Абставіны з’яўлення татар на беларускіх землях

Абставіны з’ўлення татар на беларускіх зямлях – гэта адзін з найбольш важных і спрэчных пытанняў па гісторыі беларускіх татар, так як дакументальных крыніц захавалася няшмат. Гістарычная навука апіраецца толькі на факты, на крыніцы, якія даследаваны на дадзены момант, але неабходна яшчэ ўлічываць магчымасць больш ранняга пасялення татар на беларускай зямлі (чым гэта прынята лічыць),  паколькі прэдпасылкі для гэтага існавалі.

З’яўленне ў Беларуска - Літоўскай дзяржаве татар гісторыкі тлумачаць па - рознаму. Але, напэўна найбольш пераканаўчым з’яўляецца меркаванне прафесара А. Мухлінскага. У сваёй кнізе “Исследование о происхождении и состоянии литовских татар” ён піша: “татарскае насельніцтва ўзнікла з трох элементаў:

  1. з аселых наёмных і саюзных воінаў татарскіх орд;
  2. з улусаў, што былі прагнаны Вітаўтам і трапілі ў палон разам з татарамі;
  3. з выхадцаў, што стаміўшыся ад нязгоды ў сваёй Айчыне, самі добраахвотна перасяліліся ў Літву” [42, с. 8].

Традыцыйна пачаткам пасялення татар на беларускіх землях лічыцца 1397г. Але сустракаюцца і больш раннія сведчанні аб пранікненні татар, напрыклад, калі татары здзяйснялі набегі ў ХІІІ ст. П. Шпілеўскі ў сваім “Падарожжы па Палессю і Беларускаму краю” ўпамінае адно старажытнае летапіснае сказанне: “Самое древнее сказание о Койданове относится к 1174г. В этом сказании говорится о страшном поражении в Койданове заволжского князя (царя) Балаклая великим князем литовским Скирмунтом: “Князь велики Скирмут, собравши вси войска свои и поткал его (Балаклая) на границы своей в Койданове и  поразил таго царя и всю его мощь татарскую побил, и самого царя убил и звытяжством великим пошол на русскую землю и взял город Мозырь, Чернигов, Стародуб, Карачев” [80, с. 92].

40 - я гады ХІІІ ст. – страшны час для Русі, не толькі ўсходняя, але і паўднёва-заходняя Русь апынулася пад прыгнётам манголаў. Набегі Батыя асабліва былі памятныя: Падолія, Валынь, Галіччына страцілі свае лепшыя гарады: Камянец, Галіч, Перамышль амаль не існавалі. Але гэтым манголы не абмежаваліся, Балаклай або Балкалай разам са сваім войскам рухаўся на паўночна-заходнюю Русь і на Літву. Часам манголаў запрашалі ворагі Міндоўга – Данііл і Васілька, князі галіцкія. “Миндовг знал об этом, - піша А. Кіркор у “Живописной Росии”, - он собрал свои дружины, вызвал подвластных ему князей и с сильною ратью пошел на страшного врага. Они встретились на просторной равнине в окрестностях Лиды (в 45 верстах к северо-западу). Монголы были разбиты наголову. Место это и до сих пор называется Шейбак–поле, ибо вождем монголов был Шейбак, родственник Батыя. Это было в 1242г. Спустя 8 лет монголы еще раз захотели испытать свои силы и прошли до Минска. Миндовг с русскими князьями встретился с ними (1249г.) при реке Нетечи, вблизи Крутогорья, и здесь тоже одержали славную победу. Как в окрестностях Лиды, местность, где был побежден Шейбак, назвали Шейбак-поле, так и здесь от имени побежденного вождя монголов, Койдана, Крутогорье названо Койдановом” [28, с. 75]”. Аднак, у летапісных крыніцах няма сведчанняў пра гэтыя пераможныя бітвы нашых продкаў з ваяўнічымі качэўнікамі. Гэтыя прыданні П. Шпілеўскі і А. Кіркор падчарпнулі з фальклору, але ж і прыданні нараджаюцца на аснове знамянальных падзей.

Татарскія вернікі ніколі яшчэ не прабівалі сабе шлях так далёка на поўнач і захад, як у час паходаў Батыя, заснавальніка Залатой Арды. Паклаўшы канец палавецкай дзяржаве (1238г.), разграміўшы рускіх князёý, Батый атрымлівае перамогу над кааліцыяй еўрапейскіх дзяржаў. Але ўсё ж-такі Батый не аддаў ракавы для Беларусі загад, калі заставалася ўсяго - нічога да Турава, Пінска, Бярэсце [43, с. 52].

Аднак, у гэты час адбылося першае знаёмства залатаардынскіх войск з Літвой: сярод разбураных мангола - татарамі гарадоў упамінаюцца Слонім і Наваградак. На працягу другой паловы ХІІІ ст. войскі залатаардынскіх ханаў неаднаразова нападалі на ВКЛ. Зімою 1258г. нешматлікія войскі палкаводца Бурундая спусташалі землі Беларускага Панямоння. “Таго ж лета, - напісана ў летапісе, - взята татарове вся земля Литовская и со многим полоном и богатством идут в свояси”.

Летапісы і іншыя пісьмовыя крыніцы ўтрымліваюць звесткі аб паходах татар у Літву і заходнерускія землі ў 1275, 1277 і 1287 гг. Паміж 1280 і 1288 гг. атрады цемніка Нагая пабывалі ў Бярэсці, Навагрудку і Гародні. Неўзабаве родзічам Нагая, які загінуў у барацьбе з ханам Такта, прыйшлося шукаць прытулак у Польшчы. Аб гэтым паведамляюць арабскія гісторыкі. Рукнадзін Бейбарс у сваім летапісе піша: “ У гэтым жа (1301) годзе ўцёк Каракісек, сын Джэкі, сына Нагая. Разам з ім ўцяклі два родзічы яго – Джэракцемір і Юлукутлу. Уцёкі закінулі іх у мясцовасць недалёка ад Кракава. З імі выправілася каля 3 тысяч вернікаў, усе яны засталіся там, вандруючы па розных месцах і пракормліваючы сябе мячамі сваімі” [43, с. 52].

І. Канапацкі выказаў меркаванне, што вандроўнікі маглі прывезці татарскіх наёмнікаў і ў Літву, дзе ў тыя часы ўладарыў Віцень. Часы ўладарыння Віценя (1259 - 1316) прайшлі ў безперапынных войнах княства з польскімі і жамойцкімі феадаламі, прускімі і лівонскім крыжакамі. Сведчанняў пра тое, што вялікі князь пад час сваіх паходаў карыстаўся паслугамі татарскіх наёмнікаў, пакуль што не знойдзена, але гэта, безумоўна, не значыць, што ў яго пераважна конным войску не маглі быць татарскія коннікі [7, с. 5].

Правіцелі Вялікага княства вялі актыўную палітыку не толькі на ўсходзе і на поўдні (дзе ў саюзе з мясцовым насельніцтвам яны пашыралі межы сваёй дзяржавы), але і на поўначы і  на захадзе. Асноўным, самым небяспечным ворагам Літвы былі нямецкія рыцары, якія аселі ў Прыбалтыцы і Прусіі і пагражалі існаванню ВКЛ. Небеспека нямецкай экспансіі была відавочнай, і ў цяжкай барацьбе з Ордэнам літоўскія князі абапіраліся не толькі на патэнцыял заходнерускіх зямель, але і часта на дапамогу ардынкіх саюзнікаў. Як сведчыць І. Канапацкі, у 1319г. татары складалі перадавы атрад у войску пераемніка Віценя, вялікага князя Гедыміна пад час вайны з тэўтонамі. На думку некаторых даследчыкаў  менавіта Гедыміну прыйшла ў галаву думка запрасіць ў сваё войска татараў і кіпчакоў. Ужо ў 1316г. у бітве з крыжакамі пад мястэчкам Жэймы на баку Гедыміна змагаліся татарскія загоны. Гэты факт засведчаны ў “Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай”. Вялікі князь шырока выкарыстоўваў татараў і для абароны межаў ВКЛ. А. Мухлінскі пісаў: “Па ýсёй верагоднасці, частка татараў, што служылі ў Гедыміна, засталася ў яго дзяржаве і пасля вайны і ва ўзнагароду атрымала ў валоданне землі” [7, с. 5].

Найбольш ранні дакументальны доказ існавання на землях ВКЛ татарскіх паселішчаў – Хронікі Ордэна Францысканцаў, сабраныя Лукой Ваддзінгам у 1324г. “Браты нашыя накіраваліся з мэтай прапаведваць вучэнне Хрыста ў бакі літоўскія, дзе знайшлі ўвесь народ паглыблены ў варварскія звычаі і пакланяючыся агню, а сярод іх скітаў, выхадцаў з краіны нейкага хана, у сваіх малітвах выкарыстоўваюць мову азіяцкую”. “Скіты”, якіх сустрэлі францісканцы - місіянеры, без сумнення, выхадцы з Залатой Арды. Неабходна аддзначыць, што першыя татарскія пасяленцы былі не мусульманамі, а  паганцамі, і перасяленне іх было выклікана насільнай ісламінізацыяй Залатой Арды, якая пачалася яшчэ ў 1257г. з прыходам да ўлады хана Баркэ, таму шмат татар пакінула сваю Бацькаўшчыну, каб знайсці сабе прытулак, новы дом. [54, с. 7].

У гэты час у ВКЛ паявіўся яшчэ адзін небяспечны сусед -  Польшча, якая аформілася ў моцную дзяржаву. Яе кароль Казімір Вялікі (1343 - 1370) скіраваў сваю ўвагу на Чырвоную Русь і Валынь, захапіў Холмшчыну і Уладзімір -Валынскі, які дагэтуль належаў Літве. Літоўскія князі былі, відаць, занепакоены ваяўнічымі памкненнямі польскга караля і націскам на Літву Тэўтонскага ордэна, які дзейнічаў у саюзе з Польшчай. У 1348г. літоўскі князь Альгерд звяртаецца да хана Джанібека з просьбай аб дапамозе. У часы саўладарання наступнікаў Гедыміна Кейстута і Альгерда татары знаходзіліся на вялікакняжацкай службе . У 1350г. вялікі князь Кейстут пайшоў ў паход супраць Польшчы, у складзе яго войска знаходзілася шматлікая татарская дружына. У 1352 г. загоны хана Джанібека прымалі ўдзел у паходзе Альгерда супраць Казіміра Вялікага. Безумоўна, татарскія  войскі ўдзельнічалі ў паходзе Альгерда, калі ён захапіў Чарнігаўскую вобласць і Кіеў [27, с. 25].

Вялікі князь Альгерд захопіў і  Падолію, якой валодалі тры браты – татарскія князі Хачыбей, Кутлубуга і Дзмітрый у выніку перамогі ў бітве на Сініх Водах (восень 1362г.). Гэта падзея адбывалася, калі ў Ардзе быў час Мамаевай смуты. Аб гэтай славутай перамозе ў “Летапісе вялікіх князёў літоўскіх”, а менавіта ў Аповесці пра Падолле напісана наступнае:” Калі князь вялікі Альгерд быў гаспадаром ў Літоўскай зямлі, пайшоў ён у Поле з літоўскім войскам і пабіў татар на Сіняй Ардзе, трох братоў, ханаў Хачыбея, Кутлубугу і Дзмітрыя.”138  Разгром Альгердам трох ордаў, якія панавалі ў Паўночным Прычарнамор’і дазволіў пашырыць уладанні ВКЛ на поўдні да вусця Дняпра і Днястра, устанавіць уладу Гедымінавічаў над Кіеўскім і Валынскім княствамі, Падоліяй, Чарнігаўшчынай і Севершчынай [46, с. 3], Вось, што гаворыць А. Мухлінскі пра падзеі 1362г.: “... накіроўваючыся для заваёвы Падоліі, дзе пасля Батыя ўсталяваліся татары, прывёў туды і татараў, якія складаліся па меркаванню гісторыкаў, з тых, што засталіся ў Літве з часоў Гедыміна”. Калі браць пад увагу гэта сведчанне, то верагодна, што ў бітве 1362г. супраць аб’яднанага войска ханаў на баку Альгерда, вельмі верагодна, супраць сваіх аднакроўцаў змагаліся  літоўскія татары [62, с. 10].

Вядома, што тыя з татараў, што ўдзельнічалі ў  ваенных паходах, пры жаданні атрымлівалі права аседласці ў межах ВКЛ, каля гарадоў і замкаў.

Традыцыю дружалюбных стасункаў з татарамі працягваў вялікі князь Ягайла. Магчыма, гэта ў пэўнай меры падштурхнула яго да прыняцця рашэння, якое даследчыкі лічаць неразумным. Пад час пахода цемніка Мамая на Русь (1380г.) Ягайла не падтрымаў  вялікага князя маскоўскага Дзмітрыя, якому абяцаў дапамогу, і, больш таго,ён  меў намер прыняць бок Мамая. Войска Ягайлы (у якім, дарэчы, было некалькі татарскіх палкоў) да Кулікавага поля не дайшло, і Дзмітрый разграміў Мамая. Пасля чаго Ягайла ў хуткім часе парадніўся з яго сынам Койданам [7, с. 6]. Як бачна з вышэй сказанага,  то няправільна было б уяўляць узаемаадносіны ВКЛ з Ардою як бясконцы перыяд барацьбы, супрацьстаяння, так як часам ім здаралася, нават, заключаць саюзы супраць агульных сапернікаў.

На парозе XIV – XV стст. Залатую Арду аслаблялі шматлікія крывавыя дынастычныя і родаплемянныя сваркі. Гэта таксама садзейнічала таму, што некаторыя феадалы хацелі са сваімі прыхільнікамі пазбегнуць смяротнай небяспекі і знайсці бяспечны прытулак. Гэта было прычынай з’яўлення значнай колькасці татарскіх пасяленцаўна беларускіх землях. Пры гэтым князі ВКЛ яшчэ маглі разлічваць на саюз з той або іншай варожай  групоўкай, ці з тым або іншым прэтэндэнтам на трон у Сараі, якія змагаліся паміж сабой.

 У 1378г. чынгізід (прамы нашчадак Чынгісхана) Тахтамыш аб’яднаў Белую Арду і, скарыстаўшы дапамогу сярэднеазіацкага ўладара – вялікага Цімура, усталяваўся на пасадзе Залатой Арды (пасля смерці Мамая). Заняўшы сталіцу залатой Арды – Сарай, Тахтамыш спачатку ўсталяваў даволі мірныя адносіны з Дзмітрыем Данскім (які перамог саперніка Тахтамыша – цемніка Мамая на Куліковым полі). Але канфлікт паміж Руссю і Ардой не патух, і праз 2 гады, у 1382г. Тахтамыш захапіў і спаліў Маскву. Непамернае ўзвышэнне яго выклікала незадавальненне Цімура, бо Тахтамыш не жадаў быць марыянеткай ў руках свайго апекуна. У 1383г. Тахтамыш зрабіў першую спробу атрымаць самастойнасць – паспрабаваў адняць Харэзм у Цімура [18, с. 171].

14 сакавіка 1395г. войска Цімура разбіла Тахтамыша, які быў аддзелены ад Сярэдняй Азіі непераадольнымі для вялікай конніцы бязводнымі пустынямі. Як піша арабскі гісторык Шэрэф ад - Дзін Йедзі у сваёй “Кнізе перамог”: “... Тахтамыш кінуў ханства, дом, усё, што меў, і, ратуючы свае жыццё, з некалькімі людзьмі ўцёк у бок Булсара (Польшчы), у лясную мясцовасць, ратуючыся ад ільвіных кіпцюроў Цімура” Войскі Цімура дайшлі да пагранічных зямель Русі і павярнулі назад. На Поўдні яны дабраліся да Дняпра, спусташылі ўлусы верных Тахтамышу царэвічаў і эміраў [7, с. 7].

Нягледзячы на паражэнне Тахтамыш не адмовіўся ад ханскага трона, таму шукаў сабе саюзнікаў. Зацікаўленым і надзейным паплечнікам стаў вялікі князь Вітаўт. З заходніх улусаў Тахтамыш уцёк у ВКЛ, да двара Вітаўта. Татарам, што прыйшлі разам з Тахтамышам, былі выдзелены землі ў раёне Чаркасаў і Канева. Пасля разгрому Тахтамыш з рэшткамі свайго войска аб’явіўся ў Кіеве. Тут хан і папрасіў прытулку і дапамогі ў Вітаўта. Вялікі князь не адверг просьбаў уцекача, а пайшоў яму насустрач. У справу уступіла вялікая палітыка...

Вітаўт добра ведаў, што Тахтамыш – прамы нашчадак Чынгісхана, які мае законнае права на залатаардынскі трон. Вялікі князь меў намер зрабіць Тахтамыша сродкам сваёй палітыкі, з яго дапамагаю дабіцца, у прыватнасці, кантролю над Вялікім Уладзімірскім княствам ( яно лічылася васалам Арды), а магчыма, і вырашэння знешнепалітычных задач. Ніканаўскі летапіс гаворыць аб планах Вітаўта: “Пойдем пленити землю Татарьскую, победим царя Темирь Кутлуя, возьмем царство его,  и разделим богатство и имение его, и посадим  в Орде на царство его царя Тахтамыша, и на Кафе, и на Озове, и на Крыму и на Азтаракани, и на Заяицкой Орде, и на всем Примории и на Казани; и то будет все наше и царь наш” [20, с. 389]. Пра гэтыя ж планы Вітаўта можна знайсці і ў “Хроніцы Быхаўца”:”Пойдзем палонім зямлю Татарскую, паб’ем цара Цімір – Кутлуя, пасадзім замест яго хана Тахтамыша, а ён нас пасадзіць на ўсёй рускай зямлі ”[81, с.155].

Вітаўт пасяліў  Тахтамыша ў 1397г. у Лідзе. На працягу трох гадоў жыў тут хан “... со всеми уланами и мурзами своими…” Тут ён прыбываў у палацы, якія доўгі час насіў назву “Тахтамышаў двор” (зараз на гэтым месцы фарны касцёл) [38, с. 40].

Але ўсё ж такі масавымі перасяленцамі з’яўляліся паланёныя Вітаўтам татары, а не людзі Тахтамыша. А. Кіркор піша: “Татары переселены в Литву великим князем Витовтом в 1395 и 1398г.из числа взятых им в плен под Азовом. Вместе с татарами он переселил из Крыма около 400 семейств караимов. Поселенным в Литве татарам он предоставил права гражданства, совершенную свободу вероисповедания и образовал из них колонии в Вильне, на Лукишках, на берегах Ваки, в Сорак - Татарах, в Несвиже, а также уездах Лидском, Брестском, на Волыни” [28, с. 14]. Таксама вядома з старажытных летапісаў, што князь Вітаўт у 1396г. у аколіцах Гародні пасяліў вялікую колькаць палонных татар.

Перасяленне татараў у ВКЛ працягвалася і ў XV ст., пра што сведчыць ярлык эміра Эдыгея. У 1420г. ён папрасіў Вітаўта не прынімаць да сябе мурзаў і князёў, якія ўцякалі з Арды. Пры двары Вітаўта ў той час знаходзіліся збеглыя прадстаўнікі татарскай знаці, кандыдаты на ханскі трон, ханы і іх сем’і, царэвічы - закладнікі. У 1420г. Вітаўт пісаў вялікаму магістру Тэўтонскага ордэна: “Да нас прыбывае вялікае мноства татараў з наваколля Кіева... і просяць прытулку з нашага боку”.

У час княжання Вітаўта, татарскія ханы часта туліліся да вялікага князя літоўскага. Апошні хан Залатой Арды Ахмед, як сведчаць гістарычныя дакументы, жыў каля Шчучына. У канцы 1424г. пры двары Вітаўта паявіўся Улуг - Мухамед, які прасіў дапамогі ў князя. Пасля таго, як Улуг - Мухамед быў разбіты Борак - ханам, Вітаўт не адказаў і гэтаму ўцекачу. Улуг - Мухамед, адсядзеўшыся ў Вітаўта, змог сабраць сілы і, як бачна, не без дапамогі князя вярнуў сабе ўладанні ў сцяпі. Але становішча Улуг - Мухамеда пагоршылася рэзка пасля смерці Вітаўта ў 1430г. [27, с. 22].

Са смерцю Вітаўта прыйшоў разлад і ў ВКЛ. З 1431г. не сціхала варожасць паміж Свідрыгайлам Альгердавічам, малодшым братам польскага караля Ягайлы і Жыгімонтам Кейстутавічам. Ардынскія ханы не змаглі заставацца ў баку, калі вырашаўся лёс некалі блізкай ім дзяржавы. Так, Хаджы Гірэй не забыў пра добрыя адносіны да яго (па паданню нарадзіўся ў Троках ) і, калі яму прыйшлося вярнуцца сюды, Жыгімонт прыняý яго; даў яму ў валоданне Ліду, дзе Хаджы Гірэй жыў 10 гадоў і быў лідскім старастай ). Хаджы Гірэй ужо з’яўляўся крымскім ханам, калі ў 1455г. ардынскія войскі на чале з Саідам Ахмедам, прыхілікам Свідрыгайлы, пайшлі вайной на ВКЛ, Хаджы Гірэй паспяшаў на дапамогу Жыгімонту і разбіў ардынскае войска [71, с. 5].

Што датычыцца дыпламатычных зносін на працягу 1480 - х гг. – першай чвэрці XVI ст., то можна вылучыць два перыяды. На працягу першага, які ахаплівае 1480 – 1506 гг. ВКЛ рабіла ўсё, каб не дапусціць заключэнне небяспечнага альянса Крыма з Масквой. Пасля паспяховага дасягнення гэтай мэты дыпламатыя ВКЛ імкнулася, калі не схіліць Крым на свой бок у ваенным супрацьстаянні з Масквой, то хаця б нейтралізаваць свайго паўднёвага суседа. У другой палове 20-х гг. XV ст. у выніку шэрагу мерапрыемстваў дыпламатычнага, а таксама ваеннага характару крымская небяспека зменшылася[59, с. 3].

Але у пачатку XVI ст. беларускія зземлі зведалі страшныя набегі крымскіх татараў, якія разбуралі ўшчэнт гарады. У 1503г. Клецк быў сведкай татарскіх набегаў. Татары некалькі разоў нападалі на Тураў: асабліва памятны набег Менглі - Гірэя, разарыўшага горад у 1502г. “У 1506г., когда татары напали на Копыль, княгиня Анастасия Васильевна, супруга отсутствовавшего князя Олельки, сама предводительствовала гарнизоном, не только отстояла замок, но нанесла большой урон татарам” [28, с. 367].

Найслаўнейшую перамогу ў 1506г. пад Клецкам над татарамі атрымала войска на чале з М. Глінскім (які, дарэчы, меў татарскія карані). П. Шпілеўскі піша аб гэтых падзеях: “Не успел Клецк немного отстроится (после набега 1503г.), как та же орда в 1506г. вздумала посвирепствовать опять на свежих развалинах, разгромленного города. Впрочем, на этот раз татары были наказаны за свою жестокость: их встретил здесь князь Михаил Глинский пушечной стрельбой и разгромил так, что они едва спаслись от смерти в числе семи тысяч... . Стычка эта произошла под Клецком, близ Темного озера, соприкосновенного с рекой Ланей, и продолжалась более трех часов. Русские с ожесточением убивали татар и все озеро наполнили кровью” [80, с. 59]. Было ўзята вялікае мноства татараў у палон, якія ужо ніколі не вярнуліся ў Крым, а сталі выконваць разнастайныя работы у дварах і маёнтках воінаў князя М. Галінскага, а з цягам часу гэтыя татары стварылі свае паселішчы ў наваколлі Клецка. Некаторыя з такіх паселішчаў маюць назвы, у асновах якіх ляжаць цюркскія карані: Арда, Карацк, Бабаевіча і інш. [5, с. 102]

Абставіны з’яўлення татар на беларускіх землях звязаны з разнастайнымі акалічнасцямі ў татарскіх дзяржавах (Арда, Залатая Арда, Крымскае ханства). Гэта цяжкае становішча татарскага народа, якое было звязана з насільнай ісламінізацыяй, унутрыдынастычнай барацьбой за ўладу. Колькасць татарскіх паселішчаў расла і за кошт палонных у час перамог над татарскімі войскамі. Але, усё ж такі самай бліскучай эпохай для беларускіх татар з’яўляецца час княжання Вітаўта. Яго імя праслаўлялі ў песнях, маліліся за здароўе. У сваіх малітвах называлі Вітаўта Ватад, што азначае “наймацнейшы”. “Штогод святкуецца дзень, прысвечаны выключна памяці вялікага князя літоўскага. Мусульмане збіраюцца ў мячэцях у той дзень і імя яго памінаюць з вялікай павагай”, - гаворыцца ў “Трактаце пра польскіх татараў”. І сапраўды, менавіта Вітаўту татары абавязаны сваім існаваннем у якасці асобнай нацыянальнай групы.

Цешка В.

Комментарии

Маргарет Хильда Тэтчер, баронесса Тэтчер – 71 премьер министр Великобритании( консервативная партия). Первая женщина, занявшая этот пост, а также первая женщина, ставшая премьер-министром европейского государства. За жёсткую критику советской власти получила прозвище « Железная леди». Тэтчер стала премьер министром, который занимал свой пост самый долгий срок в 20 веке. Необыкновенно острые и правдивые высказывания Маргарет вошли в историю и стали цитатами на все времена.