Студенческая наука

 

Ю. Л. Блажэвіч

Летапісы ВКЛ як этап гістарыяграфіі гісторыі Беларусі

 

У артыкуле разгледжана пытанне летапісання ВКЛ як своеасаблівага этапа гістарыяграфіі гісторыі Беларусі. Паказана залежнасць адлюстравання падзей у летапісных творах ад грамадска-палітычных і культурна-рэлігійных тэндэнцый у гісторыі ВКЛ. Адзначаны характэрныя рысы кожнага з этапаў беларуска-літоўскага летапісання.

 

Даследаванне працэса ўзнікнення і станаўлення беларуска-літоўскіх летапісаў XV XVI стст. дазваляе выявіць своеасаблівасць сярэдневяковай гістарыяграфіі Беларусі.  Агульнадзяржаўнае летапісанне ВКЛ адрозніваецца, напрыклад, ад рускага тым, што яно не мела сістэматычнага характару, бо стваралася не шляхам паступовага накаплення пагадовых запісаў, а паэтапна. Спачатку ствараліся асобныя гістарычныя аповесці-хронікі. Потым яны злучаліся ў летапісныя зводы. Гэтыя помнікі на пэўных этапах дапаўняліся новымі творамі і давалі пачатак наступным, больш поўным зводам [1].

Усе тры летапісныя зводы – Летапіс 1446 года, “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага” і “Хроніка Быхаўца” – агульнадзяржаўныя і беларуска-літоўскія паводле свайго зместу. Яны адрозніваюцца паміж сабой не толькі канкрэтнымі ідэйна-палітычнымі задачамі свайго часу, якія стаялі перад іх складальнікамі, але і тым, дзе і ў якім асяроддзі гэтыя помнікі ствараліся [5].

Першы летапісны звод узнік у перыяд найбольшай магутнасці ВКЛ, у часы князя Вітаўта, цэнтралізатарская палітыка якога ва ўсходнеславянскім рэгіёне вызначала галоўныя гістарычныя тэндэнцыі таго часу – пераадольванне феадальнай раздробленнасці і фарміраванне беларускай і літоўскай народнасцей. У сувязі з планамі Вітаўта стаць каралём ВКЛ, хутчэй за ўсё, і звязана ўзнікненне  ў Смаленску ў асяроддзі праваслаўнага духавенства Летапіса 1446 года. Ён адкрываецца кароткай гісторыяй Кіеўскай і Маскоўскай Русі, запазычанай з рускіх летапісаў, а завяршаецца “Летапісцам вялікіх князёў літоўскіх” – арыгінальнай аповесцю пра гісторыю ВКЛ ад Гедыміна да смерці Вітаўта [1].

Галоўным героем першага летапіснага зводу з’яўляецца Вітаўт. Яму прысвячаецца спецыяльная “Пахвала вялікаму князю Вітаўту” (каля 1430 г.), у якой сцісла, але ёмка, адлюстравана гістарыяграфічная канцэпцыя зводу. У “Пахвале”, як і ў Летапісе 1446 г., падкрэсліваецца, што ВКЛ – галоўны цэнтр аб’яднання ўсіх літоўскіх і ўсходнеславянскіх земляў. Відавочна, што першы звод ствараўся як гістарычнае і ідэалагічнае абгрунтаванне ўнутранай і знешняй палітыкі Вітаўта [4].

Летапіс 1446 года пісаўся як працяг гісторыі Кіеўскай Русі і ў сувязі з падзеямі гісторыі Маскоўскай Русі. Але ў сувязі са зменамі ў культурна-гістарычнай сітуацыі напачатку XVI ст. першы звод перастаў задавальняць грамадскасць ВКЛ, асабліва патрыятычна настроеную літоўскую арыстакратыю. Яна была зацікаўлена ў тым, каб як мага больш выгодна паказаць мінулае сваёй радзімы, а разам з тым абгрунтаваць свае правы на кіруючае становішча ў дзяржаве. Таму менавіта ў асяроддзі літоўскай арыстакратыі, прыкладна ў 20-я гг.  XV ст. ўзнік другі агульнадзяржаўны звод беларуска-літоўскіх летапісаў. Месца яго ўзнікнення дакладна невядома, але М. Улашчык лічыць, што, магчыма, Наваградак з’яўляецца месцам паходжання асноўнай часткі [6].

Пачатак XVІ ст. азнаменаваўся пранікненнем на землі Беларусі ідэй Адраджэння, у першую чаргу ў філасофскую і грамадска-палітычную думку. Згодна з перыядызацыяй Рэнесанса ў Беларусі, пададзенай С. Падокшыным, другі летапісны звод, ядром якога з’яўляецца “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”,  узнік на першым этапе: пачатак XVI ст. – 50-60-я гг. XVI ст. Ён характэрызуецца ўсведамленнем неабходнасці рэлігійна-царкоўнага, сацыяльна-палітычнага, маральна-духоўнага змянення грамадства. Гэта перыяд станаўлення, пранікнення ў індывідуальную і грамадскую свядомасць ідэі ўсеагульнага рэфармавання, ператварэнне яе ў стымул для сацыяльна-практычнай і светапогляднай дзейнасці прагрэсіўных сіл грамадства [3].

Таму пад непасрэдным уплывам гэтых ідэй летапісанне ў другім зводзе набывае новыя рысы. Адной з галоўных адметнасцей гэтага зводу з’яўляецца наяўнасць у ім легендарнай часткі аб паходжанні літоўскай знаці, якая прысутнічае ва ўсіх захаваўшыхся спісах: летапісе Археалагічнага таварыства, Красінскага, Рачынскага, Альшэўскім, Румянцаўскім, Еўрэінаўскім.  У легендзе выкладаецца пачатковы перыяд гісторыі Жамойціі, Літвы і Заходняй Беларусі ў асобе кіруючых дзеячоў гэтых абласцей. Згодна з легендай, родапачынальнікам мясцовых князёў, а затым і вялікіх князёў літоўскіх называецца Палямон. Ён узначаліў пяцьсот рымскіх знатных сямей, якія ўцяклі ад тыраніі Нерона і пазней абаснаваліся на тэрыторыі Літвы і Беларусі, даўшы пачатак мясцовай знаці. Узнікненне легенды аб рымскім паходжанні літоўскай арыстакратыі – гістарыяграфічны феномен, які шмат дае для разумення сацыяльна-палітычнай сітуацыі і інтэлектуальнага ўзроўню грамадства ВКЛ [4].

Гераічная, але ў аснове сваёй выдуманая гісторыя старажытнай Літвы, пададзеная ў спісах другога летапіснага зводу, мае мала агульнага з сапраўднай гісторыяй і патрабуе строга крытычнага падыходу. Хоць тут і прысутнічае рэальная гістарычная аснова, усё ж значную крыніцазнаўчую каштоўнасць мае, мабыць, толькі апісанне гісторыі часоў Гедыміна.

К сярэдзіне XVI ст. прыкметна вырасла нацыянальна-гістарычная свядомасць нашых продкаў. Папярэднія летапісы хоць і працягвалі бытаваць, але мала каго ўжо задавальнялі, асабліва Летапіс 1446 г., у якім пераважаў агульнарускі погляд на падзеі. Узнікла неабходнасць у новай гісторыі Беларусі і Літвы, якая сваім зместам і канцэпцыяй лепш адпавядала патрэбам часу. I такая гісторыя неўзабаве з'явілася ў вобразе так званай “Хронікі Быхаўца” [2].

“Хроніка Быхаўца” — тыповы летапісны звод, тэкст якога складаецца з трох асноўных частак: 1) легендарнай гісторыі Літвы ад Палямона да Гедыміна; 2) гісторыі ВКЛ ад сярэдзіны XIV да сярэдзіны XV ст., заснаванай галоўным чынам на «Летапісе вялікіх князёў літоўскіх»; 3) арыгінальнай часткі, прысвечанай апісанню падзей пераважна XV — пачатка XVI ст. Такім чынам, у “Хроніцы” аб’яднаны розныя элементы: і “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, і “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”.

Але твор не меў бы для нас такой вялікай каштоўнасці, калі б ён быў пабудавана толькі на аснове кампіляцыі ранейшых летапісных помнікаў. Амаль палавіну складае арыгінальны тэкст, створаны новым храністам, у якім выразна выяўляюцца яго сімпатыі і антыпатыі, шырока раскрываюцца яго здольнасці як гістарыёграфа. Аўтар апісаў найбольш важныя падзеі пасля 1445 года, на якім заканчваліся мясцовыя звесткі першага беларуска-літоўскага летапісу, і значна пашырыў увесь запазычаны з іншых летапісаў тэкст [7].

Некаторыя старонкі “Хронікі” надзвычай выразна выяўляюць ідэйныя пазіцыі яе аўтара, сацыяльна-палітычныя імкненні пэўных грамадскіх колаў Літвы і Беларусі сярэдзіны XVI ст. і гэтым  самым дапамагаюць сёння лепей зразумець той пераломны час. Напрыклад, у апавяданні пра каранацыйны з’езд Вітаўта храніст сцвярджае больш старажытнае і высакароднае паходжанне літоўскіх “паноў”, чым польскіх. У творы прысутнічае шмат прыкладаў, дзе выразна праявіліся антыпольскія настроі і самаго храніста, і яго асяроддзя. Гэта было вельмі важным у час падрыхтоўкі і заключэння Люблінскай уніі 1569 года [1].

“Хронiка Быхаца” — апошнi, завяршаючы этап агульнадзяржанага беларуска-лiтоўскага летапiсання. Надзвычай багатая сваiм зместам, дасканалая ў лiтаратурных адносiнах “Хронiка Быхаўца” i сёння не страціла свайго значэння як помнік гістарыяграфіi і як мастацкi твор, створаны ў эпоху Адраджэння.

   Вялікія перамены адбыліся ў гістарычным жыцці беларускага народа ў эпоху барока.  Інтарэс да агульнадзяржаўнага летапісання паступова памяншаецца. Яно саступае месца мясцовым летапісам (Баркулабаўскі летапіс, Магілёўская хроніка Сурты і Трубніцкага і інш.), якія ўзнікаюць на аснове агульнадзяржаўнага летапісання і працягваюць яго гістарыяграфічныя традыцыі [5].

 

Появится студенческой статье стало возможным благодаря:

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

 

Яндекс.Метрика