Студенческая наука

 

 І.З. Мілінкевіч

Грыгарыянскі каляндар на Беларусі

В статье в обобщенном виде представлена история григорианского календаря на белорусских землях, коллизии, связанные с его введением в конце XVI в., а также специфика его использования в исторических источниках.

Эвалюцыя сістэмы летазлічэння на працягу стагоддзяў прывяла да ўзнікнення грыгарыянскага каляндара, які сёння ўжываецца большасцю краін свету. Грыгарыянскі каляндар на тэрыторыі Беларусі прайшоў складаны шлях. Гэта прывяло да падваення афіцыйных свят: два Раства Хрыстова, дзве Пасхі; і нават да стварэння такой з’явы як Стары Новы год. Нягледзячы на актуальнасць тэмы, якая закранае многія аспекты жыцця насельніцтва РБ, каляндарная праблема з’яўляецца невывучанай на сённяшні дзень. Працы па гістарычнай храналогіі, якія сёння выкарыстоўваюцца ў якасці навучальных дапаможнікаў у ВНУ Беларусі, або зусім не ўтрымліваюць матэрыялаў па летазлічэнню ў ВКЛ, або даюць недакладную ці нават неслушную інфармацыю. Найбольш цікавым і карысным для аўтара з’яўляецца артыкул С.В.Марозавай «Каляндарная праблема ў беларускім уніяцтве»[5]. Гэтая праца цалкам прысвечана прыняццю грыгарыянскага каляндара на тэрыторыі Беларусі. Але праблема перахода з старога на новы каляндар разглядаецца С.В.Марозавай, найперш, з пункту гледжання уніяцкіх традыцый, паколькі выбар календара ляжаў у аснове упарадкавання рэлігійнай практыкі уніятаў.

Юльянскі каляндар нарадзіўся ў Старажытным Рыме ў 46 г. да н. э. дзякуючы рэформе Гая Юлія Цэзара. «Просты і зручны ў сваёй аснове, сазігенаўска-юліанскі механізм адліку меў недакладнасць – працягласць каляндарнага года была на 11 мінут 14 секунд больш астранамічнага, таму кожныя 128 гадоў назапашвалася памылка на адныя суткі, якая да сярэдзіны XVI ст. вырасла да дзевяці сутак і павярнулася несупадзеннем сапраўднага вясновага раўнадзенства (поўні) з каляндарным.»[19, с.135] Недакладнасць у «старым» каляндары стварыла блытаніцу не толькі ў вялікодных разліках, але і гаспадарчым жыцці насельніцтва. На гэта ўжо ў XIV ст. звярнулі ўвагу заходнееўрапейскія і візантыйскія вучоныя, але рэформа календара стала магчымай толькі ў час Рэнесансу, калі пачуццё годнасці чалавека і росквіт навукі дазволілі закрануць асвечаны царквой парадак летазлічэння. Вырашэнне каляндарнай праблемы ўзяў на сябе папа Грыгорый ХІІІ, заклікаўшы ў 1578 г. лепшых вучоных і некаторыя універсітэтэты распрацаваць «паправу» існуючай сістэмы адліку часу. Спецыяльна створаная камісія ўхваліла прапановы італьянца Луіджы Ліліа. Паводле рэформы з каляндара былі «выкінуты» 10 сутак: пасля чацвярга 4 кастрычніка 1582 года прадпісвалася лічыць пятніцай не 5, а адразу 15 кастрычніка. Каб пазбегнуць адставання, Луіджы Ліліа прапанаваў лічыць высакоснымі не ўсе векавыя гады, як гэта было ў юльянскім календары, а толькі тыя, колькасць соцен у якіх кратна чатыром. Новы каляндар пачаў называцца грыгарыянскім у гонар ініцыятара рэформы папы Грыгорыя ХІІІ [3, с.99]. Грыгарыянскі каляндар з’яўляецца больш дакладным, чым юліянскі: розніца ў адны суткі ўзнікае тут толькі за 3300 гадоў. Рэформа календара грунтавалася не на культавых меркаваннях, але на навуковых разліках, але новы каляндар зыходзіў з каталіцкага асяроддзя, і гэта зрабіла яго непажаданым на пратэстанцкіх і праваслаўных землях. Адной з афіцыйных прычын адмовы праваслаўных хрысціян прыняць грыгарыянскі каляндар абвяшчалася тое, што ў новым каляндары даволі часта хрысціянская Пасха супадае з яўрэйскай і адбываецца часам нават раней за яе, што як бы было забаронена “Апостальскімі правіламі”. Але  праваслаўная царква парушае тыя ж пастановы, пяць разоў ў 19-гадавым цыкле святкуючы Пасху не пасля першай вясенняй поўні, а пасля другой [4 с.306].

Граматай Стэфана Баторыя ў 1583г. грыгарыянскі каляндар уводзіўся на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Прыняты ў каталіцкім асяроддзі, ён сустрэў рэзкі адпор праваслаўнага духавенства і насельніцтва, якія балюча паставіліся да спробы ламання традыцый. У 1580-1590-я гады новаўвядзенне выклікала сур’ёзныя «каляндарныя» канфлікты ў Полацку, Вільні, Львове. Вось як характарызуе абстаноўку на ўсходзе Беларусі Баркулабаўскі летапіс: «Року 1583 календар новы выдан… На тот же час было великое замешание промеж панами и промеж людьми духовными, также и людьми простыми было плачу великого, нарекания сильного, похвалки, посварки, забуйство, грабежы, заклинания, видячы яко новыя свята установляли, празники отменяли, купцом торги албо ярмарки поотменяли, праве было начало пристья антихристова, у таком великом замешанью»[2, 299]. Першыя сутыкненні праваслаўнага і каталіцкага насельніцтва ВКЛ з прычыны прыняцця новага каляндара былі ініцыяваны вышэйшымі праваслаўнымі іерархамі. Так, ад Канстанцінопальскага патрыярха Іерэмеі ІІ праваслаўнаму духавенству Руска-Літоўскаму і Армянскаму была даслана грамата, якая ўтрымлівала адказ на іх пісьмо аб ужыванні новага каляндара “с подтверждением не держаться нововведенного календаря, но праздновать дни св.Пасхи и другие праздники по указанию Пасхалии, установленной на первом Вселенском Никейском Соборе” [1, с.278]. Гэта з’яўлялася своеасаблівым штуршком да “каляндарных” канфліктаў, якія разгарнуліся ў першыя дзесяцігоддзі пасля ўвядзення новага каляндара. Магчыма, калі б не ўпартае супраціўленне праваслаўных “вярхоў” новаму каляндару, прыняцце новага летазлічэння было б менш “балючым” для вернікаў. Канфлікты, якія разгарнуліся пасля ўвядзення новага каляндара, вымусілі Стэфана Баторыя дазволіць праваслаўным жыхарам карыстацца старым каляндаром ў святкаванні святаў і забараніць прымушаць іх карыстацца грыгарыянскім каляндаром, каб “покой і згода” паміж рознымі верамі былі, паясняючы, што ўвядзенне новага каляндара было “ для порядку справ Речи Посполитой”[1, с.280].

Негледзячы на дазвол Стэфана Баторыя, і пасля яго “каляндарныя” канфлікты  на тэрыторыі ВКЛ працягваліся. Так, у 1584 г. правасласлаўнае духавенства з Львова скардзілася аб нападзенніі каталіцкага святарства і узброенай шляхты начале з львоўскім арцыбіскупам Янам-Дзімітрыем Салікоўскі на тамашнія праваслаўныя манастыры і цэрквы у ноч перад Раством Хрыстовым “Во второк, у вилию, Божьего Нароженья, водле обходов религии Греческой, водле календаря старого 24 декабря, а водле нового календаря дня 3 енваря”.[1, с.289] “Моцаю і гвалтам” былі выгнаны з алтароў праваслаўныя святары, вернікі разагнаны, а цэрквы і манастыры зачынены і апячатаны.  Скаргі духавенства і вернікаў былі даведзены да метрапаліта Кіеўскага, Галіцкага і Усяя Русі Анісіфера Дзевачкі. Гэта вымусіла мітрапаліта звярнуцца да Стэфана Баторыя  з прозьбай аб абароне праваслаўных вернікаў ад уціскаў ”католиков, еизуитов и жидов”. Кароль зноў, ужо чацьвёртай па ліку граматай, заклікаў каталікоў не перашкаджаць праваслаўным жыхарам святкаваць святы па старому каляндару “абы во всем покой в том месте нашом захован был”. [1, с.315]

Адсутнасць адзінага календара выклікала блытаніцу ў летазліку ўжо ў XVI cт. Усе афіцыйныя дакументы датуюцца па грыгарыянскім каляндары, нават у інструкцыі паслам Рэчы Паспалітай да Маскоўскага цара Івана IV з павядамленнем аб смерці Стэфана Баторыя акцэнтуецца, што дата скону пазначана “водле новопоправленого календаря” [6, с. 14]. Але ў неафіцыйных дакументах праваслаўнага паходжання ўжываецца юльянскі каляндар, больш звыклы для летапісцаў. Адным з яскравых прыкладаў гэтага з’яўляецца Баркулабаўскі летапіс.  Аўтар, праваслаўны святар, карыстаўся юльянскім календаром і толькі адзін раз ужыў грыгарыянскую дату: “Был сенод у Берестю року 1593 месяце октоврия 16. Так се деяло на день зьезду зложоно октобора по старому, а 16 по новому.”[2, с.305]. Далей апавядаючы пра Сінод, летапісец датуе падзеі зноў па юліянскаму летазліку. Хутчэй за ўсё, аўтар, атрымаўшы звесткі пра Сінод з афіцыйнай грыгарыянскай датай, яе і паставіў у пачатку дакумента, а далей датаваў падзеі па звыкламу для яго каляндару.

Змены ў летазліку назіраліся ў час вайны сярэдзіны XVII ст.. З  прыходам маскоўскіх войскаў вяртаўся і юліянскі каляндар. У XVIII ст. пры падзелах РП, тая частка, якая адыходзіла да Расіі, перайшла на юліьянскі каляндар, а тая, што далучана была да Прусіі, засталася на грыгарыянскім летазліку. З прыходам на нашы землі войск Напалеона ў пачатку ХІХ ст., на акупаванай імі тэрыторыі карысталіся грыгарыянскім календаром. Але з паступовым адыходам напалеонаўскіх войск і наступленнем рускіх зноў вяртаўся стары каляндар. Акупацыя ў 1915 г. значнай часткі Беларусі германскімі войскамі ў час Першай Сусветнай вайны, прывяла да змены каляндара ў гэтых раёнах. Тут ён больш не мяняўся. Канчаткова на беларускіх землях грыгарыянскі каляндар ўсталяваўся з 24 студзеня 1918 г. згодна з Дэкрэтам савецкай ўлады «Аб увядзенні ў Расійскай рэспубліцы заходне-еўрапейскага календара».

Такім чынам, на тэрыторыі Беларусі з 1582 г. «каляндарнае» пытанне было актуальным у кожным стагоддзі. Ужыванне розных календароў выклікае праблемы пры датаванні дакументаў, удакладненні і акрэсленні дат падзей. Даследчыку-гісторыку належыць улічваць не толькі перыяд узнікнення крыніцы, але таксама месца яго стварэння, аўтарства, прызначэнне і іншыя акалічнасці, каб быць упэўненым у дакладнасці ўжыванай даты. Гісторыя грыгарыянскага календара на нашых землях патрабуе далейшага дэтальнага вывучэння.

 

 

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

 

Яндекс.Метрика