Постаць Янкі Купалы ў кантэксце сучаснай беларускай літаратуры

Спадчына Янкі Купалы заўсёды прыцягвала ўвагу не толькі даследчыкаў вербальнага мастацтва, але і стваральнікаў літаратуры – ягоныя радкі беларускія пісьменнікі бралі і бяруць ў якасці эпіграфаў, яму прысвячаююцца творы, яго постаць рэгулярна ўзнікае ў самых розных тэкстах і кантэкстах. Гэта адбывалася і адбываецца дзякуючы таму, што асоба першага народнага паэта Беларусі даўно не месціцца нават у межах успрымання яго як геніяльнага аўтара. Паэт стаўся своесаблівым сімвалам, які абазначае ўсё беларускае, а яго творчасць – храмам, у які кожнаму адчынены дзверы. Гісторыя, дарэчы, ведае не адзін такі выпадак. Такімі сімваламі зрабіліся многія выдатныя паэты: Іаган Вольфганг Гётэ, Джордж Байран, Адам Міцкевіч, Аляксандр Пушкін, Тарас Шаўчэнка. Праўда, узнятыя на высокі п’едэстал нацыянальнай ідэі, збранзавелыя постаці творцаў асуджаныя не толькі на ўсеагульную любоў, але таксама і на кпіны, іронію, часам нават на адкрыты здзек. Адзін з прыкладаў такога здзеку – польская гарэлка «Pan Tadeusz». На першы погляд, здаецца, тут нічога няма абразлівага ў адносінах да Міцкевіча, які не аднойчы сам славіў Бахуса ў сваіх анакрэантычных вершах. Аднак можна ўбачыць і іншае: ва ўмовах спажывецкага грамадства высокія ідэі губляюць сваю першасную значымасць, а складаныя нацыянальныя сімвалы ператвараюцца ў таварныя знакі. Гэта страшна, ня гледзячы, што на двары эпоха постмадэрнізму, якая нібыта дазваляе смела займацца дэкананізацыяй, іранізаваць з усяго на свеце, мадэляваць штучную рэальнасць, разбураючы так званы інтэртэкст культуры.

Што ж да Янкі Купалы, то мусім з сумам канстатаваць: вакол нашага песняра таксама адбываюцца розныя працэсы спекулятыўнага характару і таксама чыніцца здзек. Марыянскі жолаб такога здзеку над паэтам – артыкул Альгерда Бахарэвіча «Цёмнае мінулае Каяна Лупакі» [1]. Дарэчы, у параўнанні з цынізмам беларускага шчаўкапёра, цынізм польскіх гэрэлачных прамыслоўцаў выглядае наіўным дзіцячым лопатам.

На праблему спекуляцыі вакол класіка айчыннай літаратуры звярнула слушную ўвагу Аліна Сабуць у артыкуле «Вобраз Беларусі ў марах-снах прарока Купалы», зазначыўшы, што класічныя купалаўскія вобразы становяцца папросту «разменнай манетай» [2, с. 146]. У якасці прыкладу даследчыца прыводзіць урыўкі з тэкстаў сучасных беларускіх аўтараў: Ігара Сідарука (верш «А хто там ня йдзе?»), Джэці («Янку Купалу», «Сны па-беларуску»), Андрэя Хадановіча («Хлопчык і копчык»). Што датычыць Джэці (Веры Бурлак) і Хадановіча, то тут цалкам можна пагадзіцца з Алінай Сабуць – іхняя «інтэрпрэтацыя Купалавага слова як знешняй атрыбутыкі – факт масавай культуры» [2, с. 146]. З Ігарам Сідаруком іншая гісторыя. Аўтар артыкула следам за крытыкам Ганнай Кісліцынай называе яго «адным з самых змрочных беларускіх постмадэрністаў» [2, с. 146], аднак Сідарук – мадэрніст, а калі яшчэ вужэй – прадстаўнік сац-арту. Гэта, па-першае, абазначае, што ў вершы «А хто там ня йдзе?» няма спробы дэкананізаваць Янку Купалу. Як няма там і «свядомай мэтанакіраванай правакацыі» [3], якую бачыць Кісліцына. Паэт не правакуе чытача, не гуляецца з ім і не спекулюе на найбольш знаным у свеце творы класіка. Наадварот, праз стварэнне абсурднай сітуацыі Ігар Сідарук імкнецца ачысціць Янку Купалу ад плесні ідэалагічных стэрэатыпаў. Па-другое, выкарыстанне ў дадзеным выпадку «купалаўскай формы» – ні што іншае, як вядомае ў гісторыі літаратуры наследаванне шэдэўрам класікі. Прыгадаем хоць бы верш «Exegi monumentum» Гарацыя, якім скарысталіся многія творцы, у тым ліку Аляксандр Пушкін і Адам Міцкевіч. Між тым, працытуем урывак з верша Ігара Сідарука:

А хто там ідзе, а хто там ідзе?

У вагромністай такой грамадзе?

– Курды, кітайцы, малайцы,

вузбэкі, таджыкі, нанайцы,

пранцузы, мадзяры ды грэкі,

гішпанцы, жамойты, ацтэкі,

хвіны, цыганы, аўкштоты,

японцы, мардва, гугэноты,

бразыльцы, расейцы, ангельцы –

нашыя ўсё аднасельцы! [4, с. 13].

Безумоўна, у іранічнай, гратэскнай, нават у крыху эпатажнай форме, аднак аўтар верша не разбурае, але сцвярджае тую самую ідэю што і Янка Купала: беларусы роўныя сярод іншых народаў свету, прынамсі ні чым не горшыя ад астатніх і маюць аднолькавыя з іншымі шансы нешта змяніць. Дык што змянілася з таго часу, як Пясняр задаўся пытаннем «а хто там ідзе»? Прыгадаем: узнікла пытанне ў складаныя для беларускай нацыі, рэвалюцыйныя 1905 – 1907 гг. Сідарук аналагічны пытальнік ставіць у 1993 – 1994 гг., гады ня менш вызначальныя для беларусаў. І новы паэт адказвае: гэта беларусы з часоў Купалы сталі іншымі. Цяпер яны не хочуць некуды ісці і нешта мяняць. І з Янкам Купалам гэтая гісторыя нічога агульнага нямае. Зрэшты і сам Купала не заўсёды паказваў беларуса ў рашучым парыве разарваць ланцугі адвечнай паняверкі і шчыра захацець «людзьмі звацца». Як вядома, творчая свядомасць нашага класіка мела сінкрэтычны характар, як і ўся тагачасная айчынная літаратура. Гэта Купала-рамантык хацеў бачыць і бачыў беларускі народ у працэсе дынамічнага развіцця, у дарозе да светлай будучыні. Купала-рэаліст па-іншаму паказвае свайго сучасніка. Можна тут прыгадаць знакаміты твор «Прарок», напісаны праз пяць гадоў пасля верша «А хто там ідзе?» з ня менш запамінальнай канцоўкай, раскрываючай сапраўдную сутнасць, ментальнасць беларусаў:

А людзі, глянуўшы на сонца,

Адказ трымалі грамадой:

– Па колькі ж нам дасі чырвонцаў,

Калі мы пойдзем за табой? [5, с. 53 – 54].

Яшчэ пазней – у 1919 годзе Янка Купала напіша хіба што самы песімістычны і самы рэалістычны верш пра свой народ – верш «Беларускія сыны». Прыгадаем некалькі радкоў:

У беларускім вольным краі,

З ярэмнай збрыўшы стараны,

Царыць чужынец, а ў паслугах

Хто?

 – Беларускія сыны! [5, с. 59].

Самае страшнае тое, што беларускія сыны, як вынікае з кантэкста, добраахвотна зрабіліся паслугачамі чужынцаў, трымаюць чужы сцяг і спяваюць чужыя песні. І наўрад ці хто з іх цяпер хоча «людзьмі звацца».

Вяртаючыся да купалаўскага пытання «А хто там ідзе?», выкарыстанага сучасным брэсцкім літаратарам, адзначым, што на цэлы год раней гэтым пытаннем задаўся гарадзенец Юры Гумянюк у вершы «Слімакі»:

Так марудна будуецца дом,

і праз шкло не відно анічога…

Ты ствараеш уласны фантом,

адмаўляеш і Д’ябла і Бога,

бо ня ведаеш: хто ты і дзе

нарадзіўся… Цяпер жа пад плотам

прамаўляеш: «А хто там ідзе?»

А ў адказ: «Слімакі ў драных ботах» [6, с. 44].

Іронія аўтара, якая пераплятаецца з горкай самаіроніяй, добра бачым, скіравана таксама не на Янку Купалу, а ўсяго толькі на аморфна-флегматычнага сучасніка, беларуса эпохі «дзевяностых», які страціў надзею і ўсе арыенціры. Прыгадаем яшчэ, што гэты верш, а таксама ўся творчасць Гумянюка (як і Сідарука) належыць да мадэрнісцкага мастацтва. Пра гэта варта помніць, інакш узнікне неправільнае прачытанне і адчуванне паэтычнай стыхіі згаданых творцаў. Ня можам жа мы, напрыклад, адкрываць творы экзістэнцыяліста Альбера Камю ключом ад крытычнага альбо сацыялістычнага рэалізму!

Цікавыя сац-артаўскія матывы з удзелам Купалы прагучалі ў некаторых вершах Юрася Пацюпы. Так у вершы «Мы» паэт не без іроніі і гратэску, канешне, прадстаўляе ідэю другаснасці ўсяго беларускага ў адносінах да рускага, ідэю, якую мякка, непрыкметна, але мэтанакіравана старалася нам навязаць савецкая ідэалогія:

А Горкі знайшоў нам

да шчасця дарогу,

а Пушкіна змалку

Купала чытаў [7, с. 8].

Заўважым, што аўтар «разбурае» не Купалу (і нават не Горкага з Пушкіным), а савецкі міф пра Купалу як спадкаемца рускіх мастацка-эстэтычных традыцый. Яшчэ адно развенчванне (ці развінчванне?) стэрэатыпу, які сфармаваўся і жыве ў масавай свядомасці – стэрэатыпу «двуадзінства Купалы і Коласа» адбываецца ў вершы Юрася Пацюпы «Класікі вялікай расейскай літаратуры пра беларускіх народных пісьменнікаў»:

Хто сказаў, што Купала і Колас –

Дзве рэчы несумяшчальныя?!

Купала і Колас –

спарышы-блізняты!

Хто матчынай мове раднейшы?

Мы кажам: Колас –

маем наўвеце Купала,

мы кажам: Купала –

маем наўвеце Колас [7, с. 13].

Нельга не заўважыць, што ў дадзеным вершы гучыць намёк на славутыя радкі Уладзіміра Маякоўскага з паэмы «Уладзімір Ільіч Ленін»:

Пария и Ленин – близнецы-братья, –

кто более матери-истории ценен?

Мы говорим – Ленин, подразумеваем – партия,

Мы говорим – партия, подразумеваем – Ленин [8, с. 144].

Мала каму прыйдзе думка, маўляў, беларускі літаратар захацеў папросту паздзеквацца з класіка расійскай паэзіі, выклікаўшы са змроку гіпертэксту цень аднаго з найбольш запамінальных яго радкоў. Як і ў выпадку з вершам «А хто там ня йдзе?» Ігара Сідарука, альбо са згаданым «Exegi monumentum» Гарацыя ў «апрацоўцы» іншых паэтаў, мы маем дачыненне з так званым інтэртэкстам культуры, які папросту няздольны насычацца ацэначнай нагрузкай.

Аднак, побач з даволі тонкай мадэрнісцкай літаратурай сац-арту, ўзнікшай як апазіцыя да сацрэалізму (а не да канкрэтных прадстаўнікоў дадзенага метаду), пачалі з’яўляцца грубаватыя, прымітыўныя тэксты, разлічаныя на посьпех у масавага чытача (слухача). Трэба прызнацца, нізкапробнага літаратурнага сурагату заўсёды хапала. Згадаем хоць бы так званы «студэнцкі фальклор» – пошлыя вершыкі, якія не перастаюць нашкрабваць на партах і сценах выхаванцы ці ня ўсіх постсавецкіх вучэльняў. І вось аднойчы гэтую паралітаратурную з’яву пачалі прадстаўляць як феномен літаратуры постмадэрнізму. Згаданы «Хлопчык і копчык» Хадановіча – яскравы прыклад менавіта такой падмены. У сувязі з гэтым, дарэчы, можна прыгадаць дыскусію на тэму «Янка Купала і Якуб Колас – духоўныя настаўнікі нацыі», якая была разгорнута на старонках газеты «Советская Белоруссия». У размове прынялі ўдзел вядомыя літаратары, навукоўцы і дзеячы культуры, а сярод розных пытанняў, звязаных з постацямі нашых класікаў, прагучала між іншым і праблема «сцёбнага пераасэнсавання» вершаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Вельмі трапна на гэты конт выказаўся паэт Леанід Дранько-Майсюк: «Калi спявачка не мае голасу i нiякага таленту, тады яна паказвае жывот, каб хоць гэтак прывабiць слухачоў. Сёння голы жывот наогул стаў сiмвалам — сiмвалам адсутнасцi густу, знакам антыкультуры. <…>Той цi iншы малады лiтаратар таксама «выстаўляе» жывот, калi пачынае здзекавацца з класiкi, калi перакрыўлiвае на свой кволы лад вядомы твор. Тут фiласофiя бяспройгрышная: загалюся i мяне заўважаць!» [9]. Развіваючы далей думку, можна адзначыць, што «выстаўленне жывата», альбо стварэнне так званых «калажных тэкстаў», выкарыстоўваючы чужыя вобразы – гэта яшчэ далёка не постмадэрнізм. Хутчэй – нахабны плагіят, следам за якім адбываецца дэманстратыўнае марнаванне ўкрадзенага. Праўда, мала хто адважыцца адкрыта сказаць пра гэта злодзею, асабліва, калі той – злодзей у законе. Наадварот, у найбольш вядомых літаратурных злодзеяў з’яўляецца мноства «адвакатаў», якім па розных прычынах вельмі хочацца мець беларускі постмадэрнізм.

На гэты конт аднойчы вельмі хораша сказаў Янка Купала:

І як тут не смяяцца

І праўды не сказаць:

Варон на свеце многа,

Ды некаму страляць [10, С. 17.]

А.А.  Брусевіч

Янка Купала и Якуб Колас : зб. навук. прац  / рэдкал.:  І.В. Жук (адк. рэд.) [і інш.]. — Гродна : ГрДУ, 2012