Ткацтва падвойнае

ТКАЦТВА ПАДВОЙНАЕ было вядома ад старажытных часоў у розных частках і краінах свету: на Бліжнім Усходзе, у Перу, Мексіцы, Італіі, Іспаніі,Англіі, краінах Скандынавіі, Германіі, Польшчы, Літве, на землях Старажытнай Русі. У др. пал. ХІХ ст. падвойныя дываны, як вырабы рамесніцкага ткацтва, з’яўляюцца ў сялянскім побыце на Гродзеншчыны і тэрыторыі каля Беластока і Аўгустова. Тканыя такой тэхнікай дываны выконваліся на шырокіх гарызантальных кроснах (даўжыня – да 2-х м., шырыня – 1,5 м.). Яны мелі дзве асновы розных колераў, злучаных між сабою толькі ў контурных абрысах двухбаковага малюнка (светлага на цёмным фоне і цёмнага на светлым). Малюнак раўнамерна размяркоўваўся на полі дывана і па яго бардзюрах, каб надаць тканіне большую звязанасць і неразрыўнасць. Каб выканаць разнастайныя ўзоры, ткачыха шляхам ручнога выбірання малюнка самастойна кампанавала задуманую кампазіцыю. Яе можна ўвесь час удакладняць, відазмяняць розныя дэталі і элементы. Такую вялікую колькасць цікавых і непаўторных фітаморфных, зааморфных і антрапаморфных арнаментальных і сімвалічных форм можна стварыць толькі ў падвойным выглядзе, што немагчыма паўтарыць у іншых тэхніках ткацтва. З часам гэтае складанае па тэхналогіі ткацтва пачынае знікаць, яго замяняюць больш простыя і хуткасныя шматнітовыя тэхнікі выканання ўзорыстых тканін. У міжваенны перыяд толькі ў вёсках паміж Гродна-Аўгустовам-Беластокам падвойныя дываны не пераставалі ўжывацца для вясельнага рытуалу, аздаблення культавых пабудоў і хатніх інтэр’ераў. Падвойныя дываны былі ўпершыню выяўлены і апісаны першым дырэктарам Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, мастацтвазнаўцам  Юзафам Ядкоўскім, які пад час экспедыцый у 20-30-ыя гг. ХХ ст. знаходзіў іх у в. Янаў, Сухая Воля, Дамброва і іншых і фармаваў з іх унікальную тэкстыльную калекцыю. Дзякуючы яму, за падвойнымі дыванамі замацавалася назва “гродзенскія дываны”. Менавіта такі тэрмін ужываўся доўгі час і ім карыстаюцца сучасныя беларускія даследчыкі і навукоўцы. Гэта звязана не толькі з адміністрыцыйна-тэрытарыяльным бытаваннем двухасноўных дываноў, але і з гісторыяй адкрыцця, даследаваннем і першапачатковым музейным зборам менавіта ў Гродзенскім музеі (Ю. Ядкоўскі даследаваў і збіраў падвойныя дываны на працягу амаль 20 гадоў).  У 1930-ыя гг. нямецкі этнограф Конрад Хаам вывучаў старажытныя ўзоры падвойных дываноў на памежжы Мазур і Сувалска-Аўгустоўскага Паазер’я. Аднак, нягледзячы на перапіску з Ю. Ядкоўскім і на размяшчэнне ф/здымкаў двух гродзенскіх дываноў у сваёй кнізе пра ўсходне-прускія сялянскія дываны ў 1937 г., К. Хаам нават не ўзгадвае свайго гродзенскага калегу (праўда, у 1936 г. Ю. Ядкоўскі пераязджае ў Варшаву). Тым не менш, дзякуючы гэтаму даследаванню, бачна, што дываны, якія паходзяць з Гродзенскага рэгіёну, адрозніваюцца ад мазурскіх. Пасля 1860 г. ва Усходняй Прусіі падвойныя дываны ўжо не ткаліся, з сярэдзіны ХІХ ст. іх выраб канцэнтруецца на тэрыторыі Гродна-Беласток-Аўгустаў. Услед за Ю. Ядкоўскім гэтыя дзівосныя па харастве і мастацкіх якасцях тканіны даследавала і фактычна адрадзіла польская мастачка Элеанора Плутыньская, якая ў 1934 г., пачынаючы пошук ткачоў, карысталася парадамі Ю. Ядкоўскага. Яна знайшла майстроў у тых вёсках, якія былі вызначаны дырэктарам Гродзенскага музея ў 1928 г.у якасці цэнтраў бытавання падвойных дываноў. Аднак імя гродзенскага першадаследчыка зноў не было ўзгадана. Тым не менш, дзякуючы Э. Плутыньскай, у канцы 30-х гадоў ХХ ст. гродзенскія дываны набылі вядомасць. Пад гэтай назвай дываны, вырабленыя пад кіраўніцтвам мастачкі ткачамі з в.  Янаў у Сакольскім пав., у 1938 г. атрымалі залаты медаль на Міжнароднай выстаўцы мастацтва і рамяства ў Берліне. Даўнія гродзенскія дываны і сучасныя, вытканыя ткачамі ў 1934-1937 гг., былі прадэманстраваны ў 1938 г. Э. Плутыньскай на падрыхтаванай ёй разам з Інстытутам прапаганды мастацтва ў Варшаве выстаўцы “Мастацтва ткацтва на вёсцы: гродзенскія дываны, палескія пераборы”. З 15-ці старажытных дываноў на выстаўцы экспанаваліся два дываны са збораў Гродзенскага музея. Пасля заканчэння вайны Э. Плутыньская вярнулася ў Янаў і прадоўжыла плённае супрацоўніцтва з мясцовымі ткачамі. Як вынік, польскія падвойныя дываны атрымалі сусветную вядомасць і поспех, сталі своеасаблівай візітоўкай Польшчы, увасабленнем яе нацыянальнай культуры. Гэта дапамагло захаваць архаічную народную традыцыю і надаць ёй прэстыжны характар, які не перастае прыцягваць увагу этнографаў, калекцыянераў, аматараў падвойнага ткацтва.Перадваенная назва падвойных дываноў (“гродзенскія”) была заменена на “беластоцкія”, “сувалскія”, “сакольскія”. Па-першае, гэта было звязана з пасляваенным дзяржаўна-адміністрацыйнам дзяленнем і сапраўдным адраджэннем падвойнага ткацтва ўжо на тэрыторыі Польшчы. У др. пал. ХХ ст. папаўняецца колькасць польскіх даследчыкаў падвойнага ткацтва: Тадэвуш Манькоўскі, Адам Наглік, Аляксандр Вайцяхоўскі, Аляксандр Блахоўскі, Галіна Якубоўская і іншыя; выходзяць у друк розныя буклеты і альбомы з музейнымі калекцыямі (адзін з апошніх і лепшых – калекцыя двухасноўных тканін з Музея Падляшскага ў Беластоку). На беларускай тэрыторыі ўнікальнае ткацтва доўгі час знаходзілася на другім плане ў параўнанні з больш пашыранымі тэхнікамі, але, тым не менш, развівалася, дзякуючы таленавітым народным майстрыхам. У др. пал. ХХ ст. падвойнае ткацтва на зах. Беларусі набывае перыферыйны характар і арэал распаўсюджвання ў Гродзенскім, Свіслацкім, Шчучынскім, Бераставіцкім, Зэльвенскім, Мастоўскім р-нах, а таксама часткова ў Пружанскім і Камянецкім р-нах Брэсцкай вобласці. Росквіт дадзенага ткацтва ў Камянецкім р-не прыпадае на др. пал. ХХ ст. і існуе па сённяшні час як жывая з’ява. У 1970-1990-х гг.   пачынае развівацца даследаванне падвойных дываноў у Беларусі. Вялікі ўклад у гэтую справу ўнеслі Дзіна Трызна, Майя Яніцкая, Вольга Лабачэўская, Таццяна Маліноўская, Валянціна Волах і іншыя. Гэтыя даследчыцы адзначылі  неабходнасць захавання назвы “гродзенскія дываны”, якая адлюстроўвае культурна-гістарычны сэнс гэтай з’явы. Так, знакамітая беларуская даследчыца Вольга Лабачэўская, а таксама некаторыя іншыя беларускія і польскія этнографы і даследчыкі, адзначаюць пераважную колькасць беларускага насельніцтва на Беласточчыне і ў паўднёвай частцы Сувальска-Аўгустоўскага Паазер’я і ставяць пытанне аб магчымасці існавання ткацкіх майстэрняў у ХІХ ст.  на Гродзеншчыне і ў памежных з Польшчай раёнах Зах. Палесся. Менавіта гэтым тлумачыцца ўплыў рамесніцкага ткацтва на народную традыцыю ў дадзеным рэгіёне. Калі ўзгадаць, што ў вёсках каля Гродна такія вырабы называюць “ткацкія дываны”, а на Беласточчыне пашырана назва “дыван ткачоўскі”, што падцвярджае вытворчы характар падвойных дываноў ткачамі-спецыялістамі. Пры гэтым, неабходна адзначыць ідэнтычнасць арнаментальных матываў і кампазіцый дываноў для ўсёй акрэсленай тэрыторыі, што дазваляе гаварыць аб агульных вытоках гэтай мастацкай з’явы і культурных узаемадачыненнях паміж вытворцамі падвойных дываноў. На сучасным этапе адбываецца ўзбагачэнне новымі творамі таленавітых ткачых фондаў многіх беларускіх музеяў.  На жаль, зборы нашых музеяў значна саступаюць багатым калекцыям Польшчы. Так, сёння ў калекцыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея налічваецца 17 дываноў, якія датуюцца др. пал. ХІХ ст., 20-30-мі гадамі ХХ ст. і пасляваенным часам. Каштоўная калекцыя захоўваецца і папаўняецца ў Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі Мастоўскага р-на. Самай славутай ткачыхай гродзенскіх дываноў была Райская Ядвіга Аўгустаўна (1913 – 2003) з в. Адэльск Гродзенскага р-на, якая пражыла доўгае жыццё, выканала шмат дываноў і мела некалькі вучаніц.Вядома, што ў канцы 1930-х гадоў Я. Райская вучылася падвойнаму ткацтву ад Браніславы Яцкевіч ў рамесніцкай майстэрні дываноў у Саколцы. Таму менавіта Я. Райскую можна лічыць спадкаемцай традыцыі ад рамесленнікаў – ткачоў-спецыялістаў. Усё жыццё ткацтва дываноў для Я. Райскай было асноўным заняткам і сродкам заробку. Яна ткала дываны па замове вяскоўцаў і на продаж. За зіму і вясну яна штогод вырабляла да 10 дываноў. У маладыя гады ўмела ткаць 12 узораў, з 1970-х гадоў пакінула толькі 4 найбольш папулярных. Сама майстрыха ўласных узораў для дываноў не складала. Кампазіцыі яе дываноў у асноўным маюць сярэдзіну і кайму па краях з разетак, галінак з лісцем і кветкамі, геаметрычных элементаў і матываў, стылістыка якіх бярэ вытокі ад арнаменту мадэрну пачатку ХХ ст. Ад Я. Райскай пераняла і распаўсюдзіла гэтую традыцыю Белакоз Вера Ігнатаўна (1933 г.н.) – жонка знакамітага заснавальніка Гудзевіцкага музея Алеся Белакоза, на рахунку якой больш 15 падвойных дываноў. На базе Гудзевіцкага музея размясціўся філіял Мастоўскага раённага Цэнтра рамёстваў, дзе вядзе гурток па ткацтву яшчэ адна вучаніца В. Белакоз – Станеўская Людміла Міхайлаўна. Наступная вучаніца – дачка Веры Ігнатаўны, Марына Аляксандраўна Камінская, узначальвае ўзорную студыю “Суквецце талентаў” пры Гродзенскім дзяржаўным абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі, дзе праводзіцца навучанне ўсім тэхнічным асаблівасцям падвойнага ткацтва.Ёсць свае напрацоўкі і ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Пры цэнтры існуе народны музей сучаснага народнага і самадзейнага  мастацтва, у якім захоўваюцца два падвойныя дываны ткачоў з Польшчы, падараваныя ў 1960-х гадах Беластоцкім музеем, ладзяцца выстаўкі па ткацтву. Метадыст музея Гродзенскага АМЦНТ Шунейка Алена Феліксаўна (1950 г.н.), выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, у пачатку 2000-х гг. прыязджала да Я. Райскай, каб пераняць тэхналогію падвойнага ткацтва. Старажытнае падвойнае ткацтва, такім чынам, не толькі захавалася на Гродзеншчыне, але знайшло працяг і своеасаблівае развіццё ў сучаснай прасторы, перажываючы па сутнасці “гродзенскае адраджэнне”. Усё гэта сведчыць аб захаванасці старажытнай традыцыі ў скарбонцы нацыянальнай культуры.

Наталля Пасюта.