Заўвага адносна аднаго з момантаў ваенных падзей 1258 г. на Верхнім Панямонні ў геаграфічным і гістарычным аспектах

К сярэдзіне ХІІІ ст. сярод беларускіх зямель на першае месца выходзіць Наваградская зямля, у склад якой уваходзіў шэраг гарадоў: Наваградак, Слонім, Ваўкавыск, Гарадзея, Здзітаў і інш. Наваградак на пэўны час вырваўся з-пад палітычнага прыцягнення Валыні і пісьмовыя крыніцы зафіксавалі шэраг падзей, якія адкрылі цікавейшыя старонкі з гісторыі гэтага рэгіёна.

 

Як адзначаюць летапісныя крыніцы, князь Міндоўг у 1252 г. каранаваўся і княжыў у Наваградку, Навагрудская зямля была воласцю з “грады лежош”. Яго сыну Войшалку належалі Слонім, Ваўкавыск і прылеглыя тэрыторыі, якія знаходзілася пад яго пратэкцыяй. У сярэдзіне ХІІІ ст. край стаў арэнай жорсткай барацьбы галіцка-валынскіх князёў, якія прэтэндавалі на яго.

Пад 1253 г. Іпацьеўскі летапіс засведчвае паход Галіцка-Валынскага войска ад Слоніма да Наваградка і сутыкненне яго з атрадам Наваградскага княства: “… и послаша сторож Литва на озере Зьято …” [1, с. 818-819]. Ваеннае сутыкненне паблізу возера адбылося толькі з прычыны наяўнасці ў гэтым месцы ўмацавання, альбо заставы, што прыкрывала Наваградак з боку Слоніма, вакол якой з цягам часу магло ўтварыцца паселішча Зецела [2, с. 70-71; 3, с. 19-20]. Узвядзенню заставы (“сторож”) спрыяла наяўнасць возера “Зьято”, воднай перашкоды для праціўніка. Застава размяшчалася пасярэдзіне шляху паміж Наваградкам і Слонімам, кантралявала яго, прыкрываючы ад непрыяцеля сталіцу княства з захаду. Так пачыналася гісторыя сучаснага паселішча Дзятлава Гродзенскай вобласці. Раней называ яго – Зецела, паходзіла ад назвы возера, якое знаходзілася ля вытоку альбо ў рэчышчы ракі, на што ўказвае суфікс “ела” [4, с. 152].

Першыя пісьмовыя сведчанні аб Дзятлаве адносяцца да 1498 г., калі вялікі князь літоўскі Аляксандр падарыў паселішча Зецела з воласцю К.І.Астрожскаму, якому быў дадзены таксама дазвол на пабудову драўлянага замка. На левым беразе рэчкі Дзятлаўчанкі падчас археалагічных раскопак, блізка да тэрыторыі гарадской бальніцы выяўлены абарончы роў, які з’яўляўся натуральнай мяжой замка ў XV – XVI стст. На яго схіле адкрыліся рэшткі былой драўлянай сценкі, якая магла быць адной з вежаў абарончага рова альбо падпорнай сценкай схілу вала [5, с. 36-37. 6, с. 70-80]. У літаратуры было выказана меркаванне, што дазвол на будаўніцтва замка ў Зецеле ў познім сярэднявеччы ўскосна засведчвае існаванне умацавання на гэтым месцы ў ХІІІ ст. [3, с. 8-9]. Пры вывучэнні гісторыі Зецела, дзякуючы пісьмовым крыніцам, а таксама археалагічным даследаванням, знаходзіць пацвярджэнне існаванне ўмацавання, аб якім чамусьці не ўзгадвае Іпацьеўскі летапіс.

Згодна з пагадненнем 1254 г. паміж Наваградкам і Галіцка-Валынскімі князямі частка Наваградчыны, ў тым ліку і Зэльвеншчына, увайшла ў склад уладанняў Данілы Раманавіча. Безумоўна, што дасягнуты спакой не аднойчы парушаўся не толькі з-за амбіцыёзнасці праціўнікаў, але і спадзяванняў павялічыць межы сваіх тэрыторый. Пад 1258 г. Іпацьеўскі летапіс засведчвае паход Галіцка-Валынскага войска па абшарах Наваградскага княства. Князь Даніла Галіцкі, узяўшы Ваўкавыск, накіраваў свайго сына Льва з атрадам на Гародню, а ваяводу Міхайлу -- “по Зелеви” [1, с. 847].      

У Іпацьеўскім летапісе не гаворыцца пра ўмацаванні на берагах ракі Зальвянкі. Аб Зэльве як аб тапанімічным арэале, са спасылкай на той жа летапіс, ёсць упамінанне ў кнізе “Гарадскія паселішчы Расійскай губерні”. Адносна існавання паселішча Зэльвы падчас гэтых падзей станоўча выказваліся вядомыя навукоўцы ХХ ст. Я.Н.Рапановіч і М.І.Ермаловіч. Заключэнні апошніх грунтаваліся на адным сказе Іпацьеўскага летапісу, дадатковых і канкрэтных доказаў у падтрымку сваіх сцвярджэнняў яны не прыводзілі [7, с. 104; 8, с. 322].

Сучаснае паселішча Зэльва знаходзіцца на беразе ракі Зальвянкі, у сярэднім яе цячэнні. Першыя пісьмовыя паведамленні, звязаныя з ім, адносяцца да 1470 г., калі ў сяле Вялікая Зэльва Міхаіл Начовіч пачаў будаўніцтва касцёла. У 1477 г. ішло будаўніцтва касцёла ў Малой Зэльве, якой валодаў Іван Гінейтавіч.

Тэрыторыя Зельвеншчыны даследавалася археолагамі ў ХХ ст., калі было зафіксавана мноства старажытных помнікаў. Археолагам Я.Г.Звяругам ў 1,5 км на паўднёвы захад ад гарадскога пасёлка Зэльва, ва ўрочышчы “Гарадзішча” выяўлены рэшткі ўмацаванага паселішча. Пляцоўка памерам 65 х 30 м выцягнута з усходу на захад. Умацавана з усходу ровам і валам, з захаду – трыма ровамі і двума валамі. З трох бакоў (поўначы, захаду і поўдня) тэраса вышынёй 5 – 10  м. Культурны пласт каля 0,5 – 0,6 м [9, с. 184]. На жаль, археалагічныя даследаванні гарадзішча не праводзіліся. Побач з ім знаходзіцца курганны могільнік, дзе праводзіліся раскопкі аднаго з курганоў, у якім знойдзено пахаванне па абраду крэмацыі на ўзроўні старажытнага гарызонту. Там жа выяўлены рэшткі вялікай глінянай пасудзіны тыпу жароўні.

Дадзенае гарадзішча не было засведчана ў летапісных крыніцах, невядома і яго назва. Абарончыя валы і ровы, культурны пласт, курганныя насыпы каля гарадзішча, у адным з якіх выяўлены рэшкі трупаспалення як адна з прыкметаў дахрысціянскага абраду, могуць сведчыць аб умацаваным феадальным паселішчы. Ці не магло дадзенае гарадзішча стаць у будучым асновай паселішча, папярэдніка той Зэльвы, якая ўпершыню ўзгадана ў трэцяй чвэрці XV ст.? Каб хоць часткова адказаць на пастаўленае пытанне і высветліць значнасць гэтага гарадзішча, параўнаем абмеры і частку археалагічных дадзеных умацаваных паселішчаў Верхняга Панямоння, якія былі важнымі стратэгічнымі пунктамі ў раннім сярэднявеччы (гл. табл.).

Я.Г.Звяруга, абапіраючыся на паведамленні  Іпацьеўскага летапісу пералічыў пяць гарадоў, якія існавалі на абшарах Верхняга Панямоння: Гародню, Наваградак, Ваўкавыск, Слонім і Турыйск, прапануючы дадаць да іх Нясвіж, Свіслач, Веверэск і Астрэю [10, с. 62]. У першых чатырох замках плошчы большыя, чым Зельвенскага “Гарадзішча” і ў будучым яны выраслі да пасяленняў гарадскога тыпу. З гэтага спісу цікавяць апошнія тры (выключаецца Нясвіж, абарончыя збудаванні раннесярэднявечнага часу якога не знойдзены), а таксама ўмацаваныя паселішчы негарадскога тыпу, блізкія сваёй небагатай гісторыяй, ў лёсе якіх ёсць шмат агульнага. Яны супадалі альбо адрозніваліся ў некаторых дэталях размяшчэннем абарончых насыпаў і роваў, характарам мясцовасці, але засталіся невялікімі вёскамі, часткова захавалі старыя назвы або называліся мясцовым насельніцтвам гарадзішчамі.

Да летапіснага Турыйска (Турск) адносяць гарадзішча на правым беразе Нёмана ў вёсцы Турэйск Шчучынскага раёна. Пляцоўка ў форме няправільнага трохкутніка памерамі 60 х 80 м. Абарончыя ровы шырынёй 15 – 25 м і глыбінёй да 3,5 м аддзялялі яго з усходу і захаду ад берагавой грады. Час узнікнення – канец ХІ – пачатак ХІІ стст. Астрэя лакалізуецца каля вёскі Кульбачына Шчучынскага раёна, на левым беразе ракі Астрынкі. Пляцоўка гарадзішча  авальная памерам 55 х 70 м. Вал вышынёй 3 – 3,5 м і роў з напольнага боку. Кераміка ХІІ – ХІІІ ст. выяўлена пры шурфоўцы пляцоўкі гарадзішча [11, с. 347-348]. Летапісным Веверэскам лічаць гарадзішча на правым беразе ракі Касцянёўкі. Пляцоўка дыяметрам каля 70 м акружана валам вышынёй 2 – 3 м і заплыўшым ровам. Згодна з археалагічнымі даследаваннямі, узнік ў ХІ ст. Астрэя і Веверэск былі заснаваны з мэтай абароны паўночнай тэрыторыі Чорнай Русі [10, с.  76].

У Верхнім Панямонні даследаваны археалагічна і аднесены да часоў ранняга сярэднявечча ўмацаваныя паселішчы негарадскога тыпу, феадальныя замкі. Гарадзішча ў вёсцы Індура Гродзенскага раёна з унутранай пляцоўкай дыяметрам 16 – 18 м акружанай валам вышынёй каля 2 м, ровам звонку і вонкавай пляцоўкай з валам вышынёй 2 м. Культурны пласт магутнасцю 0,8 м. Помнік датуецца ХІ – ХІІІ стст. Гарадзішча каля вёскі Мсцібава Ваўкавыскага раёна лічыцца рэшткамі замка валынскага баярына Мсцібога [12, с. 87]. Размешчана ў забалочанай мясцовасці правага берага ракі Альшанкі. Пляцоўка дыяметрам 30 м і валам да 5 м. Культурны пласт магутнасцю 0,3 – 0,4 м датуецца ХІІ ст. Гарадзішча ў вёсцы Збочна Слонімскага раёна знаходзіцца на высокім мысе паблізу ракі Акоўкі сярод забалочанай мясцовасці. Пляцоўка авальнай формы памерам 45 х 60 м абкружана валам вышынёй да 2 м. На адлегласці 15 – 20 м ад гэтага вала знаходзіцца другі вал вышынёй да 3 м. Культурны пласт цэнтральнай пляцоўкі магутнасцю 0,4 – 0,7 м утрымлівае фрагменты керамікі ХІІ – ХІІІ стст. Паміж унутраным і вонкавым валамі знойдзены адзінкавыя фрагменты керамікі старажытнарускага часу.

Плошча пляцоўкі гарадзішча каля вёскі Зэльва ненамнога саступае плошчы гарадзішча ў вёсцы Збочна і перавышае плошчу ўмацаванага паселішча феадала Мсцібога. Дзве лініі валоў і роў, як і на гарадзішчы вёскі Індура. Курганны могільнік таксама знахозіцца паблізу гарадзішча як у Астрэе. Параўнанне гэтых пазіцый дае магчымасць разглядаць гэты помнік як значнае умацаванае паселішча на рацэ Зальвянцы.

 

Помнік

Час існавання

(стст.)

Агульная плошча,

кв. м

К/

пласт

мет-раў

Абарон-чыя

Размеш-чаны

на:

Кург.

 мог-

 нік

ро-вы

ва-лы

уз-вы-шшы

нізіне

Турыйск

в. Турэйск

к. ХІ – пач. ХІІ

≈ 3200

0,7 – 1,6

   +

 

    +

 

 

Астрэя

в. Кульбачына

ХІІ – ХІІІ

 3201,25

    ---

   +

   +

 

 

    +

Веверэск

в. Касцянёва

ХІ

 3848,4

    ---

   +

   +

    +

 

 

Гарадзішча в. Індура

ХІ – ХІІІ

 5674,5

0,7 – 0,8

   +

   ++

    +

 

 

Гарадзішча в. Мсцібава

ХІІ

   707

0,3 – 0,4

 

   +

 

    +

 

Гарадзішча в. Збочна

ХІІ – ХІІІ

 2233,55

 

0,4 – 0,7

 

   ++

    +

 

 

Гарадзішча

каля Зэльвы

      ---

 1809,5

   ---

    +

   ++

    +

 

    +

       Тлумачэнні да табліцы:

       + -- дзве і больш ліній валоў   

Ацэньваючы накірунак і працягласць дарогі ад Ваўкавыска да Слоніма, можна заўважыць, што гарадзішча знаходзіцца амаль пасярэдзіне шляху, непадалёку ад месца размяшчэння познесярэдневяковай Зэльвы. Рэльеф мясцовасці ўздоўж усяго рэчышча Зальвянкі дазваляе адзначыць некаторыя адметнасці. Даліна забалочана ў вярхоўі і ніжнім цячэнні, а ў раёне сучаснай Зэльвы і вышэй рака працякае сярод узгоркаў, нагрувашчаных ледавікамі [13, с. 448]. Балоты пачынаюцца ад Зэльвы і цягнуцца ўніз уздоўж  цячэння Зальвнякі, а вышэй цячэння за 14 км на левабярэжжы непадалёку ад вёскі Кашалі. На адлегласці 2 км на захад ад гэтай вёскі знаходзіцца гарадзішча, датуемае па ляпной і ганчарнай кераміцы ІХ – ХІІ стст.  Пляцоўка авальнай формы памерам 65 х 40 м. Па абрысу гарадзішча блізкае да яцвяжскіх помнікаў Сувалкіі [11, с. 347-348]. Верагодна, што гарадзішчы каля горада Зэльва і вёскі Кашалі былі ўмацаванымі паселішчамі, якія знаходзіліся побач з пераправамі праз Зальвянку на дарогах, што злучалі Ваўкавыск са Слонімам. Нягледзячы на тое, што Слонім і Ваўкавыск упершыню ўзгадваюцца ў 1252 г., згодна з археалагічнымі даследаваннямі абарончыя збудаванні на гэтых пасяленнях з’явіліся ў пачатку ХІІ ст. (Слонім) і канцы Х – пачатку ХІ ст. (Ваўкавыск) [10, с. 70, 73]. Таму фарміраванне познесярэдневяковага паселішча Зэльва на адной з гэтых перапраў была “запраграмавана” ходам гісторыі.

Нельга пераменьшваць значэнне сухапутных шляхоў у часы ранняга сярэднявечча. У той перыяд большасць паходаў і гандлёвых пераездаў ажыццяўлялася па сухапутных дарогах. Па малых рэках праплыць можна было двойчы за год: вясной, калі воды сілкаваліся расталым снегам, і падчас восеньскіх залей (дарэчы, з вялікай рызыкай). Рэчышчы звычайна ніжэй навакольнай мясцовасці і ў зімовы перыяд заносіліся снегам. Даволі глыбокае снежнае покрыва неабходна было пастаянна ўшчыльняць, каб зрабіць дарогу цвёрдай, што безумоўна затрымлівала і абцяжарвала паездку. Большасць рэчак на Беларусі пакрываліся лёдам толькі ў канцы снежня ці ў пачатку студзеня, калі ўжо набывалі моц хрышчэнскія маразы. Найбольш ранняе ледзяное покрыва на Зальвянцы пачынаецца ў канцы лістапада, а найбольш позняе – у пачатку студзеня. Ледзяное покрыва нетрывалае, і часам рака ўскрываецца на 10 – 20 дзён з пад’ёмам на адзін метр [13, с. 449]. Усё гэта перашкаджае вандроўнікам. Толькі вялікія рэкі маглі адпавядаць крытэрыям устойлівых шляхоў. Прынцыповаага значэння як водны шлях рака Зальвянка для вандроўнікаў не мела. Наадварот, яна была перашкодай вясной і восенню. Таму ўмацаваныя паселішчы каля Зэльвы і вёскі Кашалі кантралявалі сухапутную дарогу на месцы яе перасячэння з Зальвянкай.

Даніла Галіцкі загадаў ваяводзе дзейнічаць па “Зелеви”, чым намагаўся дасягнуць канкрэтнай мэты. Верагодна, ставілася задача ўстанавіць кантроль над шляхам паміж Слонімам і Ваўкавыскам і пераправай праз раку Зальвянку. Дадзены тактычны манеўр забяспечвае зручную стратэгічную пазіцыю. Балоцістая нізіна вышэй і ніжэй па цячэнню ракі не дае праціўніку прасторы для манеўра.

У прыведзенай фразе летапісу выкарыстаны прыназоўнік “па”. Яго лексічнае значэнне закладзена яшчэ з часоў сівой мінуўшчыны і не згублена па сённяшні дзень. У слоўніках ён вызначае дзеянні, звязаныя з рухам па паверхні, уздоўж паверхні; уздоўж, каля чаго-небудзь; для вызначэння напрамку дзеяння, шляху следавання; у межах чаго-небудзь. Выкарыстоўваецца прыназоўнік пры высвятленні юрыдычнага статусу і ўзроўню уласнасці ў адносінах да канкрэтнага геаграфічнага адраса або абшара: “…бо па тых гарадах сядзяць вялікія князі”, “княжыць па ўсёй зямлі”. З паведамленнем пра тэрыторыю, геаграфічную прастору, без узгадвання дакладнага тапоніма: “хадзіў па лясах”, “ганяліся па полі” (за ворагам); альбо з указаннем канкрэтнай тэрыторыі пры апісанні вайсковых дзеянняў: “ваюючы па Палессі”, “…пайшоўшы па зямлі Ноўгарадскай і Пскоўскай, спусташаючы, палячы, беручы ў палон” [14, с. 34, 38, 78, 84, 138]. Асаблівай увагі заслугоўвае выкарыстанне прыназоўніка “па” ў радках легендарнай “Аповесці часовых гадоў”. Ён ужываецца разам з гідронімамі, фіксуючы месцазнаходжанне этнасаў у геаграфічнай прасторы, а гідронім выступае ў ролі “дапаможніка”-арыенцір пры апісанні прасторы: плямёны, народы “жылі па …(назва ракі)”, “сядзелі па …(назва ракі)”, “сеў сваім родам па … (назва ракі)” [14, с. 10-13].

Д.С.Ліхачоў і К.В.Кудрашоў звярнулі ўвагу, на тое што геаграфічнае абазначэнне вобласці, вызначэнне краіны па працякаючай па ім рацэ характэрна для летапіснага выкладання [15, с. 117; 16, с. 89-91]. Д.С.Ліхачоў пры аналізе мастацкай сістэмы “Слова аб паходзе Ігаравым” вызначыў гэтыя асаблівасці такімі паняццямі, як “геаграфічная тэрміналогія і геаграфічная сімволіка”. Ён заўважыў, што рэкі ў той час не толькі адыгрывалі важную ролю ў жыцці людзей, але і акрэслівалі геаграфічныя межы рассялення славян. Такім чынам, рэкі ў “Аповесці мінулых гадоў” былі як сімвал краіны.

Гідронімы былі асновай гістарычных паняццевых значэнняў і станавіліся фарміруючым элементам многіх словаўтваральных, іх уздзеянне і моўнае значэнне была першаасноўным. Па іх атрымлівалі назвы тэрыторыі (землі, краіны, дзяржавы), паселішчы, этнасы. Абазначаную летапісам геаграфічную прастору па “Зелеви” неабходна разглядаць як частку тэрыторыі, што знаходзілася паміж дзвюх перапраў праз Зальвянку, паміж гарадзішчамі каля Зэльвы і вёскі Кашалі. Гэты абшар быў абмежаваны балоцістымі рэчышчамі вярхоўя і панізоўя ракі. У акрэсленым арэале і дзейнічаў атрад ваяводы Міхайлы. Ён мог выкарыстаць пляцоўкі гарадзішчаў каля Зэльвы і вёскі Кашалі, для размяшчэння сваёй дружыны. Магчыма, што гэтыя паселішчы к таму часу ўжо не існавалі (каля вёскі Кашалі датуецца ІХ – ХІІ стст.), але ўдалае месца для кантролю над дарогамі было спрыяльным для часовага лагера.

Старажытную назву ўмацаванага паселішча каля Зэльвы летапіс не адзначае. Безумоўна, сучаснае паселішча Зэльва набыла назву ад ракі Зальвянкі, якая працякае побач. Зыходзячы з гэтых меркаванняў, можна тэарэтычна меркаваць, што археалагічны помнік “Гарадзішча” ў старажытнасці меў назву, падобную да назвы ракі.      

Перыпетыі ў гісторыі Дзятлава і Зэльвы сведчаць аб тым, што ўмацаваныя пункты размяшчаліся на старажытных і важных сухапутных шляхах. Іх насельнікі, верагодна, не былі на баку галіцка-валынскіх князёў, што і з’явілася адной з прычын сутыкненняў на возеры “Зьято” ў 1253 г. і адпраўленнем па “Зелеви” атрада Міхайлы ў 1258 г. Застаецца загадкай, чаму Іпацьеўскі летапіс не ўзгадвае ўмацаванняў на месцы будучых Зецела і Зэльвы. Магчыма таму, што яны к гэтаму часу прыйшлі ў заняпад. Аднак, з другога боку, ці не звязана нейкім чынам “недагаворванне” летапісу з прэтэнзіямі галіцка-валынскіх князёў на тэрыторыю Верхняга Панямоння? Інтарэсы дробных феадалаў і насельніцтва маглі разыходзіцца з імкненнямі паўднёвых князёў, і яны падтрымлівалі бок Наваградка. Вывучэнне гісторыі Панямоння ставіць усё больш новыя пытанні, адказ на якія спрыяюць дасканаламу асвятленню мінуўшчыны Беларусі.

 

П.А. Русаў

Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.