Вясельны абрад

Брама (рэканструкцыя з элементамі анімацыі ў якасці платнай паслугі прапаноўваецца Цэнтрам рамёстваў п. Рось Ваўкавыскага р-на) – вясельны абрад, што адбываецца падчас сустрэчы маладых ад шлюбу альбо на этапе выкупу нявесты дружынай жаніха і благаславення да шлюбу (хутчэй за ўсё, апошні варыянт – вынік сучаснай трансфармацыі традыцыі). У традыцыйных варыянтах па дарозе ад вянца вясельны поезд накіроўваўся да карчмы, пазней – да крамаў, дзе дружкí частавалі дружак слодычамі. Адтуль ехалі да дома маладой, дзе вясельнікі ладзілі Б.  – дрэўцы (маладыя бярозкі ці ялінкі) ці жэрдкі, звязаныя паміж сабою і часам упрыгожаныя. У цэнтры Б. ставіцца стол з гарэлкай і хлебам з соллю, а вакол яго вартавыя, якія не прапускаюць поезд у хату. У Б. адбываецца тэатралізаванае прадстаўленне, у некаторых вёсках з пераапрананнямі (у “каваля”, “авечку”). Падчас прадстаўлення адбываюцца перамовы паміж вясельнікамі і сватам, дружкамі і маладым аб выкупе дарогі ў хату. У католікаў падчас Б. прынята было спяваць “Сто лят” і страляць з ружжаў. У рэканструяванай версіі ў п. Рось Б. уяўляе сабою два злучаных ручніка, пад якімі праводзяць маладых. Як больш ранні варыянт адзначаецца звычай загортвання ў чырвоныя канцы ручніка боханаў хлеба. Потым гэты ручнік падымалі ў выглядзе “брамы”, пад якой праходзілі маладыя.

У турыстычнай практыцы разгорнуты абрад Б. можа быць выкарыстаны ў якасці асновы для анімацыі ў рамках знаёмства турыстаў з традыцыйнай вясельнай абраднасцю беларусаў рэгіёна. Інфармацыю аб асаблівасцях рэканструкцыі абрадавых элементаў можна атрымаць у раённых метадычных цэнтрах народнай творчасці.

 

Літаратура:

  1. Даніловіч М.А., Памецька Н.К., Піваварчык І.В. Беларускае вяселле. Абрад. Зычэнні. Тосты. Прыказкі. Фразеалагізмы (на матэрыяле Гродзеншчыны). – Гродна: Таварыства беларускай мовы, 2000
  2. Материалы по этнографии Гродненской губернии. Вып. 1. / ред. Е. Романов. – Вильна, 1911.
  3. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6 т. Т. 3. Гродзенскае Панямонне. У 2 кн. Кн. 1 /В.І. Басько [і інш.]; аўт. ідэі Т.Б. Варфаламеева; агул. рэд. Т.Б. Варфаламеевай. – Мн.: Выш. шк., 2006.

І.С. Чарнякевіч.