На шляхах да хараства: творчасць Гальяша Леўчыка

Гальяшу Леўчыку суджана было пабачыць надрукаванай толькі адну сваю паэтычную кніжку, з дня выхаду якой у 2007 годзе споўнілася 95 гадоў. У Вільні ў друкарні «Зніч» у 1912 годзе быў выдадзены зборнік з традыцыйнай з адбагушэвічаўскіх часоў назвай «Чыжык беларускі». Як ні клапаціўся паэт пазней пра свае падрыхтаваныя да друку кніжкі, а гэта паэтычны зборнік «Беларускі жаваранак», кніжка «Мудра прыгаворка – соладка і горка», што складалася з больш чым ста (розныя крыніцы падаюць розныя лічбы: ад 135 да 150) трыялетаў, зборнік памфлетаў «Камплект дзеячоў», у якіх былі намаляваныя сатырычныя партрэты палітычных лідэраў, і пераклад паэмы Адама Міцкевіча «Дзяды», – яны так і не пабачылі свету. Пра гэтыя клопаты, надзеі, мары, што змяняліся пазней расчараваннем і болем, даведваемся з лістоў паэта да У. Знамяроўскага, І. Маразовіча, у Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні. Ён тлумачыць свае старанні вельмі кранальна, даверліва: «Як умру, то й так усё прападзе». А ён, зразумела, марыў, каб плён ягонай працы не прапаў намарна.

Гальяш Леўчык усё жыццё шукаў тую надзейную аснову, абапіраючыся на якую чалавек здольны быў бы пабудаваць сваё шчасце, дасягнуць так жаданай гармоніі. Пачаў паэт з напоўненых глыбокай тугою вершаў, арыентуючыся на «забыты шлях», куды скіроўваў Максім Багдановіч. «Чыжык», бясспрэчна, «праграмны верш» (Уладзімір Калеснік) першага зборніка. Матыў фальклорны, вельмі просценькі, нават прымітыўны (яго паэт цалкам захоўвае ў пытаннях-зваротах: «Чыжык, чыжык, дзе ты быў?»), перамяжоўваецца, разрываецца матывам узнёслым, велічным, калі перад намі разгортваецца карціна народнага жыцця – шырокая, панарамная: «Я на Белай Русі жыў: бачыў слёзы, жалю крык...». Паэт быццам імкнецца схіліць у нейкае іншае рэчышча балючую споведзь, абрывае яе, пачынае ізноў, ужо на новым вітку, ускладнёным ранейшым прызнаннем, сваё бясконца звычайнае: чыжык, чыжык...? А чыжык ізноў, не прымаючы вонкавай лёгкасці, гуллівасці пытальнай інтанацыі, скіроўвае наш погляд на значнае, велічнае, балючае, сцвярджае, што і ў песнях, крылах народных, узнімаецца той жа матыў тугі, жалю. Што стварае найбольшае ўражанне ў гэтым вершы? Мо і сапраўды, «рознасць маштабаў аб'екта і суб'екта ўспрымання» (Уладзімір Калеснік), калі маленькі шэранькі аскепачак прыроды становіцца выразнікам народнай нядолі? А мо апеляцыя да чытача, якая выразна чуецца, падкрэсліваецца ў апошняй страфе:

Па магілках я блудзіў,

      Па курганах ля дарог,

З жалю вытрымаць не мог!.. [23, с. 18]

Калі ён, маленькі Божы птах, «з жалю вытрымаць не мог», то як чалавек, чыя душа прывязана, прыкута да гэтай зямлі, павінен рэагаваць на бясконцасць панавання горкай нядолі? Як ягонае сэрца не рвецца ад гора?

«Падае лісце» – адзін з класічных «вечных плачаў» аб старонцы, дзе кожны вобраз: «пажоўклае лісце», «холад, якім дыша зямля», змоўклыя птушкі, сумныя дрэвы – нагадваюць атмасферу неадольнай тугі, жалю. Nocturno – песня ночы, а ноч, халодная, уладарная, насоўваецца, каб панаваць на гэтай зямлі, тчэ бясконцую мелодыю знікнення, памірання:

Лісце пажоўклае падае,

Убранае кроўю і золатам.

Дыша зямля ужо холадам,

Птушкі ўжо сэрца не радуюць…

    Дрэвы ўсе сумны, прамоклыя [23, с. 20]

 Жыццё прыроды і жыццё чалавечае пераплятаюцца ў сумнай музыцы, у апошнім танцы лісця, што падае, падае, «падае лісце пажоўклае». Адчуваецца стомленасць, немажлівасць у адным рытме, без зрываў вытрымаць гэты бясконцы колапад. Яго падтрымліваюць аднагучныя а-а: па-да-е, якія ўсё ж зрываюцца, пераходзяць у рэхавы водгук – э. Музыка, танец, сатканыя з перажывання вялікага болю, пераадолець які немагчыма. Бясконцасць, апантанасць і нейкая трагічная наканаванасць пачуцця-маркоты, безумоўна, аддае празмернасцю, экзальтаванасцю. Але адначасна і шчырым памкненнем выбрацца з адвечнага колазвароту пакутаў:

Бачачы долю гаротную,

Капаюць слёзы прагорклыя,

Жальбамі думкі маркотныя

Душу ўсцілаюць сіротную…

    Падае лісце пажоўклае… [23, с. 20]

Адзінота чалавека сярод людзей, у свеце, дзе ўсе мы, як дрэвы, хінемся адзін да аднаго, дакранаемся, але не пераплятаемся, не зліваемся сутнасцю сваёю, асновай – галоўнае у вершы «Ніхто маіх не знае слёз». Верш зместам сваім пераплятаецца з лірычнай навэлай Ядвігіна Ш. «Бярозка», з апошнім пытаннем гераіні твора, няшчаснай маладой кабеты Марылькі: «А чаму паміж людзей я не знайшла каму пажаліцца?»

 Ужо сама назва верша «Чаму ж я ў журбе?...» схіляе да песімістычнага ўспрыняцця свету лірычным героем. У гэтым вершы – разуменне далучанасці да ўсеагульнага болю, сцвярджэнне немагчымасці асабістага шчасця, долі, калі «ўсюды боль ходзе па бедных людзях». А мо прычына ў нас? Мо прычына ў кожным? Мо гэты ўсеахопны боль валадарыць ад таго, што «ўсюды ў сэрцах пануе зіма»? Сэрца ж чалавечае павінна выпраменьваць цяпло, саграваючы іншае сэрца. А ўзамен атрымоўваць промні ад сагрэтых ім жа душаў чалавечых. Але яны, гэтыя сэрцы, заледзянелі, счарсцвелі. Таму так часта апелюе паэт не да чалавека, не да сябра, не да прыроды з яе магчымасцю, гатоўнасцю ўсё прыняць, зменшыць боль, а да кволага чалавечага сэрца. Надзея на выратаванне прыходзіць, увасабляючыся ў спрадвечнай крыніцы, стваральніку цяпла, святла, жыццёвай моцы – «свет-сонейку», як у вершы «О сэрца, ты не плач!»:

 О, сэрца, не бядуй! Пагінуць цёмны хмары,

І сонейка ясней на нас калісь пагляне,

Абдыме  цеплатой і ласкаю папары –

Дні сумныя замруць – пагода з бур паўстане! [23, с. 26]

У творчасць Гальяша Леўчыка ўсё часцей уваходзяць вобразы-сімвалы красы як надзеі на абуджэнне, выратаванне душы. I прыходзіць разуменне: жыццё без кахання – гэта страчанае жыццё. Бо калі сэрца маўчыць, калі душа спіць – хіба гэта жыццё? «Я сэрцам спаў», – такое прызнанне выказана ў вершы «Цёмная кветачка». Гэта стан надзвычайнай маркоты, калі чалавек не звязаны ні з кім у гэтым свеце, калі і думкі ягоныя лунаюць далёка, адасоблена, губляюцца дзесьці ў прасторы, блукаюць «па неба… палетку». Але ўсё тое – у мінулым, бо адбыўся цуд, што змяніў найперш яго, затым – усё вакол. З'яўленне яе – як Прышэсце Хараства. Таму яна і ўвасоблена ў вобразе кветкі. Яна адзіная, выключная, незвычайная, хай нават вонкава:

 Яна красою так, як больш

 Там кветак, не зіяе,

А толькі чар яе нязгорш

Мой погляд прыцягае [23, с. 65].

Яна  – каханая, таму здольная асвятліць усё найвышэйшай прыгажосцю. Але шчасце, прыгажосць, якія здольна дараваць зямная жанчына, – прывідныя, хуткаплынныя. Таму і цёмная кветачка, бо за цемнатой яе хавалася не велічная таямніца глыбіннай, бясконцай пяшчоты, а непраглядны холад бяздушнасці: «Яна ж была... з камення».

Гальяш Леўчык праз усё жыццё шукаў шляхоў да красы, да гармоніі. Калі тое, што здавалася ідэалам, паварочвалася далёка не ідэальнымі гранямі, паэт скіроўваў на іншы шлях. Урэшце ягоныя пошукі прыводзяць да захаплення метадызмам. Гэтая філасофска-рэлігійная плынь, пэўна, прывабіла сваёй гуманістычнай сутнасцю, узвышэннем чалавека, які, нават саграшыўшы, не страчваў Боскага вобліку, заставаўся разумным, вольным, здольным дасягнуць вышыняў, наблізіцца да пазнання Хараства. Гальяш Леўчык стварае пад уплывам метадызму дзве паэмы – «Хараство» і «Чалавек», якія значна адрозніваюцца ад усяго, напісанага раней.

Паэма прозай «Хараство» – разнавіднасць эсэістычнага жанру, калі паэт імкнуўся ў пэўнай ступені паяднаць уласную мастацкую інтуіцыю з строгім эпічным рацыянальна-сістэмным пачаткам, сваю асабістую суб'ектыўнасць з аб'ектыўнасцю бясконцага працэсу пазнання Сусвету. Філасофія жыцця і мудрасць аўтарскага «я» адлюстроўваюцца ў творы адной непадзельнай мастацкай катэгорыяй «Хараство».

Характар асэнсавання гэтай эстэтычнай з'явы Гальяшом Леўчыкам досыць метадычны, у значнай ступені сістэмна-вызначаны самім унутраным, глыбінным сэнсам гэтага «феномену». Хараство разумеецца як суцэльнасць у межах «Вялікай Цэласці, званае Сусветам». Адно з'яўляецца прычынай, гарантам, перадумовай і вынікам другога. Прычым само Хараство з’яўляецца, акрамя таго, і этычнай катэгорыяй, бо «Дабро – гэта Хараство ў дзеянні». У выніку аўтар гаворыць аб трыадзінстве Хараства, Дабра і Сусвету. Усе гэтыя паняцці рухомыя і ўзаемазалежныя, а таксама ў чымсьці тоесныя. Дабро і Сусвет цэнтральныя, вызначальныя фактары. Хараству адводзіцца важнае месца ў гэтым трыадзінстве. Яно ёсць непазбежны прамежкавы стан паміж Дабром і Сусветам. Гэта надзейны сродак, які нібы матэрыялізуе і рэальна выяўляе ў адчуваннях і пачуццях тое недасягальнае, што ёсць сама бясконцасць і «бясчас». Дзякуючы гэтай уласцівасці Хараства чалавек не адчувае «ні радасці, ні суму, ні болю», калі звычайныя, не асвечаныя вышэйшымі сіламі пачуцці знікаюць. Іх месца займае нешта больш значнае, лучнасць з бясконцасцю, а разам з гэтым нязменным парадкам, з вечнай суцэльнасцю з'явішчаў, калі нават сам хаос і беспарадак становіцца адваротным бокам Вялікае Цэласці, арганічна ўрастае ў яе, зліваецца з ёю. А гэта і ёсць найвышэйшая гармонія. Энергія яе такая магутная, што здольная дасягнуць сэрца кожнага чалавека. Адбываецца і адваротны працэс: душы чалавечыя выпраменьваюць святло ў Сусвет. Узнікае ўсеагульнае паяднанне, «калі малы чалавек і велізарнае сонейка – частка Аднае Вялікае Цэласці».

Ідэйна-тэматычна вельмі блізка прымыкае да твора «Хараство» і паэма ў прозе «Чалавек». Адзіным дамінантным звышцэнтрам абодвух твораў ёсць «Бесканчатны і Беспачатны Усясвет» («Чалавек») або «Вялікая Цэласць, званая Сусветам» («Хараство»). Але калі ў першай паэме Сусвет знаходзіцца ў асноўным тэкставым пласце, то ў другой ён – у падтэксце ці нават у звыштэксце. Асноўны план у апошнім творы ўжо не ў расшыфроўцы звязкі «Хараство-Сусвет», а ў іншым ключы: Сусвет – свет – чалавек.

Рэфлексіі наконт Аднае Вялікае Цэласці змяняюцца роздумам наконт быццам бы маленькай яе часцінкі – Чалавека. Калі там была спроба нібы перастварэння Сусвету, каб разабрацца ў яго сутнасці і дайсці да разумення крыніцаў прыгажосці і гармоніі, то тут галоўнае – нараджэнне асноўнага чынніка, таго, хто б здольны быў адчуваць гэту велізарную веліч і моц, звышсілу і звышхараство. I гэтым галоўным выканаўцам такой высокай місіі ёсць менавіта чалавек, «прыгожы ў сваёй Вялікай Тайніцы і ў сваім трагізме».

Трагічны матыў узнікае тут невыпадкова. У паэме «Хараство» гэтага матыву быць не магло. Там была «дзіўная лучнасць у прывідным хаосе ці беспарадку», што прадыктавана асноўнай ідэяй твора, калі сам Сусвет – увасабленне той Цэласці, дзе «няма ні радасці, ні суму, ні болю...» У другой паэме Чалавек выходзіць у свет на «дарогу жыцця», якая ніколі не бывае гладкай, роўнай. Таму тут заканамерна гучыць ужо «музыка радасці і болю». Не толькі радасці, але і болю. Музыка «любасці і суму».

Боль і адчай узнікаюць сярод людскога жыцця, сярод зямнога граху, калі нянавісць «мізэрных людзей, варожых для чалавека» хоча пазбавіць яго адчування далучанасці да таямніцаў Усясвету. Але ці такімі ўжо магутнымі з'яўляюцца варожыя Чалавеку сілы, каб знішчыць гэтую вялікую еднасць? – пытаецца аўтар. Безумоўна не, бо найвялікшае «акружэнне Чалавека ёсць Светлая, Ясная Думка-Мысль»  з магутнай верай у «тварэнне Дабра, бо ці ж тварэнне Дабра мае канчатак?» I гэта ўсё робіць чалавека вольным, свабодным і несмяротным у гэтым свеце зямнога зла і нянавісці. Тады няма «канчатку яго дарогі».

Канцэпцыя паэмы «Чалавек» у выніку даволі такі парадаксальная. Песімізм, нявер'е увесь час аспрэчваецца, перамагаецца аптымізмам. Абедзве гэтыя з'явы ёсць адзіны працэс, у якім яны – дзве антыноміі і якія адна без другой існаваць не могуць. «Песімізм» свету і, умоўна кажучы, «звышаптымізм» Сусвету (а ў ім няма радасці і болю) маюць сваю логіку. Калі ў зямным жыцці трагедыя – асноўны неадменны факт, то ў існаванні Сусвету гэта абсалютна неістотна, бо моц і сіла Веры ўздымае праз Мысль-Думку чалавека па-над усім звычайным і чалавечым, зямным, пераходным, па-над радасцю і скрухай. I нездарма Чалавек тады перарасце сябе самога, узвысіцца, стане «Звышчалавекам» (зразумела, не ніцшаўскага кшталту), далучыцца да «Вялікага, Адзінага і Цэласнага», калі імкнецца ён усё «наперад і вышэй».

Хоць у творы ёсць і пэўны дыдактызм і рыторыка, але ўжо само імкненне ў жанры вольнай эсэістычнай замалёўкі з пэўнай сюжэтнасцю выказацца па такіх глабальных праблемах ёсць факт знамянальны для творчасці Гальяша Леўчыка на шляху да разняволення мастацтва ад канонаў і догмаў, калі на аснове гэтага ствараюцца «прыгожыя краскі паэзіі».

Петрушкевіч, А.М.

Некаторыя старонкі беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя: Матэрыялы для вывучэння курса «Беларуская літаратура ХХ ст» / А.М. Петрушкевіч; пад рэд. праф. І.В. Жука. – Гродна: ГрДУ, 2009.