Студенческая наука

 

А. М. Весялуха

Пратэстанскія абшчыны на Гродзеншчыне ў   XVI - XVII ст.

 У артыкуле ракрываецца дзейнасць пратэстанцкіх абшчын на Гродзеншчыне, вызначаюцца асноўныя яе накірункі і тлумачацца магчымасці яе ўплыву на фарміраванне культуры беларускага народа.

У першай палове XVI ст. у большасці краін Заходняй Еўропы пачалася Рэфармацыя – шырокі сацыяльна-палітычны і ідэалагічны рух, накіраваны супраць рымска-каталіцкай царквы. Рэфармацыйныя ідэі ў ВКЛ пранікаюць у другой чвэрці XVI ст. праз суседнія краіны – Прускае княства і Польшчу. У ВКЛ Рэфармацыя праявілася галоўным чынам у формах кальвінізма і арыянства.

Пратэстанцкія абшчыны размяшчаліся ў заходніх і цэнтральных паветах ВКЛ, дзе існавалі пад патранатам фундатараў, якія ахвяравалі сродкі на ўзвядзенне зборавых будынкаў, зямельныя надзелы, школы, шпіталі (прытулкі для “ўбогіх”). Адносна разнародны этнарэлігійны склад насельніцтва гэтага рэгіёна ў параўнанні з усходняй часткай, дзе пераважала праваслаўнае насельніцтва, абумовіў большую распаўсюджанасць тут рэфармацыйных ідэй [2, с. 504].

Першая кальвінская абшчына на Гродзеншчыне з’явілася ў 1555 г., калі пратэстант Геранім Хадкевіч пераабсталяваў касцёл у Гнезне ў кальвінскі збор [6, с. 468].

У 1585 г. Мікалаем Пацам (былым кіеўскім біскупам, які прыняў евангельскую веру) быў заснаваны кальвінскі збор у Новагародку. Аднак пісьмовыя крыніцы не пацвярджаюць гэтага меркавання. Першыя вядомыя актавыя звесткі аб зборы ў Новагародку адносяцца да 1588 г. – гэта фундушавы запіс Барбары Сноўскай, удавы віцебскага кашталяна Малхера Сноўскага [7, с. 138].

Кальвінская абшчына і храм  існавалі ў Смаргоні. Звесткі аб датах фундацыі і пабудовы апошняга надзвычай супярэчлівыя. Паводле адных, ён пабудаваны ў 1503 ці ў 1505 г. на сродкі Юрага Валовіча як касцёл, а ў 1553 г. перароблены пад кальвінскі збор яго ўнукам  Юрыем Зяновічам; паводле іншых – узведзены ў канцы XVI ст. як кальвінскі збор берасцейскім ваяводам Хрыстафорам Зяновічам. Але апошнія даследаванні беларускіх рэстаўратараў паказалі, што культавы будынак, які збярогся да нашых дзён, быў узведзены ў 1606 - 1612 гг. Мікалаем Багуславам Зяновічам як кальвінскі збор [1, с. 45-46].

Кожная абшчына павінна была мець абавязковы кнігазбор, які ўключаў кальвінскія кнігі: Берасцейскую Біблію 1563 года, “Новы Тастамент”, “Катэхізіс” Паўла Гілоўскага, творы Рыгора з Жарнаўца і Крыштафа Краіньскага. У 1617 г. Віленскі сінод даручыў суперінтэндантам інспектаваць бібліятэкі міністраў (пратэстанцкіх святароў), каб святары, якія не ведалі латыні, не карысталіся кнігамі каталіцкімі і арыянскімі. Зборавыя бібліятэкі фармаваліся ў асноўным за кошт падараванняў пратэстанцкай шляхты.

Пры Смаргонскім зборы бібліятэка была ўласнасцю Зяновіча. Пісьменнік і перакладчык Ян Казаковіч у прысвечаным  Зяновічу выданні “Гісторыі Іудзейскай вайны” Іосіфа Флавія (Вільня, 1595) пісаў, што бібліятэка мела шмат каштоўных кніг, большая частка якіх была тэалагічнага зместу.

У інвентары Асташынскага збору 1668 г. адзначаецца, што ў бібліятэчным пакоі з двума вокнамі знаходзілася вялікая шафа на шэсць паліц з “некаторымі кнігамі”, але без каталогу [4, с. 23-24].

На працягу 1560-1565 гг. адбываецца выдзяленне з кальвінскага лагера  больш радыкальнага накірунку, які ўвайшоў у гісторыю беларускай Рэфармацыі пад назвай антытрынітарызму або арыянства [9, с. 60]. Найбольш вядомымі арыянскімі цэнтрамі ў Беларусі былі Іўе, Лоск, Новагародак, Клецк [9, с. 77-80]. Уладальнікам гэтых мясцін быў Ян Кішка [10, с. 3],  які распаўсюдзіў арыянства на гэтай тэрыторыі.

Нягледзячы на прагрэсіўнасць поглядаў арыян, сярод іх не было адзінства. У залежнасці ад сацыяльнай накіраванасці яго прыхільнікаў вызначыліся два крылы: левае – плебейска-сялянскае і правае – шляхецка-бюргерскае. Супярэчнасці паміж імі асабліва востра праяўляліся на сінодах (з’ездах) беларуска-літоўскіх і польскіх антытрынітарыяў. Адзін з такіх сінодаў адбыўся ў Іўі ў студзені ў 1568 г. На ім прысутнічалі вядомыя дзеячы беларускай Рэфармацыі – Сымон Будны, Павел з Візны, Якуб з Калінаўкі.

На сінодзе разгарэлася дыскусія па сацыяльных праблемах: аб валоданні зямлёй, адносінах да эксплуатацыі сялян, займанні дзяржаўных пасад, удзеле ў войнах і інш. Разыходжанні ў меркаваннях паміж удзельнікамі дыскусіі не перашкодзілі прыняць важныя рашэнні аб роўнасці народаў перад Богам незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці, праца была абвешчана абавязковай для ўсіх грамадзян, жанчыны прызнаваліся раўнапраўнымі членамі грамадсва [5, с. 37-38]. Гэтыя рашэнні сведчылі аб высокім узроўні грамадскай свядомасці ўдзельнікаў сінода.

Іўе ў другой палове XVI ст. стала цэнтрам грамадска-палітычнага і рэлігійнага руху, асяродкам адукацыі на Гродзеншчыне. Тут у 1585 г. была заснавана арыянская школа, якая ўвайшла ў гісторыю асветы Беларусі пад назвай Іўеўскай акадэміі. У адрозненне ад  іншых арыянскіх трохкласных школ яна была пяцікласнай, і вучыліся дзеці не толькі з арыянскіх, але з каталіцкіх і праваслаўных сем’яў.

У Іўеўскай акадэміі (у адрозненне ад езуіцкіх школ) вучылі чытаць, пісаць, лічыць і закону Божаму з пачатковага класа, гэта значыць пятага. Вялікая ўвага надавалася вывучэнню разнастайных моў (беларускай, польскай, лацінскай, грэчаскай і нават старажытнаяўрэйскай). Вучні атрымлівалі грунтоўныя веды па фізіцы і медыцыне, старажытнай філасофіі, грамадзянскаму праву і гісторыі, а таксама па логіцы, паэзіі, этыцы, рыторыцы, матэматыцы і музыцы  [11, с. 3].

Вядомы беларускі гуманіст Лаўрэнцій Крышкоўскі, блізкі чалавек Яну Кішку, рэкамендаваў на пасаду рэктара Іўеўскай акадэміі выпускніка Кракаўскага універсітэта Яна Ліцынія Намыслоўскага [11, с. 3].

У Іўі з-пад пяра Намыслоўскага выйшаў трактат “Сентэнцыі, неабходныя ў грамадскім жыцці” , які быў надрукаваны ў тыпаграфіі арыян у Лоску ў 1589 г. Сачыненне ўтрымлівала 225 сентэнцый-павучанняў маральна-этычнага характару ў духу ідэй Адраджэння.

Актыўная навуковая дзейнасць Намыслоўскага была непадзельнай з яго педагагічнай працай. Намыслоўскі распрацаваў праграму сярэдняй адукацыі, методыку выкладання такіх прадметаў, як філасофія, гісторыя, фізіка, матэматыка, тэорыя музыкі, рыторыка, медыцына і замежныя мовы [12, с. 65-66].

У 1593 г. пасля смерці Яна Кішкі Ян Ліцыній Намыслоўскі пераехаў ў Новагародак [12, с. 67]. Іўеўская акдэмія, страціўшы свайго таленавітага кіраўніка, знікае са старонак гісторыі.

У першай палове XVII ст. мястэчка Любча становіцца важным асветніцкім і літаратурна-выдавецкім цэнтрам. Тут у мясцовай друкарні выйшла больш за 100 выданняў на польскай і лацінскай мовах: “Гісторыя Іудзейскай вайны” І. Флавія (1617), першае выданне Мацея Стрыйкоўскага на Беларусі – “Генеалогія, або Кароткае апісанне гістарычных дзеяў вялікіх князёў літоўскіх” (1626); творы па медыцыне, паэтычныя зборнікі, рэфармацыйна-рэлігійная літаратура. Яркай старонкай дзейнасці друкарні было выданне “Апафегматаў” Беняша Буднага – зборніка маральных сентэнцый антычных філосафаў з каментарыямі самога Б. Буднага (1614). Найбольш выразна асветніцкія і гуманістычныя тэндэнцыі  ў дзейнасці выдавецкага цэнтра праявіліся, калі друкаром быў Пётр Бластус Кміта. У час войнаў сярэдзіны XVII ст. друкарня была разбурана разам з мястэчкам [7, с. 142].

У  выніку наступу Контррэфармацыі арыянскія абшчыны ў Новагародку і Любчы ў 1617 г. былі ліквідаваны. Аднак абшчына антытрынітарыяў нейкі час існавала непадалёк ад Новагародка ў маёнтку вучня Яна Ліцынія Намыслоўскага шляхціца Рафала Коса [9, с. 52].

Рэфармацыйны рух на Беларусі і Літве быў прагрэсіўнай з’явай, які спрыяў развіццю грамадскай, педагагічнай думкі, эвалюцыі духоўнай культуры. Разам з тым яна паскорыла культурную паланізацыю значных слаёў шляхты: амаль усе вядомыя рэфармацыйныя старадрукі выйшлі на польскай і часткова лацінскай мове.

Появится студенческой статье стало возможным благодаря:

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

 

Яндекс.Метрика