Прававое становішча дваранства на беларускіх землях у заканадаўчых актах Расійскай імперыі XIX стагоддзя.

Змены, што адбываліся ў заканадаўстве пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі, карэнным чынам паўплывалі на праваўспрыманне дваранства. Тое ж самае адносіцца і да сямейнага права, працярпеўшага абмежаванне існуючых нормаў. З 1821 года рашэнні па крымінальных справах, згодна з указам імператара Аляксандра І, засноўваліся на расійскім заканадаўстве, і толькі ў выпадку іх недасканаласці дазвалялася прымяняць Літоўскі статут 1588 года і пастановы старых польскіх канстытуцый. Грамадзянскае права прымянялася без змяненняў, зрэдку толькі выкарыстоўваліся расійскія законы. У 1840 годзе ў заходніх губернях  канчаткова была спынена дзейнасць Статута і ўводзілася расійская заканадаўчая сістэма, на такой жа падставе, як і ў іншых рэгіенах Расійскай імперыі.  Разам з тым, прымяненне ў вывучэнні побыту і культуры дваранства фармальна-юрыдычнага метада вельмі часта практывалася гісторыкамі дзяржаўнай школы. Яны аналізавалі толькі адпаведныя артыкулы імперскага заканадаўства ці Літоўскага статута, праводзячы параўнальнае даследаванне. Сярод іх трэба ўзгадаць Т.Дземчанку, А.Нольдэ, М.Уладзімірскага-Буданава, С.Рубінштэйна і іншых.  

 

Так, Т.Дземчанка дае гістарыяграфічны  агляд пакарання па статуту, разглядае тэрміналогію аб’ема і метадаў крымінальнай дзейнасці суб’екта і аб’екта крымінальнага права, умовы яго выканання. М.Уладзімірскі-Буданаў глыбока аналізуе расійскае заканадаўства, дае параўнаўчы гістарычны аналіз, але мясцовае права разгледжана ім толькі фрагментарна.  

 

Грунтоўнае даследаванне А.Нольдэ прысвечана гісторыі кадыфікацыі мясцовага грамадзянскага заканадаўства. Аўтар не абмяжоўваецца раней агаворанымі мэтамі, а пачынае з 1773 года. 16 студзеня 1772 г. граф Чарнышоў, уступіўшы на сваю пасаду, падаў імператрыцы Кацярыне ІІ справаздачу, у якой прасіў ад свайго імя прадаставіць беларускай вобласці права выбіраць дэпутатаў у кадыфікацыйную камісію, якая, дарэчы, некалькі разоў  збіралася на пасяджэнні, аднак была ў хуткім часе распушчана. Далей яе праца аднаўляецца ўжо пры Правячым Сенаце ў 1796 г. А.Нольдэ з разуменнем ставіцца да спробы кадыфікацыі, асноўнай жа прычынай яе непрыняцця з’яўляецца паўстанне 1830-1831 гадоў і польскае нацыянальнае пытанне. Імператар Мікалай І хацеў, каб у адносінах да падданых Расійскай імперыі дзейнічаў адзін закон. Аднак Літоўскі Статут пры гэтым зрабіў свой уплыў на агульнаімперскае заканадаўства і ўносімыя ў яго ў гэты перыяд змяненні. Адначасова, пры падрыхтоўцы судова-статыстычных звестак, пры ўвядзенні ў дзеянне судовых уставаў ці папярэдніх справаздач для ўсіх іх была характэрна недастатковаць асобных дадзеных, поўная ці частковая іх адсутнасць.  

 

С.Бяршадскі асобна разглядае такую складаную праблему, як спадчына ў вымарачных маентках (па Літоўскаму статуту), П.Хаўскі – дзяржаўнае заканадаўства аб дваранах (з 1762 па 1823 гг.), В.Латкін – гісторыю рускага права перыяда імперыі. Сярод сучасных даследчыкаў дадзенае пытанне па рэалізацыі заканадаўчых актаў у гарадах прасачыў М.Артушкевіч, у адносінах да дваранства  Г.Туміловіч, С.Лугаўцова, Е.Марозаў, В.Тамсінаў і іншыя.  

 

У перыяд з 1808 па 1830-я гады, дзякуючы намаганням Сперанскага і прызначаемых ім памочнікаў была праведзена вялікая праца. Спробы ўлад з дапамогай заснаваных у Магілеве, Гродне, Віцебску, Мінску камісій скласці звод правінцыйных законаў закончыліся безвынікова. Праца камісіі пры 2-м аддзеле канцылярыі імператара пад кіраўніцтвам М.Сперанскага поўнасцю не была ажыццёўлена. Гэта звязвалася з немагчымасцю абасаблення заходніх губерняў як з палітычнага, так і з прававога пункта гледжання. Тым не менш, частка мясцовых законаў была ўведзена ў агульнарасійскае заканадаўства, што звязана з удасканаленнем апошняга. У 1830 годзе беларускі генера-губернатар князь Хаванскі прапанаваў яму кандадатуру  двараніна Вакара, а ў дапамогу яму яшчэ 2-х асоб: па Віцебскай губерні -  М.Рака, а па Магілеўскай – А.Нітаслаўскага. Апошнія пагадзіліся працаваць бясплатна. Магілеўскае дваранства прызначыла Вакару 6 тыс.руб. у год. Але Сперанскі абраў праф.І.Данілевіча, выкладчыка Харкаўскага ўніверсітэта, былога супрацоўніка Віленскага ўніверсітэта. Ен у свой час (1821 г.) быў супрацоўнікам віленскага правінцыяльнага камітэта для складання мясцовага звода законаў. Тады ж быў запрошаны і Ф.Малеўскі, былы “філамат”, які служыў ў 3 дэпартаменце Сената.  

 

 Згодна Звода законаў Расійскай імперыі (1835 і 1857 гадоў) вызначаўся статус дваранскага саслоўя, якое  можна было атрымаць пажалаваннем ад манарха ці па паходжанню. Роўнасць стану, якая была ў часы Рэчы Паспалітай, адсутнічае, разам з тым уводзіцца дзяленне дваранства на 6 разрадаў.  Для беларускіх зямель атрыманне дваранскай годнасці ў асноўным ішло праз даказанне свайго шляхетнага паходжання ці выслугі адпаведнага чына у грамадзянскай і ваеннай службе. У апошнім выпадку ўзнагароджанне пэўным ордэнам таксама давала права на атрыманне патомнага дваранства. З 29 ліпеня 1832 года чыноўнікі недваранскога паходжання, атрымаўшыя чын калежскага асэсара ці 8 клас пры адстаўцы, прызнаюцца асабістымі дваранамі. Асобна агаворана права прасіць патомнага дваранства для дзяцей і ўнукаў чыноўнікаў пры іх 20-гадовай выслузе і чына пры паступленні на службу.  Разам з тым, выслуга обер-афіцэрскіх чыноў перадавалася толькі дзецям, народжаным пасля атрымання звання, а пры адсутнасці такіх, аднаму з раней нарадзіўшыхся сыноў. Дваране Царства Польскага і Вялікага княства Фіндляндскага прызнаваліся роўнымі ў сваіх правах з расійскімі дваранамі. Жанчыны, пры ўступленні ў шлюб, набывалі роўныя правы з мужам,  і захоўваючы іх і пры паўторным шлюбе.  

 Звод законаў рэгуляваў і правы дваранскага саслоўя. Сярод іх, аб парадку праходжання службы, правядзення суда і крымінальных спраў, выплатах падаткаў і выканання грамадскіх павіннасцей. Падобныя здарэнні, згодна сведчання захаваўшыхся спраў, мелі шырокае распаўсюджанне. Нярэдка гэта было звязана з нізкім прафесійным узроўнем службовых асоб. Так, па загаду Правячага Сената ад 17 лютага 1816 г. аб земскіх спраўніках у далучаных губернях усе яны павінны абірацца дваранствам і зацвярджацца губернатарамі. Але выявілася, што ў некаторых паветах з-за малой колькасці дваран, якія мелі права ўдзельнічаць у выбарах, у земскія спраўнікі абіраліся асобы без дастатковага вопыту ў працы. У якасці выйсця са становішча прадугледжвалася дапусціць да выбару чыноўнікаў, служачых у земска-павятовых, гродскіх і межавых судах (ці заседацеляў ніжніх земскіх судоў). Разам з тым злоўжыванні вымусілі ўлады ў 1839 годзе звярнуцца праз павятовых прадвадзіцеляў дваранства да памешчыкаў з растлумачэннем іх абавязкаў у адносінах да земскай паліцыі.  
 

Адначасова дзяржава імкнецца абмежаваць удзел дваранства ў выбарах праз маёмасны цэнз, пры складанасцях атрымання пацвярджэння шляхецкай годнасці. Доказ дваранскага паходжання патрабаваўся і былой польскай шляхце. Сведчанні 12 шляхетных асоб аб продках прасіцеля ў разлік (як юрыдычны дакумент) ужо не прыймаюцца. Калі апошнія былі запісаны ў рэвізію за памешчыкамі, то неабходна было прадставіць прыгаворы прысутных месцаў, з доказамі дваранства, а не сялянскага паходжання. Асобна агаворваўся і пералік неабходных дакументаў. З 1852 года былі агавораны дзяржаўныя пасады часоў ВКЛ, якія давалі права на патомнае дваранства. Неабходнасць папаўнення дзяржаўнай казны і набору рэкрутаў прыводзілі да выканання ўсіх абавязкаў перад дзяржавай з боку асоб, якія даказвалі сваё дваранскае паходжанне.  

 

За дваранствам захоўвалася права паступлення на службу на тэрыторыі іншых еўрапейскіх дзяржаў. Яны не аб’мяжоўваюцца ў праве пакідаць межы Расійскай імперыі, але выхаванне і вучоба дзяцей павінна была праходзіць у родных мясцінах.  

 

С.У.Амелька