Як Вялікдзень адзначалі

На Вялікдзень усё прыбіралі ў хатах. Абавязкова гулялі ў яйкі. Выйграе той, у каго яйка крапчэйшае і не паб’ецца аб другое. Фарбавалі яйкі ў чырвоны колер, пеклі булкі таксама. Яшчэ рабілі горку і качалі яйкі. Выйграваў той, чыё яйка сама далёка закаціцца.

На другі дзень хадзілі валачобнікі. Іх сустракалі, кармілі смачна. Яны павінны былі абавязкова з сабой прынесці яйка.

На Радуніцу хадзілі на могілкі да родных. Убіралі на могілках і размаўлялі з памёршымі. Дзеці хадзілі хрыставаць да хросных.

Запісана ў в. Буркі Брагінскага р-на

ад Раманюк Марыі Адамаўны, 1930 г.н.,

студэнткай Кашэвіч Л.

Вербачкі свяцілі за нядзельку да Вялікай Паскі. На Вербну нядзельку бралі вербачкі, калі рання Паска, дык яна такая шчэ, толькі почачкі. Дык мы пойдзем, наломім, паставім у вадзічку ў хаце, яна й разаўецца. Тады ўжо бумажкамі ўкрасім яе, лентачкамі пазаўвязваем красіва, пойдзем у цэркаў. У цэркві свечачку возьмем, у вербачку паставім, завяжам. Ну, ета була ж Вяліка нядзеля, свяцілі вербачку ету. І вот вербачку пасвеціш, ідзеш, набярэш гулечэк багата, хто ідзе ў цэркаў, хто не йдзе, каму не можна, усягда дзяліліся. Пытаюць гулечку – усягда дзелішся, хто папросіць, усім дасі тую вербачку. І асобенно дзетак малых тою вербачкаю б’еш і прыгаварваеш:

Верба б’е, не я б’ю,

Вялікдзень за тыждзень.

Будзь здароў, як вада,

Будзь багаты, як зямля.

Красна яечка недалечка.

Даждаліся Паскі святой – красная субота. Мамкі пякуць паску, яечкі красяць, дзеткі тыя яечкі складаюць: “Мамка, дай буду яечкі складаць!” Шчытаюць, колькі трэба пакрасіць, колькі хрышчанят, бо трэба накрасіць, каб було ўсіх надзяліць. Ну, вот пакрасіш, булі ж яечкі, бо самі ж не елі – пост, дык насабіралі. Пакрасіш тыя яечкі, напячэ мама і мяска, і каўбасак, і парасёнка маленькага спячэ.

І вот ужэ на першы дзень Паскі не хадзілі хрыставаць дзеткі – гэта нельзя, а разгавеюцца і ўсходзяць на вуліцу, гуляюць так спакойна.

А на другі дзень эта ўжо хадзілі. У каго былі зяці, дык к цёшчам хадзілі. І вот прыходзяць зяці, затым хроснікі ідуць, ідуць. Стол накрыты цэлы дзень: тое тады прыдзе, той тады, усе разам не сабіраліся. І вот, бралі канфеты па-нямногу, пячэнікі, паску давалі, яечкі, каўбаску паложыш. Эта на другі дзень Паскі хадзілі ў госці: зяці да цёшчаў і хрыставаць дзеткі хадзілі.

У дзень Паскі ніхто ні работаў. Гэта буў дзень – празнік бальшой. Гулялі ўсе: старыя, маладыя. І ўсе работы роблены булі, усё папрыбіраем, паўбіраем, ды й да празніка штоб ужо було чыста.

Запісана ў в. Дуброўнае Брагінскага р-на

ад Міхаленка Вольгі Якаўлеўны, 1932 г.н.,

студэнткай Баўтручок Л.

 

У Чысты чацвер мылі, прыбіралі двары, хаты, хлявы перад Паскай. У Красную суботу красілі яечкі, пеклі паску, варылі святочную яду. Звечара на ўсю ноч ішлі ў цэркву, як кажуць, на ўсеночную. З усходам сонца асвячалася ўсё тое, што прыносілі людзі: яечкі, булкі, мяса, вада. З етай асвечанай яды і начыналася первае снеданне. Толькі зразу трэба було ўмыцца крашаным яечкам. Хто клаў яго ў святую ваду і мыўся вадой, а хто качаў яечка па твары.

На Паску гулялі ў біткі: чыё яечка паб’еш, тое і забіраеш сабе. На Паску не здароваліся, а хрыстосываліся. Казалі: “Хрыстос уваскрэс!”

На другі дзень Паскі хадзілі валачобнікі. Я валачобных песень ужэ не помню, толькі радочкі:

А ў матулькі адна дочка,

Сад зялёны, вішнёвы.

Як вішанька ў садочку,

Сад зялёны, вішнёвы.

Пайшла ж яна…

У еты ж дзень кумаўе носіць сваім хрышчонікам валачобнае. На могілкі на Паску не хадзілі, да і шчас не ходзяць.

Запісана ў в. Зарэчча Брагінскага р-на

ад Фраловай Кацярыны Дзмітрыеўны, 1913 г.н.,

студэнткай Лук’янавай Л.

 

Паска бывае ўсё ўрэмя ў красавіку, ну, толькі ў етым (2002) годзе была 5 мая, а сяголета будзе 27 красавіка. Перад Паскай было 7 нядзель посту, а тады ўжэ Паска гатуецца.

Яшчэ перад Паскай у “чысты чацвер” уставалі досвета, умываліся, абходзілі свой увесь двор з венікам і абмяталі, штоб усе ў етым годзе былі дужыя, не балелі.

Гатавалі ў нас, хто што мог. Стараліся багата наварыць смачнага. У суботу пяклі булкі з крэсцікамі наверсе. Красілі яечкі ў вадзе, настоенай на цыбульных шалушках.

Увечары ўсе ішлі ў царкву, ета называлася “Красная субота”. У цэркві бацюшка свяціў паску. Пад утра прыходзілі дадому, на стол клалі ўсё пасвечанае, рэзалі яго. Тады налівалі ў міску ваду, клалі ў яе свечанае яйцо і тады ўмываліся етай вадой. Стараліся, каб за сталом была сабрана ўся сям’я дружна, штоб і ўвесь год так жыць.

Шкарлупкі з яечак давалі курам, а некаторыя закопвалі ў землю, таму што свячонае было грэх раскідаць, так шчыталі. Ну, а тады дзень гулялі ў біткі, скакалі, ігралі на гармошцы.

У панядзелак насілі хрышчэнікам валачобнае. Ну, і на етым у нас Паска канчаецца. Нядзеля пасля Паскі называецца “Аркушова”.

Запісана ў в. Малейкі Брагінскага р-на

ад Краўчанкі Ганны Паўлаўны, 1935 г.н.,

студэнткай Максімчык А.

 

Паску атмячалі. Шчэй як атмячалі: у цэркву ходзяць, да з цэрквы прыдуць, а патом ужэ садзяцца за стол, да й атмячаюць. Ета, валачобна даюць у нас так: я от, напрымер, як у мяне ёсць хрышчаняты, я ім даю валачобна, ці ё ўнучаняты, я ім даю валачобна. Тут ужэ нада несці к ім самім. Я нясу сваім хрышчанятам пячэнне, канфеты, яечкі. Ну, там ужо мо пасачкі кусочак на Паску і даюць, на васкрэсенне ўтрам. А калі было і такое, што й на Радуніцу ж давалі. Песен у нас не пяюць.

Самі хадзілі. Сама, мо, бяжыць яна па вуліцы, дык я пазаву да аддам.

Запісана ў в.Сялец Брагінскага р-на

ад Цярэшчанка Ганны Васільеўны 1929 г.н.,

Краўчанка Кацярыны Сямёнаўны 1926 г.н.,

Новак В.С., Вяргеенка С.А.,

студэнткамі Арловай А., Сакаловай Ю.

 

Да Пасхі ўсе людзі загадзя прыбіралі ўсё. У хаці ўсё вумывалі. Вокны, пол мулі, грубку з паталком бялілі. Занавескі ўсе вусцірувалі. У дварэ, калі якое смецця ляжыць, дак зграбалі ўсё, да палілі.

У “чысты чацверг” самі муліся. Дзецям давалі ўсё новае адзяваць. Яшчэ, як мулі дзяцей, дак яечкі пакрашаныя ў воду тую клалі, шоб дзеці здаровымі булі.

“Здрастуйця”, – з у гэты дзень ня казалі, а казалі “Хрыстос уваскрэс”. А другі ўжэ атвячая: “Ва ісцяна ўваскрэс”.

Да вячэры з самага рання гатовіліся. Яечкі красілі шалупінням ад цыбулі, булкі пеклі, мяса варылі. Мяса ж багата було, ба да Пасхі ўсе свінней білі. Усяго на стале було.

Тады ўжэ вечарам вячэраць садзіліся. Перад тым, як сесці, маліліся, дзякувалі Богу за яду, шо на стале. Тады ўжэ вячэралі. Сразу наўбіткі гулялі. Перад Пасхай няльзя наўбіткі гуляць, а толькі ў еты дзень, вечарам. Вубіралі мацака. У каго мацак будзя, дак той, значыцца, шчаслівы і здаровы будзя.

Перад Пасхай, на Здвіжання, глядзелі, як сонца ўсходзіць. Яно ўсягда “іграе”. А бувала, шо хмары ўранні, дак нявідна, як яно ўсходзіць, дак ета значыцца, етае лета будзя паганае.

Запісана ў в. Чамярысы Брагінскага р-на

ад Краўчанкі Марыі Яўхімаўны, 1929 г.н.,

студэнткай Краўчанкай Н.

 

Падрыхтоўка да Вялікдня адбывалася на працягу Перадвялікоднай нядзелі і заканчвалася ў суботу. У нас гэта субота называлася краснай. У красную суботу гатавалі святочную ежу. Яйкі красілі ў красны цвет. А красілі іх: бралі луску з цыбулі ды й варылі ў ей яйкі. Тады яны палучаліся такія красненькія, прыгожанькія.

На Вялікдзень пеклі і булкі. Іх мазалі яйкам, пасыпалі сахарам. Упрыгожвалі ж пасхі: выраблялі з цеста храста або шышкі.

Віталі адзін аднаго на Вялікдзень словамі: “Хрыстос уваскрэс”.

На Вялікдзень усю ноч правілі ў цэркві, пакуль Ісуса Хрыста падымуць. Стаялі ў цэркві ўсю ноч . Тады бацюшка свяціў пасху, яйкі, сала, хрэн.

Пасля ўсё гэта прыносілі дадому, садзілісь і разгаўлялісь. Елі яйкі, сала, каўбасы, хрэн, булкі.

На гэта свята гулялі ў біткі. Калі моё яйка разбілась, тады я аддаю сваю бітку. У нашай мясцовасці качалі яйкі з горкі. Пераможцам у гэтай гульні быў той, чыё яйка пакоціцца далей.

На трэці дзень Вялікдня хадзілі валачобнікі. Больш ім давалі яечкі, пасху. Канхвет жа тады было мала, мы і самі не зналі, якія яны былі на смак.

Запісана ў в. Лубенікі Брагінскага р-на

ад Гайдук Ганны  Свясцьянаўны, 1922 г.н.,

студэнткай Хвост І. (2003 г.)

 

Пасха

Яечкі красілі. Мужыкі збяруцца на вулічку, яечкі набяруць у карманы і ўжо ў біткі гуляюць.

Яечкі, канфеты нясу храшчэнцам сваім.

Запісана ў в. Зарэчча Брагінскага р-на

ад Іотчанка Марыі Канстанцінаўны, 1935 г.н.,

Протчанка Марыі Васільеўны, 1928 г.н.,

студэнткамі Кушняровай К., Тараненкай А.,

Арловай А., Сакаловай Ю. (2003 г.)

 

Валачобнікі хадзілі. Утрам сабіраліся старыя ў царкву, а тады разгаўляліся. Хлопцы бяруць яечкі, капалі такія ямачкі, тады качалі такія яечкі. Глядзелі, чыё разаб’ецца.

Уранні ўстаюць дзеці. Усягда нада, каб яны красным яічкам умыліся. Гэта для таго, каб былі чыстыя.

Разгаўляліся. Каля клуба музыка іграла. Хросныя-валачобнікі хадзілі, насілі хрышчанятам сваім булкі, яечкі клалі. Як сабяромся такія во бабы-трындычыхі, так мы можам і па чарцы ўзяць – Вялікдзень жа.

Запісана ў в. Зарэчча Брагінскага р-на

ад Сонавай Юліі Ульянаўны, 1934 г.н.

(ураджэнка в. Сцежарнае Брагінскага р-на),

Карпенкі Ніны Адамаўны, 1925 г.н.,

студэнткамі Кушняровай К., Тараненка А.,

Арловай А., Сакаловай Ю. (2003 г.)

 

По материалам: Народная духоўная культура Брагіншчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік / Складальнікі: Новак В.С., Коваль У.І.