Студенческая наука

 

М.А. Пятраускас

Трансфармацыя рэлігійнага светапогляду беларускага грамадства XVI ст. у сучаснай беларускай гістарыяграфіі

Изменения в религиозном сознании жителей Великого княжества Литовского находят у белорусских историков разное объяснение. Конфессиональная трансформация в XVI в. проходила в общеевропейском контексте эпохи Ренессанса. Особенностью на белорусских землях была связь реформационных идей со светским рационалистическим началом и гуманистической культурой. Дискуссию в научных кругах вызывает вопрос о путях и перспективах возникновения национальной церкви в ВКЛ. Геополитические факторы ставили перед белорусским обществом необходимость религиозно-культурной самоидентификации.

Новыя з’явы ў рэлігійным светапоглядзе грамадства Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. зараджаліся пад уплывам шматлікіх унутраных і знешніх чыннікаў. Становішча ВКЛ на цывілізацыйным сумежжы праваслаўна–візантыйскага, каталіцка–раманскага і пратэстанцка–германскага культурных арэалаў [1] робіць актуальным даследаванне міжканфесійных узаемаадносін у гэтай краіне. Нацыянальна–рэлігійны дуалізм, які быў уласцівы княству з моманту яго ўтварэння [2, с. 333], абумовіў складванне унікальнай для тых часоў прававой сістэмы, накіраванай на захаванне пэўнага парытэту розных канфесій. Мадэль аднавернай (з дзяржаўнай праваслаўнай царквой) славянскай дзяржавы  ВКЛ страціла магчымасці рэалізацыі яшчэ ў XIV ст. [2, с. 333]. Аднак існаванне дзвюх канкурэнтных галін хрысціянства не стала прычынай міжканфесійных раздораў, наадварот, менавіта на землях княства зараджаюцца праекты аб’яднання хрысцянскай царквы. Існуе погляд, што імкненне да царкоўнай уніі ў XV ст. было своеасаблівым прыстасаваннем часткі духоўных і свецкіх колаў да ўнутранай і знешняй палітыкі вярхоўнай улады [3, с. 491].

“Залаты век беларускага Адраджэння”, “залаты век рэлігійнага плюралізму”, “залаты век беларускай культуры” – такія азначэнні атрымала ў айчыннай гістарыяграфіі XVI стагоддзе, час канфесійнай трансфармацыі грамадства. Упершыню гэта стагоддзе назваў “залатым” знакаміты храніст, беларускі шляхціц Фёдар Еўлашэўскі: “У той час рознасць у веры не чыніла рознасці ў міласці прыяцельскай, таму той век здаецца мне залатым” [4]. У сучаснай беларускай гістарыяграфіі можна вылучыць дзве галоўныя тэндэнцыі ў вывучэнні канфесійнай гісторыі XVI ст. Першая з іх грунтуецца на рэканструкцыі гэтага стагоддзя як часу рэлігійнай талерантнасці, росквіту культуры, адукацыі, прававой думкі. Трансфармацыя рэлігійна-палітычных узаемаадносін у беларускім грамадстве прадстаўляецца як культурны працэс у агульнаеўрапейскім кантэксце. Пры другім падыходзе, які шмат у чым паўтарае пастулаты дарэвалюцыйнай расійскай, а потым савецкай гістарыяграфіі, перыяд XVI – пачатку XVII стст. характарызуецца як час “вайны пер’яў”, бясконцага супрацьстаяння на канфесійнай глебе, выкліканага, у першую чаргу, палітыкай вярхоўнай улады ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Ад падобнага рэзкага супрацьпастаўлення ўлады і грамадства, з чаго б вынікаў гвалтоўны характар канфесійнай трансфармацыі, сучасная беларуская гістарыяграфія паступова адмаўляецца.

Верацярпімасць. З другой паловы XV і да сярэдзіны XVI ст. большасць гісторыкаў не вылучае пераломных момантаў у гісторыі праваслаўнай царквы: яе матэрыяльнае становішча далёка не ў першую чаргу залежала ад вярхоўнай улады. Таму палітычная барацьба вакол законапраектаў на карысць каталіцкай царквы (пачынаючы з часоў Ягайлы) не перакрэсліла традыцыю верацярпімасці на землях княства. Рэлігійная талерантнасць беларускага грамадства мае глыбокія гістарычныя карані. На працягу стагоддзяў гэта з’ява эвалюцыянавала не проста як вынік развіцця на цывілізацыйным сумежжы, але як гістарычна і сацыяльна ўкаранёныя ў свядомасці шматлікіх пакаленняў структуры менталітэту. У XVI ст., калі многія іншыя еўрапейскія краіны танулі ў віхуры рэлігійных войн, трансфармацыя міжканфесійных узаемаадносін у ВКЛ адбывалася, галоўным чынам, мірнымі шляхамі. Беларускі гісторык А.Мальдзіс зазначыў, што “ў нас усе святыні маглі стаяць на адной плошчы, і не было ніякага супрацьстаяння. Яно пачалося толькі ў XVII ст., пад уплывам розных палітычных памкненняў, але ўсё ж Варфаламееўскіх ночаў не было[1].

Рэфармацыя. Роля пратэстантызму ў развіцці беларускага грамадства –  таксама прадмет цікавасці беларускіх навукоўцаў. З’яўленне пратэстантызму як новай палітычнай і духоўнай сілы дапоўніла і “ўскладніла манапольную дзвюхканфесійную царкоўна–хрысціянскую супольнасць” [3, с. 496]. На пытанне, чаму пратэстантызм хутка стаў “трэцяй” рэлігіяй беларускага грамадства, існуюць розныя адказы. На думку адніх гісторыкаў (і гэта даволі абстрактная версія), рэфармацыйныя працэсы на беларускіх землях былі занадта цесна звязаны з польскай Рэфармацыяй [5].

Іншы падыход бачыць у пратэстантызме форму барацьбы ліцвінскіх эліт за палітычны суверэнітэт ВКЛ і процідзеяння працэсам фарміравання Рэчы Паспалітай. Незалежная ад вярхоўнай улады пратэстанцкая царква адпавядала гэтым мэтам [6, с. 58]. У такім рэчышчы новая царква можа разглядацца як магчымы, але не рэалізаваны варыянт нацыянальнай беларускай царквы. Папулярнасць рэфармацыйных ідэй не толькі сярод магнатаў, але і сярод шырокіх гарадскіх слаёў, талерантная палітыка вярхоўнай улады (пакаранне у часы караля Баторыя ініцыятараў спалення кніг пратэстанцкай друкарні ў Вільні [3, с. 524]) дазваляюць гаварыць пра Рэфармацыю ў ВКЛ як з’яву агульнаеўрапейскага кантэксту, але не як  вынік “польскага ўплыву”.

Пэўная самабытнасць рэфармацыйнай плыні на землях ВКЛ відавочна пры вывучэнні т. зв. нефармальнага хрысціянства. “Калі мы хочам разгледзець гісторыю Рэфармацыі ў Беларусі ці нават больш шырока — гісторыю хрысціянства ў Беларусі, нам давядзецца мець справу з падзеямі і асобамі, якія не называліся ні пратэстантамі, ні рэфарматамі. Давядзецца працаваць з фактамі свецкай гісторыі, якія не могуць быць зразумелыя па-за рамкамі Рэфармацыі..” [7]. З такой думкай нельга не пагадзіцца, прыгадаўшы спрэчкі пра канфесійную прыналежнасць Ф. Скарыны або выданне Бібліі на старабеларускай рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы (па сутнасці, гэта з’ява Рэфармацыі, але яна мела месца яшчэ да абвяшчэння лютэраўскіх тэзісаў).

Рэфармацыя і Гуманізм. Рэнесансава–рэфарматарскія вытокі дзейнасці Ф. Скарыны, М. Гусоўскага і іншых прадстаўнікоў беларускага Адраджэння зараджаліся да “афіцыйнага” з’яўлення пратэстантанцкай царквы. На пачатку XVI ст. існавалі толькі два пераклады Бібліі на сучасныя славянскія мовы — чэшская і беларуская. Свабоднае вывучэнне Бібліі (на роднай мове) адпавядала прынцыпу духоўнай свабоды, а гэта, у сваю чаргу, “стварыла” чалавека з новым, адрозным ад сярэднявечнага, мысленнем. І гэты працэс адбыўся на беларускіх землях амаль “без спазненняў” у параўнанні з аналагічнымі працэсамі ў Заходняй Еўропе. Беларускія гісторыкі звяртаюць увагу на непасрэдную сувязь Рэфармацыі ў ВКЛ з плынямі рэнесансава–гуманістычнай культуры. У адрозненні ад краін Заходняй Еўропы, у грамадстве ВКЛ ідэі Адраджэння і пратэстанцкі рух адкрыта і рэзка не супрацьстаялі адно другому [6, с. 55]. Пратэстанцкая этыка выхоўвала асобу гуманістычнай эпохі, арыентавала не на рэлігійна абстрактныя праблемы, а на рэальныя справы: сям’ю, працу, самаўдасканаленне і інш. [8, с. 13]. А “сугучнасць” гуманістычных і рэфармацыйных ідэй дазваляюць некаторым даследчыкам сцвярджаць, што “практычна ўсе выдатныя дзеячы Беларусі XVI ст. або непасрэдна з’яўляліся вернікамі пратэстанцкіх цэркваў, або знаходзіліся пад моцным уплывам рэфармацыйнай думкі” [9, с. 25]. У той жа час асветніцкая дзейнасць праваслаўных брацтваў і каталіцкіх ордэнаў не дазваляюць ахаратарызаваць беларускае Адраджэнне як выключна з’яву пратэстанцкай эпохі.

Беларускія гісторыкі закранулі таксама праблему захавання духоўнай ідэнтычнасці грамадства ў новых геапалітычных умовах XVI ст. [10, с. 22; 11, с. 84].

Такім чынам, трансфармацыя рэлігійнага светапогляду ў XVI ст. разглядаецца сучаснымі беларускімі даследчыкамі ў кантэксце рэнесансавай эпохі, гуманізацыі грамадства. Добра распрацваная факталагічная база дазваляе гісторыкам рабіць розныя акцэнты ў асвятленні прынцыповых пытанняў. На сённяшні дзень айчынная гістарыяграфія пазбягае ідэалізацыі ў характарыстыцы “залатога веку”.

  

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

 

Яндекс.Метрика