Заручыны

Заручыны (запоіны) (у якасці рэканструяванага абрада выступае ў в. Ракавічы Шчучынскага р-на) – апошні перадвясельны абрад, на якім канчатвова замацоўваецца дамова аб шлюбе. У сярэднявеччы быў распаўсюджаны сярод прадстаўнікоў вольных саслоўяў і ўяўляў сабою этап, на якім падпісвалася грамата з узаемнымі абавязкамі а таксама праходзіла злучэнне рук перад святынямі, а таксама абмен пярсцёнкамі. У сялянскім асяроддзі з’яўляецца пазней і часта зліваецца са сватаннем. Праходзіў звычайна ў суботу ці нядзелю ў прысутнасці шырокага кола сваякоў перш за ўсё нявесты. Калі сваты прыязджалі здалёк, то мог сумяшчацца са сватаннем. У гэтым выпадку пасля дасягнення папярэдняй дамовы з дому нявесты ішлі запрашаць яе родных на З. Падчас З. паўтаралася цырымонія з іншасказаннямі (у выпадку, калі З. праходзілі асобна ад сватання). У гэты дзень канчаткова вырашаліся ўсе пытанні аб пасагу і прыданым, аб арганізацыі вяселля і да т.п. На З. сем’і і жаніх з нявестай абменьваліся падарункамі (іх колькасць і якасць залежала ад канкрэтнай мясцовай традыцыі). Праходзіў і рытуал абвязвання сватоў. На Панямонні для гэтага звычайна выкарыстоўваліся паясы (у адрозненне ад іншых рэгіёнаў Беларусі, дзе выкарыстоўвалі ручнікі альбо проста палатно). На З. таксама адбываўся абмен пярсцёнкамі паміж жаніхом і нявестай. Падчас заручынных абрадаў пачыналі спяваць “Вяселле”. Праходзілі і некаторыя рытуалы пераходу, у прыватнасці, першыя выкупы – частаванне дружак нявесты дружынай жаніха. У нядзелю пасля З. жаніх з нявестай, святочна апранутыя, ішлі ў храм і падавалі на запаведзь ці аглашэнне як адну з папярэдніх умоў царкоўнага ці касцельнага вянчання. Часам З. рабіліся толькі пасля першага аглашэння. Пасля З. вяселле “раскідвалася” у выключных выпадках і разрыў гэтай дамовы лічыўся ганебным. Пры гэтым вінаваты бок пакрываў грашовыя затраты на З. і вяртаў падарункі.

І.С. Чарнякевіч