі, не ўступаючы пры гэтым у супярэчнасць з інтарэсамі беларускай сацыялістычнай арганізацыі.

Першая беларуская нацыянальна-рэвалюцыйная партыя Беларуская Рэвалюцыйная партыя (БРП) была створана ў 1902 г. на базе культурна-асветных гурткоў беларускай моладзі, існаваўшых у Вільні, Мінску і Пецярбургу. У снежні 1903 г. у Вільні адбыўся першы з'езд партыі, на якім яна была перайменавана ў Беларускую Рэвалюцыйную Грамаду (БРГ). Арганізатарамі і ідэйнымі натхніцелямі партыі былі браты Іван і Антон Луцкевічы, К.Кастравіцкі (К.Каганец), В.Іваноўскі, А.Уласаў, Ф.Умястоўскі, А.Пашкевіч (Цетка), А.Бурбіс і інш. Амаль усе яны выходзілі з дробнай памеснай шляхты, а факгычна належалі да разначыннай інтэлігенцыі. Праграма БРГ, прынятая на першым з'ездзе, ўтрымлівала асноўныя сацыял-дэмакратычныя патрабаванні: ліквідацыю капіталістычнага ладу, пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытворчасці і камунікацый, 8-гадзіннага рабочага дня, роўнай аплаты пры аднолькавай працы, дзяржаўнага страхавання ад нясчасных выпадкаў, краёвай аўтаноміі Беларусі і г.д. У 1904 г. БРГ была перайменавана ў БСГ (Беларускую Сацыялістычную Грамаду).

У першыя гады свайго існавання БРГ-БСГ актыўна ўзаемадзейнічала з ідэйна блізкімі ёй ППС, ПС-Р, Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыяй, Латышскім сацыял-дэмакратычным сагозам. Але найбольш цесныя кантакты яна падтрымлівала з ППС. Яшчэ у 1902 1903 гг. з дапамогай ППС ёю былі выданы тры беларускамоўныя брашуры: «Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць», «Хто праўдзівы прыяцель беларускага народа», і «Як зрабіць, каб людзям было добра жыць на свеце». Брашуры былі надрукаваны ў друкарні ППС у Лондане і перавезены ў Гродна, дзе захоўваліся на кватэры прыхільніка ППС Людвіга Бяліцкага.

У 1904 г. ад імя ППС, БСГ, Літоўскай і Латышскай сацыял-дэмакратычнай партый былі выдадзены антываенная адозва «Таварышы» на беларускай, польскай, літоўскай і латышскай мовах і адозва «Брацця сяляне!» на польскай і беларускай мовах ад імя ППС і БСГ. Супрацоўнічаючы з БСГ, ППС не збіралася саступаць ей ініцыятыву ў рабоце сярод беларускага насельніцтва. Актыўную агітацыю сярод беларусаў праводзілі члены гродзенскай арганізацыі ППС на Літве. У 1904 г. у Гродне ППС на Літве стварыла асобную друкарню для выдання беларускамоўных адозваў і брашур. Кіравала друкарняй жонка вядомага лідэра ППС Фелікса Перла. Перакладала тэксты на беларускую мову Яніна Міхнеўская («Пані»), якая была членам Гродзенскага Рабочага Камітэта ППС на Літве. Адозвы распаўсюджваліся сярод сялян бліжэйшых вёсак, а таксама ў Аўгустоўскім павеце Сувалкаўскай губерні. У снежні 1904 г. друкарня была разгромлена паліцыяй.

Лідэраў ППС хвалявала няпэўнасць БРГ і БСГ у пытанні аб будучых федэрацыйных адносінах з Польшчай. У праграме БСГ, прынятай на з'ездзе, гэтае пытанне неўздымалася. Гэта, відаць, з'явілася адной з прычын таго, што ППС у 1904 г. ініцыявала стварэнне яшчэ адной беларускай арганізацыі Сацыялістычнай партыі Белай Русі (СПБР). Дзеячы гэтай партыі члены Гродзенскай арганізацыі ППС на Літве Браніслаў Шушкевіч, браты Станіслаў і Казімір Трушкоўскія, а таксама пэпээсаўцы з Варшавы Марыян Фальскі і Францішак Завадскі паходзілі з Беларусі і ведалі беларускую мову. СПБР стварыла свае арганізацыі ў Варшаве, Гродне і Мінску. Партыя выдала некалькі адозваў такія, як «Настаў час», «Братцы мужыкі!», «Царская гаспадарка», «Якая карысць народу з выбарнага правіцельства», але большага зрабіць не здолела і спыніла сваю дзейнасць напрыканцы 1905 г.

У пачатку XX ст. у Беларусі дзейнічалі таксама групы сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКГІ і Л). Яна была створана ў 1900 г. у Мінску. На чале яе стаялі Ф.Э.Дзяржынскі і С.Трусевіч. Партыя імкнулася да цеснага саюза з расійскім рэвалюцыйным рухам, стаяла на інтэрнацыяналісцкіх пазіцыях, вяла барацьбу з сепаратызмам ППС, узаемадзейнічала з Бундам. У красавіку 1906 г. на правах аўтаномнай арганізацыі ўступіла ў РСДРП.

Такім чынам, на рубяжы XIX XX стст. на тэрыторыі Беларусі дзейнічаў шэраг сацыялістычных партый, якія выражалі інтарэсы рабочых, сялян і іншых дэмакратычных слаёў насельніцтва. У якасці асноўнай мэты сваёй дзейнасці яны абвяшчалі пабудову сацыялістычнага грамадства. Але кожная з іх прытрымлівалася сваіх поглядаў на сацыялізм. Рознымі былі ў іх стратэгія і тактыка барацьбы.

У пачатку XX ст. пачаўся новы этап і ў развіцці расійскага лібералізму. Буржуазна-ліберальны лагер ужо выступаў за ліквідацыю неабмежаванай манархіі, увядзенне ўсеагульнага выбарчага права і дэмакратычных свабод. У земскіх губернях злажыўся «Саюз земцаў-канстытуцыяналістаў», за мяжой дзейнічаў «Саюз вызвалення» пад кіраўніцтвам П.Струве. У Беларусі буржуазна-дваранская апазіцыя яшчэ не мела сваіх арганізацыйных цэнтраў.

Правы лагер адкрыта рэакцыйны (памешчыкі, чыноўнікі, ваенная бюракратыя, праваслаўнае духавенства), імкнуўся захаваць неабмежаваную манархію, памешчыцкае землеўладанне, саслоўныя прывілеі дваранства, «адзіную і недзялімую імперыю». Іх падтрымлівалі царква, армія і паліцыя.

Абвастрэнню палітычнага напружання ў краіне садзейнічалі і пралікі ў знешняй палітыцы царызму, асабліва пад час руска-японскай вайны. Паражэнне Расіі ў вайне паскорыла крызіс самадзяржаўя і нарастанне рэвалюцыйнай сітуацыі ў краіне.

 

 

По материалам: Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) /ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

 

Яндекс.Метрика