Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі
            (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.)

  Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі
             (Гродна, 23-24 кастрычніка 2008 г.)

                 

 

УДК 329 (476) (XIXпач. ХХ ст.ст.)

 А.І. Борка

 Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя перадумовы зараджэння масавых грамадска-палітычных рухаў і ўзнікненне першых

палітычных партый (2 пал. ХІХ-пач. ХХ ст.)

 В статье рассмотрены социально-экономические и политические предпосылки зарождения массовых общественно-политических движений и возникновение первых политических партий (вт. пол. ХІХ- нач. ХХ вв.)

 

Палітычныя партыі і грамадскія рухі з’яўляюцца неад’емнай часткай палітычнай сістэмы сучаснага дэмакратычнага грамадства, не выключэнне і Рэспубліка Беларусь.

Грамадска-палітычныя аб’яднанні, палітычныя партыі складаюць важны структурны элемент палітычнай сістэмы грамадства.

Пад грамадскім аб’яднаннем разумеецца сукупнасць раўнапраўных грамадзян, добраахвотна аб’яднаных на аснове супольнасці інтарэсаў для сумеснай рэалізацыі сваіх правоў.

Пад палітычнай партыяй – сукупнасць людзей, аб’яднаных арганізацыйна і ідэалагічна, якая выражае інтарэсы вызначанага класа, сацыяльнага слоя ці грамадскай групы і ставіць сваёй мэтай іх рэалізацыю шляхам заваявання дзяржаўнай улады ці ўдзелу ў яе ажыццяўленні [1, с. 4].

На працягу практычна ўсёй гісторыі чалавецтва спаборніцтва палітычных груп складала характэрную, істотную рысу палітычнай гісторыі. Першыя ўпамінанні аб палітычных партыях сустракаюцца яшчэ ў Арыстоцеля.

У сярэдневеччы існуючыя палітычныя групоўкі – «партыі» – часцей за ўсё былі часовымі аб’яднаннямі, іх з’яўленне звычайна звязвалася з абвастрэннем класавых ці ўнутрыкласавых супярэчнасцей (напрыклад, вайна Алай і Белай розы ў Англіі).

Пратаціпы сучасных палітычных партый узніклі ў перыяд ранніх буржуазных рэвалюцый, калі буржуазія, якая стаяла на чале гэтых рэвалюцый, стварыла свае аб’яднанні ў якасці арганізацый для барацьбы з феадалізмам. У гэты час партыі выступалі перш за ўсё як літаратурна-палітычныя і рэлігійна-палітычныя групоўкі. На класава-палітычнай аснове партыі сфарміраваліся ў час Вялікай французскай рэвалюцыі [1, с. 18].

Палітычныя партыі прайшлі працяглы шлях фарміравання і эвалюцыі. Яны з’яўляюцца прадуктам сацыяльна-эканамічнага і грамадска-гістарычнага развіцця кожнай канкрэтнай краіны. Сур’ёзны адбітак на іх характар накладваюць асаблівасці сацыяльна-культурнага развіцця, гістарычныя традыцыі, дэмаграфічныя і этнакультурныя працэсы, асаблівасці рэлігіі і г.д. [2, с. 5].

Перыяд зараджэння грамадскіх рухаў і палітычных партый на Беларусі супадае з часам уваходжання яе ў склад Расійскай імперыі. Далейшае сацыяльнае, палітычнае і эканамічнае развіццё беларускіх зямель было прама звязана з развіццём Расіі. Фарміраванне палітычных партый, грамадскіх рухаў і арганізацый у Расіі мела свае адметнасці ў параўнанні з аналагічнымі працэсамі ў заходніх краінах. Гэта было звязана з своеасаблівасцю ўсяго гістарычнага развіцця Расіі. Расійская імперыя належыла да так званага «другога эшалону» развіцця капіталізму, г. зн. развівалася фарсіравана ў больш сціслы тэрмін [3, с. 11].

Характарызуючы палітычныя працэсы, якія адбываліся ў Беларусі ў ХІХ – пачатку ХХ ст., можна адзначыць, што ўзнікненне грамадскіх рухаў і палітычных партый у Беларусі ў некаторых момантах падобна з іх афармленнем і развіццём у Расійскай імперыі, але ў той жа час існуе і шэраг асаблівасцей, якія адрозніваюць гэтыя працэсы ў велізарнай Расійскай дзяржаве і ў параўнальна невялікай Беларусі.

Працэс фарміравання палітычных партый у Беларусі праходзіў у спецыфічных умовах. У канцы XVIII ст. беларускі народ паступова ўсведамляў свой шлях гістарычнага развіцця, хоць эканамічнае, палітычнае і сацыяльнае развіццё Беларусі з канца ХVIII ст. падпарадкоўвалася законам Расійскай імперыі, у ідэйным кірунку, аднак, панавалі прапольскія патрыятычныя настроі, якія выражаліся ў патрабаванні адраджэння Рэчы Паспалітай як польскай дзяржавы з яе «крэсамі ўсходнімі». Многія грамадска-палітычныя рухі ў Беларусі мелі польскі «пачатак». Ідэя адраджэння Польшчы была пануючай на тэрыторыі Беларусі на працягу першай паловы ХІХ ст. Аднак у другой палове ХІХ ст. яна ўступае ў прамую супрацьлегласць з нацыянальнай ідэяй беларусаў, якая ў той час фарміруецца. Пасля паўстання 1863 г. свядомасць беларусаў пачала развівацца на нацыянальнай аснове, адчуваючы пэўны ўплыў як польскіх, так і рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў. У ідэалогіі беларускага грамадска-палітычнага руху нязменна прысутнічала нацыянальная праблема. Упершыню ідэю стварэння агульнанацыянальнай беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі сфармуляваў К.Каліноўскі на старонках газеты «Мужыцкая праўда». Гэту ідэю прапагандавалі і беларускія народнікі на старонках часопіса «Гоман». Гоманаўцы заклікалі да стварэння рэвалюцыйнай партыі «Беларуская грамада», якая і павінна была разгарнуць барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне беларускага народа. Беларускія народнікі тэарэтычна абгрунтавалі неабходнасць надання Беларусі нацыянальна-дзяржаўнай аўтаноміі ў складзе будучай Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі.

На характар фарміравання грамадска-палітычных рухаў значны ўплыў аказвала развіццё капіталістычных адносін. Носьбітамі ліберальна-буржуазнай ідэалогіі ў Беларусі былі памешчыкі капіталістычнай арыентацыі, якія патрабавалі моцнай абароны прыватнай зямельнай уласнасці, увядзення земстваў, ураўнавання сялян у асабістых правах з іншымі саслоўямі, адмены сервітутаў і інш.

Стан развіцця прамысловасці Беларусі аказваў свой уплыў на грамадскасць і яго настроі. Аснову беларускай прамысловасці ў ХІХ ст. складалі пераапрацоўчыя галіны, якія былі размешчаны ў сельскай мясцовасці, бліжэй да крыніц сыравіны. Як вынік гэтага беларуская буржуазія ў большасці была сельскай і таму арганізацыйна слабой. У гарадах і мястэчках да 70 % насельніцтва складалі яўрэй. Гэта перш за ўсё было звязана з мяжой яўрэйскай аседласці. Да таго ж яўрэям забаранялася купляць зямлю і займацца сельскай гаспадаркай. Эканамічная слабасць беларускай буржуазіі парадзіла і яе абмежаванасць у палітычнай барацьбе. Гэта прывяло да таго, што найбольш уплывовымі і актыўнымі ў гарадах былі менавіта яўрэйскія грамадска-палітычныя арганізацыі.

У 80-я і 90-я гг. XIX ст. марудныя тэмпы эканамічнага развіцця краю адбіваліся на працэсе фарміравання нацыянальнай прамысловай і гандлёвай буржуазіі. На пачатку XX ст. з 80 тыс. сярэдніх і буйных прадпрыемцаў і гандляроў у Паўночна-Заходнім краі беларуская нацыянальная буржуазія налічвалі прыкладна 20 тыс. чалавек, або 25 %.

Сельская буржуазія пасля рэформы 1861 г. толькі набірала моц. Яна не магла адыграць самастойнай ролі ў палітычным жыцці краю, хоць і была тым палітычным асяродкам, на падставе якога пачалося фарміраванне беларускай культурнай і палітычнай эліты. Буржуазны пласт беларускага сялянства быў неаднародны. У яго ўваходзілі сяляне з надзелам больш за 20 дзесяцін зямлі, а менавіта такі памер зямлі быў неабходны для пачатку капіталістычнага прадпрымальніцтва. Варта нагадаць, што ў канцы XIX ст з 736 885 сялянскіх двароў больш эа 80 тыс. былі ўцягнуты ў прадпрымальніцкую дзейнасць, г. зн. больш за 13 % усіх сялянскіх гаспадарак.

Асобны пласт беларускага грамадства складала шляхта. Жыла шляхта на хутарах ці ў засценках. Яна не зведала прыгоннага права і мела зямлі больш, чым звычайныя сяляне, – ад 40 дзесяцін і больш. Колькасць шляхты практычна немагчыма вызначыць, бо яна была прыпісана і да іншых  саслоўяў. Шляхта з'яўлялася актыўнай палітычнай і культурнай сілай беларускага насельніцтва і не страціла культурна-нацыянальных традыцый — звычаяў, абрадаў, песень, роднай мовы і г.д. Прадстаўнікі шляхты актыўна выступалі за нацыянальна-культурнае адраджэнне Беларусі, з іх пачала фарміравацца разначынная інтэлігенцыя, выйшлі вядомыя дзеячы беларускага палітычнага руху, такія, як Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч, Ігнат Грынявіцкі, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, браты Іван і Антон Луцкевічы, Браніслаў Тарашкевіч і інш.

У канцы XIX ст. значную маёмасную праслойку складала дваранства. У 5 беларускіх губернях жылі 283 522 двараніны-памешчыкі, большасць з якіх прызнавала сваю этнічную прыналежнасць да беларускаг этнасу. Паводле перапісу 1897 г. амаль палова дваран назвала роднай мовай беларускую. Гэтая частка дваранства таксама з'яўлялася адным з элементаў беларускага грамадска-палітычнага руху.

У канцы XIX ст. рабочы клас, які складаў 3,3 % агульнай колькасці насельніцтва Беларусі, быў шматнацыянальны, распылены па дробных саматужных і рамесных прадпрыемствах. 3 гэтай прычыны ён не стаў вядучай палітычнай сілай у беларускіх губернях [4, с. 18].

Такім чынам, можна сказаць, што ў другой палове XIX ст. са зменай класавай струкгуры беларускай нацыі адбываліся змены ў грамадска-палітычным руху Беларусі. Аднак незавершанасць класавай дыферэнцыяцыі беларускага грамадства накладала свой адбітак на фарміраванне палітычных партый беларускай нацыянальнай арыентацыі [5, с. 23].

Аднак трэба ўлічваць і тое, што паралельна з працэсам эканамічнага ўціску беларускіх зямель ішоў працэс культурнага наступу больш магутных суседзяў: з усходу – Расіі, з захаду – Польшчы. Царызм не дазваляў на Беларусі ніякіх нацыянальных формаў грамадскага развіцця, праява любой тэндэнцыі культурна-нацыянальнага адраджэння ім падаўлялася. Польская палітычная эліта таксама імкнулася ажыццявіць экспансіянісцкія мэты на беларускіх землях. Польскі ўплыў асабліва моцна адчуваўся ў галіне культуры. Фактычна ўсе пласты польскага грамадства (ідэйныя натхняльнікі Людвіг Гурскі і Генрых Сянкевіч) актыўна прапагандавалі ідэі пра «гістарычнае права Польшчы на Беларусь», пра «вялікую культурную місію палякаў на Усходзе» і г.д. Такі падыход быў характэрны не толькі для лагера правых, але і для польскага сацыялістычнага руху. У прыватнасці, такія ідэі пазней прапагандавала Польская партыя сацыялістычная (ППС), якая мела свае філіі на тэрыторыі Беларусі. Сярод членаў гэтай партыі была шырока распаўсюджана ідэя пра гістарычныя «правы» Польшчы на Беларусь [6, с. 35].

Рэлігійнае становішча на Беларусі таксама аказала свой уплыў. Беларускае грамадства было расколата па канфесійнай прымеце на каталікоў і праваслаўных і таму даволі доўга не асведамляла сваёй нацыянальнай прыналежнасці і нацыянальнага адзінства.

Усе гэтыя фактары ўказваюць на тое, што ў Беларусі ў ХІХ ст. не было адзінага «цэнтра», адзінага «пачатку» для арганізацыі і кантролю за зараджэннем і развіццём грамадскіх рухаў і палітычных партый [1, с. 47].

У Расійскай імперыі, у склад якой ўваходзіла і тэрыторыя Беларусі, большая частка грамадства была адхілена ад палітычнага жыцця. Любы грамадскі рух, які меў палітычную афарбоўку, атрымоўваў статус апазіцыйнага ў адносінах да самадзяржаўя. Да таго ж беларускія губерні лічыліся асабліва ненадзейнымі.

На працягу ХІХ – пачатку ХХ ст. назіраецца пэўная эвалюцыя грамадскіх рухаў. Грамадска-палітычныя рухі пач. ХІХ ст. насілі асветніцкі характар. Прадстаўнікамі гэтага накірунку ў Беларусі былі філаматы і філарэты. Менавіта яны – першыя праяўленні беларускага грамадскага руху. Паступова грамадскі рух перарастае з асветніцкага ў шляхецка-рэвалюцыйны і рэвалюцыйна-дэмакратычны. На беларускіх землях ён адрозніваўся ад расійскага, на гэта ўплывалі сацыяльна-эканамічныя, палітычныя і нацыянальныя асаблівасці Беларусі.

У канцы 50-х – пачатку 60-х гадоў ХІХ ст. у Беларусі, як і ў Расіі пачаўся новы этап грамадскага руху – рэвалюцыйна-дэмакратычны. На змену шляхце прыйшлі разначынцы – прадстаўнікі розных сацыяльных слаёў насельніцтва. Актыўнасць грамадскага руху стымулявалася нявырашанасцю сялянскага пытання.

Пасля рэформы 1861 года становішча беларускіх сялян не палепшылася, што адбілася на грамадскім жыцці.

Вялікі ўплыў на пад’ём вызваленчай барацьбы ў Беларусі аказалі ідэі рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў і польскі нацыянальна-вызваленчы рух, якія ў пачатку 60-х гадоў ХІХ ст. разгарнуліся з незвычайнай сілай.

Канец ХІХ – пачатак ХХ ст. сталі перыядам Беларускага Адраджэння. Пачынаюцца працэсы станаўлення беларускай нацыянальнай мовы, літаратуры, аднаўляюцца беларускае кнігадрукаванне, стварэнне нацыянальнага друку і адукацыі, нацыянальных школ у тэатральным і выяўленчым мастацтве і г.д. Інакш кажучы, Беларускае Адраджэнне ўяўляла сабой комплексную нацыянальную праграму ва ўсіх галінах: палітычнай, сацыяльнай і духоўнай.

У канцы 80-х – пачатку 90-х гадоў ХІХ ст. узнікаюць першыя невялікія дэмакратычныя гурткі з мэтай вывучэння Беларусі. Вакол іх збіраецца беларуская інтэлігенцыя. Першай нешматлікай арганізацыяй, якая паклала пачатак больш-менш арганізаванаму беларускаму нацыянальнаму руху, стаў гурток моладзі, якая навучалася ў сярэдніх навучальных установах Мінска. Падобныя арганізацыі ствараюцца і ва многіх універсітэцкіх гарадах Расіі сярод студэнтаў – ураджэнцаў Беларусі.

У Маскве пачатак беларускай культурна-асветніцкай рабоце быў пакладзены ў 1891 годзе групай студэнтаў-беларусаў, якія сядзелі па палітычных справах у Бутырскай турме, якія арганізавалі ў ёй «беларускі сацыялістычны гурток».

У Пецярбургу ў 1902 годзе арганізавалася «Кола беларускай народнай асветы і культуры беларускай», якое займалася распаўсюджваннем беларускіх выданняў, якія друкаваліся за мяжой, і пошукам сродкаў для выдання ў Расіі беларускай літаратуры.

У гэтых першых беларускіх гуртках вызначалася думка аб тым, што эмансіпацыя беларуса як чалавека і грамадзяніна неразрыўна звязана з эмансіпацыяй беларускай народнасці. Гэтая ідэя была пакладзена ў аснову ўсяго беларускага руху.

У цэлым усе ўзнікаючыя ў гэты час беларускія арганізацыі (і асветніцкія, і палітычныя) будзілі нацыянальную самасвядомасць у масах, усведамленне ўласнай чалавечай годнасці, змагаліся з пагардлівым стаўленнем да беларускай мовы, з рэлігійным антаганізмам беларусаў і прапагандавалі думку аб правах чалавека і грамадзяніна. Беларуская інтэлігенцыя ўспрыняла дэмакратычныя ідэі ў сукупнасці з ідэямі нацыянальнага адраджэння і дала ім новы імпульс развіцця, паспрабаваўшы ажыццявіць іх на практыцы ў новых умовах фарміравання капіталістычных адносін. Пры адсутнасці ў беларусаў сваёй дзяржаўнасці, самастойных формаў палітычнага і эканамічнага жыцця барацьба дэмакратычнай інтэлігенцыі за нацыянальна-культурнае адраджэнне стала найбольш важным аб'яднаўчым фактарам, садзейнічала захаванню этнічнай самабытнасці беларускага народа, вяла да абуджэння яго палітычнай самасвядомасці. Таму эусім натуральна, што ў канкрэтных гістарычных умовах на грунце культурна-асветніцкіх суполак нараджаецца першая палітычная партыя нацыянальна-дэмакратычнай арыентацыі – Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Яе зараджэнне адбывалася адначасова са стварэннем Польскай партыі сацыялістычнай, РСДРП і Бунда [1, с. 80].

Такім чынам, зараджэнне масавых грамадска-палітычных рухаў і ўзнікненне першых палітычных партый былі звязаны з развіццём капіталістычных адносін у грамадстве, змяненнем яго сацыяльнай структуры, узнікненнем новых класаў, новым узроўнем самасвядомасці насельніцтва.

 

 

По материалам: Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) /ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

 

Яндекс.Метрика