Забеспячэнне абароназдольнасці рэзідэнцый роду Радзівілаў на беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага ў XVI – пачатку XVIII ст.

Абарончыя  ўмацаванні на працягу ўсёй гісторыі мелі  важнае значэнне для функцыянавання грамадства і яго інстытутаў.  У сувязі з гэтым  актуальным  для даследавання гісторыі Беларусі ў эпоху Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай з’яўляецца вывучэнне прыватнаўласніцкіх  абарончых  рэзідэнцый. Адным з важнейшых пытанняў, на якое звяртаюць увагу даследчыкі пры вывучэнні гэтых аб’ектаў,  з’яўляецца  іх абарончы патэнцыял.  У XVI  –  пачатку  XVIII ст. найбольшай колькасцю ўмацаваных рэзідэнцый на землях Беларусі валодалі прадстаўнікі роду Радзівілаў.  Яны  займалі  вядучае становішча  ў  палітычнай эліце ВКЛ  і мелі добры ваенны досвед, што абумовіла актыўную разбудову іх абарончых рэзідэнцый.  Таму  на  прыкладзе  ўмацаваных сядзіб  роду  Радзівілаў  магчыма ўсебакова  даследаваць феномен прыватнаўласніцкіх абарончых рэзідэнцый  на беларускіх землях.

Пачынаючы з другой паловы ХІХ ст. даследчыкамі розных спецыяльнасцей (гісторыкамі, археолагамі, мастацтвазнаўцамі) назапашаны і апрацаваны значны матэрыял па гісторыі  рэзідэнцый  роду  Радзівілаў. Пры гэтым,  абапіраючыся галоўным чынам на вывучэнне і аналіз архітэктуры, рабіліся спробы вызначэння іх абарончага патэнцыялу. Тым не менш праблема абароназдольнасці рэзідэнцый роду Радзівілаў у беларускай гістарыяграфіі застаецца да цяперашняга часу невырашанай, а дыскусіі адносна абарончага патэнцыялу асобных помнікаў  працягваюцца.

Магчымасць  паглыбіцца ў  даследаванні  гэтай праблемы дае вывучэнне практыкі забеспячэння рэзідэнцый узбраеннем і гарнізонамі, што раскрывае карціну  іх функцыянавання як абарончых умацаванняў.

Рэшткі многіх рэзідэнцый роду Радзівілаў захаваліся як помнікі археалогіі і на цяперашні момант знаходзяцца ў  цэнтрах гарадоў.  У сувязі з гэтым праблема рацыянальнага выкарыстання  гэтых помнікаў  становіцца важнай  задачай для развіцця  населеных пунктаў  і павышэння якасці жыцця іх жыхароў.  Даследванне гісторыі  рэзідэнцый  роду  Радзівілаў стварае падмурак для распрацоўкі праграм па рэгенерацыі гістарычных цэнтраў  гарадоў і павышэння іх  турыстычнай прывабнасці. Дзякуючы адметнасці сваёй архітэктуры рэзідэнцыі роду Радзівілаў у Міры і Нясвіжы  былі ўключаны ў Спіс аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА  і маюць высокае сімвалічнае значэнне для беларускага грамадства і дзяржавы. Такім чынам, выключная  значнасць  гэтых помнікаў з’яўляецца важным стымулам для паглыбленага даследвання іх гісторыі і архітэктуры.

Волков Николай Александрович