Вялікдзень

Вялікдзень (Пасха) (у якасці поўнасцю альбо часткова рэканструяванага абрада выступае ў в. Ракавічы Шчучынскага р-на, Глядавічы Мастоўскага р-на, Улезлы Ваўкавыскага р-на) – веснавое свята старажытных славян ў гонар сонца, абуджэння прыроды і надыходу “вялікіх дзён” палявых работ. З усталяваннем хрысціянства злілося з найвялікшым хрысціянскім святам – Светлым Хрыстовым Уваскрасеннем (Пасхай). Адзначаецца ў першую нядзелю з наступленнем поўні ў дзень альбо адразу пасля веснавога раўнадзенства, у праваслаўных - абавязкова пасля яўрэйскай Пасхі. Дата вылічваецца у праваслаўных - па Александрыйскай, у каталікоў – па Грагарыянскай пасхаліі. Абрадавасць велікодных дзён, а таксама свят і прысвяткаў, што што аб’ядноўвай вакол сябе Вялікдзень, мае пераважна аграрную семантыку. За тыдзень да Вялікдня адбываецца свята Вербніцы (Вербная нядзеля, Уваход Гасподзень у Іерусалім, Пальмавая нядзеля). У гэты дзень асвячалі галінкі вярбы (падрыхтаванай загадзя і ўпрыгожанай), якім надаваліся магічныя (галоўным чынам засцерагальныя і ахоўныя) ўласцівасці. Дагэтуль захаваўся звычай сцябаць асвечанай вярбой усіх дамоўнікаў пасля вяртання з храма. Асвечаныя вербы захоўваюцца ў хаце да наступнай вербніцы. На Вялікдзень асвячалі прыгатаваныя загадзя стравы, галоўнай з якіх было фарбаванае яйка. Акрамя чырвонага колеру, на Гродзеншчыне былі распаўсюджаны і іншыя колеры (зялёны, жоўты). Вырабляліся таксама рознакаляровыя велікодныя пісанкі. На Вялікдзень абавязкова пяклі пірагі (“паскі”, “бабкі”, “мазуркі”), гатавалі шмат мясных страў. У суботу ўвечары, збіраючыся на Усюночную службу, складвалі ў кораб альбо карзіну стравы для асвячэння – часам столькі, каб хапіла на цэлы тыдзень. Пазней сталі свяціць толькі яйкі, соль, пірог. Пасля разгавення трохі адпачывалі, потым ішлі на вуліцу – качаць і біць яйкі. На другі дзень В. пачыналі хадзіць і ездзіць у госці да сваякоў, суседзяў. У гэты дзень святар асвячаў дамы прыхажан. У Ваўкавыскім раёне ў гэты дзень хлопцы дзевак аблівалі вадой. У гэты ж дзень адбываліся і дзіцячыя абходы: да родных, да павітухі. У Панямонні ў некаторых вёсках да гэтага часу захаваўся абрад валачобніцтва (віншавальны абыход двароў маладымі хлопцамі і мужчынамі). Гурт валачобнікаў (валакальнікаў, галакальнікаў, галыкальнікаў, ралешнікаў) першапачаткова складаўся толькі з мужчын, пазней з’явіліся і змешаныя гурты: мужчыны і жанчыны, маладыя хлопцы і дзяўчаты. Пачынаюць хадзіць у першы дзень В. увечары, ходзяць аж да ранку, не абмінаючы ніводнай хаты, спяваюць спецыяльныя валачабныя песні, гаспадары адорваюць валачобнікаў прадуктамі. Пасля гурт ладзіць агульную вечарыну. У некаторых лакальных традыцыях валачобнікі хадзілі ўвесь Велікодны тыдзень. З пэўнымі зменамі В. захаваўся як жывая традыцыя і дагэтуль. Адзначаецца паўсюдна на Беларусі. У сучаснай турыстычнай справе асобныя элементы комплексу В. (напрыклад, валачобны абрад, велікодныя гульні) могуць быць прадстаўлены ў якасці турыстычнай паслугі ці анімацыі. Інфармацыю аб асаблівасцях рэканструкцыі абрадавых элементаў можна атрымаць у раённых метадычных цэнтрах народнай творчасці. Літаратура: 1. Этнаграфія Беларусі: Энцыкл. (Беларус. Сав. Энцыкл.; Рэдкал.: І.П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. – Мн.: БелСЭ, 1989. 2. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6 т. Т. 3. Гродзенскае Панямонне. У 2 кн. Кн. 1 /В.І. Басько [і інш.]; аўт. ідэі Т.Б. Варфаламеева; агул. рэд. Т.Б. Варфаламеевай. – Мн.: Выш. шк., 2006. 3. Земляробчы каляндар: Абрады і звычаі / Уклад., класіфікацыя, сістэматызацыя матэрыялаў і камент. А.І. Гурскага; Уступ. арт. А.І. Гурскага, А.С. Ліса. – 2-е выд., выпр. – Мн.: Бел. навука, 2003. 4. Беларусы. Т. 6. Грамадскія традыцыі / В.Ф. Бацяеў, В.М. Бялявіна, А.У. Гурко і інш.; Рэдкал.: В.М. Бялявіна і інш.; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі. – Мн.: Бел. навука, 2002. 5. Беларускі фальклор: Жанры, віды, паэтыка; Кн. 1. Каляндарна-абрадавая паэзія / А.С. Ліс, А.І. Гурскі, В.М. Шарая, У.М. Савіцкі; Навук. рэд. А.С. Фядосік. – Мн.: Бел. навука, 2001. 6. Ліс А.С. Беларуская каляндарна-абрадавая паэзія ў кантэксце фальклорных традыцый славян. – Мн.: Бел. навука, 2008. 7. Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев, белорусов. – Москва, 1979. 8. Ліцьвінка В. Святы і абрады беларусаў. – Мн., 1997. 9. Материалы по этнографии Гродненской губернии. Вып. 1. / ред. Е. Романов. – Вильна, 1911. І.С. Чарнякевіч