Вобразы Сярэдневякоўя ў беларускай аркестравай музыцы апошняй трэці ХХ – пач. ХХІ стст.: культурна-мастацкі кантэкст і творчая практыка

Вобразы даўніны і тэма гістарычнай мінуўшчыны заўсёды мелі важнае значэнне ў культуры розных краін, сцягвалі вакол сябе духоўныя пошукі і культурна-сацыяльныя інтэнцыі грамадства, шырока адлюстроўваліся ў мастацтве.

Тэндэнцыя гістарызму арганічна ўпісалася і ў плюралістычную панараму беларускай мастацкай культуры апошняй трэці ХХ – пач. ХХІ стст., акрэсліўшы важнае ў эпоху глабалізацыі пачуццё нацыянальнай ідэнтычнасці, культурна-гістарычнай памяці праз ментальна-знакавыя вобразы-сімвалы.

У такіх варунках захапленне старажытнасцю раскрылася ў звароце айчынных творцаў, у тым ліку кампазітараў, да перыяду, пазначанага ў гістарыяграфіі і мастацтвазнаўстве як эпоха Сярэдневякоўя. Таямнічая, маладаследаваная, яна прывабіла сваёй супрацьлегласцю штодзённасці і з’явілася імпульсам для мастацкіх разважанняў пра гістарычны шлях, багатую духоўную спадчыну Беларусі.

Вобразны свет Сярэдневякоўя раскрыўся ў розных музычных жанрах, але найбольш выразна – у сімфанічных і народна-аркестравых. Нягледзячы на свае высокія вартасці і істотную ролю ў гісторыі беларускага музычнага мастацтва, творы выдатных айчынных кампазітараў, прысвечаныя адпаведнай тэматыцы (сімфоніі, фрэскі для аркестра В. Войціка, А. Мдзівані, А. Літвіноўскага, Г. Ермачэнкава), яшчэ не прыцягвалі ўвагі даследчыкаў у якасці носьбітаў асобай ідэі. Спецыяльна распрацаваная ў дысертацыі метадалогія і кантэкстуальны падыход, які ўлічвае геаграфічны, храналагічны і культурна-мастацкі аспекты праблемы, даюць магчымасць выявіць важныя для канцэптуальнага асэнсавання аб’ектыўныя ўмовы, суб’ектыўныя імпульсы з’яўлення гэтых і іншых сачыненняў, высветліць іх прадуцэнтныя функцыі ў сучасным беларускім і ўсходнееўрапейскім музычным мастацтве.

Актуальнасць і неабходнасць навуковага даследавання вобразна-змястоўнага напаўнення і форм мастацкага ўвасаблення эпохі Сярэдневякоўя ў аркестравай музыцы айчынных аўтараў абумоўлены мастацкай каштоўнасцю яе ўзораў, іх філасофскай скіраванасцю, прынцыповай важкасцю для разумення культурна-эстэтычных і маральна-этычных інтэнцый сярэдневяковай эпохі ў беларускай мастацкай культуры апошняй трэці ХХ – пач. ХХІ стст.

Трафімчук Таццяна Юр’еўна

Trofimchuk Tatiana Yurievna

        «Images of the Middle Ages in the Belarusian orchestral music of the last third of XX – beginning of XXI century: cultural-artistic context and creative practice»

Keywords: orchestral music, belarusian composers, history of belarusian music, artistic image, genre, symphony, text, topos, symbol.