Прававы статус татарскага насельніцтва

Палітычная барацьба ў Рэчы Паcпалітай, што працягвалася з 1768 па 1772 год, прывяла да першага падзела дзяржавы. У выніку чаго ўсходнія беларускія землі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Пад час другога падзела Рэчы Папалітай у 1793г. да Расіі адышла большая частка Беларусі (з Менскам, Слуцкам, Пінскам), гэта значыць, што татарскае насельніцтва, як і беларускае стала падданым расійскай імператрыцы. 1795г. азнаменаваўся падпісаннем новага пагаднення аб падзеле Рэчы Папалітай. Тры падзелы Рэчы Папалітай змянілі не толькі геапалітычную сітуацыю ва Усходняй Еýропе, але і становішча народаў, якія жылі на землях некалі магутнай вялізнай дзяржавы. Таму змянілася не толькі палітычнае становішча тэрыторый, якія ўваходзілі ý склад Рэчы Папалітай, але і прававое становішча насельніцтва.

 Царскі ўрад жадаючы мець мусульман саюзнікамі пацвердзіў ім усе ранейшыя прывілеі. Імператрыца Кацярына ІІ указам ад 30 кастрычніка 1794г. загадала генерал - губернатару М. Рэпніну паклапаціцца аб становішчы татар, каб схіліць іх на карысць Расіі. Яна пісала: “С благовременным прохождением всех частей возлагаемого на Вас служения, не оставьте Вы без замечания поселенных в Литовских областях татарского племени войск, яко происходящих от народа храброго и прямодушного, а через то наше высочайшее об них попечение привлекающих: понеже чаем в них обрести отрасли тех добрых качеств, коими народ татарский Нам известен; для сего поручаем Вам, приняв от них вместе с прочими литовскими жителями на верность Нам присягу, утвердить в их собственности и преимуществах и все их общество Нашим священным словом обнадежить, что не только оставляем в свободе отправлять свое богослужение и при всем том, что в Литве они имеют, но желаем, обеспеча их состояние, паче оно осчастливить; и на сей конец ожидаем от Вас предоставление, что по изведании настоящего их положения, найдете способных к усугублению их выгод и им наиболее нужных” [1, с. 21]. Рэпнін, прыняўшы прысягу на вернасць ад прадстаўнікоў татарскіх абшчын, запэўніў іх у царскай міласці.

Царскім указам 1799г. беларускія татары розных саслоўяў захавалі правы, якімі яны карысталіся раней. Татарам - шляхце, якая складала большасць з іх, указамі Кацярыны ІІ, Паўла І, Аляксандра І былі зацверджаны правы дваранства [61, с. 4]. Яны былі занесены ў асобные спісы дваранскіх радаслоўных кніг па губернях. Так, у 1903г. у Мінскай губерні з 2038 дваранскіх фамілій было 15 татарскіх – Александровічы, Базарэўскія, Багдановічы, Гембіцкія, Карыцкія, Раецкія, Смольскія і інш. Беларускія татары, якія жылі ў гарадах і мястэчках і не мелі дваранскіх правоý, былі залічаны ў саслоўе мяшчан. У пачатку ХХ ст. беларускія татары не прызнавалі за сабой назву “татарын”: “мы не татары, а шляхта - мусульмане” [24, с. 82].

Прывілеяваная вярхушка татар, якая валодала маёнткамі, да 40 - х гг. ХІХ ст. дамагалася пацверджання сваіх правоў і злілася з масай пануючага саслоўя. Частка татар, якая дабівалася стварэння  “войск на ранейшай аснове” была прынята на ваенную і грамадзянскую службу. Асноўная ж маса заставалася ў палажэнні чыншавай шляхты, якую нароўні з апошняй памешчыкі пачалі “ўпісваць у рэвізскія сказкі”. Са скаргамі на гэта звярталіся, напрыклад, у 1811г. некаторыя татары Віленскай губерні. Камітэт Міністраў, які разглядаў гэта пытанне вырашыў: пакуль што захаваць іх ранейшыя прывілеі, як дваран, але ўнесці ў рэвізію асобным артыкулам, без уплаты падаткаў. Тым не менш, ужо паводле Маніфеста 18 снежня 1811г. яны аказаліся абкладзенымі, замест падымнага падатку падушным і аброчным зборамі ў памеры 11 рублёў з душы. Сёмая рэвізія (1816г.) зафіксавала ўключаных у склад татар Віленскай губерніі 98 душ [39, с. 77].

Татары, апынуўшыся ў новай дзяржаве, павінны былі прадставіць новай уладзе неабходныя дакументы для доказа свайго сацыяльнага статуса. Асабліва гэта датычылася дваранскага саслоўя. Міністр фінансаў Д. А. Гур’еў учыніў у 1820г. “разбор шляхты”, каб “тых, якія такіх (аб дваранстве) доказаў пададуць і займаюцца рамёствамі, дваранству непрыстойнымі абкласьці падушнымі і аброчнымі падаткамі нароўні з казённнымі сялянамі.” Аднак “разбор шляхты” зацягваўся, татары ўпарта супраціўляліся пераходу ў сялянскае саслоўе. На падставе рэзалюцыі па гэтай справе намесніка Польшчы вялікага князя Канстанціна Паўлавіча, Сенат 10 верасня 1830г. выдаў указ аб залічэнні недаказаўшых сваё дваранства ў “вольныя людзі”, даючы пры гэтым права доказу дваранства ў далейшым [16, с. 35].

Такіх татар аказалася параўнальна няшмат. 1 лістапада 1832г. Камітэт па справах Заходніх губерняў у адказ на скаргі татар спыніў практычныя дзеянні ў адносінах заканчэння “разбору шляхты”. Аднак разгляд пытанняў зацягваўся на доўгія дзесяцігоддзі. Далёка не ўсім было магчыма прад’явіць неабходныя дакументы, клопаты па справах патрабавалі вялікіх выдаткаў. Тым не менш, агульная сітуацыя для татар на  землях былога ВКЛ складалася даволі спрыяльна. Першапачаткова даказаўшы свае правы на дваранства, яны заставаліся ў дваранскіх спісах, нягледзячы на надта частую адсутнасць фармальнага пацверджання тых актаў дэпартаментам Геральдыі. Але татарская шляхта ў Заходніх губернях Расійскай імперыі паведамляла, што карыстаецца папулярнымі польскімі гербамі. Вельмі часта яны аказваліся распазнавальнымі знакамі польска-літоўскай шляхты з такімі ж прозвішчамі [36, с. 76].

 Указам ад 25 чэрвеня 1840г. дваранам - мусульманам гэтых губерняў было дазволена мець маёнткі, валодаць прыгоннымі - храсціянамі і трымаць іх для паслуг па найме. Пры Мікалаю І былі ўведзены жорсткія правілы, якія патрабавалі ад шляхты, не падаўшай бяспрэчных сведчанняў свайго паходжання ва ўмоўлены ўрадам термін, запісу ў падатковае саслоўе, яны, аднак, не распаўсюджваліся на татар.  Пастановай Заходняга камітэта Савета Міністраў у 1865г.  гаварылася, што татары  атрымалі дваранскія правы аўтаматычна, без усялякіх на тое доказаў. Але фактычна адтэрміноўка была ільготнай. У канцы ХІХ ст. практычна ўсе татары, нават прадстаўнікі тых нешматлікіх сямей, якія па беднасці або па іншых прычынах не звярнуліся ў дваранскія сходы, значацца ў спісе дваран. Многія ўсе ж дамагаліся рашэння Сената аб зацвярджэнні сваіх правоў у спадчынным дваранстве. Дваранскае званне стварала нават для дробных татарскіх землеўладальнікаў, у тым ліку, і для гарадскіх жыхароў, прыналежных да незаможнай часткі, магчымасць кар’еры. Адукацыя – адразу пачатковая ў павятовых, дваранскіх і іншых вучылішчах, затым сярэдняя ў гімназіі, рэальным або ваенным вучылішчы – забяспечвала нават для выхадцаў з дробнага дваранства перспектыву росту на службе, як грамадзянскай, так і воінскай. Традыцыйна нашчадкі дваранскіх родаў ішлі ў армію, і не толькі ў кавалерыю, як было раней. Яны служылі ў пяхоце, артылерыі, нават на флоце [50, с. 6].

Такім чынам, калі гаварыць аб адносінах царскага ўрада да беларускіх татар, то нават нягледзячы на тое, што частка татар заходніх губерняў удзельнічалі ў вайне 1812г. на баку Напалеона, у паўстаннях 1830 – 1831 гг. і 1863 – 1864 гг., адносіны да іх з боку ўрада былі даволі памяркоўнымі. Неабходна адзначыць і  тое, што калі пасля падаўлення паўстання 1863 – 1864 гг. на шляхту навалілася хваля рэпрэсій і арыштаў, у перыяд узмацнення палітыкі русіфікацыі ў беларуска - літоўскіх губернях,  да татарскай шляхты царскі ўрад праявіў вялікадушнасць: мусульманам дазвалялася набываць зямлю, займаць розныя пасады, працаваць у паліцыі, а ў некаторых выпадках з - за цвярозасці мусульман, ім аддавалі перавагу пры заняцці пасад і перад праваслаўнымі.