Сёмуха

Сёмуха (Тройца, Зялёныя святкі) (у якасці рэканструяванага абрада выступае ў вв. Бобры, Ражанка Шчучынскага р-на, Струбніца Мастоўскага р-на)  - завяршальнае веснавое свята. У праваслаўных С. адзначаецца ў дзень Св. Троіцы (Пяцідзесятніцы), у каталікоў – у дзень Спаслання Святога Духа. Да С. стараліся парабіць усе веснавыя сельскагаспадарчыя працы. Абыходзілі хрэсным ходам вёску і палі. Напярэдадні свята чыста прыбіралі хату і сядзібу, а потым упрыгожвалі зелянінай – галінкамі і дрэўцамі бярозы, радзей – клёна, ліпы, падлогу хаты і двор засцілалі аерам. Традыцыя захавалася і да сённяшняга дня. Зеляніну не выкідвалі, аддавалі скаціне, затыкалі пад страху ад грому, утыкалі ў агарод ад кратоў, у капцы бульбы ад чарвей. У Шчучынскім раёне інфарматары ўпамінаюць зніклы ўжо звычай віцця вянкоў дзяўчатамі на С. Вянкі пускалі на ваду і варажылі пра будучае замужжа. Шырока быў распаўсюджаны звычай на С. упрыгожваць кароў вянкамі. За той вянок пастуху трэба было заплаціць “сёмушнае”. Аднак, на Зэльвеншчыне вянок на рагах каровы азначаў, што гаспадыня не заплаціла пастуху “сёмушнае”. На С. ладзілі фэсты, маёўкі (апошнія ў сярэдзіне ХІХ ст. сталі папулярнымі і сярод гараджан). Маёўкі праходзілі абавязкова з музыкай, дзе-нідзе ладзілі арэлі. На маёўкі збіралася моладзь з розных вёсак. Гэта была добрая нагода пазнаёміцца. С. лічылася добрай парой для вяселляў.

І.С. Чарнякевіч