Выкарыстанне польскамоўных сродкаў у фразеалогіі гаворак Гродзеншчыны

Гаворкі Гродзеншчыны з даўніх часоў мелі сувязь з іншымі мовамі. Гэта не магло не адбіцца на іх фразеалагічнай сістэме. Асобныя фразеалагізмы ўвабралі ў сябе іншамоўныя элементы, якія маглі з’явіцца непасрэдна праз фразеалагічнае запазычванне ці апасродкавана, пад уздзеяннем лексікі іншай мовы.

Найбольш прыкметны ўплыў на дыялектную фразеалогію аказалі тыя мовы, з якімі беларускія гаворкі кантактавалі непасрэдна на працягу значнага перыяду: балтыйскія, польская, руская, цюрскія, ідыш. Характар гэтага ўздзеяння быў неаднолькавы, залежаў ад ступені роднасці, сферы выкарыстання, сацыяльнай функцыі, працягласці функцыянавання іншых моў у беларускім асяроддзі.

У выніку міжмоўных кантактаў пэўная колькасць фразеалагізмаў Гродзеншчыны (па нашых падліках, прыкладна 3 %) атрымала польскамоўныя рысы.

 Фактычны матэрыял, сабраны намі з дыялектных слоўнікаў і непасрэдна з гаворак, сведчыць, што фразеалагізмаў, у якіх усе структурныя часткі выступаюць паланізмамі, адносна няшмат. Гэта, як правіла, фразеалагічныя запазычанні з польскай мовы, кампаненты якіх у той ці іншай ступені захоўваюць рысы, уласцівыя этымону, значэнне якога таксама запазычана: голы як свенты турэцкі ‘вельмі бедны, не мае грошай’ – goly jak święty tyrecki; закрапіць рабака ‘выпіць спіртнога’ – zakropić robaka; з відзэня ‘знешне, звонку’ – z widzenia; згінь ты пшападні ‘выказванне незадавальнення’ – zgiń ty phzepadnij, ісці удры на удры ‘знаходзіцца ў рэзка варожых адносінах’ – iść udry na udry; на падарэндзі ‘на відным месцы, пад рукой, напагатове’ – na podorędzіu

У структуру фразеалагізма ўваходзіць, як правіла, толькі адзін лексічны паланізм. Астатнія кампаненты з’яўляюцца або ўласнабеларускімі, або агульнымі для беларускай і польскай моў. Тлумачыцца гэта тым, што фразеалагічная сістэма беларускай мовы, як і ўсякай іншай мовы, надзелена пэўным «імунітэтам» супраць празмернага пранікнення ў свае межы іншамоўных лексічных адзінак. Яна дапускае ў сваё «асяроддзе» чужародны матэрыял абмежавана, у такой ступені, калі не адбываецца зацямненне ці выключэнне традыцыйных, устойлівых лексіка-граматычных норм, напрыклад: важнае расы свінняrasa ‘парода’, вачэй не змружыцьzamrużyć ‘заплюшчыць’, да крэсу, да самага крэсу (да самых крэсаў)kres ‘канец, мяжа’, з дваццаць пятаго рокуrok ‘год’, з пэндуpęd ‘імклівы, хуткі рух, бег, палёт’, ні богу свечка ні чорту ожах  – ożóg ‘галавешка’, ‘качарга’, перажагнацца леваю рукоюprzeżegnać się ‘перахрысціцца’, сытаго польца мазацpoleć ‘вялікі кавалак, скіба’, тыле тагоtyle ‘столькі’, яглы з макамjagly ‘прасяная каша’, як аб тахрошні снегtakroczny ‘мінулагодні’, (трыбух) як валізаwaliza ‘чамадан’.

Разгледзім тыпы фразеалагізмаў, якія спалучаюць у сваёй структуры лексічныя элементы дзвюх моў: беларускай і польскай.

1. Няпоўныя фразеалагічныя калькі з польскай мовы. Калькаванне – самы распаўсюджаны спосаб асваення чужых фразеалагізмаў. Кампаненты іншамоўнага фразеалагізма перакладаюцца беларускімі сэнсавымі адпаведнікамі. «Іншамоўнасць такіх скалькаваных выразаў зусім не адчуваецца. Многія з іх усведамляюцца як жывыя метафарычныя ўтварэнні з яркім вобразным стрыжнем, сфарміраваным на аснове слоў канкрэтнага значэння… Перафарбоўваючыся пад нацыянальную ідыяматыку, яны арганічна ўваходзяць у маўленне, уліваюцца ў агульную плынь нацыянальнай мовы» [1, с. 37-38]. Напрыклад: на святыя ніколі < na święty nikdy, што то я < co to ja, даць прыпаліць  < dać przypalić. Аднак фразеалагічнае калькаванне бывае няпоўным. Няпоўныя фразеалагічныя калькі (паўкалькі) – гэта фразеалагічныя запазычанні, якія перакладзены на беларускую мову часткова. Яны складаюцца і з беларускіх, і з польскіх лексічных кампанентаў. Гэта не поўнасцю прыстасаваныя да мясцовай гаворкі фразеалагізмы, якія не страчваюць цалкам каларыту іншамоўнасці: адным пэндам ‘вельмі хутка, умомант’,  тым пэндам ‘адразу ж, хутка, у той самы час’ – pęd ‘хуткасць’; адным цёнгам ‘бесперапынна-надакучліва і доўга (гаварыць, крычаць, енчыць і пад.)’, ‘вельмі хутка, у адзін момант’ – ciąg ‘ход, цячэнне (падзей, спраў)’; без дай рацы ‘без прычыны’ – racja ‘падстава, сэнс, аснова’;  гарончкі бяруць ‘хто-н. праяўляе нездаровы інтарэс да дзяўчыны, жанчыны’, гарончка яго бяры ‘няхай будзе так, няма чаго непакоіцца, турбавацца’ – gorączka ‘гарачка, ліхаманка’;  гвяздаў з неба не збірае ‘мае сярэднія здольнасці, нічым асаблівым не вылучаецца’, пад шчасліваю гвяздай урадзіўся ‘шчаслівы, удачлівы, мае поспех’gwiazda ‘зорка’; па дзісь дзень ‘да гэтага часу’ – dziś ‘сёння’; пляга яго бяры ‘няхай будзе так: выказванне згоды, уступкі’ – plaga ‘бяда, няшчасце’; птасе малако ‘што-н. незвычайнае, неверагоднае’ – ptasie ‘птушынае’; чысты следзь вымачаны ‘змучаны’ – śliedź ‘селядзец’; сцента шыя ‘бяда, гора, шмат клопату’ – ścięty ‘зрэзаны’; як аман у пацерах ‘пэўна, абавязкова’ – amen ‘амін’.

2. Фразеалагізмы, якія ўзнікалі на беларуска-польскім памежжы, на глебе беларуска-польскага двухмоўя. Гэта так званыя крэсовыя фразеалагізмы, для ўтварэння якіх выкарыстаны  і беларускі, і польскі лексічны матэрыял: ад чшыкрульскай буры ‘з мінулых часоў’,  ні да зімнай вады ‘ні да чога не прыдатны’, ні пес ні выжал хоць с хаты выжань ‘кепскі чалавек’, кралеўна плача ‘падае дождж пры святле сонца’, як бонк конскай крыві ‘залішне, празмерна (напіцца)’, як з ксёнжкі бярэ ‘вельмі добра, гладка (гаворыць)’, на зялёныя нігды ‘невядома калі, ніколі’, як пан пшэнны ‘вельмі добра, у поўным дастатку, раскошна (жыць)’, як чорт на пудэлку ‘вельмі актыўна (рухацца, круціцца)’, як шавец на божа цяла ‘залішне, празмерна (напіцца)’.

3. Фразеалагізмы, ахопленыя міжмоўнай лексічнай варыянтнасцю. Яны ўяўляюць сабой, як правіла, дзве разнавіднасці, у адной з якіх усе словы беларускія, а другая складаецца і з беларускіх, і з польскіх слоў-кампанентаў: адным цягам (адным цёнгам), Божа сцеражы (стрэж Божа), валасы дыбам стаюць (влосы дыбам стаюць), з-пад ногця гразі не дастаць (з-пад пазура гразі не дастаць), крылы апусціўшы (скрыдла апусціўшы), ляпаць доўгім языком (ляпаць длугім языком), нешта вялікае ў лесе здохла (нешто велька ў лесі здохло), на парозе (на прогу), псаваць паветра (псаваць паветша), пыльным мяшком стукнуты (пыльным воркам стукнуты) як курыца лапай (як курыца пазурамі),  як мыла з’еўшы   (як мыдла з’еўшы). Варыянты з польскамоўным элементам маглі узнікнуць ў гаворках або калькаваннем фразеалагізмаў з польскай мовы, або пад уплывам лексічна-фанетычнай сістэмы польскай мовы, або пад уплывам лексічнай сістэмы ўласных гаворак, у якіх польскія словы набылі адзнакі запазычанняў.

4. Міжмоўныя таўталагічныя ўтварэнні. Яны ўяўляюць сабой фразеалагічныя канструкцыі, у якіх суіснуюць беларускі і іншамоўны кампаненты, што на лексічным узроўні выступаюць семантычнымі эквівалентамі. Так, у выразах-кленічах пачатковы злучнік каб дублюецца польскім адпаведнікам жэбы (żeby): Кап ты ні прыждаў жэбы ты!; Каб вас халера пабрала жэбы вас!; Кап це парвало жэбы цібе! Падобнае «суседства» моўных сродкаў, якія генетычна звязаны з беларускай і польскай мовамі, бачым і ў фразеалагізмах і кучачку і горбачку ‘вельмі многа (нагаварыць)’ (горбачкагорба (гурба) – польск. hurba ‘гурт, куча’), на моц на сілу ‘з вялікімі цяжкасцямі’ (моц – польск. moc ‘сіла’), ці шалёны ці навядзоны (навядзоны – польск. nawiedzony ‘шалёны, апантаны’). Польскамоўны лексічны кампанент, семантычна ідэнтычны беларускаму, у такіх выразах не ўспрымаецца як семантычны лішак. Наадварот, ён выконвае важную фразеаўтваральную функцыю, актуалізуе экспрэсіўнае, узмацняльнае значэнне фразеалагізма.

5. Фразеалагізмы, утвораныя з выкарыстаннем рознамоўных запазычаных элементаў. Сустракаюцца ўнікальныя прыклады, калі рэгіянальны фразеалагізм спалучае ў сваёй структуры лексічныя адзінкі двюх іншых моў (польскай і рускай ці польскай і балтыйскай): на нядзелі сем змян (руск. неделя ‘тыдзень’, польск. zmiana ‘змена, перамена’), перашчытаць жэбры (руск. перещитать ‘пералічыць’, польск. żebry ‘рэбры’), перашчытаць скабы (руск. перещитать ‘пералічыць’, літоўск. skobà ‘рабро’,  (жыць) як почка ў садле (руск. почка ‘нырка’, польск. sadło ‘сала’).

Вядомы выпадкі кантамінацыйнага збліжэння рознамоўных элементаў, вынікам якога з’яўляецца ўтварэнне свайго фразеалагізма. Так, выраз на нет ‘зусім, поўнасцю, дашчэнту’, ‘у найвышэйшай ступені’ ўзнік шляхам гібрыдызацыі польск. wnet ‘зараз, хутка’, ‘адразу’ і руск. нет. Аб дачыненні да фразеалагізма слова польскага паходжання сведчыць існаванне ў гаворках прамежкавых форм внэт ‘ушчэнт, зусім’, на ўнэт ‘ушчэнт’. 

У гаворках назіраецца і такі працэс, яу утварэнне слоў на базе фразеалагізмаў з польскамоўнымі элементамі. Акрэслім асноўныя спросабы падобнай адфразеалагічнай лексічнай дэрывацыі.

Найбольш просты спосаб – складанне, механічнае зліццё кампанентаў у адно самастойнае слова, напрыклад, гэдак веля > гэдаквеля, мала-веля > малавеля, на тых мяст > натыхмяст, сіла-моц > сіламоц, так рок > такрок, тым пэндам > тымпэндам: Кап хоць мала-веля ў хаці рабіла, а то ляжыць, як лярва, цэлы дзень. Старына Маст. Яму мало-веля скажы ні так, як п’яны прыдзя, – с кулакамі скача. Марцянаўцы Ваўк. [2, с. 11]. Калі ўжо малавеля падрасла, дык думая, што й бацькі ні патрэбныя. Вігушкі Іўеў. [3,  с. 250]; Малавеле паспаў, і ўжэ мне палепшало. Даргужы Івац. [4, с. 130]. Пойдзяш, папытаяш, і каб на тых мяст дахаты! Старчаняты Іўеў. [2, с. 129]. Ідзі і натыхмяст мне прынясі тоя, што ўзяў. Бо кепско будзя. Каўпакі Гродз. [5, с. 94]. Мушчыны пашлі пакурыць, а я тым пэндам салка ўрэзала, гуркоў прынясла. Паўлаўшчына Ваўк. [2, с. 182]. Як маладыя будуць ехаць, тымпэнтам мяне пакліч. Масеевічы Ваўк. [3, с. 494].

З адноснай лёгкасцю аб’ядноўваюцца кампаненты “мінімальных адзінак фразеалогіі” (П.А.Лекант), якія маюць структуру “назоўнік з прыназоўнікам”, напрыклад,  ад клясы > адклясы, да плягі >  даплягі, з  малянкосці > змалянкосці, з пэнду > спэнду, на нет (на ўнэт) > нанет (наўнэт): Лілька з малянкосьці спрытна да работы. Марцянаўцы Ваўк. [2, с. 83]. Ён і змалянкосці ні меў добрага здаровя, і ціпер ні мая. Дарашэвічы Гродз. [5, с. 61].  Як угледзела хлопцаў на раварах, так с пэнду сарвалася з лаўкі – і за імі. Першамайск Шчуч. [2, с. 87]. Як уляцеў некі сабака, так спэнду на нашаго і напаў, каб ні адагнаў – загрыз бы. Дарашэвічы Гродз. [5, с. 135]. А ў міне ў гэтум року яргіні зусім ні было, зьмерзла ўся ў сьцёпцы, прапала на нет. Старына Маст. [2, с. 124].  Твая нявестка як шчэпка стала, нанет высахла. Лазаўцы Івац. [4, с. 144]. Усе памідоры згнілі на ўнэт. Пацаўшчына Дзятл. [6, с. 212]. Дачка тады наўнэт спужалася, што вазьмуць яе ў Гярманію. Верашоўшчына Свісл. [3, с. 288].

Можна прыводзіць прыклады ўтварэння слоў на базе аднаго фразеалагічнага кампанента. Распаўсюджаным спосабам такога ўтварэння з’яўляецца скарачэнне, рэдукцыя фразеалагізма. Пашыраецца яно на тыя адзінкі, якія ў мове пэўнага соцыуму з’яўляюцца актуальнымі, агульнавядомымі. Яны настолькі замацаваліся ў свядомасці моўніка, што і ва ўсечаным выглядзе ўспрымаюцца з уласцівым ім  значэннем. Рэшткі ўсечанага фразеалагізма пераймаюць яго значэнне, замацоўваюцца ў гаворцы і набываюць статус узуальнай лексічнай адзінкі: з коптурам > коптурам ‘вышэй краёў посуду, з верхам’, крэнтам-мэнтам > крэнтам ‘рознымі хітрыкамі, падманам, выкручваючыся (дабівацца чаго-небудзь)’.

 Акрамя рэдукцыі, можна вылучыць і такі спосаб адфразеалагічнай дэрывацыі, як кампрэсія. Пры такім спосабе ўтваральнай асновай слова выступае, як правіла, граматычна залежны кампанент фразеалагізма, і да яго далучаюцца марфемы, што пэўным чынам указваюць і на граматычна галоўны кампанент, з’яўляюцца «адгалоскамі» гэтага кампанента. Напрыклад, слова шароўка ‘час, калі пачынае цямнець, на стыку дня і ночы, прыцемак’ утварылася на базе прыметнікавага  кампанента шарая фразеалагізма шарая гадзіна, а катэгарыяльнае значэнне яго сфарміравалася пад уплывам назоўнікавага кампанента шляхам выкарыстання адпаведнай назоўнікавай марфемы: Летам на шароўцы ў вёсцы яшчэ многа работы. Караняты Астр.  [3, с. 556].

Такім чынам, гаворкі Гродзеншчыны дэманструюць нямала прыкладаў фразеалагізмаў з польскамоўнымі элементамі, што выклікана непасрэдным кантактаваннем іх з польскай мовай на працягу розных гістарычных перыядаў.

М.А. Даніловіч

по материалам: Шлях да ўзаемнасці 2012