Пасад

Пасад – адзін з цэнтральных абрадаў традыцыйнага беларускага вяселля. Вылучаюць некалькі асобных этапаў пасаду: пасад маладой  (а часам і маладога), асобна, звычайна перад выпраўленнем да шлюбу, сумесны пасад маладых і завіванне. У даследуемым рэгіёне пасадам называлі галоўным чынам спарадычна зафіксаваны першы этап пасаду (паасобна маладога і маладую, перад шлюбам). Найбольш урачыстым і разгорнутым быў П. маладой. Пасля апранання навесты перад вянцом яе ўрачыста выводзілі з каморы, пасля чаго  заводчык (часцей брат маладой) альбо заводчыца (сястра альбо цётка) за ручнік тройчы абводзілі маладую вакол стала (часам па лавах) і пасля трайнога благаславення і дазволу з боку бацькоў садзілі на хлебную дзяжу, пакрытую вывернутым кажухам, а пазней на падушку. Пры гэтым маладая, якая не захавала цнатлівасці да вяселля, не мела права сесці на дзяжу, яе садзілі на нічым не пакрыты зэдлік. Калі нявеста, не захаваўшы дзявоцкасці, адважвалася садзіцца на дзяжу, то гэта прадвяшчала вялікія няшчасці, перш за ўсё ў гаспадарцы мужа. Падчас П. брат маладой расплятаў ёй касу, а стужкі-уплёты раздаваў незамужнім сёстрам нявесты альбо сяброўкам. Захаваліся таксама звесткі аб падсмальванні валасоў нявесты (рабіў гэта таксама брат грамнічнаю свечкай). Гэтаму этапу адпавядаюць самыя жаласлівыя і чуллівыя песні ўсяго вясельнага цыклу. Нявеста часам плача да знясілення. Згодна традыцыі, калі на гэтым этапе нявеста не заплакала, то ёй спяваюцца спецыяльныя песні тыпу: “Хадзіла Анэтка па цёмнай ночы: // Шукала цыбулькі нацерці вочы”.

Малады падчас П. у хаце не прысутнічае, а чакае ў сенцах альбо на двары. Пасля п. абаіх маладых благаслаўляюць да шлюбу.

Асноўныя элементы П. маюць дахрысціянскае паходжанне і звязаны, на думку даследчыкаў, з культам родавых бостваў і дамашняга вогнішча. Разгорнутыя і ўрачыстыя, рытуалы П. пачынаюць знікаць ужо ў 20-я гады ХХ ст., але добра захаваліся ў памяці інфармантаў. У апошнія гады элементы традыцыйнага вяселля, у тым ліку і П. часткова аднаўляецца, але не ў якасці жывой традыцыі, а ў выглядзе пастановак, што прапаноўваюцца ў тым ліку і ў якасці платнай паслугі для маладых, што хочуць прыўнесці элементы традыцыйнага абраду ва ўласнае вяселле.   

Абрад П. у турыстыцы можа выкарыстоўвацца ў якасці асновы для пастановак, якія знаёмілі б турыстаў з традыцыйнай культурай рэгіёна.

 

І.С. Чарнякевіч.