Стан пажарнай аховы гарадоў Гродзеншчыны ў ХІХ – пачатку ХХ ст.

З уключэннем беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі на іх распаўсюдзіўся адміністрацыйна–тэрытарыяльны падзел на губерні і паветы. Разам з іншымі пяцю на тэрыторыі Беларусі была ўтворана і Гродзенская губерня. Стабілізацыя дзяржаўнага кіравання ў першай палове ХIХ ст. спрыяла развіццю эканамічных сувязяў беларускіх губерняў з  расійскімі і ўкраінскімі. Нягледзячы на тое, што ў першай палове ХIХ ст. урбанізацыя не стала адной з асноўных рыс развіцця грамадства, гарады развіваліся, колькасць насельніцтва павялічвалася, гарадская эканоміка ўсе больш гучна заяўляла аб сабе. У ХIХ – пачатку ХХ ст. на тэрыторыі Гродзенскай губерні было 6 гарадоў:  Гродна, Брэст, Ваўкавыск, Кобрын, Пружаны, Слонім. З сярэдзіны 1820 да пачатку 1860-х гг. насельніцтва гарадоў вырасла больш як у 2 разы. Так, у 1825 г. у Гродне пражывалі 9 968 жыхароў, а ў 1861 г. – 20 241 жыхар,  у Брэсце – 9 970 і 20 943, Ваўкавыску – 1 685 і 2 150, Кобрыне – 1 954  і 6 960, Пружанах – 1 893 і 6 248,  Слоніме – 5 362 і 8 242 адпаведна [1, с. 92-94].

Яшчэ больш хутка  гарады і колькасць іх насельніцтва сталі расці пасля  рэформы царскага ўрада 1861 г., якая  стварыла ўмовы для пераходу да капіталістычнага землеўладання і садзейнічала далейшаму развіццю прамысловасці. Калі ў пачатку 1860-х гг. у Беларусі было каля 10 тыс. майстэрняў, у якіх працавалі да 35 тыс. чалавек, то ў канцы ХІХ ст. – 84 тыс. майстэрняў і 144 тыс. работнікаў. У пачатку 1860-х гг. у Беларусі працавала 127 прамысловых прадпрыемстваў мануфактурнага тыпу, на якіх былі заняты 4,2 тыс. рабочых. У 1900 г. дзейнічалі 233 мануфактуры (8,2 тыс. рабочых). У 1880 – 1890-х гг. развівалася фабрычна-завадская прамысловасць. Калі у 1860 г. у Беларусі налічвалася 30 фабрычна-заводскіх прадпремстваў, то у 1879 г. – 46, у 1900 – 799 [2, с.134].

У другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. у Гродзенскай губерні равіваліся пераважна галіны лёгкай прамысловасці дзякуючы мясцовай сельскагаспадарчай сыравіне і перапрацоўцы драўніны (вінакурныя, лесапільныя і дрэваапрацоўчыя заводы, папярова-кардонныя, гарбарныя, ткацкія фабрыкі), якія мелі высокую пажарную небяспеку і патрабавалі асаблівай увагі да іх супрацьпажарнай аховы. Сярод іх было найбуйнейшае прадпрыемства Беларусі – тытунёвая фабрыка ў Гродне, дзе працавалі каля 1400 рабочых.

Пераважна драўляная забудова беларускіх гарадоў, не гаворачы пра сельскую мясцовасць, вялікая шчыльнасць іх забудовы, рэдкае выкарыстанне вогнеўстойлівых дахаў прыводзілі да пажараў, якія часта набывалі вялікія маштабы і за некалькі гадзін спусташалі значную частку паселішча. Беларусь, як і ўся Расійская імперыя, несла ад пажараў вялізарныя страты. Так, у 1828 г. у Брэсце ў выніку пажару згарэла 220 жылых дамоў і 150 гандлевых лавак, у 1834 г. у Ваўкавыску – 27 жылых дамоў і 45 гаспадарчых пабудоў, у 1835 г. у Брэсце – 152 жылыя дамы [3].

Пачынаючы з 1861 г. страты ад пажараў за чвэрць стагоддзя павялічыліся ў 3 разы. Сярэдняя сума страт ад аднаго пажара па імперыі вагалася ў тыя гады ад 1664 да 1914 руб. У беларускіх губернях гэты пакзчык быў у 1,5 – 2  разы вышэй. Так, у Гродзенскай губерні ў 1877 г. адбылося 426 пажараў, страты ад якіх ацэньваліся ў 1 147 316 руб., у 1900 г. – 455 пажараў, страты ад якіх склалі 1 578 759 руб.  Пры гэтым пажарныя страты гарадоў складалі прыкладна пятую частку ад агульных страт па губерні [4, с.4].

Буйны пажар адбыўся 10 чэрвеня 1885 г. у Гродне. Драўляныя пабудовы на крывых вузкіх вулачках загараліся адна за адной. У горадзе пачалася паніка. Адна слаба ўзброеная пажарная каманда не адолела агонь. На дапамогу гродзенцам прыйшлі пажарныя і вайсковыя часці Віленскай, Мінскай і іншых губерняў. Пажар доужыўся чацвёра сутак. Калі ён скончыўся – горада практычна не было. Згарэла 778 пабудоў, страты склалі астранамічную па тым часе лічбу, каля 3 млн. руб. Камітэт дапамогі ахвярам узначальвала Эліза Ажэшка. З заклікам дапамагчы да расіян звярнуўся А.П.Чэхаў. На аднаўленне горада і дапамогу яго жыхарам імператар Аляксандр III выдзеліў  3 тыс. 100 руб. Менавіта тады мясцовыя ўлады вырашылі пабудаваць на вуліцы Замкавай будынак пажарнай каманды з каланчой, якая захавалася да нашых дзён [5, с.22].

Вялікі пажар адбыўся у Брэсце 4 – 6 мая 1895 г. Гарачае надвор’е і моцны вецер спрыялі таму, што за кароткі час агонь ахапіў гарадскі квартал, забудаваны драўлянымі дамамі, перакінуўся на дамы суседніх вуліц. Пажарныя і войскі, якія прыбылі ім на дапамогу, жыхары горада мужна змагаліся з агнем, аднак перамагчы вогненную стыхію не змаглі. Колькі жыццяў ён унес, дакладна не вядома. Паводле афіцыйных звестак ад 11 мая, лічба загінуўшых склала 42 чалавекі. Шпіталі былі перапоўнены пацярпелымі, многія гараджане атрымалі сур’ёзныя апёкі. Згарэла 1500 жылых дамоў, без уліку іншых пабудоў, колькасць якіх была ўдвая больш. Каля 30 тыс. чалавек засталіся без даху над галавой. Агульныя страты склалі каля 5 млн. руб. [6, с.129-130].

У сувязі са складанай пажарнай сітуацыяй дзяржаўныя і мясцовыя органы кіравання прыкладаюць намаганні па ўдасканальванні нарматыўнай базы забеспячэння пажарнай бяспекі, стварэнню прыфесійных і дабраахвотных пажарных каманд, павялічэнню іх фінансавання, тэхнічнага забеспячэння і г.д. У адпаведнасці са “Статуам будаўнічым” архітэктар пры будаўніцтве быў абавязаны прадугледзець усе меры засцярогі для папярэджання пажару. Гарадскія думы распаўсюджвалі абавязковыя для жыхароў пастановы аб мерах засцярогі ад пажараў, вырабе вогнетрывалага дахавага пакрыцця, рамонту пячэй і коінаў. За адыход ад зацверджаных планаў забудовы гарадоў, узвядзення пабудоў там, дзе гэта было забаронена, вінаватыя прыцягваліся нават да крымінальнай адказнасці.

У адпаведнасці са “Статутам аб пакараннях, якія накладваюцца міравымі суддзямі” 1892 г., за ўладкаванне печаў, комінаў і г.д. без выканання супрацьпажарных правіл з печнікоў ці распарадчыкаў работ спаганяўся грашовы штраф да 50 руб., з гараджан за невыкананне правілаў чысткі комінаў – да 10 руб., за выраб і складзіраванне лёгкагаручых рэчываў “у небяспечных для агню месцах ці без адпаведнай асцярожнасці, а таксама за продаж феерверкаў без адпаведнага дазволу” – да 25 руб., за неасцярожнае абыходжанне з агнём, а таксама за адсутнасць  вызначаных інструментаў для тушэння пажара – да 10 руб. Курэнне на вуліцах і плошчах, дзе гэта было забаронена, каралася штрафам да 1 руб., няяўка на тушэнне пажара ці самавольны зыход з месца пажару – да 10 руб., за непаведамленне паліцыі пра ўзнікшы  пажар – да 10 руб. [7, ст. 88-141].

Пасля зацвярджэння ў 1823 г. штатаў пажарных каманд у гарадах Расійскай имперыі ў беларускіх гарадах пачынаецца працэс стварэння прафесійных пажарных каманд. У 1837 г. у склад пажарнай каманды г.Гродна ўваходзілі 3 чалавекі. Пажарная каманда мела 5 заліўных труб (ручных пажарных помпаў), 12 бочак, 30 вёдзер,  16 багроў, 10 сякер і г.д. [8].

Значным крокам у развіцці пажарнай аховы было зацвярджэнне 17 сакавіка 1853 г. “Нармальнай табелі складу пажарнай часці  ў гарадах”. Згодна з гэтым дакументам, у мэтах навядзення парадку ў арганізацыі пажарнай аховы ўсе гарады былі падзелены на 7 разрадаў у адпаведнасці з колькасцю жыхароў. Для кожнага разраду прадугледжваўся штат пажарнай каманды, колькасць пажарнага инвентара і сродкаў на яго рамонт. Згодна з гэтым Ваўкавыск і Пружаны адносіліся да другога разраду і мелі штат пажарнай каманды 12 чалавек, да трэцяга – Кобрын і Слонім – 26 чалавек,  да пятага – Брэст і Гродна – 51 чалавек. Разам з тым, як сведчаць архiўныя дакументы, гэтыя патрабаваннi не выконвалiся. У 1877 г. пажарная каманда Гродна складалася з брандмайстра, 8 пажарных, 8 коней, 4 пажарных труб, 10 бочак, 30 вёдзер, 4 драбiн, 80 багроў i 30 сякер. Як бачым, за паўстагоддзе колькасць і ўзбраенне прафесійных пажарных каманд гарадоў Гродзенскай губерні амаль не змянілася. Гэта тлумачыцца тым, што на тэрыторыі Беларусі ў другой палове ХІХ ст. актыўна развіваюцца добраахвотныя пажарныя таварыствы, каманды і дружыны, бо дзяржава перакладае праблему барацьбы  з пажарамі на плечы саміх грамадзян [9].

Існуючыя архіўныя матэрыялы дазваляюць зрабіць выснову, што працэс стварэння дабраахвотных, ці, як іх называлі, вольна-пажарных, таварыстваў (ДПТ, ВПТ), пачаўся ў Беларусі з Віцебска ў 1872 г.  У 1896 г.  ВПТ было ўтворана ў Гродне, у 1898 г. –  у Брэсце, а ў 1899 г.  сапраўднымi членамi Iмператарскага Расiйскага пажарнага таварыства былi Брэст-Лiтоўскае, Ваўкавыскае, Гродзенскае, Пружанскае i Слонiмскае ДПТ. Пажарныя дабраахвотнікі стваралі пажарныя каманды, набывалі для іх пажарную тэхніку і абсталяванне, займаліся папярэджаннем пажараў, пажарнай агітацыяй і прапагандай, абслугоўваннем карэты хуткай дапамогі, удзельнічалі ў выратавальных аперацыях у час паводкаў і іншых надзвычайных абставін [10].

Такім чынам, развіццё капіталізму ў Беларусі, рост гарадоў павышалі патрабаванні да пажарнай бяспекі. Аднак нягледзячы на меры, якія прымала дзяржава па забеспячэнi пажарнай бяспекі, іх было яўна недастаткова.  Створаныя ў гарадах Гродзеншчыны пажарныя каманды былі нешматлікія і тэхнічна слаба ўзброеныя, што не дазваляла забяспечыць надзейную супрацьпажарную ахову гарадоў. Разам з тым у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. у Беларусі пачала складвацца сістэма барацьбы з пажарамі праз страхаванне і пажарнае дfбраахвотніцтва. Дfбраахвотныя пажарныя арганізацыі, каманды і дружыны разам з прафесійнымі пажарнымі камандамі станавіліся сур’ёзнай сілай у барацьбе з агнём.

 

Крыніцы і літаратура

 

1.  Люты, А.М. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў другой палове ХVІІІ – першай палове ХІХ ст. / А.М.Люты – Мн., 2004.

2. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т.4. Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец ХVІІІ-пачатак ХХ ст.) / М.Біч-Яноўская [і інш.]. – Мн., 2005.

3. НГАБ. – Ф.295. – Воп.1. – Спр.4546. – Арк. 20-21.

4. Пожарное дело. – 1925. – № 1.

5. Служба спасения 01. – 2003. – № 1.

6. Яковчук, В.И. Пожарная служба Беларуси: история развития: монография / В.И.Яковчук; науч. ред. Н.М.Забавский – Мн.: БГПУ, 2005.

7. Свод законов Российской империи. Т.ІІ. СПб., изд. 1892 г. и по прод. 1912 г.

8. НГАБ у Гродне. – Ф.1. – Оп.19. – Спр. 1556. – Арк. 134.

9. НГАБ у Гродне. – Ф.14. – Оп.11. – Спр. 323. – Арк. 77-78.

10.               НГАБ. – Ф.503. – Оп.1. – Спр. 9. – Арк. 434-455.
      

 В.І. Якаўчук

 
Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.