Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі
            (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.)

  Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі
             (Гродна, 23-24 кастрычніка 2008 г.)

                 

 

УДК 329 (476)

А.М.Чарнякевіч

 Беларускія палітычныя партыі і арганізацыі

у Заходняй Беларусі (1921 1939 гг.)

 В статье рассматритиваются основные белорусские политические партии и организации, которые действовали на территории Западной Беларуси в межвоенный период.

 Звяртаючыся да гісторыі развіцця беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі нельга абмінуць увагай дзейнасць беларускіх палітычных партый і арганізацый, якія, з аднаго боку, выступалі ў якасці галоўнага інстытута трансляцыі беларускай нацыянальнай ідэі ў шырокія масы, а з другога прадстаўлялі беларускія палітычныя інтарэсы перад дзяржаўнымі структурамі ды выпарцоўвалі формулы суадносінаў паміж тытульнай нацыяй ды нацыянальнымі меньшасцямі ва ўмовах ІІ Рэчы Паспалітай.

Відавочна, што тэма гэтая для айчыннай, ды і для замежнай гістарыяграфіі, не новая. Калі меркаваць зыходзячы толькі з фармальных паказчыкаў, г. зн. колькасці публікацый па дадзенай праблематыцы, вывучэнне беларускіх палітычных партый і іх дзейнасці ў Заходняй Беларусі смела можна аднесці да адной з прыярытэтных мэтаў беларускай гістарычнай навукі. Разам з тым відавочны і значныя хібы, да галоўных з якіх, на нашую думку, можна залічыць састарэлыя шмат у чым метадалагічныя падыходы, выкарыстанне абмежаванай крыніцазнаўчай базы, дыспрапорцыю паміж вывучэннем розных палітычных плыняў, нарэшце, адсутнасць абагульняючай працы, перш за ўсё энцыклапедычнага характара, ды уласна навуковай дыскусіі шмат па якіх прынцыповых пазіцыях. Не менш істотным падаецца і ўласна маргінальны стан беларускіх палітычных партый у сучасных умовах.

Дваццацігоддзе супольнага існавання польскага і беларускага народаў у межах ІІ Рэчы Паспалітай магчыма зразумець толькі з улікам тых узаемных міжнацыянальных стэрэатыпаў, якія, сярод  іншага, у значнай ступені паўплывалі на выбар кірунку ўнутранай палітыкі польскіх уладаў адносна беларускай меншасці.

Хаця першыя некалькі гадоў пасля падпісання Рыжскага міру польскія ўлады стала адзначалі сярод мясцовага насельніцтва непрыхільны для Польшчы настрой, тым ня менш, агульныя высновы рэферэнта польскай дэфензівы былі даволі аптымістычнымі. «Мясцовае аселае насельніцтва, – гаварылася у рэфераце ІІ аддзела ДОК ІІІ ад 18 ліпеня 1922 года, ужо мае досыць усялякай няпэўнасці, тады як перспектыва новай вайны ці нейкіх замешак на гэтым грунце – пагражаюць ім канчатковай руінай таго, што яму пасля ўсіх войнаў засталося ці што паспелі аднавіць. Хаця датыхчасовыя праяўленне адміністрацыі края ў руках «польскіх паноў», як гэта пераконваюць агітатары, не выклікаюць задавальнення, а нават наадварот, прыводзяць да глухога незадавальнення мас, аднак горшым для іх было б пусціць усё ў ненадзейнасць. Тутэйшыя селяне падтрымаць гэткія планы, ідучыя проціў іх жыццёвых інтарэсаў, не маглі, тады як этнаграфічная іх беларускасць аказалася роўнай нулю з матэрыяльнага пункту гледжання… Гэткім чынам, уся запланаваная на вялікую руку акцыя скончылася тым, чым павінна была скончыцца – кампрамітуючы тых, кто ўзяўся яе выконваць… Аналіз агульнай сітуацыі паказвае беларусам адсутнасць рэальных падстаў для іх працы і перспектыву захавання гэткага стану бадай на некалькі гадоў. Гэта  падштурхоўвае беларускіх дзеячаў да «арганізацыйнай працы» над нацыянальнай самасвядомасцю беларускіх мас і павелічэннем беларускіх культурных здабыткаў. Мара пра Незалежнасць, пра Незалежнасць Беларусі, зыходзіць з парадку дня, губляючы адпаведнасць бягучаму моманту» [22].

Асабліва характэрна, што, пачынаючы з 1921 года, традыцыі значэнне нацыянальнага маштабу набывае адзначэнне дня незалежнасці 25 сакавіка, а цэнтрам яго святкавання становіцца Вільня. Ужо 25 сакавіка 1921 года тут адбылося ўрачыстае пасяджэнне Беларускага нацыянальнага камітэту. Праз некалькі дзён насуперак рэкамендацыям каталіцкіх ерархаў урачыстую імшу правёў ксёндз Адам Станкевіч. На працягу наступных чатырох гадоў 25 сакавіка ўсе беларускія арганізацыі адначалі разам, што падкрэслівала факт адзінства беларусаў розных палітычных арыентацый у імкненні да незалежнасці [21].

«Беларусы на тэрыторыі Гродзеншчыны вядуць сябе наогул не актыўна і, здаецца, прымірыліся з тым, што гэтыя вобласці адносяцца да Польшчы, – чытаем на старонках месячнага рапарта Гродзенскага камісарыята паліцыі за студзень 1924 года. ...Наогул, насельніцтва пачынае набываць давер да Польскай дзяржавы…». Аналізуючы вынікі ліквідацыі «антыдзяржаўнага падполля» на Навагрудчыне ў 1925 годзе, ІІ аддзел рабіў выснову: «Маральны эфект ліквідацыі быў даволі высокі... Насельніцтва, да гэтага затэрыразаванае дыверсыйнаю «уладаю», пачало самастойна супрацоўнічаць з уладамі бяспекі, указваючы ім дыверсантаў. А акрамя гэтага, само пачало плаціць падаткі. З’явы гэткія сведчаць аб росце аўтарытэту ўлады...» [11].

Што тычыцца ўласна метадаў барацьбы з «антыдзяржаўным элементам», дык тут асобныя прадстаўнікі польскіх ўладаў часам прыходзілі да даволі нечаканых высноваў. «Адносна сродкаў супрацьдзеяння дэверсыйнай акцыі, чытаем мы у квартальных справаздачах ІІ аддзела за 1925 год, трэба адзначыць, што турэмнае зняволенне для мясцовага жыхара не з’яўляецца чымсці, што можа адпужваць. Для тутэйшага жыхара, па сваёй натуры лянівага, маларухлівага і, наогул, галадаючага – турма хутчэй з’яўляецца нейкай жыццёвай сінекурай, выходзіць ён з яе лепш дагледжаны, чым на ўласны кошт» [11].

Своеасаблівым каталізатарам, які ў значнай ступені паўплываў на актывізацыю палітычнага жыцця беларускага насельніцтва, былі выбары ў Сейм Сярэдняй Літвы ў 1921 годзе і асабліва - выбары у польскі Сейм у 1922 годзе. «Галоўны вынік выбараў, ацэньваў агульную сітуацыю афіцэр Генеральнага штабу, сталася ўсталяванне глыбокага і сталага кантакту беларускай інтэлігенцыі з шырокімі масамі насельніцтва – з’ява, якая сустракаецца ўпершыню ў гісторыі беларускага адраджэнскага руху. Насельніцтва і палітызуючая інтэлігенцыя непасрэдна сутыкнуліся і пачалі ўзаемадзейнічаць паміж сабою. Пачалася новая эра ў развіцці беларускай справы, эра, якую можна назваць «дзяржаўнай», тады як беларускі незалежніцкі рух атрымаў шырокі падмурак і пры гэтым – вялікія фундушы ў бюджэце ўласнай дзяржавы... Сфедэралізаваны пры гэтым з сваяцкім яму па сваёй структуры і мэтах украінскім антыдзяржаўным рухам і абапіраючыся на падтрымку суседніх краін, ён прадстаўляе рэальную небяспеку дзеля сучасных уплываў Польшчы на ўсходзе».

«Нацыянальная свядомасць сярод нешматлікай беларускай інтэлігенцыі, рабілася выснова ў аглядзе нацыянальнай сітуацыі ў ІІ Рэчы Паспалітай за май 1925 года, падрыхтаваным ІІ аддзелам Генштаба, жывая, чынная, антыпольская, большай часткаю, антыдзяржаўная. Сярод беларускага насельніцтва гэткія настроі носяць пастаянны, хаця і неакрэслены, характар. Карані гэткага стаўлення трэба шукаць у гістарычных прычынах...» [10, st. 35].

Відавочнае ўзмацненне актыўнасці беларускіх дзеячаў прымусіла звярнуць на іх дзейнасць увагу і органы польскай бяспекі. Польская контрвыведка імкнулася не толькі трымаць пад сваім кантролем тыя працэсы, якія адбываліся ўнутры мясцовага беларускага нацыянальнага асяродка, але і выкарыстоўваць іх ва ўласных мэтах. Першыя спробы ўсталявання кантактаў паміж органамі польскай вайсковай выведкі і беларускім рухам адносяцца да студзеня – лютага 1919 г.. У хуткім часе польская выведка пераходзіць да больш актыўных дзеянняў, скіраваных на тое, каб узяць ініцыятыву ў «беларускім пытанні» ў свае рукі. Паступова, аднак, ІІ аддзел усё больш ператвараўся ў рэпрэсіўны орган. Але яшчэ даволі працяглы час польскі бок лічыў патрэбным хоць бы знешне захоўваць больш-менш прыязныя стасункі з беларускім рухам, займаючы пазіцыю насцярожанага нейтралітэту ў дачыненні да тых дзеячаў, якія акцэнтавалі сваю прапольскую пазіцыю. З падпісаннем Рыжскага прэлімінарнага дагавору восенню 1920 г. ІІ аддзел перастае выконваць ролю правадніка федэралістычных ідэй і контрагента беларускага руху, хаця разуменне гэтага факту давалася цяжка абодвум бакам – як польскаму, гэтак і ўласна беларускаму.

Гэтак, напрыклад, спробы выкарыстаць беларускі рух для арганізацыі дыверсійнай акцыі супраць Савецкай Расіі адразу ж выклікалі сур’ёзны канфлікт з органамі польскай цывільнай адміністрацыі ўсходніх ваяводстваў, якія былі зацікаўленыя якраз у адваротным – у стабілізацыі сітуацыі на памежных тэрыторыях [19, s.220-230; 29; 25; 26]. Праўда, і сярод вайскоўцаў адзінай думкі адносна гэтага пытання не было [18, str. 216]. У выніку, амаль усе без выключэння «беларускія праекты» ІІ аддзела адзін за другім праваліліся. Нават Ю.Пілсудскі да гэтага часу канчаткова расчараваўся ў мэтазгодгоднасці выкарыстання беларускага пытання. «…Беларускую палітыку, меў ён сказаць у адной з прыватных размоваў на пачатак 1920-х гадоў, няхай чэрці возьмуць. Зараз цяжка што-небудзь зразумець, якая з гэтых партый штосьці варта, і, наогул, ці сярод іх хто-небудзь чаго варты»[ 9, str. 162;].

Пасля выбараў 1922 года і з’яўлення беларускага прадстаўніцтва ў польскім парламенце пытанне аб незалежнасці атрымала зусім нечаканае гучанне. «…Народ беларускі мае выразныя незалежніцкія тэндэнцыі... – меў заявіць Браніслаў Тарашкевіч, выступаючы ў студзені 1923 года ў Сейме. -  Незалежнасць гэтую глыбока ў сэрцы хаваем i пястуем, але з’яўляемся лаяльнымі грамадзянамі Польскай дзяржавы..., іначай кажучы, разумеем гэтую справу эвалюцыйна, а не рэвалюцыйна, – i людзей – сапраўдных патрыётаў, людзей сумленных, гэта павінна задаволіць [30, ст. 81]».

І ўсё ж узаемнае разыходжанне абодвух бакоў – ІІ аддзела і беларускага руху адбылося не адразу. Яшчэ 26 лютага 1923 г. Ф.Ярэміч меў прыватную гутарку з паручнікам Станіславам Блонскім з сярэдзіны 1921 па пачатак 1925 года кіраўніком Эвідэнцыйнай Секцыі Аддзялення па справах нацыянальнасцяў ІІ аддзела Генеральнага штаба [12]. У сваім данясенні па выніках сустрэчы Блонскі гэтак вызначыў са слоў Ф.Ярэміча прычыны ўзаемнага канфлікту: «Беларусы падчас выбараў далучыліся да Блока нацыянальных меньшасцяў адзіна толькі дзеля таго, што іх зняважылі: польскі ўрад на мемарыял беларусаў, у якім яны прасілі субсідый на выбары, наогул не адказаў, а ніводнае з польскіх аб’яднанняў, уключаючы «Вызваленне», з беларусамі ствараць агульны блок не жадалі, а аб матэрыяльнай дапамозе таксама нават не ішла гаворка… Генерал Сікорскі (тагачасны прэм'ер Польшчы, за ўдзяленне вотуму даверу кабінету якога ў студзені 1923 г. галасавалі сярод іншых і беларускія паслы – А.Ч.) яшчэ можа выправіць зло. Беларусы жадаюць толькі таго, што ім належыць згодна з канстытуцыяй». Як даносіў Блонскі, «пасол Ярэміч падкрэсліваў… – з беларусамі лепш вясці шчырую і адкрытую палітыку, што было б больш карысным як для Польскай дзяржавы, так і для беларускай меншасці» [13, к. 150; 14].

Амаль адначасова з пашырэннем палітычных уплываў беларускага руха ў межах Польскай дзяржавы пашыраецца і замілаванне апошняга адносна здабыткаў на ўсходзе Беларусі – у БССР. Адзначаючы 6-я ўгодкі Незалежнасці, А.Станкевіч пісаў на старонках «Крыніцы»: «...Ідэал незалежнасці Беларусі, хоць не ва ўсей поўні, але ўжо спаўняецца ў жыцці. За апошнія некалькі месяцаў гэтага году большасць беларускіх зямель на ўсход ад граніц цяперашней Польшчы ўжо аб’яднаны ў Беларускую Савецкую Ржспубліку ў федэрацыі з Расеяй. Беларусь – ужо дзяржава. Гэта факт, якога пярэчыць нельга і якога ўжо ніякая сіла са старонак гісторыі не вымажа...» [2, ст. 1].

Аднак ужо тады са сваёй уласнай інтэрпрытацый свята 25 сакавіка выступілі беларускія паланафілы, змяніўшы агульныя прасавецкія акцэнты. Перш за ўсё яны намагаліся аспрэчыць ідэйную сувязь паміж актам Незалежнасці і той формай дзяржаўнага кіравання, якая зараз усталявалася ва Усходняй Беларусі. Газета А.Паўлюкевіча «Грамадскі голас» у артыкуле «Сем гадоў ідэалу» пісала: «Дзеля асягненьня свайго нацыянальнага ідэалу ў невядомы час будучыны, беларускаму народу трэба прайсьці цярністы шлях культурна-нацыянальнай творчасьці і, пры нармальных варунках польскіх консытуцыйных гарантыяў, вечна трывалыя беларускія культурныя цэннасьці могуць быць выкаваны у межах Польскай Рэспублікі ня ў прыклад бальшавіцкаму экспэрымэнтатарству на Усходзе» [5, ст. 2-3].

У справаздачы палітычна-нацыянальнага самастойнага рэферату інфармацыйнага ДОК ІХ за 1924 год узгадвалася: «…асноўным і галоўным рухавіком прапаганды нацыянальнай адметнасці народу з’яўляецца так званная беларуская інтэлігенцыя, якая… прадстаўляецца галоўным чынам былымі функцыянерамі расейскай адміністрацыі… Гэтыя апошнія ад магчымых палітычных пераменаў і беларускага паўстання чакаюць у першую чаргу палепшэнне свайго матэр’яльнага быту і адагранне пэўнай палітычна-гаспадарчай ролі…». Згодна з справаздачай камісарыята паліцыі за кастрычнік 1924 года адным з найбліжэйшых пытанняў, якое цікавіла насельніцтва, было адкрыццё беларускіх школ: «Усюды, - занатаваў польскі афіцэр, - магчыма заўважыць падрыхтоўку да адкрыцця беларускіх школак…» [15].

Яшчэ да адной асаблівасці беларускай палітычнай ментальнасці, як яе бачылі польскія ўлады, можна аднесці схільнасць сярод шырокіх масаў да леварадыкальных, пракамуністычных поглядаў на фоне агульнага песімізму і ідэнтыферэнтнасці ў дачыненні да палітыкі наогул. Падзеі кастрычніка 1925 года, калі падчас канферэнцыі ў Берліне значная частка міністраў БНР перадала свае міністэрскія мандаты ураду БССР, а таксама актыўнае нацыянальнае будаўніцтва ў Савецкай Беларусі, прывялі да таго, што сярод заходнебеларускай інтэлігенцыі пачала шырыцца думка аб тым, што ідэя Беларускай Народнай Рэспублікі вычарпала сябе, а Заходняя Беларусь у перспектыве павінна стаць часткай БССР. Да гэтага асабліва схіляліся правадыры Беларускай сялянска-рабочай Грамады, яшчэ нядаўна захопленыя перспектывамі супрацоўніцтва з адроджанай Польшчай. Менавіта таму на пасяджэнні Віленскага БНК, якое адбылося ў пачатку сакавіка 1926 года, было вырашана... адмовіцца ад шырокага святкавання гадавіны незалежнасці Беларусі [21, с. 62-85]!

Антон Луцкевіч, непасрэдны ўдзельнік падзей 25 сакавіка 1918 года, фактычна далучыўся да групоўкі грамадоўцаў, якія вырашылі 25 сакавіка гучна не адзначаць, але тым не менш надрукаваў газету-аднаднёўку «На Прадвесьні», дзе размясціў артыкул, пад назвай «У восьмую гадавіну». Заклікаючы ў «кірунку творчае нацыянальнае працы», да «сацыяльнага вызваленьня», аднаднеўка канстатавала: «...Гэты сацыяльны ідэал ужо непадзельна запанаваў на Усходзе. Там толькі праз сацыяльнае вызваленьне перад беларусамі адкрылася магчымасьць дзяржаўнага будаўніцтва. Там – і толькі там – беларуская дзяржаўнасьць сталася зьдзейсьненым фактам» [6, ст. 1].

Аным з нялічных лідэраў тагачаснага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі, хто катэгарычна адкінуў прапанову пакрысе «забыцца» пра 25 сакавіка і ўласна ідэю нацыянальнай незалежнасці быў лідэр беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў ксёндз Адам Станкевіч. Ён лічыў, што ва ўмовах агульнай стабілізацыі палітычнай сітуацыі ў Еўропе і свеце існаванне беларускага ўраду на эміграцыі ў поўным складзе не мае практычнага сэнсу, аднак захаванне ідэі незалежнасці Беларусі ў асобе эміграцыйнага ўраду БНР пад кіраўніцтвам Пятра Крачэўскага проста неабходна [24, ст. 356]. Менавіта таму беларускія хадэкі працягвалі нязменна  святкаваць 25 сакавіка на працягу ўсіх 1920 30-х гадоў.

Фенамен Беларускай сялянска-рабочай Грамады, як найбольш масавай палітычнай беларускай арганізацыі, трэба у першаю чаргу разглядаць менавіта скрозь прызму гэткага спалучэння – сацыяльнага радыкалізму і грамадскай інэртнасці. У канцы усё таго ж 1925 года ДОК ІІІ паведамляля: «У паветах з беларускім насельніцтвам вядзецца праца, накіраванная на арганізаванне збройнага выступлення. Мясцовыя беларусы прыхільным вокам глядзяць на дзейнасць агентаў БСРГ. Дэмагагічныя лёзунгі, накшталт «Уся земля абшарнікаў – працуючаму люду без выкупу» ці «Не дадуць – самі возьмем», якія гучаць з вустнаў беларускіх паслоў, знаходзяць сымпатыі сярод тутэйшага беларускага насельніцтва і сягаюць нават  найбольш занядбаных куткоў гэтага краю». У сувязі з актывізацыяй дзейнасці БСРГ камендант пастарунка польскай дзяржаўнай паліцыі ў Берштах даносіў: «…З часу арганізавання колаў БСРГ заўважаны ўздым настрою сярод мясцовага беларускага насельніцтва, насычанага варожасцю і нянавісцю да Польскай дзяржавы і ўладаў…» [11]. Пры гэтым, аднак, складзены ІІ аддзелам «Кароткі нарыс па беларускау пытанню» адзначаў, што ў сваёй большасці мясцовае насельніцтва прыняло весткі аб ліквідацыі БСРГ і Незалежнай сялянскай партыі «наогул спакойна» [ 24].

У артыкуле пад назваю «Двайное свята беларускага народ» газета «Крынца» пісала: «...Рада Беларускай Рэспублікі, складзеная з найбольш выдатных, інтэлегентных і заслужаных перад беларускім народам дзеячоў, 25 сакавіка 1918 г. абвясціла Беларусь Вольнай і Незалежнай, бо толькі такой, гаворачы па-людску, можа быць яна шчаслівай і толькі такой можа яна бараніць сябе ад вяковай крыўды, ад вяковага здзеку».

Але, каб вольнасць і незалежнасць здабыць, а здабыўшы ўтрымаць, трэба быць да гэтага адпаведна прыгатаваным, ці, прасцей кажучы, трэба, каб Народ Беларускі, як такі, разумеў гэта і каб меў сваю беларускую культуру...» [1, ст. 2;].

Свой погляд на ідэю нацыянальнай Незалежнасці паспрабаваў выказаць і Беларускі Сялянскі Саюз, на чале якога стаялі Ф.Ярэміч і В.Рагуля. Друкаваны ворган партыі – газета «Сялянская ніва» адгукнулася на 8-я ўгодкі абвяшчэння незалежнасці БНР перадавым артыкулам, азаглаўленым «Стаўка на кайзэра, Пілсудскага, Леніна». Сцвярджаючы, што «найгоршым злом для Беларусі, гэта будзе арыентацыя на чужынца», газета заклікала трымацца «арыентацыі на саміх сябе, або інакш кажучы – на сілы Беларускага Народу» [7, ст.1].

У дадзеным выпадку асаблівае значэнне набывае выяўленне не толькі дэкларатыўных, але і фактычных механізмаў функцыянавання беларускіх палітычных партый і арганізацый. Як адзначае гісторык Андрэй Вашкевіч: «Пытанне аб фінансаванні дзейнасці палітычных партый, што ў розныя часы функцыянавалі на тэрыторыі Беларусі, да сённяшняга дня не атрымала належнай увагі з боку айчынных гісторыкаў. Такое становішча трэба прызнаць незадавальняючым, паколькі менавіта крыніцы фінансавання ў вельмі значнай ступені абумоўлівалі як ідэалогію гэтых палітычных партый, так і іх канкрэтную практычную дзейнасць» [20]. Гэтак, напрыклад, згодна з данясеннем камісарыята дзяржпаліцыі Варшавы, 22 лістапада 1925 года пад час пасяджэння беларускіх дзеячоў на кватэры А.Луцкевіча ў Вільні з нагоды берлінскай канферэнцыі пасол Ярэміч меў выказацца ў гэткім сэнсе, што «Мінск усіх прыймае з адкрытымі рукамі пры умове, што яны задэкларуюць, што яны не з’яўляюцца ворагамі савецкай улады і не будуць супраць яе выступаць». У доказ сваіх словаў Ярэміч перадаў А.Станкевічу на выданне «Беларускай крыніцы» пад подпіс 1 тыс. долараў [23, ст. 19].

Той жа А.Вашкевіч зварочвае увагу на асноўныя артыкулы расходаў беларускіх партый, і ў першую чаргу беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Гэтак БХД, піша ён: «У адрозненне, скажам, ад КПЗБ не мела штату нелегальных платных функцыянераў. Большасць партыйных пасад, за выключэннем справавода, таксама пастаянна не аплочвалася. Па гэтай прычыне расходы на партыйную бюракратыю былі невялікія і абмяжоўваліся аплатай справавода і камандзіровачных расходаў. Амаль усе выдаткі партыі ішлі на прапаганду. Галоўным накірункам тут была, несумненна, выдавецкая справа». «Адной з важнейшых крыніцаў фінансавання БХД і залежных ад яе структураў, - апіша гісторык, а мы можам дадаць, не толькі БХД, былі заробкі беларускіх паслоў польскага Сейма. Заробак пасла (гэтак званыя «пасольскія дыеты») складаў да 600 $. ...Аб тым, наколькі залежалі беларускія хадэкі ад пасолькіх грошай сваіх дэпутатаў у Сейм, сведчаць гадавыя справаздачы Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры. Калі ў 1929 г. БІГіК амаль штомесяц атрымоўваў ад Беларускага Пасольскага Клуба 600 злотых (з іх 200 зл. атрымоўваў справавод, 120 зл. настаўніцы школ у Шаўлянах і Рудаўцы), то ў 1931 г., калі БПК ужо не існавала, Урад БІГіКу за цэлы год патраціў усяго 1620 зл. і меў у выніку больш 300 зл. дэфіцыту. У 1935 годзе гадавы абарот Ураду БІГІку склаў усяго 975 зл. 35 гр. Няцяжка падлічыць, скончвае А. Вашкевіч, што фінансавыя паступленні ў 1931 годзе знізіліся адносна 1929 г. як мінімум у тры-чатыры разы, а ў 1935 г. у шэсць разоў» [20].

Пасля 1922 г. ранейшыя прынцыповыя супярэчнасці паміж польскімі спецслужбамі ў поглядах на «беларускае пытанне» практычна знікаюць. У большасці з польскіх дзяржаўных функцыянераў замацоўваецца ўстойлівы погляд на нацыянальныя меншасці ў ІІ Рэчы Паспалітай, у тым ліку – і на беларусаў як на элемент палітычнай і гаспадарчай дэстабілізацыі ў краіне ды аб’ект замежных, антыдзяржаўных уплываў. Таму ў ІІ аддзеле ўжо не вядзецца больш гаворкі пра спрыянне развіццю беларускага руху, назіраецца імкненне толькі да ягонага разбіцця і дыскрэдытацыі, а адносіны з беларускім нацыянальным асяродкам набіраюць яскравы характар супрацьстаяння.

Ужо вясной 1923 г. польскі Генштаб пачаў выкарыстоўваць сваіх канфідэнтаў дзеля арганізацыі палітычных працэсаў супраць беларускіх дзеячаў. Адным з найбольш вядомых такіх агентаў-правакатараў быў Эдуард Лянкевіч, які выступаў у якасці галоўнага сведкі абвінавачвання на працэсе 45-ці ў Беластоку ў 1923 г. і пазней у 1925 г. – на працэсе 72-х у Гродне супраць удзельнікаў антыпольскай партызанкі [8, ст. 5].

Пазней, у новых абставінах, якія склаліся на сярэдзіну 1920-х гадоў – каласальным росце ўплываў Беларуская Рабоча-Сялянскай Грамады і Незалежнай сялянскай партыі ( Niezależna Partia Chłopska – далей НПХ ), што неўхільна вяло да далейшай радыкалізацыі грамадства ва ўсходніх ваяводствах, адных сілавых сродкаў ужо было недастаткова. У барацьбе з палітычнымі апанентамі і ў першую чаргу лідэрам НПХ С.Ваявудскім, улады вырашылі скарыстацца абвінавачваннем у супрацоўніцтве апошняга са спецслужбамі Польскага Генштаба, гэта значыць – з органам польскай жа ўлады! Увесь драматызм сітуацыі, аднак, заключаўся у тым, што ініцыятарамі кампаніі па дыскрэдытацыі С.Ваявудскага, як ангента ІІ аддзела выступіў… сам ІІ аддзел. Галоўная ідэя ўсёй справы заключалася ў тым, каб прадставіць правадырра радыкальнай сялянскай партыі звычайным канфедентам, які піша рапарты на ўласных калегаў, і тым самым – знішчыць яго ў вачах грамадства, а разам з ім – скампраметаваць і ўвесь рух.

Амаль што ад самага пачатку існавання беларускага адраджэння ў ім прысутнічаў момант палітычнага авантурызму, аднак менавіта на рубяжы 1920-х гадоў ён набыў асаблівы размах, вельмі істотна паўплываўшы як на змест, так і на вонкавы выгляд беларускіх палітычных партый. Постаці А.Бахановіча, П.Алексюка, С.Булак-Балаховіча – гэта толькі найбольш характэрныя прыклады беларускіх палітычных авантурыстаў. Недалёка адышлі па сваёй манеры паводзін і некаторыя з іхніх антаганістаў з партыі беларускіх эсэраў: Я.Чарапук ці Я.Мамонька. Спіс беларускіх авантурыстаў можна працягваць такімі імёнамі, як К.Цвірка-Гадыцкі, Я.Ладноў, кіраўнікі антыпольскай партызанкі Г.Шыманюк-Скамарох ды В.Разумовіч-Хмара. Большасць з іх аб’ядноўвала рызыканцтва, адсутнасць аб’ектыўнай ацэнкі палітычнай сітуацыі, недальнабачнасць, і не ў апошнюю чаргу – пошук у палітычнай дзейнасці ўласнай матэрыяльнай карысці.

Вытокі беларускага палітычнага авантурызму трэба шукаць у агульнай слабасці беларускага руху як палітычнай сілы, празрыстай форме рэкрутацыі новых дзеячаў, якая дапускала далучэнне да яго людзей антынацыянальных поглядаў, а таксама абмежаванасці сродкаў легальнай палітычнай дзейнасці. Гэтым у значнай ступені былі абумоўленыя розныя своеасаблівыя «мезальянсы» паміж беларускім рухам і палітычнымі групоўкамі самых розных накірункаў, пачынаючы ад гакатыстаў, пілсудчыкаў, шаўлюсаў, украінскіх эсэраў, сіяністаў, савінкаўцаў, манархістаў і канчаючы расійскімі бальшавікамі. Амаль усе яны ў выніку аказаліся беcперспектыўнымі і нават шкоднымі беларускай справе, ствараючы ўмовы для чарговай кампраметацыі, бо заключаліся без уліку супрацьлеглых інтарэсаў кожнага з бакоў, а толькі дзеля дасягнення нейкіх бягучых, часовых мэтаў. Так было, напрыклад, у выпадку з «віленскім пытаннем» і беларуска-літоўскім пагадненнем.

У выніку актыўнае супрацоўніцтва часткі вядомых беларускіх дзеячаў з ІІ аддзелам Генеральнага штаба, якое мела месца ў 1919 – 1922 гг., нечакана адгукнулася ім у сярэдзіне 1920-х гг. Пры гэтым у самім факце такога супрацоўніцтва нічога ганебнага не было, калі разглядаць яго з улікам тагачасных палітычных рэаліяў [16, s. 301]. Аднак ва ўмовах 1924 – 1925 гг., калі кантакты з ІІ аддзелам фактычна прыроўніваліся да нацыянальнай здрады, а самі беларускія дзеячы прыклалі шмат намаганняў для дыскрэдытацыі на гэтай падставе такіх дзеячаў, як Я.Ладноў, Л.Дубейкаўскі і інш., раскрыццё факту супрацоўніцтва Б.Тарашкевіча ці С.Рак-Міхайлоўскага выклікала б сумныя перспектывы для іх палітычнай кар’еры.

Тым не менш, уплыў Грамады і Таварыства беларускай школы на фармаванне грамадскай пазыцыі заходнебеларускага селяніна цяжка пераацаніць. «Большасць беларускага насельніцтва працягвае непрыхільна адносіцца да дзяржаўнай улады, чытаем мы у месячнай справаздачы Беластоцкага ваяводы за чэрвень 1928 года, што сведчыць аб далейшых моцных уплывах БСРГ. Гэта магчыма пабачыць пры кожным сутыкненні з беларусамі ў грамадскім жыцці». Гродзенскі павятовы стараста, выступаючы перад гміннай радай у в.Бершты, назваў гурткі ТБШ «палітычнымі асяродкамі адкуль выплывае ўсё зло і нездаровыя погляды, якія нічога не прыносяць насельніцтву акрамя бяды і непрыемнасцяў».

Насіленне палітычных рэпрэсій з боку польскіх уладаў ды паступовая стабілізацыі гаспадарча-эканамічнага жыцця ў канцы 1920-х пачатку 1930-х гадоў толькі «закансэрвавалі» гэткія якасці, прынамсі, ва ўяўленні саміх жа польскіх уладаў. Згодна з рапартам Беластоцкага ваяводы за лістапад 1929 года «беларускае насельніцтва у ваяводстве застаецца на скрайку палітычнага жыцця і толькі месцамі прымае ў ім удзел…». «…Партызанка, ТБШ і БСРГ,   данасіў камендант паліцэйскага пастарунка ў Берштах восенню 1932 года, на тутэйшым абшары не існуюць, а былыя прыхільнікі і дзеячы ніякай актыўнасці не праяўляюць, паколькі па праходжанні некалькі гадоў некаторыя пастарэлі і з прычыны сямейных і матэрыяльных клопатаў пакінулі палітычную дзейнасць…» [ 31. с. 124 126].

З іншага боку, крызіс уплываў беларускага руху сярэдзіны 1930-х гадоў справакаваў з’яўленне фіктыўнай, умоўнай плыні, якая павінна была стварыць віртуальную з’яву. Гэтак, газета «Беларусь Працы» з нагоды змясціла на сваіх старонках зацемку пад назваю: «25 сакавіка ва Усходняй Беларусі». «Беларуская Нацыяналістычная Грамада на некалькі дзён перад 25 сакавіком распашырала па ўсёй Усх. Беларусі адпаведныя адозвы, а таксама вяла і адумысную акцыю, заклікаючы беларускае грамадзянства да ладжаньня сьвяткаваньняў з нагоды 16-ых угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі. У ноч з 24 на 25 сакавіка ў шмат якіх мясцовасьцях былі павывешываны бел-чырвона-белыя сьцягі і параскіданы процімаскоўскія, белнацыяналістычныя адозвы. У самы дзень 25 сакавіка шматдзе адбыліся заканспіраваныя акадэміі. Некаторыя з іх былі выкрыіы агентамі ГПУ (падслуцкія лясы, Менск), у выніку чаго адбыліся масавыя арышты, а нават і расстрэлы. Адна з вайсковых частак, адмовіўшаяся страляць у выкрытых маніфэстантаў, быццам у той-жа дзень была перакінута ў глыб Маскоўшчыны» [4, ст. 1].

Тыя карэнныя змены, што адбываліся ў беларускім грамадстве ў сувязі з наступіўшым запаволеннем у развіцці беларускага нацыянальнага руху, можна лёгка заўважыць ужо ў загалоўках артыкулаў. Так, адна з перадавіца ў «Беларускай крыніцы» напярэдадні чарговага святкавання 25 сакавіка, напрыклад, называлася – «Ці ідэал акту 25.ІІІ.1918 ідзе да сваёй мэты ?» [3, ст. 1]. Разам з тым у другой палове 1930-х г. нават згадка пра 25 сакавіка стала для польскай адміністрацыі на Крэсах нагодай для рэпрэсіяў. У студзені 1938 года за згадку ў сваім Статуце аб Акце 25 сакавіка быў зачынены польскімі ўладамі Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні, арганізацыя, якая амаль дваццаць гадоў гуртавала самыя галоўныя віленскія беларускія суполкі, редакцыі, таварыствы. 25 сакавіка 1939 года ўрачыстую імшу ў касцёле св.Мікалая ў Вільні правялі... два ксяндзы-літоўцы блізкія сябры Адама Станкевіча, К.Чыбірас і В.Ташкунас [21].

Гэткім чынам, можна сцвярджаць, што беларускі нацыянальны рух у Польшчы міжваеннага дваццацігоддзя дастаткова хутка прайшоў адваротны шлях ад ідэі стварэння незалежнай дзяржавы да нацыянальна-культурнага адраджэння. Толькі вось рэалізацыя нават гэтай ідэі запатрабавала на практыцы не толькі дастатковага ўзроўню нацыянальнай свядомасці, але і досведа канкрэтнай палітычнай барацьбы. Аднак менавіта досведа па прасоўванню і адстойванню нацыянальных інтарэсаў ва ўмовах аўтарытарызма беларускім партыям катастрафічна не хапіла.  

 

 

По материалам: Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) /ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

 

Яндекс.Метрика